Нягледзячы на пэўнае паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі ў апошнія гады, па-ранейшаму колькасць народжаных у краіне меншая за колькасць памерлых. Таму нядзіўна, што тэма стымулявання нараджальнасці ў краіне застаецца адной з самых актуальных. Адным з дзейсных механізмаў у гэтай сферы многія спецыялісты называюць сямейны капітал. Яшчэ зусім нядаўна ідэю ўвядзення такога механізма толькі абмяркоўвалі. Сёння ж ужо дакладна вядома: сямейнаму капіталу ў краіне быць. Гэта прадугледжана Указам кіраўніка дзяржавы № 572 ад 9 снежня “Аб дадатковых мерах дзяржаўнай падтрымкі сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей”. Гэтым жа дакументам прадугледжаны і шэраг іншых ільгот для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей. Хто, як і калі можа скарыстацца гэтымі льготамі — у матэрыяле нашага карэспандэнта.
На адукацыю, жыллё, здароўе
Згодна з афіцыйным каментарыем прэс-службы кіраўніка дзяржавы, адным з новых механізмаў дадатковых мер падтрымкі сем’яў стане прадастаўленне безнаяўных грашовых сродкаў у суме 10 тысяч долараў ЗША пры нараджэнні трэцяга ці наступных дзяцей. Гэта і ёсць так званы сямейны капітал.
Права на яго атрыманне маю ць грамадзяне Рэспублікі Беларусь пры нараджэнні або ўсынаўленні трэцяга і наступных дзяцей, калі яны народзяцца ў перыяд з 1 студзеня 2015 года па 31 снежня 2019 года.
А вось выкарыстаць сямейны капітал сям’я можа толькі пасля дасягнення дзіцем 18 гадоў, прычым на строга вызначаны пералік мэт. Сярод іх — паляпшэнне жыллёвых умоў, атрыманне адукацыі, атрыманне паслуг у сферы сацыяльнага абслугоўвання, аховы здароўя, фарміраванне назапашвальнай пенсіі маці. Раней вызначанага тэрміну — дасягнення дзіцем 18 гадоў — сродкі могуць быць выкарыстаны ў выпадку неабходнасці аказання платных медыцынскіх паслуг самому дзіцяці ці членам сям’і. Пры гэтым сродкі сямейнага капіталу могуць быць выкарыстаны датэрмінова на атрыманне платных медыцынскіх паслуг, якія аказваюць арганізацыі аховы здароўя, у парадку і па пераліку, якія вызначаюцца Міністэрствам аховы здароўя.
Распараджацца сродкамі сямейнага капіталу са згоды членаў сям’і можа той, каму ён быў прызначаны, або іншы паўналетні член сям’і. Калі згода паўналетніх членаў сям’і не будзе дасягнута, то сямейны капітал будзе размяркоўвацца паміж усімі членамі сям’і ў роўных долях. Распараджэнне долямі сямейнага капіталу непаўналетніх членаў сям’і ажыццяўляюць іх законныя прадстаўнікі.
Плануецца, што гэты механізм будзе працаваць наступным чынам: пры нараджэнні трэцяга і наступных дзяцей і звароце грамадзян за назначэннем сямейнага капіталу ў ААТ “Ашчадны банк “Беларусбанк” адкрываецца дэпазітны рахунак. На гэтым рахунку безнаяўным шляхам размяшчаецца сума ў 10 тысяч долараў ЗША. Далей гэты банк вядзе дэпазітныя рахункі грамадзян, укладвае акумуляваныя сродкі ў фінансавыя інструменты адкрытага акцыянернага таварыства “Банк развіцця Рэспублікі Беларусь”, у тым ліку аблігацыі Банка развіцця, налічэнне і капіталізацыю працэнтаў па дэпазітных рахунках, пералік сродкаў на рахункі арганізацый, названых распарадчыкам сродкаў сямейнага капіталу ў адпаведнай заяве. Прасцей кажучы, як і на іншых дэпазітных рахунках, сума ўкладу павінна расці і памнажацца. Па папярэдніх ацэнках, за вызначаны тэрмін яна павінна скласці каля 14—15 тысяч долараў ЗША.
Аднак усім, хто мае права на атрыманне сямейнага капіталу, варта мець на ўвазе: яго налічэнне не адбываецца аўтаматычна пры нараджэнні трэцяга ці наступных дзяцей. Для рэалізацыі свайго права на атрыманне гэтага капіталу грамадзяне павінны на працягу 6 месяцаў пасля нараджэння дзіцяці звярнуцца ў мясцовы выканаўчы і распарадчы орган з заявай аб назначэнні сямейнага капіталу.
Пэўныя тэрміны вызначаны і для выкарыстання сямейнага капіталу пры дасягненні дзіцем 18 гадоў. Так, прапісана, што сродкі сямейнага капіталу, у дачыненні да якіх грамадзяне не звярнуліся на працягу 3 гадоў пасля заканчэння 18 гадоў з даты нараджэння дзіцяці, у сувязі з нараджэннем, усынаўленнем (удачарэннем) якога сям’я набыла права на назначэнне сямейнага капіталу, або не выкарыстаныя на працягу 5 гадоў пасля падачы заявы аб распараджэнні імі, вяртаюцца ў рэспубліканскі бюджэт.
Яшчэ адзін немалаважны момант: скарыстацца правам на атрыманне сямейнага капіталу сям’я можа толькі адзін раз. Так, напрыклад, калі ў 2015—2019 гадах у сям’і з двума дзецьмі нараджаюцца двайняты, сума капіталу не павялічваецца, а застаецца той жа — 10 тысяч рублёў. Гэтак жа, як і не назначаецца паўторна пры ранейшым выкарыстанні права на атрыманне гэтага віду падтрымкі.
На дзень сённяшні — дадатковая дапамога
Указам таксама ўстанаўліваецца новы від дапамогі для сем’яў, якія адначасова выхоўваюць дзяцей да 3-х гадоў і ад 3 да 18 гадоў. Права на атрыманне гэтай штомесячнай дапамогі — у памеры паловы найбольшай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму, зацверджанага Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны, за два апошнія кварталы — грамадзяне таксама змогуць рэалізаваць з 1 студзеня 2015 года.
Так, прадугледжана, што права на такую дапамогу будуць мець маці ці бацька (або ўсынавіцель, апякун), якія выхоўваюць адначасова дзяцей да 3 гадоў і ад 3 да 18 гадоў. Але пры назначэнні дапамогі не ўлічваюцца дзеці, якія знаходзяцца ў дзіцячай інтэрнатнай установе, установе з кругласутачным рэжымам знаходжання. Пры гэтым варта мець на ўвазе, што пры выхаванні дваіх і больш дзяцей назначаецца і выплачваецца толькі адна дапамога на сям’ю.
Пасля 1 студзеня 2015 года дапамога будзе назначацца з дня ўзнікнення права на яе — гэтым днём лічыцца дата назначэння дапамогі па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім трох гадоў. Праўда, як і ў выпадку з сямейным капіталам, грамадзяне самастойна павінны паклапаціцца пра назначэнне гэтай дапамогі і не пазней чым праз 6 месяцаў з даты ўзнікнення права на атрыманне дапамогі звярнуцца за яе назначэннем.
Для тых, хто права на такую дапамогу ўжо будзе мець на 1 студзеня 2015 года (калі на пачатак наступнага года ў сям’і ўжо выхоўваецца дзіця да 3 гадоў і ад 3 да 18 гадоў), пры звароце за яе назначэннем не пазней 30 чэрвеня 2015 года днём узнікнення права на гэтую дадатковую дапамогу будзе з’яўляцца 1 студзеня 2015 года.
Дакументам прадугледжаны і пералік сітуацый, калі грамадзяне страчваюць права на атрыманне гэтай дапамогі. Сярод іх — спыненне выплаты па доглядзе дзіцяці да трох гадоў (праўда, гэта не тычыцца выпадкаў, калі выплата дапамогі па доглядзе дзіцяці да трох гадоў спыняецца ў сувязі з афармленнем адпачынку па доглядзе дзіцяці да трох гадоў іншымі сваякамі), пры адмаўленні ад дзіцяці, адмене ўсынаўлення ці апекі, адбіранні дзіцяці, пазбаўленні бацькоўскіх правоў, пры выездзе дзіцяці за межы Рэспублікі Беларусь больш чым на 2 месяцы і ў некаторых іншых выпадкаў.
Ільготныя крэдыты — з меншай працэнтнай стаўкай
Акрамя таго, указам устанаўліваецца працэнтная стаўка за карыстанне льготнымі крэдытамі на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў маладым сем’ям, якія маюць дваіх непаўналетніх дзяцей на дату зацвярджэння спісаў на атрыманне льготных крэдытаў, у памеры 5% гадавых.
Алена МАРКЕВІЧ.