Рэальная прафарыентацыя

Прафесійна-тэхнічным установам адукацыі апошнім часам нялёгка прывабіць навучэнцаў, асабліва ў сталіцы, дзе размешчана найбольшая колькасць навучальных устаноў рознага ўзроўню і профілю і амаль кожны выпускнік лічыць неабходным паспытаць шчасце ў ВНУ. А калі прафесійна-тэхнічным установам прыходзіцца канкурыраваць яшчэ і паміж сабой, то барацьба ідзе літаральна за кожнага навучэнца.

У Мінскім дзяржаўным прафесійным ліцэі № 5 транспартнага будаўніцтва, здаецца, знайшлі схему работы, якая дапамагае прыцягнуць навучэнцаў ва ўстанову. Ужо каторы год запар тут дзейнічае аддзяленне дапрафесійнай падрыхтоўкі, прасцей кажучы — вучэбна-вытворчы камбінат. Менавіта праз навучанне на ўзроўні ВВК многія выпускнікі школ Кастрычніцкага раёна сталіцы прыходзяць затым у ліцэй за прафесіяй.

У адпаведнасці з запытамі рынку працы

Мінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 5 транспартнага будаўніцтва на першы погляд мала чым адрозніваецца ад іншых устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Стандартны набор будаўнічых спецыяльнасцей — муляр, сталяр, электрык — не ўражвае распешчаных прапановамі выпускнікоў. Такія ПТНУ ёсць практычна ва ўсіх рэгіёнах краіны. Таму, каб быць на плаву, кіраўніцтву ліцэя ўвесь час прыходзіцца трымаць руку на пульсе: уважліва адсочваць запыты рынку працы, жаданні выпускнікоў, настрой і ўражанні ад вучобы навучэнцаў, аналізаваць прапановы па падрыхтоўцы ў аналагічных па профілі ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Таму штогод у раскладзе на новы навучальны год адбываюцца змены: навучанне па нейкіх спецыяльнасцях наогул спыняецца, дзесьці мяняецца інтэграцыя.

— У мінулым годзе мы не змаглі набраць навучэнцаў па спецыяльнасці муляр-мантажнік. Адмаўляцца наогул ад гэтай спецыяльнасці мы проста не маем права: гораду вельмі патрэбны муляры, таму мы павінны прыцягнуць іх іншымі спосабамі, — расказвае дырэктар ліцэя Інеса Леанідаўна Кузьміна. — І ў гэтым годзе мы ўвялі інтэграцыю муляр-пячнік. Мяркуем, што спе­цыяльнасць “Пячнік” павінна прыцягнуць навучэнцаў: яна дае дадатковыя магчымасці для працаўладкавання, асабліва ва ўмовах развіцця прыватнага домабудаўніцтва. Акрамя таго, як і ў мінулыя гады, рыхтуем майстроў апрацоўчых работ. Навучэнцы атрымліваюць адразу тры спецыяльнасці: маляр, штукатур, плітачнік-абліцоўшчык. Уведзены інтэграцыі і на іншых спецыяльнасцях: сантэхнік-газаэлектразваршчык, рабочы зялёнага будаўніцтва-кветкавод, мастаўшчык.

На базе 11 класаў рыхтуем мантажнікаў ахоўнай сігналізацыі для Дэпартамента аховы МУС. Гэта адна са спецыяльнасцей, якая не мае патрэбы ў дадатковай рэкламе: традыцыйна група набіраецца без праблем. Праўда, для паступлення патрабуецца рэкамендацыя Дэпартамента аховы МУС.

Па запыце работадаўцаў у мінулым годзе была ўведзена яшчэ адна спецыяльнасць.

— Летась УП “Мінскметрабуд” звярнуўся ва ўстанову з просьбай аднавіць пасля амаль 20-гадовага перапынку падрыхтоўку праходчыкаў метро, — працягвае дырэктар ліцэя. — У мінулым годзе на гэтую спецыяльнасць набралі 30 чалавек, сёлета яны заканчваюць навучанне, паколькі падрыхтоўку праходзяць на базе 11 класаў. Вельмі прыемна, што ўсіх забіраюць на работу, у навучэнцаў засталіся добрыя ўражанні ад праходжання практыкі. Важна і тое, што ўсім ім пры неабходнасці будзе прадастаўлены інтэрнат.

Але, нягледзячы на ўсе змены, як і многім іншым прафесійна-тэхнічным установам адукацыі Мінска, набраць навучэнцаў на новы навучальны год ліцэю даволі складана, хоць у параўнанні з мінулым годам сёлета скарацілі набор на 60 чалавек. І гэта прытым, што сёння на кожнага выпускніка ліцэя наймальнікі прапаноўваюць тры рабочыя месцы.

Перавагі відавочныя

У такіх умовах аддзяленне дапрафесійнай падрыхтоўкі, якое працуе на базе ліцэя ўжо даволі працяглы час, гэта надзейны сродак прыцягнення матываваных навучэнцаў. Штогод мінімум дзве групы ў ліцэі фарміруюцца менавіта з навучэнцаў аддзялення дапрафесійнай падрыхтоўкі. Сёлета, напрыклад, першымі падалі дакументы на залічэнне менавіта выпускнікі ВВК.

— Да падрыхтоўкі навучэнцаў аддзялення дапрафесійнай падрыхтоўкі падыходзім сур’ёзна. Таму гэтак жа сур’ёзна да іх ставяцца і патэнцыяльныя наймальнікі, якія ахвотна бяруць іх на практыку. Напрыклад, штогод бярэ на практыку медыцынскіх сясцёр, што атрымліваюць прафесію на ўзроўні ВВК, сталічная Бальніца хуткай медыцынскай дапамогі, — расказвае Інеса Леанідаўна Кузьміна. — Усяго на ўзроўні ВВК штогод займаецца больш за 500 вучняў школ Кастрычніцкага раёна сталіцы. Пачынаючы з 8 класа, за кошт факультатыўных заняткаў школы накіроўваюць дзяцей у аддзяленне дапрафесійнай падрыхтоўкі ліцэя. На пачатковым этапе на азнаямленне з прафесіямі па блочным прынцыпе адводзіцца 4 гадзіны. У 10-11 класах непасрэдна на навучанне па той ці іншай спецыяльнасці — 6 гадзін. Пры гэтым навучэнцы аддзялення дапрафесійнай падрыхтоўкі, як і непасрэдна ліцэісты, атрымліваюць тэарэтычныя і практычныя веды, праходзяць практыку на прадпрыемствах, пры паспяховым навучанні ім прысвойваецца разрад па прафесіі.

Сёння ва ўстанове на ўзроўні ВВК школьнікі мо­гуць атрымаць адну з сямі прафесій: муляр, электрык, сталяр, майстар апрацоўчых работ, бухгалтар, кухар, кветкавод, медыцынская сястра.

— Будуем работу так, каб дзеці маглі навучыцца тым прафесіям, падрыхтоўка па якіх вядзецца на ўзроў­ні прафесійна-тэхнічнай адукацыі, — заўважае дырэктар ліцэя. — Так, раней на ўзроўні ВВК не вялася падрыхтоўка электрыкаў, зараз адкрылі і такую спецыяльнасць. Але паколькі ў нас у асноўным мужчынскія прафесіі, то для дзяўчынак мы развіваем і няпрофільныя прафесіі, якія яны хацелі б атрымаць, — прадаўца, кухара, бухгалтара, медыцынскай сястры.

Пры гэтым, па словах дырэктара ўстановы, перавагі існавання вучэбна-вытворчага камбіната ў рамках ліцэя відавочныя. Гэта і фінансавы бок справы: няма неабходнасці дадаткова абсталёўваць матэрыяльную базу; і вырашэнне кадравага пытання: майстры вытворчага навучання прафесійна-тэхнічнай установы выдатна спраўляюцца і з навучаннем на ўзроўні ВВК. Ёсць яшчэ адзін момант і, напэўна, самы значны: такое спалучэнне дае магчымасць дзецям і бацькам на этапе выбару прафесіі зразумець, што ўяўляюць сабой сучасныя прафесійна-тэхнічныя ўстановы і, адпаведна, зрабіць правільны выбар.

— Сёння навучальныя ўстановы прафтэхадукацыі маюць сучасную матэрыяльна-тэхнічную базу. Тэарэтычныя і практычныя заняткі з навучэнцамі праводзяцца на базе вучэбна-вытворчых комплексаў, аснашчаных найноўшым абсталяваннем, на годным узроўні вырашаны і бытавыя пытанні. А ў свядомасці многіх бацькоў і дзяцей па-ранейшаму захоўваецца, мякка кажучы, негатыўны вобраз прафесійна-тэхнічных устаноў. Знаёмства з ліцэем у рамках дапрафесійнай падрыхтоўкі якраз і дапамагае зламаць гэтыя стэрэатыпы: школьнікі на свае вочы бачаць і матэрыяльную базу ліцэя, і ўмовы навучання, і калектыў, і адносіны педагогаў, — заўважае І.Л.Кузьміна. — Дарэчы, часам вырашальную ролю пры выбары ўстановы і спецыяльнасці для далейшага навучання для школьнікаў адыгрывае менавіта педагог, з якім ім давялося пазнаёміцца ў час навучання ў ВВК.

Не кожны, хто валодае той ці іншай прафесіяй, умее навучыць, а тым больш выхаваць. Але такія майстры ёсць. Менавіта спалучэннем гэтых дзвюх якасцей майстар вытворчага навучання і адрозніваецца ад рабочага на заводзе, які, няхай і на выдатным узроўні, валодае тэхнічным бокам справы. Калі бацькі прыходзяць да нас у час вучобы дзяцей на ўзроўні ВВК, знаёмяцца з гэтымі майстрамі, яны з лёгкасцю давяраюць такім педагогам дзяцей.

У нас ёсць майстры, якія працуюць толькі ў аддзяленні дапрафесійнай падрыхтоўкі. Некаторыя ж сумяшчаюць работу ў аддзяленні дапрафесійнай падрыхтоўкі і непасрэдна на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Адзін з іх — Арнольд Рыгоравіч Літвінаў, унікальны майстар — сталяр-станочнік, плотнік. Пры гэтым ён і разьбяр па дрэве, і зборшчык мэблі, і ўсе гэтыя навыкі перадае дзецям, нават выходзячы за рамкі вучэбнай праграмы. У яго выпускаюцца ўнікальныя дзеці: не толькі Спецыялісты з вялікай літары, але і проста выдатныя маладыя людзі. Так, сёлетні выпуск педагога — група без адзінага правапарушэння, пропуску заняткаў. Натуральна, што дзеці, пазнаёміўшыся з педагогам у час навучання ў аддзяленні дапрафесійнай падрыхтоўкі, прыходзяць да яго і пасля заканчэння школы.

Замест канкурэнцыі — пераемнасць

— Увогуле, уключэнне вучэбна-вытворчых камбінатаў у склад прафесійна-тэхнічных устаноў, на мой погляд, — эфектыўная схема работы, якая дазваляе вырашаць шэраг актуальных пытанняў — ад праф­арыентацыі да жыццеўладкавання навучэнцаў. Дарэчы, такім чынам знімаецца і вядомае пытанне канкурэнцыі паміж ВВК і ПТУ. Хтосьці з нашых навучэнцаў дапрафесійнага аддзялення знаёміцца з прафесіяй і ўжо свядома падыходзіць да яе асваення ў ліцэі пасля 9 класаў, хтосьці вучыцца ў ВВК паралельна са школай і пасля заканчэння 11 класаў атрымлівае не толькі атэстат, але і прафесію, якая ў любым выпадку спатрэбіцца ў жыцці: пойдзе ён адразу працаваць ці працягне навучанне на ўзроўні ССНУ ці ВНУ, — заўважае Інеса Леанідаўна. — Сёння практычна ў кожным рэгіёне ёсць розныя па профілі дзейнасці прафесійна-тэхнічныя ўстановы, якія без асаблівых фінансавых затрат могуць арганізаваць якасную дапрафесійную і прафесійную падрыхтоўку школьнікаў. Для арганізацыі такой дзейнасці ў іх ёсць усё неабходнае: матэрыяльная база, кадры, вопыт прафесійнай падрыхтоўкі. Для таго ж, каб адаптаваць вучэбныя планы, супрацоўнікам прафтэхустаноў дастаткова месяца работы. Адзінае — хацелася б большай канкрэтыкі на заканадаўчым узроўні ў пытанні выдзялення факультатыўных гадзін для навучання школьнікаў на ўзроўні ВВК. Сёння ў гэтым пытанні — пакінуць пэўную колькасць факультатыўных гадзін педагогам школы ці аддаць іх супрацоўнікам ВВК — усё залежыць, так бы мовіць, ад добрай волі кіраўніцтва школы. Такі падыход не спрыяе папулярызацыі рабочых прафесій у свядомасці педагогаў і вучняў.

Алена МАРКЕВІЧ.
markevich@ng-press.by