Дарога да “Агеньчыка”

Не буду нават пытацца, ці былі вы калі ў сасновым лесе, ці ведаеце, як істотна адрозніваецца паветра ў ім ад паветра гарадскога, ці адчувалі калі-небудзь, наколькі лягчэй і весялей становіцца на душы пасля прагулкі ў такім цудоўным месцы. А калі ў гэтым лесе ёсць яшчэ і вадаём? Казка, а не адпачынак. Канечне, вы ўсё гэта ведаеце, адчувалі, перажывалі, у якім бы рэгіёне Беларусі ні жылі — і соснаў, і рэчак ды азёр у нашай краіне багата. Але, калі гаворка заходзіць пра летні адпачынак і аздараўленне, асабліва пра аздараўленне дзяцей, мы ўсе хочам, акрамя чыстага паветра і празрыстай вады, забяспечыць сабе, сваім дзецям камфортныя ўмовы пражывання, цікавае ды карыснае баўленне вольнага часу і добрае харчаванне. 

Лес, паветра, рамонт

Аздараўленчыя летнікі для дзяцей пачынаюць рыхтавацца да новага сезона звычайна задоўга да яго пачатку. Так, у лагеры “Зубраня” Мінскага аўтамабільнага завода такую падрыхтоўку пачалі яшчэ ў верасні мінулага года: рамантавалі жылыя карпусы, асвятленне, прыводзілі ў парадак санвузлы і душавыя, замянялі шафы, устанаўлівалі новыя кантэйнеры для збору смецця.
Работы, безумоўна, хапае ў кожным летніку, праўда, часцей за ўсё (і гэта не сакрэт) у лагерах абмяжоўваюцца касметычным рамонтам, і часцей за ўсё з-за недахопу сродкаў. Але перыядычна там-сям наважваюцца і на больш сур’ёзныя дзеянні. Адказныя і нябедныя гаспадары, калі лагеру пашанцавала менавіта з такімі, ідуць на немалыя выдаткі дзеля штогадовага абнаўлення сваіх стацыянарных летнікаў.
Адзін з такіх летнікаў з кругласутачным знаходжаннем дзяцей — лагер “Агеньчык” унітарнага прадпрыемства “Мінгаз”, які размяшчаецца пад Мінскам, зусім недалёка ад пасёлка Ждановічы на Мінскім моры. Гэта адзін з амаль сарака лагераў, у якіх сёлета адпачнуць юныя мінчане, большасць з гэтых летнікаў будуць працаваць у чатырохзменным рэжыме. “Агеньчык”, верагодна, адзін з самых маладых летнікаў — сёлета адкрые толькі трэці сезон. Хаця будынкам, у якіх размяшчаецца дзіцячы аздараўленчы лагер, гадоў ужо значна больш, але ўласны летнік Мінгаза з’явіўся тут параўнальна нядаўна.
Летам лагер працуе ў чатыры змены (дзве па 18 дзён і дзве па 21), прымаючы ў кожную па 52 чалавекі, у пераважнай большасці — дзяцей супрацоўнікаў вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства.
Сасновыя лясы, паветра і вадаём — усё гэта цалкам адносіцца да “Агеньчыка”. Побач з Мінскім морам лагеры, санаторыі і пансіянаты размяшчаюцца адзін за адным. “Агеньчык” знаходзіцца на базе лагера “Спадарожнік” адкрытага акцыянернага таварыства “Мінскрамбуд”. Блізкія суседзі адно аднаму не перашкаджаюць, дзеляць, напрыклад, спартыўную пляцоўку з баскетбольнымі колцамі.
Паветра, насычанага сасновым водарам, сонца і добрага настрою хапае ўсім. Падмацоўвае яго, безумоўна, і нядрэнная матэрыяльна-тэхнічная база мінгазаўскага лагера, аснову якой складаюць тры корпусы, пабудаваныя даволі даўно. Выглядаюць будынкі і цяпер дастаткова прывабна. У многім дзякуючы таму, што зімой іх выкарыстоўваюць у якасці аздараўленчага комплексу. А ў той сонечны майскі дзень, калі я наведала наваколле Ждановічаў, работа кіпела на тэрыторыі, здаецца, усіх без выключэння санаторыяў і іншых аздараўленчых устаноў, якія трапіліся на маім шляху.
Рамонт і замену абсталявання летніка Мінгаз пачаў адразу, як стаў уладальнікам лагера. Рамонтныя работы і закупкі інвентару, абсталявання працягваюцца пастаянна, не спыняючыся ні на месяц.
— У снежні 2013 года, напрыклад, прывезлі з іншых баз Мінгаза шыкоўную мэблю (у агульных памяшканнях карпусоў стаяць канапы і крэслы з натуральнага дрэва, абцягнутыя штучнай скурай, — заўв. аўтара), — расказвае начальнік лагера Алена Міхайлаўна Вярбіцкая. — У самым пачатку, канечне, рамантавалі пакоі, зараз заканчваем рамонт душавых кабін, санвузлоў, ставім новую сантэхніку, мяняем плітку ў пакоях на этажах, у блоках зрабілі гэта яшчэ год назад. Шмат чаго зрабілі і на кухні. Мэбля ў кафэ новая, у кухні сёлета цалкам замянілі сістэму вентыляцыі: цяпер там летам можна ўключаць ахаладжэнне, зімой, наадварот, — ацяпленне. Устанавілі новую праточную выцяжку, усё, як рэкамендавала санітарная служба. Набылі і новы посуд.

І хлеб, і відовішчы

Да размовы пра кухню далучаецца загадчыца вытворчасці кафэ Наталля Мікалаеўна Войцех.
— У нас і хлебапечкі свае ёсць, іх летась набылі, і параканвектамат, і сучасная машына для нарэзкі агародніны, і іншае сучаснае абсталяванне — аўтыматызавана наша кухня нядрэнна, нават і дакупляць пакуль нічога не трэба. А працуе на ёй і ў кафэ пяць чалавек, летам наймаем яшчэ кухонных рабочых.
Расказалі начальнік лагера і загадчыца вытворчасці кафэ і пра тое, што амаль усе прадукты, з якіх гатуюць стравы для дзяцей, беларускія. Мінгаз, дарэчы, выдаткоўвае на кожнае дзіця пэўную дадатковую суму на харчаванне: па 50, 55 або 60 тысяч рублёў у дзень у залежнасці ад узросту дзіцяці. Гэтыя грошы ідуць у асноўным на закупку садавіны і малочнай прадукцыі. “У нас дзеці, здараецца, не даядаюць свае порцыі не таму, што нясмачна, а таму, што яды многа, — усміхаецца Н.М.Войцех. — Бацькі пра гэта ўжо ведаюць і не хвалююцца наконт харчавання сваіх малых”.
Дарэчы, сёлета пуцёўкі ў “Агеньчык” на 18 дзён для дзяцей ад шасці да дзесяці гадоў каштуюць 3 мільёны 235 тысяч рублёў, ад адзінаццаці да трынаццаці гадоў — 3 мільёны 310 тысяч, для чатырнаццаці — шаснаццацігадовых падлеткаў — 3 мільёны 358 тысяч рублёў. Пуцёўкі на 21 дзень адпачынку ў аздараўленчым лагеры, адпаведна, каштуюць крыху больш. І, зразумела, бацькі выплачваюць толькі 10% ад іх кошту, астатняе бярэ на сябе прадпрыемства.
Пра такія важныя для любога дзіцячага лагера дробязі, як настольныя гульні, алоўкі, фарбы я ўжо і гаварыць не буду, іх набываюць пастаянна — інвентар жа недаўгавечны, а пазабавіць малых падчас, скажам, дрэннага надвор’я можа адмыслова. Ёсць, канечне, у тутэйшых выхаванцаў і іншыя забавы. Напрыклад, экскурсійныя паездкі ў музей мёду, што пад Радашковічамі, на конезавод у Ратамку. Экскурсіі ці катанне на конях платныя, а вось аўтобусы УП “Мінгаз” выдзяляе свае. Сёлета ў “Агеньчыку” збіраюцца “хімічыць” — запрашаць людзей, якія прадэманст-руюць выхаванцам эфектныя хімічныя доследы. А яшчэ сюды будзе прыязджаць планетарый з дэманстрацыяй як касмічнага свету, так і жыцця свету падводнага.
Не забыўся заснавальнік лагера і пра такі від адпачынку, як кабельнае тэлебачанне і інтэрнэт — і тое і другое з’явілася тут зусім нядаўна, да чэмпіянату свету па хакеі. Вялікія плоскія экраны, якія закупілі ў мінулым снежні, стаяць у памяшканнях летніка (усяго іх 14), але не ў дзіцячых пакоях. Сапраўды, навошта летам, ды яшчэ ў такім цудоўным месцы тэлевізар на кожны пакой? Хіба толькі ўвечары ці ў дрэннае надвор’е крыху паглядзець.

Справа не толькі ў грошах

— Думаю, круглагадовая работа аздараўленчага комплексу на гэтай базе была б куды больш выгаднай для арганізацыі, але яна вялікія грошы траціць на дзіцячы лагер, ад якога наўрад ці ёсць прыбытак, — звяртаюся я да Алены Міхайлаўны Вярбіцкай.
— А справа не ў прыбытку. Клопату з дзіцячым лагерам, як вы разумееце, заснавальніку хапае, справа ж няпростая, — адказвае яна. — Але перш за ўсё — нашы дзеці. Калі яны добра адпачнуць, то і вучыцца будуць лепш, і здароўе прыкметна ўмацуюць.
Што да ўмацавання здароўя, то ў гэтым плане ў лагеры ёсць свае асаблівасці, уласныя напрацоўкі. Тут працуюць тры медыцынскія работнікі — галоўная медсястра, медсястра па фізіятэрапіі і спецыяліст па масажы — усе з прафесійнымі катэгорыямі. Кожнае дзіця падчас адпачынку атрымлівае масаж спіны або грудной клеткі (па медыцынскіх паказаннях) і штодзённы кіслародны кактэйль на аснове натуральнага соку, а таксама шчолачную інгаляцыю. Галоўная медсястра Лола Анатольеўна Дробыш гаворыць, пацвярджаючы думку, ужо агучаную дырэктарам летніка: “Мінгаз выдатна разумее, што аздараўленне дзяцей — справа надзвычай патрэбная, таму і не шкадуе нічога для гэтага”.
На палову стаўкі працуюць у “Агеньчыку” сацыяльны педагог і педагог-псіхолаг. Тут гэтыя два спецыялісты працуюць адразу на два лагеры, якія аб’ядноўваюць і агульная тэрыторыя, і сумесныя мерапрыемствы, — “Спадарожнік” і “Агеньчык”. Арганізацыі — заснавальнікі гэтых лагераў многае робяць сумеснымі намаганнямі для добраўпарадкавання тэрыторыі. Так, пра новую сетку вакол лагераў паклапаціўся Мінгаз, добраўпарадкавала ўсе сцяжынкі таксама гэтая арганізацыя, карыстаюцца імі, зразумела, усе адпачываючыя.
Безумоўна, не ўсе арганізацыі маю ць такія матэрыяльныя магчымасці, як УП “Мінгаз”. Аднак жаданне аздаравіць дзяцей сваіх супрацоўнікаў, думаецца, таксама мае вялікае значэнне. Яно, магчыма, і пэўныя сродкі дапаможа атрымаць.

Марына ХІДДЖАЗ.