Да новых прафесій людзі заўсёды праяўляюць не толькі цікавасць, але і пэўную насцярожанасць: перспектыва развіцця той ці іншай новай спецыяльнасці і магчымасць далейшага працаўладкавання па ёй не могуць не хваляваць. У той жа час трэба ўсведамляць, што новыя прафесіі не ўзнікаюць на пустым месцы. Іх паяўленне, як правіла, абумоўлена патрэбамі часу.
У сённяшнім выпуску “Сацыяльнага ракурсу” мы раскажам пра адну з такіх новых спецыяльнасцей — “Мехатроніку”, падрыхтоўка па якой вядзецца ў прафесійна-тэхнічным каледжы Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі. Днямі ў названай установе адбыўся першы выпуск мехатронікаў для машынабудаўнічай галіны, а з верасня 2012 года тут пачнуць рыхтаваць яшчэ і аўтамеханікаў.
Што сабой уяўляюць названыя прафесіі? У чым заключаецца іх навізна? Ці змогуць мехатронікі і аўтамеханікі ў далейшым без праблем уладкавацца на работу і дзе? Адказы на гэтыя пытанні шукаў наш карэспандэнт.
Мехатроніка — гэта новая галіна навукі і тэхнікі, сутнасць якой заключаецца ў стварэнні і эксплуатацыі машын і сістэм з камп’ютарным кіраваннем рухам. У яе аснове ляжаць веды ў сферы механікі, электронікі і мікрапрацэсарнай тэхнікі, гідрапнеўмааўтаматыкі і камп’ютарнага кіравання рухам машын і агрэгатаў.
Універсальных работнікаў становіцца больш
Апрабацыя мадэлі падрыхтоўкі высокакваліфікаванага рабочага з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй у галіне мехатронікі і абслугоўвання станкоў з праграмным кіраваннем пачалася ў рамках эксперыментальнай дзейнасці ў 2008/2009 навучальным годзе ў прафесійна-тэхнічным каледжы Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі. Першы набор навучэнцаў на спецыяльнасць “Мехатроніка” ажыццяўляўся з ліку выпускнікоў 9 класаў (тэрмін навучання пры гэтым складае 4 гады). Днямі першыя выпускнікі названай спецыяльнасці (25 чалавек) здавалі дзяржаўны экзамен. Пры жаданні прадоўжыць адукацыю яны могуць паступіць на скарочаны тэрмін навучання ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі (праўда, толькі на завочнае аддзяленне і толькі на платнай аснове).
Мехатронік у сваёй дзейнасці можа інтэграваць функцыі аператара станкоў з праграмным кіраваннем, слесара па рамонце электраабсталявання, наладчыка станкоў і маніпулятараў з праграмным кіраваннем. У яго функцыі ўваходзіць распрацоўка кіруючых праграм, наладка кампанентаў мехатронных сістэм, дыягностыка, мантаж і рамонт механічных, электрамеханічных, гідраўлічных, пнеўматычных і іншых сістэм.
Вучэбная праграма ў каледжы пабудавана такім чынам, што навучэнец, атрымліваючы агульную сярэднюю адукацыю, адначасова асвойвае некалькі прафесій: аператара станкоў з праграмным кіраваннем, слесара-электрыка па рамонце электраабсталявання 3 разраду, наладчыка 4 разраду. Усе гэтыя прафесійныя функцыі аб’ядноўваюцца ў кваліфікацыю “Мехатронік”. Гэта не толькі выкананне асобных работ, але і дыягностыка няспраўнасцей, і самастойная іх ліквідацыя па магчымасці. Так, выпускнік згаданай спецыяльнасці павінен ажыццяўляць тэхнічнае суправаджэнне тэхналагічных працэсаў, вызначаць адпаведнасць тэхнічнага стану абсталявання пашпартным даным; выбіраць і рэгуляваць тэхналагічную аснастку; складаць простыя кіруючыя праграмы на дзейнасць мехатронных сістэм; ажыццяўляць наладку і рэгуліроўку электрамеханічных, механічных, электронных, гідраўлічных, пнеўматычных кампанентаў мехатроннай сістэмы “Станок (машына) — робат”; выконваць дыягностыку асобных кампанентаў мехатронных сістэм з дапамогай тэставых праграм і інш.
Функцый, як бачна, шмат, але і на іх асваенне адводзіцца нямала часу: практычнае навучанне па названай спецыяльнасці складае не менш як 50% ад агульнай колькасці гадзін прафесійнага кампанента і практыкі.
Ася Пятроўна КАНАНОВІЧ, начальнік аддзела метадычнага забеспячэння інтэграванай прафесійнай адукацыі РІПА:
— Характэрнай асаблівасцю сучаснай вытворчасці і выкарыстання кадраў з’яўляецца павелічэнне колькасці работнікаў, якія заняты ў сферы наладкі, абслугоўвання і рамонту абсталявання. Звязана гэта і з абнаўленнем тэхнічнага парка, і з новым высокатэхналагічным абсталяваннем, што патрабуе высокага ўзроўню прафесіяналізму людзей, якія маюць з ім справу. Складанасць сучаснага абсталявання заключаецца яшчэ і ў тым, што ў яго ўваходзяць, як правіла, кампаненты механічных, электрычных, электронных, гідраўлічных, пнеўматычных сістэм. Такія ўстройствы называюцца мехатроннымі, і да іх адносяцца як пральныя машыны і халадзільнікі, так і станкі з лічбавым праграмным кіраваннем. Цалкам натуральна, што для наладкі такога абсталявання патрэбны спецыялісты некалькіх профіляў, аднак сёння гэта зусім нерэнтабельна. Да таго ж калі нейкага спецыяліста не акажацца на месцы, станок будзе прастойваць. Таму і паўстала пытанне падрыхтоўкі спецыяліста, які адзін зможа выконваць усе неабходныя функцыі па наладцы і абслугоўванні мехатронных прылад. Мехатронік павінен валодаць высокім узроўнем як тэарэтычных ведаў (прычым мнагапрофільных), так і практычных навыкаў, паколькі абсталяванне складанае, дарагое, мае вялікія патэнцыяльныя магчымасці.
Заказчыкі кадраў, у прыватнасці вядучыя машынабудаўнічыя прадпрыемствы краіны (Мінскі трактарны завод, Мінскі завод колавых цягачоў), таксама выказалі сваё меркаванне на гэты конт, і мы пачалі даследаваць патрэбнасць канкрэтнай вытворчасці ў адпаведных спецыялістах. Вось так і з’явілася новая кваліфікацыя — “Мехатронік”. Гэта цалкам новая прафесія не толькі для сістэмы адукацыі, але і для сферы працы. Мехатронік выконвае функцыі рабочага і ў той жа час мае высокі ўзровень тэарэтычнай і практычнай падрыхтоўкі.
Забяспечыць такі ўзровень ведаў у рамках кваліфікацыі рабочага з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй не ўяўляецца магчымым, таму ўзнікла ідэя ўвесці новую адукацыйную праграму сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якая б забяспечвала атрыманне кваліфікацыі рабочага з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Дарэчы, усе інавацыйныя кваліфікацыі, увядзенне якіх ініцыіруе Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі, спачатку адаптоўваюцца на базе філіялаў РІПА — прафесійна-тэхнічнага і індустрыяльна-педагагічнага каледжаў. Эксперымент па апрабацыі адукацыйнай праграмы па навучанні мехатронікаў пачаўся ў 2008 годзе ў прафесійна-тэхнічным каледжы РІПА.
Адкрыццю падрыхтоўкі папярэднічала значная тэарэтычная работа: распрацоўка тарыфна-кваліфікацыйнай характарыстыкі, увядзенне яе ў Адзіны тарыфна-кваліфікацыйны даведнік, а потым уключэнне спецыяльнасці ў Агульнадзяржаўны класіфікатар спецыяльнасцей і кваліфікацый. І самае галоўнае — распрацоўка адукацыйнага стандарту, вучэбна-праграмнай дакументацыі.
Адзначу, што абавязковай умовай для рэалізацыі гэтай праграмы з’яўляецца высокатэхналагічная матэрыяльна-тэхнічная база навучання. У нашым выпадку яна стваралася адначасова з распрацоўкай усёй дакументацыі. Педагагічныя кадры прайшлі навучанне ў Германіі.
Ідэя мехатронікі развіваецца сёння і для іншых галін. Так, ужо трэці год мы рыхтуем мехатронікаў для радыёэлектроннай вытворчасці, зараз працуем над распрацоўкай зместу адукацыі мехатронікаў і для перапрацоўчай прамысловасці. Увядзенне новай кваліфікацыі дазволіла пашырыць пералік рабочых прафесій, якія прадугледжваюць наяўнасць сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Гэта наладчык станкоў 5 разраду, кухар 5 разраду, электраманцёр ахоўна-пажарнай сігналізацыі, электрамеханік па рамонце вылічальнай тэхнікі.
Валерый Мікалаевіч ГАЛУБОЎСКІ, дырэктар ПТК РІПА:
— Выдатна, што на выхадзе мы атрымліваем універсальнага работніка. Ды і ўзровень матывацыі да вучобы ў мехатронікаў даволі высокі. Справа ў тым, што адукацыйны працэс забяспечваецца выдатнымі сродкамі навучання, якія ўжо самі па сабе выклікаюць значную цікавасць у навучэнцаў: напрыклад, пры дапамозе ЭСН яны спачатку трапляюць у свет віртуальнай цацкі, а потым атрымліваюць магчымасць зазірнуць унутр станка, збіраючы і разбіраючы яго.
Яшчэ адна адметнасць у навучанні мехатронікаў — міждысцыплінарны практыкум. Падчас яго кожны навучэнец адпрацоўвае канкрэтную функцыю: складае свой тэхналагічны маршрут, распрацоўвае пад яго праграму, прымяняе яе на практыцы і адзначае, наколькі правільна ўсё выканаў. У любым выпадку гэта будзе ўжо больш практыка-арыентаваны работнік.
Пасля праходжання навучэнцамі нашага каледжа пераддыпломнай практыкі мы правялі апытанне сярод работадаўцаў і даведаліся, што апошнія засталіся задаволены практыкантамі. Акрамя таго, усе работадаўцы адзначылі, што нашы выпускнікі даволі хутка асвоілі новае абсталяванне і маюць магчымасць далейшага прафесійнага росту.
А вось што кажуць самі навучэнцы, якія сёлета праходзілі пераддыпломную практыку на Мінскім трактарным заводзе. Анатоль Ламакін, Уладзіслаў Пяткевіч і Канстанцін Мурашка з 20 сакавіка па 8 чэрвеня працавалі ў механічным цэху №5 названага прадпрыемства ў момант запуску новай лініі і асваення наменклатуры дэталяў.
Анатоль ЛАМАКІН:
— У каледжы нам выдалі індывідуальныя заданні па практыцы, і ўсе тры месяцы мы складалі і вывучалі тэхпрацэсы, устройствы і прынцыпы работы абсталявання ў аддзяленні “PLATIT”. У першыя дні было складана, нават крыху страшна, але асвойталіся даволі хутка.
Канстанцін МУРАШКА:
— Мне спадабалася на трактарным заводзе. Людзі тут дружалюбныя, падказвалі нам, дапамагалі парадай, вучылі. На новым абсталяванні працаваць цікава і адказна. І зарплата як практыканта мяне задаволіла. Пасля экзаменаў прайду тэсціраванне — хачу завочна атрымаць вышэйшую тэхнічную адукацыю. Каледж даў нам добрую тэарэтычную базу, на практыцы веды замацаваліся. Галоўнае падчас работы — сабранасць, кемлівасць, уважлівасць, таму што абсталяванне павінна забяспечваць дакладнасць у мікронах.
Што тычыцца працаўладкавання выпускнікоў-мехатронікаў, то сёлета яны размеркаваны ўсе.
— Калі мы адкрывалі гэтую спецыяльнасць, то ў асноўным арыентаваліся на Мінскі трактарны завод і Мінскі завод колавых цягачоў, — расказвае загадчык аддзялення рамонту і тэхнічнай эксплуатацыі абсталявання, аўтамабіляў ПТК РІПА Валянціна Іванаўна Рудакоўская. — Цяпер жа мехатронікамі зацікавіўся і прыватны бізнес, і мы размяркоўвалі выпускнікоў у тым ліку і на прыватныя прадпрыемствы. Складанасць заключаецца ў наступным. Такая штатная адзінка, як мехатронік, сёння адсутнічае на прадпрыемствах, хоць і запатрабавана. Пры гэтым працягваюць функцыянаваць службы энергетыкі, механікі і інш. Для ўнясення змяненняў патрабуецца пэўны час. Трактарны завод і завод колавых цягачоў ужо ўвялі ў свой штатны расклад пасаду мехатроніка. Прыватныя прадпрыемствы, з якімі мы мелі справу, таксама зрабілі гэта.
Аўтаслесар? Не, аўтамеханік!
Сёлета ў Адзіны тарыфна-кваліфікацыйны даведнік (АТКД) была ўведзена яшчэ адна новая кваліфікацыя — “Аўтамеханік”. Навучанне па аднайменнай спецыяльнасці пачнецца з 2012/2013 навучальнага года ў прафесійна-тэхнічным каледжы РІПА.
Па словах А.П.Канановіч, з’яўленне прафесіі аўтамеханіка таксама абумоўлена патрабаваннямі рынку працы. Аўтапаркі абнаўляюцца сучаснымі аўтамабілямі, а вось узровень падрыхтоўкі спецыялістаў, якія іх абслугоўваюць, вымушае жадаць лепшага.
— Аўтамабіль сёння — гэта найскладанейшая мехатронная сістэма, ад якасці яго абслугоўвання залежыць не толькі спраўнасць усіх яго элементаў, але і бяспека чалавека, які кіруе аўтамабілем, — заўважае Ася Пятроўна. — Слесар па рамонце аўтамабіля ўжо не можа выконваць усе віды работ аўтасэрвісу, паколькі тут патрабуецца веданне сістэм аўтаматычнага кіравання, кандыцыяніравання паветра, электронікі і г.д. Сусветна вядомыя вытворцы аўтамабіляў — Opel, Volkswagen, Mazda, Mercedes і іншыя — маюць у нашай краіне свае дылерскія цэнтры, аднак кадры для іх у нас не рыхтуюцца. Зацікавіўшыся гэтым пытаннем, РІПА наладзіў супрацоўніцтва з Беларускай аўтамабільнай асацыяцыяй (БАА), дылерскімі кампаніямі, сэрвіснымі цэнтрамі і ўнёс прапанову ў Міністэрства гандлю і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны аб увядзенні ў АТКД кваліфікацыі “Аўтамеханік”. Матэрыяльная база для навучання новай прафесіі ў ПТК РІПА стваралася адначасова з распрацоўкай адпаведнай дакументацыі. Адукацыйны стандарт, дарэчы, таксама распрацоўваўся з удзелам прадстаўнікоў дылерскіх цэнтраў буйных аўтамабільных кампаній і БАА.
Як паведаміў нам дырэктар ПТК РІПА В.М.Галубоўскі, набор на новую спецыяльнасць будзе ажыццяўляцца з ліку тых навучэнцаў, якія маюць прафесійна-тэхнічную адукацыю (слесар па рамонце аўтамабіля).
— Вучэбная праграма мае прыкладны характар, змяшчае вялікі практычны блок, — гаворыць Валерый Мікалаевіч. — Для гэтага мы цесна супрацоўнічаем з найбольш зацікаўленымі арганізацыямі аўтасэрвісу, якія ў далейшым змогуць прадаставіць працоўныя месцы нашым выпускнікам. У найбліжэйшых планах каледжа — набыць абсталяванне для лабараторыі па электроніцы аўтамабіляў, усталяваць дыдактычную мадэль вучэбнага аўтамабіля, з дапамогай якой навучэнцы змогуць бачыць усе схаваныя элементы кузава ў разрэзе, а выкладчыкі — імітаваць магчымыя памылкі ў сістэме кіравання аўтамабілем і прапаноўваць навучэнцам знаходзіць і выпраўляць іх.
На маю думку, аўтамеханікі будуць вельмі запатрабаваны. Паводле даных Дзяржстандарту, на сёння ў Беларусі зарэгістравана каля 3 мільёнаў аўтамабіляў і каля 6 тысяч прадпрыемстваў аўтасэрвісу маюць сертыфікаты на абслугоўванне. Кадры ж яны павінны недзе браць!
Мэбля за 15 хвілін
Неўзабаве на базе індустрыяльна-педагагічнага каледжа Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі таксама плануецца ўвядзенне новай спецыяльнасці, аснову якой складае мехатроніка.
У гэтым месяцы ў ІПК РІПА адкрыўся рэсурсны цэнтр па вытворчасці мэблі: усталяваны сучасныя нямецкія станкі, створана метралагічная лабараторыя. Працэс вырабу мэблі, які дэманструюць наведвальнікам рэсурснага цэнтра, цалкам аўтаматызаваны. Стол ці крэсла “сыходзяць з канвеера” ўсяго за 15—20 хвілін (!). Чалавек, які працуе на станках такога ўзроўню, павінен умець рабіць наступнае: скласці праграму функцыянавання абсталявання, устанавіць яе, наладзіць і непасрэдна выканаць.
— Маніторынг беларускіх мэблевых прадпрыемстваў паказаў, што ім не хапае кадраў, якія маглі б працаваць на сучасным абсталяванні — станках з праграмным кіраваннем, — адзначае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ІПК РІПА Святлана Іосіфаўна Капуцкая. — Такі спецыяліст павінен умець працаваць з камп’ютарнымі праграмамі, мадыфікаваць іх пад розныя віды вырабаў. Увогуле, прадпрыемствам патрэбны людзі, якія могуць працаваць на розных відах станкоў і самі выпраўляць дробныя непаладкі.
Новая кваліфікацыя пакуль што абмяркоўваецца, зараз ідзе работа над распрацоўкай мадэлі спецыяліста. Магчыма, гэта будзе мехатронік дрэваапрацоўчай вытворчасці. Пачаць навучанне па новай спецыяльнасці плануецца ў 2012/2013 навучальным годзе.
Глафіра ЛЯТКОЎСКАЯ.
liatkouskaya@ng-press.by