У пошуку новых рэсурсаў

У рабоце з нядобранадзейнымі сем’ямі часам вельмі цяжка выйсці за рамкі абывацельскага ганьбавання. Яно, здаецца, нараджаецца само па сабе: калі бачыш дзяцей, якія пакутуюць ад бяздумных паводзін дарослых, калі на тваіх вачах людзі губляюць чалавечае аблічча… Аднак часта для выпраўлення сітуацыі, для таго, каб бацькі змянілі свае паводзіны, неабходна іншае — падтрымка. “Работа павінна будавацца не толькі на тым, каб пакараць такіх бацькоў. Пахвала, заахвочванне часта больш эфектыўныя метады,” — упэўнены спецыялісты Баранавіцкага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра. І пацвярджэнне гэтага — раённы конкурс сярод нядобранадзейных сем’яў на лепшую сям’ю “Мы разам!”.

Паспяховае бацькоўства для ўсіх…

Міжведамаснай камандай на чале з намеснікам старшыні камісіі па справах непаўналетніх Баранавіцкага райвыканкама, а таксама спецыялістамі сацыяльна-педагагічнага цэнтра Баранавіцкага раёна, аддзела адукацыі, спорту і турызму, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, грамадскага аб’яднання БРСМ была арганізавана конкурсная праграма.
У конкурсе ўдзельнічала шэс ць сем’яў. Усе яны прайшлі мноства выпрабаванняў і ўжо сталі на шлях выпраўлення. Станоўчым вопытам сем’і-ўдзельніцы дзяліліся з гледачамі — сем’ямі, дзеці ў якіх знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне, а таксама з сем’ямі, у якія на выхаванне былі вернуты дзеці.
На першы погляд можа падацца дзіўным і нават абсурдным: у чым ім, тым, хто часта не клапоціцца нават пра базавыя патрэбы дзяцей, спаборнічаць? Аднак спецыялісты цэнтра ўпэўнены: варта толькі правільна зматываваць бацькоў, і яны адкрыюцца з зусім іншага боку.
Зрэшты, падчас правядзення конкурсу для пабочных людзей было і незразумела, што спаборнічаюць паміж сабой не зусім звычайныя сем’і: і бацькі, і дзеці вельмі прыгожыя, радасныя, таленавітыя, але ў кожнай за плячыма доўгі шлях памылак і пакут.
— Зразумела, да правядзення конкурсу мы прыйшлі не адразу, — расказвае Кацярына Алегаўна Кіпель, педагог-псіхолаг Баранавіцкага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра. — Конкурс — гэта нібыта пэўная мяжа: і для нас як прафесіяналаў, і для бацькоў, якія ўсё ж пачалі выпраўляцца.
Пачыналі ж работу з сем’ямі, якія ў далейшым прынялі ўдзел у конкурсе, традыцыйна: знаёмства, устанаўленне кантакту, даверлівых адносін.
— Для бацькоў, дзеці якіх знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне, непаўналетніх маці ў цэнтры распрацавана і рэалізоўваецца трэнінгавая праграма “Паспяховае бацькоўства”, — працягвае расказваць спецыяліст. — Праграма разлічана на бацькоў, якія жадаюць павысіць узровень педагагічных ведаў, цікавяцца пытаннямі выхавання і жадаюць змяніць становішча спраў у сваёй сям’і да лепшага. Аднак гутаркі, лекцыі і індывідуальныя кансультацыі не заўсёды могуць дапамагчы ў вырашэнні складаных сітуацый у выхаванні дзіцяці ў сям’і, асабліва ў такой, дзе бацькі не маюць навыкаў выхавання дзяцей. Эфектыўным сродкам тут можа ста ць групавая форма работы з бацькамі — трэнінгі.
Эфект групавых заняткаў дазваляе зняць адчуванне ўнікальнасці праблемы. У зацікаўленых бацькоў з’яўляецца магчымасць пашырыць узровень псіхалагічнай кампетэнтнасці па пытаннях выхавання дзяцей і ўсталяванні даверлівых адносін у сям’і. Мэта такога трэнінгу — аказанне дапамогі бацькам у выхадзе на новы ўзровень разумення дзяцей, актывізацыя канструктыўных рэсурсаў сям’і.
Гісторыі бацькоў, якія прайшлі навучанне ў рамках трэнінгу “Паспяховае бацькоўства” кажуць пра запатрабаванасць і эфектыўнасць праграмы.
Вось Наталля была пазбаўлена бацькоўскіх правоў у дачыненні да сына Юры яшчэ ў 2010 годзе. У 2014 годзе, дзякуючы праведзенай рабоце, была адноўлена ў бацькоўскіх правах. Зараз Юрыю споўнілася 11 гадоў. Падчас групавой работы Наталля была актыўнай, цікавілася вынікамі дыягностыкі, звярталася за індывідуальнай кансультацыяй да педагога-псіхолага, педагога сацыяльнага, юрыстконсульта, дакладна выконвала рэкамендацыі спецыялістаў.
Сама Наталля таксама адзначыла змены, якія адбыліся ў яе жыцці за час работы спецыялістаў сацыяльна-педагагічнага цэнтра: “Жыву ў іншым доме. Змяніўся характар. Стала лепш разумець сэнс жыцця. Хачу вярнуць сына; будзем жыць па-іншаму з ім, не так, як раней…”
У сям’і Мікалая і Алены, яшчэ зусім маладых бацькоў, гісторыя іншая: іх пяцігадовая дачка Паліна была прызнана асобай, якая знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Некаторы час Паліна нават знаходзілася ў дзіцячым прытулку Баранавіч. Аднак, дзякуючы праведзенай рабоце спецыялістаў цэнтра, гэтае рашэнне было адменена. Дзяўчынка вярнулася на выхаванне ў сям’ю.
— За час работы трэнінгавай групы Алена і Мікалай праявілі сябе згуртаванай сям’ёй: заўсёды разам прыязджалі і ад’язджалі з заняткаў, цікавіліся адно адным, — расказвае спецыяліст. — Рэгулярна наведвалі заняткі, актыўна ўдзельнічалі ў іх правядзенні, адкрыта і шчыра дзяліліся перажываннямі і думкамі.
Праз пэўны час сам Мікалай адзначыў станоўчыя змены ў жыцці сям’і: “Уладкаваўся на працу. Печку зрабілі. Жывём мы добра”. Па-іншаму паглядзела на жыццё і Алена: “Таксама ўладкавалася на працу, улілася ў калектыў. Займаюся дачкой. Перастала піць. Жыццё змянілася, думкі, адносіны ў сям’і, адносіны да самой сябе, да дачкі…”

… і хвіліна славы для кожнага

Гэтыя дзве сям’і сталі ў далейшым удзельнікамі конкурсу “Мы разам!”. Пытаюся, як удалося ўгаварыць іх удзельнічаць у конкурсе (гэта ж пэўная публічнасць, вынас праблем сям’і на агульны агляд)?
— Ідэю правядзення конкурсу сем’і падтрымалі адразу — не трэба было нікога ўгаворваць, — адзначае Кацярына Алегаўна. — Падчас работы з сем’ямі высветлілася, што яны, як і ўсе мы з вамі, валодаюць пэўнымі талентамі: спяваюць, танцуюць, расказваюць вершы. І не супраць усё гэта прадэманстраваць на сцэне, тым самым атрымаўшы і сваю хвіліну славы.
Па-сапраўднаму здзівілі і нас, і ўсіх прысутных. Адна мама выдатна пела. Іншыя бацькі — і пелі, і танцавалі. Магчыма, менавіта гэтага — сітуацыі поспеху — сем’ям і не хапала.
Да ўдзелу ў конкурсе і сем’і, і спецыялісты, якія іх суправаджалі, падышлі вельмі сур’ёзна: разам рыхтавалі выступленні, падбіралі касцюмы, абутак, рабілі прычоскі, макіяж, рыхтавалі нумары.
— Для першага конкурсу неабходна было падрыхтаваць візітную картку сям’і, — расказвае педагог-псіхолаг цэнтра. — Нейкія ідэі прапаноўвалі мы, нейкія — сем’і. Разам выпрацоўвалі схему рэалізацыі задуманага. Атрымалася вельмі сардэчна. Хтосьці прадставіў фотапрэзентацыі сям’і пад песню, адна мама — у надзвычай шчырай песні “Споведзь мамы” прасіла прабачэння за ўсе памылкі і ў сваёй маці, і ў сваёй дачкі. Яшчэ адна мама падрыхтавала басню пра страказу, якая ўсё лета прапела, праўда, на свой лад. Адным словам, гэты першы конкурс не толькі прадставіў сем’і, але і даў магчымасць бацькам яшчэ раз азірнуцца і ўсвядоміць свае памылкі, каб да іх больш не вяртацца.
Уся конкурсная праграма была накіравана менавіта на з’яднанне сем’яў, на выпрацоўку каманднага духу ў кожнай з іх. Адным з заданняў, напрыклад, было пабудаваць дом сваёй мары. Кожны з удзельнікаў атрымаў загатоўку дома, далей неабходна было наклеіць цаглінкі, якімі б яны хацелі яго напоўніць. Любоў, клопат, кот Васька, казкі з мамай, пірагі па выхадных, рыбалка з татам — сем’і самастойна знаходзілі і агучвалі такія, здавалася б, простыя, але адначасова вельмі важныя рэчы для кожнага — рэчы, якія і ствараюць непаўторную атмасферу шчаслівай сям’і, чым, дарэчы, здзівілі і спецыялістаў.
Самым жа кранальным момантам усяго конкурсу стала ўрачыстае агучванне рашэння камісіі аб аб’яднанні адной сям’і-ўдзельніцы — мамы і дачкі.
— Сям’я загадзя не ведала пра гэтае рашэнне, таму і эмоцыі былі самыя шчырыя, — прыгадвае Кацярына Алегаўна. — Думаю, гэты момант стаў запамінальным і паказальным для вельмі многіх удзельнікаў і гледачоў.
Разам з тым спецыяліст прызнае: такая форма работы падыходзіць, канечне, не ўсім сем’ям.
— Гэта павінны быць сем’і, у якіх ёсць рэсурсы для аднаўлення, — падкрэсліла Кацярына Алегаўна. — Зрэшты, і сам конкурс дапамог знайсці яшчэ больш гэтых рэсурсаў для кожнай сям’і-ўдзельніцы.

Алена МАРКЕВІЧ.