Апошнім часам у асяроддзі замяшчальных бацькоў неспакойна. Разам з усведамленнем сябе як прафесіяналаў, а не проста як мам, у многіх бацькоў-выхавальнікаў узнікаюць пытанні аб якасці суправаджэння іх замяшчальных сем’яў. На гэтым фоне падчас адной з камандзіровак асабліва ўразіла выказванне адной з мам-выхавальніц Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці аб тым, што “калі б не падтрымка мясцовага сацыяльна-педагагічнага цэнтра, то наўрад ці многія з сённяшніх прыёмных мам і бацькоў-выхавальнікаў па-ранейшаму займаліся б гэтай дзейнасцю”. Пагадзіцеся, гэта дарагога каштуе. Што ж за асаблівую мадэль узаемадзеяння прапаноўваюць спецыялісты цэнтра замяшчальным бацькам? Пра гэта мы запыталі ў дырэктара сацыяльна-педагагічнага цэнтра з прытулкам Жыткавіцкага раёна Васіля Адамавіча ЛЯСЬКО.
— Васіль Адамавіч, Жыткавіцкі раён — адносна невялікі, да таго ж пераважна сельскі. І пры гэтым у вас аж 6 дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Як так атрымалася — вы свядома ішлі да адкрыцця кожнага з іх ці гэта проста збег абставін?
— Так, раён у нас сапраўды невялікі. Па даных за мінулы год, насельніцтва складала каля 38 тысяч чалавек, з іх дзеці да 14 гадоў — крыху менш за 7 тысяч. І сапраўды, на сённяшні дзень у нас дзейнічае 6 дзіцячых дамоў сямейнага тыпу.
Да гэтага мы свядома ішлі на працягу некалькіх гадоў. Справа ў тым, што да 2008 года ў Жыткавічах працавала школа-інтэрнат для дзяцей-сірот. З прыняццем рашэння аб яе закрыцці паўстала пытанне, куды накіроўваць дзяцей. Меркавалася, што магчыма накіраваць іх у адпаведныя ўстановы ў іншыя гарады. Аднак лепшым рашэннем нам падалося не раскідваць дзяцей па іншых установах — усё ж такі гэта пэўны стрэс для дзіцяці. Выйсцем у гэтай сітуацыі якраз і маглі стаць дзіцячыя дамы сямейнага тыпу.
Я прапрацаваў 8 гадоў дырэктарам школы-інтэрната. І сёння мяне ніхто не пераканае, што дзіцячы дом, школа-інтэрнат лепш, чым сямейныя формы выхавання. Якім бы цудоўным ні быў інтэрнат — гэта не дом, у якім мае патрэбу кожнае дзіця.
— Але ж для стварэння дзіцячых дамоў сямейнага тыпу неабходны значныя матэрыяльныя рэсурсы?
— На той час мы супрацоўнічалі з дабрачыннымі італьянскімі арганізацыямі. Яны і пагадзіліся дапамагчы з арганізацыяй быту першых дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Менавіта з дапамогай гэтых арганізацый купілі адзін дом, абставілі яго. Так у 2008 годзе адкрыўся наш першы дзіцячы дом сямейнага тыпу, у яго перайшлі 8 дзяцей — выхаванцаў школы-інтэрната. Паступова адкрываліся і іншыя дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, некаторыя таксама з дапамогай дабрачынных арганізацый. Напрыклад, Беларускі дзіцячы фонд дапамог з рамонтам і абсталяваннем дома для сям’і Рудніцкіх.
Увогуле, на наш погляд, сёння гэта аптымальная схема ўладкавання дзяцей. Перавагі тут відавочныя: дзіцячы дом сямейнага тыпу дазваляе не разлучаць братоў і сясцёр — а многія нядобранадзейныя сем’і шматдзетныя. Да таго ж дзіцячыя дамы сямейнага тыпу значна лепш кіруемыя з пункту гледжання кантролю, суправаджэння, чым мноства прыёмных сем’яў.
— Аднак жа стварэнне матэрыяльнай базы — пошук і набыццё дамоў, іх абсталяванне — не адзінае пытанне ў стварэнні дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Напэўна, нават больш важнае пытанне — пошук кандыдатаў на ролю бацькоў-выхавальнікаў…
— Справа ў тым, што ўсе нашы бацькі-выхавальнікі — гэта былыя нашы прыёмныя бацькі. Перш чым адкрываць дзіцячы дом, мы заўсёды шукаем сям’ю. Ужо потым — усё астатняе. Далёка не кожны можа займацца гэтай справай. Калі ж людзі паспрабавалі сябе ў прыёмным бацькоўстве, спраўляюцца і жадаюць далей займацца гэтай справай, яны могуць развівацца ўжо ў якасці бацькоў-выхавальнікаў. Мы іх усіх вельмі добра ведаем. Таму сёння няма зменлівасці кадраў у гэтай сферы.
— Ведаю, што ў многіх рэгіёнах сёння не так проста знайсці новых кандыдатаў на ролю бацькоў-выхавальнікаў.
— Новых кандыдатаў на ролю прыёмных бацькоў, бацькоў-выхавальнікаў амаль няма і ў нас. Крыху раней яшчэ бытавала думка, што гэта лёгкі хлеб: узяў дзяцей і атрымлівай за гэта грошы. Сёння ўжо і ў грамадстве ёсць разуменне таго, наколькі гэта няпростая справа. Многіх палохае і тое, што кантроль з боку самых розных органаў — ад пажарных да пракуратуры — за замяшчальнымі бацькамі вельмі істотны. Імкнёмся падтрымліваць і ў гэтым — сумесна працаваць над вырашэннем пытанняў, пастаўленых тымі ці іншымі кантралюючымі органамі.
— За гэтыя гады сумеснай працы вам удалося наладзіць супрацоўніцтва з замяшчальнымі бацькамі?
— Уся работа пабудавана такім чынам, каб замяшчальная сям’я ў любы час, нават ноччу, у выхадныя, мела магчымасць у экстранных сітуацыях звярнуцца па неабходную дапамогу да нашых спецыялістаў. Здараюцца розныя сітуацыі, часам бацькам складана самастойна вырашыць нейкае пытанне. І гэта добра, што бацькі не замыкаюцца ў сабе, не хаваюць праблему, а імкнуцца рознымі шляхамі, з дапамогай спецыялістаў знайсці яе вырашэнне. У выніку кантактуем з гэтымі сем’ямі практычна кожны дзень, прычым менавіта на ўзроўні супрацоўніцтва: як калегі, якія разам вырашаюць адну задачу. Гэта не толькі спантанныя зносіны. У цэнтры дзейнічае асобная праграма па ўзаемадзеянні з дзіцячымі дамамі сямейнага тыпу. Гэта і навучальныя мерапрыемствы для бацькоў, і круглыя сталы, дзе яны маюць магчымасць абмеркаваць тыя ці іншыя праблемы, падзяліцца вопытам, і забаўляльныя мерапрыемствы, спаборніцтвы для ўсіх членаў іх вялікіх сем’яў, каб згуртаваць дзяцей і дарослых.
— Але, наколькі я ведаю, такія адносіны да замяшчальных бацькоў ёсць далёка не паўсюль. І менавіта на адсутнасць разумення з боку сістэмы адукацыі — і СПЦ, і школ — найбольш часта наракаюць замяшчальныя бацькі.
— Пэўныя пытанні па ўзаемадзеянні са школамі былі першы час і ў нас. Адносіны педагогаў да дзяцей са звычайных сем’яў і з дзіцячых дамоў сямейнага тыпу былі вельмі розныя: за адны і тыя ж правіннасці адных маглі толькі крыху пажурыць, іншых — паставіць на пэўны від уліку. Шмат працавалі ў гэтым напрамку з педагогамі, кіраўнікамі школ: праводзілі навучальныя семінары, паказвалі фільмы пра дзяцей з асаблівым лёсам, каб даць педагогам зразумець прычыны тых ці іншых паводзін дзіцяці, арганізоўвалі сустрэчы з замяшчальнымі бацькамі, дзе прысутнічалі і спецыялісты сацыяльна-педагагічнага цэнтра ў якасці пасрэднікаў. Сітуацыю ўдалося змяніць. Сёння, напрыклад, у Браніслаўскай школе больш за 30% навучэнцаў — выхаванцы замяшчальных сем’яў. Аднак ад педагогаў і кіраўніка ўстановы ўжо не пачуеш папрокаў у адрас замяшчальных бацькоў: маўляў, дрэнна выхоўваюць. Усе разумеюць, што гэта агульны клопат.
— А ў цэлым колькасць дзяцей сіроцкай катэгорыі ў раёне з часам павялічваецца?
— Колькасць нядобранадзейных сем’яў значна не павялічваецца. Але некалькі гадоў назад мы прынялі рашэнне вярнуць дзяцей з інтэрнатных устаноў іншых раёнаў, якія родам з Жыткавіцкага раёна, на малую радзіму. У гэтым пытанні вельмі важнай з’яўляецца падтрымка мясцовых улад. Прычым важна, каб мясцовае кіраўніцтва не на словах, а на справе ведала пра жыццё дзіцячых дамоў сямейнага тыпу: як уладкаваны іх быт, з якімі цяжкасцямі сутыкаюцца і г.д. Калі да нас прыйшоў новы старшыня райвыканкама, літаральна праз пару дзён сумесна з аддзелам адукацыі мы арганізавалі аб’езд дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. І зараз кіраўніцтва раёна падтрымлівае развіццё замяшчальнага бацькоўства, бо гэта ж усе нашы дзеці.
Сёння амаль усе яны выхоўваюцца ў нашых замяшчальных сем’ях. Літаральна два-тры чалавекі засталіся ў спецыялізаваных установах.
— А як жа павелічэнне сум выплат абавязаных асоб?..
— Шчыра кажучы, пра гэта не думалі ў той час — не гэта галоўнае. Хоць сапраўды сумы запазычанасці павялічыліся. Больш важнае для нас — дабрабыт дзяцей. Захаванне тэрытарыяльнага прынцыпу ў пытанні ўладкавання дзіцяці ўсё ж мае вялікае значэнне. Вось, напрыклад, выхоўваецца дзіця з нашага раёна ў іншым. Але за ім тут усё роўна замацавана жыллё. І прыходзіць час, калі гэтае дзіця вяртаецца на малую радзіму. Але мы не ведаем яго, яно — нас. У нас няма ўзаемаразумення, кантакту — наладзіць зносіны, а значыць і якасна суправаджаць гэтых маладых людзей у першыя гады самастойнага жыцця ў такім выпадку вельмі складана. Да таго ж замяшчальным бацькам пры захаванні тэрытарыяльнага прынцыпу больш проста вырашаць жыллёвае пытанне сваіх выхаванцаў, падтрымліваць сваяцкія сувязі, працаваць на аднаўленне бацькоўска-дзіцячых адносін.
— Васіль Адамавіч, сёння да работы замяшчальных бацькоў прад’яўляюцца зусім іншыя патрабаванні, чым на пачатку іх дзейнасці. Ці гатовы вашы бацькі-калегі — а сёння яны ўжо менавіта ў такім статусе — развівацца прафесійна і працаваць найперш у інтарэсах дзіцяці?
— Часам гэта складана, але бацькі імкнуцца прыслухоўвацца да спецыялістаў і дзейнічаць найперш у інтарэсах дзіцяці. Вось, скажам, такі напрамак, як аднаўленне бацькоўска-дзіцячых адносін, — гэта вельмі няпроста. Няпроста само па сабе мець зносіны з бацькамі, якія добраахвотна адмовіліся ад сваіх дзяцей, але яшчэ больш складана арганізоўваць зносіны бацькоў з дзіцем — каб гэта было на карысць дзіцяці, а не дзеля птушачкі. І, здаецца, бацькі-выхавальнікі рады, калі ўдаецца дастукацца да родных бацькоў сваіх выхаванцаў, але ж як складана ім развітвацца са сваімі прыёмнымі дзецьмі! Мы гэта добра разумеем, як і тое, што ўказаннямі і распараджэннямі зверху ў такіх сітуацыях дзейнічаць не можам. Таму імкнёмся падтрымаць псіхалагічна замяшчальных бацькоў у такіх складаных сітуацыях, каб яны самастойна выйшлі на правільнае рашэнне.
Дарэчы, у Тураве працуе дзіцячы дом сямейнага тыпу, бацькі-выхавальнікі якога падрыхтаваны да таго, каб у выпадку неабходнасці прымаць дзяцей да трох гадоў. Мы не накіроўваем такіх малых у выпадку іх адабрання з сям’і ў інтэрнатныя ўстановы — дамы дзіцяці, а імкнёмся мініміза-ваць стрэс ад перажытага хаця б змяшчэннем у новую сям’ю. Гэтыя бацькі таксама раней працавалі прыёмнымі бацькамі. У іх уласны дом, з якога яны зрабілі дзіцячы дом сямейнага тыпу. І за год з гэтай сям’і на ўсынаўленне пайшлі 5 дзяцей.
— Але ж гэта так эмацыянальна складана…
— Безумоўна. Але трэба проста ўсведамляць, што калі дзіця ідзе на ўсынаўленне, то для яго гэта — найлепшае рашэнне. І перш чым адбываецца ўсынаўленне, будучыя ўсынавіцелі прыязджаюць у госці да замяшчальнай сям’і, арганізоўваюць сумесныя мерапрыемствы, сустрэчы, дзе знаёмяцца адно з адным, знаёмяцца з дзіцем. У выніку перадаюць малога з рук у рукі.
Увогуле, заўсёды варта дакладна ўсведамляць, што работа з сацыяльным сіроцтвам — ці то замяшчальнымі бацькамі, ці то спецыялістамі сацыяльна-педагагічнай службы — заўсёды звязана з велізарнымі эмацыянальнымі затратамі. Гэта трэба разумець першапачаткова, і калі няма гатоўнасці да гэтага — не брацца за справу наогул.
Алена МАРКЕВІЧ.