Справа ў кадрах, або Як педагогі падрыхтаваліся да работы ў летніках?

Пяцьдзясят сем з паловай тысяч дзяцей плануецца аздаравіць сёлета ў Мінскай вобласці, а гэта каля 42% ад агульнай колькасці навучэнцаў Міншчыны (у сярэднім па краіне гэтая лічба складае менш чым 40%). “У вобласці дзейнічаюць 25 лагераў кругласутачнай формы знаходжання, — гаворыць намеснік начальніка аддзела сацыяльнай і выхаваўчай работы ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Таццяна Анатольеўна Цвірко. — Толькі пяць з іх не належаць сістэме адукацыі. Менавіта кругласутачным лагерам мы аддаём перавагу, хаця, канечне, не забываемся пра ўсе іншыя формы аздараўлення. Зараз выйшла на фініш падрыхтоўка да летняга аздараўленчага сезона. У тым ліку падрыхтоўка кадраў для работы і ў стацыянарных, і ва ўсіх іншых відах дзіцячых летнікаў”.

Шмат летнікаў — многа кадраў

Між іншым стацыянарныя лагеры ёсць не ва ўсіх 22-х раёнах (плюс горад абласнога падпарадкавання Жодзіна) вобласці, пяць раёнаў сваіх стацыянарных летнікаў не маюць. Таму, напрыклад, ва Уздзенскім раёне сёлета на базе адной з раней закрытых сельскіх школ вырашылі адкрыць стацыянарны лагер. Ва ўпраўленні адукацыі лічаць, што гэта пазітыўны вопыт і па такім шляху павінны пайсці іншыя “бязлетнікавыя” раёны. А калі прыбаўляецца лагераў, то, зразумела, павялічваецца колькасць тых, хто ў іх працуе.
Прычым, як падкрэслівае Т.А.Цвірко, ніякія так званыя адміністрацыйныя меры для заахвочвання настаўнікаў працаваць у летніках непрымальныя. “Магчыма, такое сям-там бывае, — заўважае мая суразмоўніца, — але гэта неэфектыўна: ні работа, ні адпачынак пад прымусам да дабра не давядуць. А месцам адпачынку мы здольны забяспечыць усіх. Хто жадае, паедзе ў профільны лагер, іх у нас каля ста — спартыўных, абаронна-спартыўных, лінгвістычных. Хто жадае, адпачне ў прышкольным лагеры або ў палатачным (яны ў нас будуць працаваць у 16 раёнах, у тым ліку лагер Міністэрства па надзвычайных сітуацыях у Лагойскім раёне). У некалькіх раёнах для дзяцей-інвалідаў арганізаваны свае лагеры, у якіх яны адпачнуць разам з маці ці бацькам. Запланаваны нават лагер для дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, разам з маці: летась ён даказаў сваю высокую эфектыўнасць”.
Прышкольныя ж лагеры ў вобласці арганізоўваюць, размяркоўваючы на ўвесь летні перыяд, каб не было перакосу ў бок чэрвеня. Сёлета ў такіх летніках адпачне 35 тысяч дзяцей, гэта крыху менш, чым летась, але, як падкрэслівае Таццяна Анатольеўна, галоўнае, каб тут адпачывалі дзеці толькі па запытах бацькоў. “Так званы адміністрацыйны рэсурс не проста недарэчны, — падкрэслівае спецыяліст, — ён недапушчальны. Працуем, засноўваючыся толькі на маніторынгу запытаў бацькоў”. Пры гэтым важна, сцвярджае спецыяліст, каб дзённы лагер як мага больш адрозніваўся ад школы, інакш дзіцяці будзе нецікава.
Што ж, многа розных лагераў — гэта добра, але пры ўмове, што працаваць у іх будзе патрэбная колькасць прафесіяналаў. Па словах Таццяны Анатольеўны, ужо на сярэ-дзіну мая штат педагагічных работнікаў дзіцячых аздараўленчых лагераў быў укамплектаваны прыкладна на 90%. Адпаведныя базы даных па раёнах утрымліваюць больш за дзве тысячы прозвішчаў педагогаў, якія гатовы працаваць у летніх аздараўленчых лагерах. “Наш найгалоўнейшы клопат — гэта падбор кадраў, — працягвае мая суразмоўніца. — Асабліва — падбор кіраўнікоў лагераў дзённага знаходжання. На гэтую пасаду, згодна з загадам упраўлення адукацыі аблвыканкама, прызначаюцца намеснікі дырэктараў школ па выхаваўчай рабоце, у выключных выпадках гэта могуць быць педагогі, якія маю ць стаж работы ў аздараўленчых установах не менш за пяць гадоў. Але перавагу аддаём кіраўнікам, бо забяспечыць кантроль у летні перыяд, граматна спланаваць работу, улічыць усе патрабаванні і нюансы павінен чалавек з вопытам адміністратара”. У вобласці ёсць і вельмі вопытныя кіраўнікі аздараўленчых лагераў, якія працуюць на сваіх пасадах амаль па дзесяць гадоў. Як, напрыклад, дырэктар стацыянарнага лагера “Арэса” Любанскага раёна Аляксандр Аляксандравіч Шулякоўскі або дырэктар лагера “Івалга”, што ў Маладзечанскім раёне, Мікалай Серафімавіч Крывы.
Наогул, як лічыць намеснік начальніка аддзела сацыяльнай і выхаваўчай работы, эфектыўнасць любой работы залежыць ад таго, хто яе забяспечвае. Добры прыклад у гэтым плане дэманструюць Барысаўскі раён, дзе размяшчаюцца адразу тры стацыянарныя лагеры, летнік “Дружба”, што на Дзяржыншчыне, “Арляня” ў Нясвіжскім раёне. “Тут умеюць правільна матываваць педагогаў на работу ў летніках, прычым настолькі, што такая работа лічыцца прэстыжнай”, — заўважае Таццяна Анатольеўна Цвірко.

Вучоба круглы год

Базы даных педагагічных работнікаў актуалізуюцца ўжо ў лютым, сёння такія базы функцыянуюць у кожным раёне і Жодзіне Мінскай вобласці. У асноўным іх складаюць педагогі, меншую частку — студэнты. “Мы не супраць студэнтаў, — заўважае Т.А.Цвірко, — але адбіраем часцей за ўсё тых, хто адпрацоўвае практыку (у рэдкіх выпадках працаўладкоўваем індывідуальна) або прымаем педагагічныя атрады. Такія атрады працуюць у Стаўбцоўскім раёне — педатрад з Нясвіжскага педагагічнага кале-джа, у Салігорскім раёне — з тамтэйшага каледжа і педатрады з Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта ў Стаўбцоўскім, Клецкім раёнах”. Гэтыя атрады, як зазначае спецыяліст, добра сябе зарэкамендавалі, іх байцы праходзяць фундаментальную падрыхтоўку ў сваіх навучальных установах. Любому жадаючаму студэнту трапіць на работу ў дзіцячы аздараўленчы лагер не так проста. Па-першае, ён павінен прадаставіць даведку з навучальнай установы аб тым, што закончыў як мінімум тры курсы. Па-другое, перавагай карыстаюцца выпускнікі школ і гімназій таго раёна, у які яны едуць працаваць у якасці выхавальнікаў. Такі паспяховы вопыт ёсць, напрыклад, у Крупскім раёне.
Работа ў навучальнай установе і работа ў летніку, як справядліва лічыць Таццяна Анатольеўна, не аднолькавая. Таму летась на Міншчыне вырашылі праводзіць субяседаванне з дырэктарамі лагераў да пачатку летняй аздараўленчай кампаніі. Субяседаванне праходзіць ва ўпраўленні адукацыі аблвыканкама і ўключае пытанні на веданне нарматыўнай базы, фінансавага складніку, форм метадычнага забеспячэння кампаніі, санітарных норм і патрабаванняў да харчавання дзяцей. Усё дзеля таго, каб пераканацца, што прэтэндэнт на дырэктарскую пасаду валодае сітуацыяй, і, адпаведна, зможа цалкам пракантраляваць работу лагера і забяспечыць неабходны ўзровень яго работы.
Сёлета ва ўпраўленні пайшлі далей у падрыхтоўцы кадраў да дзіцячага аздараўленчага сезона — правялі абласную Школу важатага. Падводзячы вынікі мінулага года, у вобласці зразумелі, што адзін са складнікаў аздараўленчай кампаніі, які патрабуе дапрацоўкі, — менавіта падбор і расстаноўка кадраў на месцах, перш за ўсё старшых выхавальнікаў, якія маюць неабходныя веды. Неабходнасць арганізацыі школы абумоўлена, напрыклад, тым, што ў 2014 годзе кадравы склад спецыялістаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму абнавіўся на 50%. У абласную Школу важатага, якая прайшла нядаўна, запрасілі старшых выхавальнікаў усіх стацыянарных і арандаваных аздараўленчых летнікаў.
Чаму ж вучыліся выхавальнікі, якія веды абнаўлялі? Гэта былі пытанні бяспекі дзяцей, затым — пытанні планавання і вядзення дакументацыі, аховы працы. Выкладалі ў школе сацыяльныя партнёры ўпраўлення адукацыі: спецыялісты з упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама, у тым ліку з ДАІ, Мінскага абласнога клінічнага цэнтра “Псіхіятрыя-наркалогія”, іншых устаноў.
Так, старшыя выхавальнікі даведаліся, а хтосьці, магчыма, абнавіў раней атрыманыя веды пра тое, што ў падлеткаў, якія ўжываюць наркотыкі, часта парушаецца пітны рэжым: пэўны час падлетак можа не піць вады, а потым, наадварот, ужываць яе ў вельмі вялікай колькасці (у два-тры разы больш, чым звачайна патрэбна чалавеку). Тое ж самае можна сказаць і пра ежу. Спецыяліст расказаў і пра іншыя прыкметы ўжывання наркотыкаў. Зараз, калі так распаўсюдзіліся “маркі” і спайсы, падобная інфармацыя, канечне, не можа быць лішняй. У школах вобласці, прынамсі, настаўнікі з лістапада па май выявілі 70 падлеткаў са знешнімі прыкметамі ўжывання наркатычных рэчываў. “А ўсё дзякуючы таму, што наша прыярытэтная задача — не пакаранне педагогаў за такія выпадкі, а, наадварот, заахвочванне. Штомесяц прэміруем кіраўнікоў тых устаноў адукацыі, у якіх выяўлены падлеткі, якія ўжываюць наркотыкі, — тлумачыць мая суразмоўніца. — Такім чынам захоўваем жыццё падлеткаў”. Хаця ў летніках Мінскай вобласці пакуль (будзем спадзявацца, і далей), выпадкаў ужывання наркотыкаў зарэгістравана не было.
Каб не дапусціць выпадкаў траўміравання дзяцей у дарожна-транспартных здарэннях падчас летніх канікул, старшым выхавальнікам было карысна паслухаць выступленне спецыяліста ДАІ, які надзвычай абгрунтавана і падрабязна пазнаёміў прысутных з дакладнымі рэкамендацыямі па захаванні бяспекі дзяцей, якія адпачываюць у летніках.
Акрамя семінара-вучобы абласнога ўзроўню, падобныя школы важатых прайшлі да 25 мая ў кожным раёне Міншчыны. Вучоба ў іх праходзіла ў тым жа фармаце, што і ў вобласці. Такія мерапрыемствы менавіта для старшых важатых адбыліся ўпершыню, хаця традыцыя правядзення міжведамасных семінараў да аздараўленчага сезона (толькі ў іншым фармаце) існуе даўно.
“Падрыхтоўка кадраў для работы ў летніках прадугледжвае іх навучанне на працягу ўсяго года, — заўважае Т.А.Цвірко. — Ці ў рамках метадычных аб’яднанняў, ці ў рамках семінараў, у тым ліку выязных. Канечне, вялікую дапамогу ў гэтым плане аказвае Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня”, дзе працуе Нацыянальны метадычны цэнтр для сістэмы дзіцячых аздараўленчых лагераў Рэспублікі Беларусь. За год мы накіроўваем туды да трохсот педагогаў. І гэтыя настаўнікі прыязджаюць з цэнтра з добрымі напрацоўкамі, цікавай інфармацыяй, распаўсюджваюць гэты вопыт у сваіх раёнах”.
У наступным годзе ўпраўленне адукацыі аблвыканкама плануе запрасіць у абласную Школу важатых не толькі старшых выхавальнікаў — дзеючых педагогаў, але і студэнтаў, якія будуць працаваць у летніках. Да таго ж з будучага сезона школа стане не аднадзённай, а будзе працаваць на працягу некалькіх дзён дзеля паглыблення і пашырэння яе зместавага напаўнення.
Акрамя таго, ужо сёлета ў вобласці арганізоўваюць работу прафілактычных інфабусаў, кансультацыі ў якіх па самых актуальных пытаннях будуць даваць не толькі педагогі і метадысты, але і спецыялісты іншых ведамстваў, грамадскіх аб’яднанняў. Такія перасовачныя цэнтры дапамогі будуць выязджаць у стацыянарныя летнікі вобласці.

Марына ХІДДЖАЗ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*