Цяжкасці выбару

Прыкладна адна дзясятая частка нашых выпускнікоў з пункту гледжання медыцыны могуць быць дапушчаны да навучання па любой прафесіі (даныя Міністэрства аховы здароўя). І гэта толькі па паказчыках здароўя, а ёсць яшчэ шмат фактараў, якія ўплываюць на магчымасць чалавека займацца тым ці іншым відам дзейнасці, на яго паспяховасць у абранай сферы. Таму мы і гаворым пра выключную важнасць прафарыентацыйнай работы са школьнікамі. Ідэя профільнага навучання ў старшых класах школы, якая зараз абмяркоўваецца на самым высокім узроўні, шмат у чым накіравана менавіта на гэтую мэту — асэнсаваны выбар прафесіі моладдзю. Але прафарыентацыя — справа тонкая і мае яшчэ нямала важных нюансаў.

Любіць — не любіць

Вядома, што першае ў свеце прафкансультацыйнае бюро было адкрыта ў 1908 годзе ў амерыканскім Бостане. Зразумела, што чым больш узнікала прафесій, тым большае значэнне набывала прафарыентацыя і тым больш інструментаў у сваёй рабоце выкарыстоўвалі спецыялісты, якія ёй займаліся.
У наш час у лік такіх інструментаў уключаны і электронныя, інтэрактыўныя сродкі.
Летам гэтага года была зацверджана абноўленая Канцэпцыя развіцця прафесійнай арыентацыі моладзі Рэспублікі Беларусь, дзе шмат увагі якраз і ўдзяляецца сучасным метадам ды інструментам прафарыентацыйнай работы. Напрыклад, адзначаецца важнасць трэнінгавых заняткаў для моладзі. Папярэдні варыянт канцэпцыі быў прыняты ў 2001 годзе, а распрацоўвалі гэты дакумент, як і змены ў ім, міністэрствы працы і сацыяльнай абароны, адукацыі і эканомікі — ведамствы, непасрэдна зацікаўленыя ў эфектыўнай прафарыентацыі моладзі. А што можна лічыць эфектыўнай работай у гэтым напрамку? Мне здаецца, перш за ўсё тое, што чалавек, закончыўшы ўстанову адукацыі, адпрацаваўшы па размеркаванні, калі апошняе для яго ўстаноўлена, застаецца ў прафесіі на ўсё жыццё ці вельмі надоўга, імкнецца да развіцця ў абранай галіне дзейнасці.
Калі меркаваць па адносна нядаўнім сацыялагічным апытанні, вынікі якога шырока абмяркоўваліся ў інтэрнэце, кожны трэці чалавек ненавідзіць сваю работу. Не бяруся сцвярджаць, што вынікі апытання цалкам праўдзівыя, але з тым, што многія нашы землякі пастаянна скардзяцца на сваю работу, не паспрачаешся. Кагосьці, канечне, больш за ўсё не задавальняе зарплата, але калі лічыць, што невысокі даход на месцы працы апраўдвае любыя прафесійныя памылкі і нядбайнае выкананне сваіх абавязкаў, то да чаго мы прыйдзем? У Беларусі, дарэчы, яшчэ не самая вялікая колькасць незадаволеных месцам сваёй работы. У Сірыі, напрыклад, цалкам задаволеных у гэтым плане людзей не знайшлося наогул (апытанне праводзілася ў 2013 годзе).
Безумоўна, нямала людзей незадаволены сваёй работай з-за таго, што калісьці няправільна выбралі прафесію. І далёка не кожны адважваецца змяніць яе ў сталым узросце. Яшчэ б! За плячыма — гады навучання, часта вялікія грошы, патрачаныя на яго. Але ўсё ж знаходзяцца людзі, якія вырашаюць кардынальна змяніць прафесію. Так, у Гарадскі рэсурсны цэнтр па прафарыентацыі (які яшчэ на пачатку гэтага года называўся Рэспубліканскім цэнтрам прафесійнай арыентацыі моладзі) звяртаюцца не толькі школьнікі, але і студэнты, якія, правучыўшыся пэўны час ва ўстанове вышэйшай адукацыі, разумеюць, што будучая прафесія — зусім не іх справа. Спецыялісты, канечне, дапамогуць вызначыцца з больш прыдатнай прафесіяй, але мяняць ці не мяняць навучальную ўстанову, кожны вырашае сам. А бывае, што да спецыялістаў прыходзяць і зусім сталыя людзі, якія вырашылі не проста змяніць работу, а атрымаць новую спецыяльнасць.

Асэнсаваны крок у будучыню

Безумоўна, асноўны кантынгент кліентаў, з якімі працуюць у цэнтрах па прафарыентацыі, а таксама школьныя псіхолагі і сацыяльныя педагогі, — гэта падлеткі. Начальнік аддзела прафарыентацыйнай работы Гарадскога рэсурснага цэнтра Мінска Святлана Георгіеўна Макарава пераканана, што прафарыентацыйную работу неабходна пачынаць з выхаванцамі дзіцячых садкоў і малодшымі школьнікамі. Дарэчы, знаёміцца са светам прафесій нашы дзеці ў гэтым ўзросце і пачынаюць. Добра памятаю, як уразілі мяне самаробныя цацкі ў адным з дзіцячых садкоў Мінска. Гэта былі пульты службаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, спецыяльныя машынкі, адзенне і г.д. Дзеці гулялі ў ратавальнікаў з непадробленымі задавальненнем і цікавасцю.
Прафарыентацыйная работа са старэйшымі дзецьмі патрабуе, зразумела, іншых метадаў, у тым ліку выкарыстання інтэрактыўных сродкаў. З тымі падлеткамі, якія прыходзяць у спецыяльныя цэнтры, працуюць спецыялісты з псіхалагічнай, сацыяльна-педагагічнай адукацыяй. Спецыялістаў па прафарыентацыі рыхтуюць зараз на базе Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы. Перападрыхтоўку праходзяць людзі з вышэйшай адукацыяй са спецыяльнасцямі “Педагог” або “Псіхолаг”. Пасля двухгадовай вочна-завочнай перападрыхтоўкі чалавек атрымлівае кваліфікацыю “педагог-прафарыентолаг”.
Стандартная кансультацыя ў Гарадскім рэсурсным цэнтры праходзіць на працягу дзвюх гадзін і ўключае папярэднюю размову, тэсціраванне і заключную размову.
— Трэба разумець, што камп’ютарнае тэсціраванне — гэта толькі інструмент, які дапамагае нашым спецыялістам разабрацца ў схільнасцях і здольнасцях падлетка, — кажа С.Г.Макарава. — Тэсціраванне, канечне, важны этап, але яно не панацэя, галоўнае — гэта работа спецыяліста, які ў ходзе паглыбленай гаворкі высвятляе, да чаго найбольш схільны падлетак, у якой сферы дзейнасці ён зможа рэалізаваць сябе найбольш поўна.
Па словах спецыяліста, сучасныя метады прафарыентацыі накіраваны на тое, каб дапамагчы маладому чалавеку задумацца, што, выбіраючы прафесію, неабходна акрамя сваіх жаданняў улічваць уласныя магчымасці. Калі не дазваляе здароўе, схільнасці не выратуюць.
— Мы часта заклікаем дзяцей, калі прыязджаем у школы на групавыя кансультацыі, задумацца, напрыклад, аб тым, што такая папулярная спецыяльнасць, як “Эканаміст”, мае нямала адносных супрацьпаказанняў. Па зроку, напрыклад. Не супрацьпаказаннем, але фактарам, які можа пагоршыць стан здароўя, з’яўляюцца захворванні страўнікава-кішачнага тракту, апорна-рухальнага апарату. Тут важна, каб і бацькі задумаліся над станам здароўя сваіх дзяцей менавіта ў плане выбару прафесіі, каб своечасова звярнуліся да медыкаў.

Думаючы аб перспектыве

У Гарадскім рэсурсным цэнтры наогул перакананы, што, нягледзячы на значную ўвагу, якую ўдзяляюць прафарыентацыйнай рабоце ў школах і іншых установах, у аснове выбару прафесіі застаецца сям’я. Усё пачынаецца з элементарнага прывіцця пэўных навыкаў, выканання дзецьмі нескладаных даручэнняў, якія ім даюць бацькі. Важна своечасова заўважыць, што найбольш цікавіць дзіця, і накіраваць у адпаведныя гурткі, а калі прыйдзе час — на дні адкрытых дзвярэй, якія праводзяць, здаецца, усе без выключэння ўстановы вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі.
Самую пільную ўвагу неабходна ўдзяліць і запатрабаванасці прафесіі на рынку працы. Даўно не сакрэт, што ў нашай краіне існуе перавытворчасць эканамістаў або юрыстаў.
— Мы добра ведаем, што ў Мінску прафесіі эканамічнага і юрыдычнага профілю не запатрабаваны, — заўважае спецыяліст Гарадскога рэсурснага цэнтра. — Мы ў размовах з дзецьмі заўсёды адзначаем: пачытайце аб’явы з прапановамі работы ў газетах або інтэрнэце. Так, нярэдка патрабуюцца юрысты і эканамісты, бухгалтары. Але абавязкова з вопытам работы. Вось і вы, калі ўпэўнены, што адна з гэтых прафесій — ваша, набывайце вопыт практычнай работы яшчэ падчас навучання. Папрацуйце на 4—5 курсе на палову стаўкі ці на нейкіх іншых умовах. Асабліва гэта важна для тых, хто вучыцца на платнай аснове. Бо я ведаю, што большая частка маладых людзей, якія стаяць на ўліку у службах занятасці, — выпускнікі платных аддзяленняў устаноў адукацыі па не самых запатрабаваных напрамках.
А вось вельмі папулярныя ў выпускнікоў школ прафесіі, звязаныя з медыцынай, вельмі запатрабаваны і на рынку працы. Тут імкненні абітурыентаў і работадаўцаў супадаюць. Спецыялісты цэнтра сцвярджаюць, што і праз 5—6 гадоў медыкі з розным узроўнем адукацыі будуць запатрабаваны не менш, чым зараз. Як і спецыялісты сферы абслугоўвання, бо заўсёды ў штодзённым жыцці нам будуць неабходны пункты харчавання, гандлю і г.д. Зараз даволі папулярнай у выпускнікоў школ стала прафесія кухара. І гэта правільна, лічыць спецыяліст-прафарыентолаг, бо ўсё больш з’яўляецца невялікіх, часцей за ўсё прыватных кафэ і бараў. Не застануцца без работы і будаўнікі, асабліва запатрабаваны будаўнікі-рабочыя. Будуць вельмі запатрабаваны і спецыялісты ў сферы інфармацыйных тэхналогій, прычым таксама рознага ўзроўню адукацыі, бо патрэбны як тэхнікі-праграмісты, так і інжынеры, спецыялісты, якія распрацоўваюць прадукты для мабільных прыстасаванняў, і іншыя прафесіяналы.
Пра запатрабаванасць інжынерных кадраў рознага профілю давялося нядаўна пагаварыць і з рэктарам Мінскага дзяржаўнага вышэйшага радыётэхнічнага каледжа Сяргеем Мікалаевічам Анкудам.
— Зараз многія беларускія прадпрыемствы стаяць перад неабходнасцю абнаўлення інжынерных кадраў, — упэўнены Сяргей Мікалаевіч. — У нас, напрыклад, колькасць заявак з прадпрыемстваў стабільна перавышае колькасць выпускнікоў. І прыкладна палова выпускнікоў каледжа аддаюць перавагу інжынерным пасадам, хаця мы рыхтуем інжынерна-педагагічныя кадры. Інжынер — гэта сёння модна і патрэбна.
У гэтым я чарговы раз пераканалася, калі мінулай вясной пабывала на размеркаванні выпускнікоў некалькіх факультэтаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. За новаспечанымі інжынерамі розных спецыяльнасцей літаральна выстройваліся чэргі з работадаўцаў.

Прывабны сайт прыцягвае абітурыентаў

— Нядаўна мы з калегамі выязджалі ў Бараўляны, што пад Мінскам (у нас ёсць праект па рабоце з дзецьмі-сіротамі і дзецьмі, чые бацькі пазбаўлены бацькоўскіх правоў, сумесна з SOS-Дзіцячай вёскай), — расказвае С.Г.Макарава. — І вось вучням гэтай школы — усім, не толькі сіротам — расказвалі пра сучасныя прафесіі. Заадно высвятлялі, што сучасныя старшакласнікі ведаюць аб свеце прафесій. Аказалася, што яны дастаткова асэнсавана падыходзяць да выбару сферы дзейнасці. Галоўнае, чым падлеткі абгрунтоўваюць свой выбар, — гэта тое, наколькі прафесія для іх цікавая. І, канечне, кажуць, што важнае значэнне мае аплата працы. Але ўсім такіх ідэальных месцаў не дастанецца. І мы гаварылі, што заўсёды будуць патрэбны людзі, якія будуюць дарогі, ва ўсе часы будуць неабходны педагогі, рабочыя.
А яшчэ Святлана Георгіеўна заўважае, што ў сельскіх школьнікаў даволі папулярныя прафесіі сельскагаспадарчага профілю. Гэта гараджанам яны здаюцца зусім неперспектыўнымі, а вясковая моладзь, ва ўсякім разе яе частка, бачыць магчымасць рэалізавацца менавіта працуючы ў сельскай гаспадарцы. “Сельскія школьнікі ведаюць гэтае жыццё і гэтую работу, — заўважае мая суразмоўніца. — І калі ўжо выбіраюць сельскую гаспадарку, то робяць гэта асэнсавана. Яны лепш ведаюць і пра льготы, якія прадастаўляюцца спецыялістам сельскай гаспадаркі”.
Тым не менш усе мы чулі, што далёка не ў кожную ўстанову вышэйшай адукацыі сельскагаспадарчага профілю лёгка набраць абітурыентаў, а значыць, тут шмат яшчэ над чым трэба працаваць. Слушным мне падаецца вопыт арганізацыі школьных бізнес-кампаній у вясковых школах, як, напрыклад, у Залескім яслях-садзе — сярэдняй школе Смаргонскага раёна, што на Гродзеншчыне. Профіль дзейнасці гэтай школьнай кампаніі — турызм, але можна арганізаваць кампаніі і па іншых напрамках, тых жа сельска-гаспадарчых. Работа ў іх, уласна заробленыя грошы могуць многіх падштурхнуць застацца ў вёсцы.
Што да рабочых прафесій, якія зараз таксама перажываюць кадравы дэфіцыт, то адным з крокаў, якія неабходна зрабіць многім ліцэям і каледжам, як лічыць спецыяліст, павінна стаць стварэнне яркіх, цікавых, захапляльных сайтаў.
— Раней я часта заходзіла на сайт Слуцкага каледжа перапрацоўчай прамысловасці (зараз гэта Слуцкі дзяржаўны каледж), — гаворыць Святлана Георгіеўна. — І там было шмат цікавай інфармацыі, была магчымасць анлайн-кансультавання, існавала віртуальная гасцёўня, іншыя пэўныя моманты, цікавыя падлеткам. А ёсць сайты ліцэяў, дзе інфармацыі мала, выглядаюць яны зусім невыразна. Трэба ўлічваць і гэтыя акалічнасці, каб заахвоціць абітурыентаў да паступлення менавіта ў гэтую ўстанову адукацыі, выкарыстоўваць дапамогу сваіх жа студэнтаў для стварэння такіх сайтаў. Непрывабны сайт зніжае прывабнасць установы.
І яшчэ заўвага з пункту гледжання спецыяліста па прафарыентацыі: большасць спецыяльнасцей у прафесійна-тэхнічных ліцэях разлічаны на хлопчыкаў. У дзяўчынак жа выбар у гэтым сегменце небагаты.
Да таго ж многія ўстановы занадта позна пачынаюць прафарыентацыйную работу — пасля Новага года. А яна не павінна спыняцца ні на дзень, асабліва там, дзе ёсць праблемы з наборам.
У любым выпадку выйграюць тыя старшакласнікі і іх бацькі, якія імкнуцца як мага больш даведацца пра розныя прафесіі. Звычайна, як кажуць спецыялісты, старшакласнікі могуць назваць 15—17 прафесій. Між тым у свеце іх каля 40 000. Не кожная, канечне, існуе ў Беларусі, але кожны можа адшукаць нешта сабе па магчымасцях і па душы. Спецыялісты па прафарыентацыі дапамогуць.

Марына ХІДДЖАЗ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*