З кожным годам інтэрнатных устаноў сістэмы адукацыі для дзяцей-сірот становіцца ўсё менш. У адрозненні ад дамоў дзіцяці, якія падпарадкаваны Міністэрству аховы здароўя, іх колькасць застаецца той жа. Разам з тым сёння многія рэгіёны ўзялі на сябе абавязацельствы па сямейным уладкаванні дзяцей сіроцкай катэгорыі да трох гадоў. Так, напрыклад, у Гомельскай вобласці 13 раёнаў з 22 не накіроўваюць дзяцей малодшага ўзросту, якія засталіся без апекі бацькоў, у дом дзіцяці, а ўладкоўваюць на выхаванне ў сем’і. У многім гэта вынік рэалізацыі ўпраўленнем адукацыі вобласці разам з прадстаўніцтвам прыватнай кампаніі з абмежаванай адказнасцю “Надзея і дамы дзецям” праекта па прадухіленні інстытуцыяналізацыі дзяцей ранняга ўзросту.
Што неабходна для дасягнення такога выніку? Якія рэсурсы — матэрыяльныя, кадравыя — здольны дапамагчы вырашыць задачу па дэінстытуцыяналізацыі дзяцей да трох гадоў? Пра гэта мы запыталі ўдзельнікаў праекта.
Нягледзячы на разуменне неабходнасці сям’і для кожнага дзіцяці, у грамадстве, як і раней, пануюць стэрэатыпы наконт неабходнасці змяшчэння дзяцей да трох гадоў у дамы дзіцяці. І звычайныя грамадзяне, і многія спецыялісты ўпэўнены: калі ў заканадаўстве прапісана, што дзеці да трох гадоў у выпадку страты апекі бацькоў змяшчаюцца ў дом дзіцяці, значыць, так і павінна быць. Моцным застаецца і стэрэатып наконт таго, што ўсе адабраныя і пазбаўленыя бацькоўскай апекі немаўляты маюць страшныя парушэнні здароўя, справіцца з якімі могуць толькі высакакласныя медыцынскія спецыялісты ў доме дзіцяці, даглядаючы іх 24 гадзіны ў суткі з усялякімі апаратамі, якіх нідзе, як у доме дзіцяці, няма. Прыёмныя ж сем’і нярэдка адмаўляюцца браць дзяцей да трох гадоў, бо баяцца не справіцца з немаўлятамі, якія часта хварэюць, патрабуюць павышанай увагі. Ад гэтага, на іх думку, у выніку пакутуюць усе іншыя дзеці ў прыёмнай сям’і.
Аднак рэалізацыя праекта па ранняй дэінстытуцыяналізацыі дзяцей малодшага ўзросту ў Гомельскай вобласці паказала, што ўсё гэта, як і многае іншае, не больш чым стэрэатыпы. Насамрэч дзеці да трох гадоў, якія засталіся без бацькоўскай апекі, з поспехам могуць (і павінны!) выхоўвацца ў замяшчальных сем’ях.
Праект рэалізуецца ў вобласці з 2012 года. Перад гэтым прадстаўніцтвам прыватнай кампаніі з абмежаванай адказнасцю “Надзея і дамы дзецям” было праведзена даследаванне па выяўленні прычын, чаму малыя накіроўваюцца ў дом дзіцяці Гомеля.
— Як паказалі вынікі даследавання, большасць дзяцей паступала ў дом дзіцяці з прычын, звязаных з нядобранадзейнасцю ў сям’і, — расказвае Галіна Мікалаеўна Шварц, кіраўнік прадстаўніцтва прыватнай кампаніі з абмежаванай адказнасцю “Надзея і дамы дзецям”. — На першым месцы — алкагалізм аднаго або абодвух бацькоў. Далей варта назваць такую прычыну, як незадавальненне базавых патрэб дзіцяці, звязанае з адсутнасцю ў маці сфарміраваных бацькоўскіх навыкаў (кідае дзіця на працяглы час, пакідае пад наглядам знаёмых, не корміць і г.д.), неналежныя ўмовы пражывання (адсутнасць вады, газу, электрычнасці, адключаных за няплату, антысанітарныя ўмовы). Тут можна пералічыць усе прыкметы сям’і ў сацыяльна небяспечным становішчы. І калі сем’ям, дзе ёсць дзеці старэйшага ўзросту, мясцовыя ўлады яшчэ давалі нейкі час на тое, каб навесці ў доме парадак, то дзяцей ранняга ўзросту забіралі практычна адразу, баючыся за іх жыццё.
Яшчэ адной сур’ёзнай прычынай змяшчэння дзіцяці ў інтэрнатную ўстанову быў (і цяпер застаецца актуальным) стан здароўя маці — як псіхічны, так і фізічны.
Гэтае даследаванне дало нам разуменне, які комплекс паслуг неабходны для біялагічных, замяшчальных сем’яў і спецыялістаў, якія з гэтымі сем’ямі працуюць, для таго каб прадухіліць інстытуцыяналізацыю дзяцей ранняга ўзросту і паэтапна выводзіць іх з дамоў дзіцяці.
Адным з асноўных этапаў рэалізацыі праекта стала стварэнне ў раёнах рэсурсных пакояў.
— Рэсурсныя пакоі пачалі арганізоўваць двух тыпаў, — працягвае Галіна Мікалаеўна. — Пакоі для замяшчальных сем’яў, якія бяруць дзяцей ранняга ўзросту, і дзіцяча-бацькоўскія клубы для падтрымкі біялагічных сем’яў у сітуацыі крызісу.
На сёння ў Гомельскай вобласці створана 14 рэсурсных пакояў. Найперш яны прызначаны для прыёмных сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей ранняга ўзросту.
— Кожнаму з сацыяльна-педагагічных цэнтраў раёнаў мы прапанавалі грашовыя сродкі (на той час ад аднаго да сямі мільёнаў рублёў), да якіх прыклалі рэкамендацыю, што б мы хацелі бачыць у гэтых рэсурсных цэнтрах і як бы хацелі, каб яны функцыянавалі, — працягвае спецыяліст. — Для нас галоўным было, каб прыёмныя сем’і гатовы былі ўзяць дзіця ранняга ўзросту ў любы час. Таму мы рэкамендавалі купіць у рэсурсныя цэнтры неабходныя для малых рэчы — каляскі, дзіцячыя ложкі, прадметы ўжытку, каб сям’я мела адразу ўсе неабходныя матэрыяльныя рэсурсы.
У ідэале мы планавалі, што ў кожным раёне будзе некалькі дзяжурных сем’яў, якія будуць усім гэтым валодаць і прымаць у выпадку неабходнасці дзяцей. У рэальнасці атрымалася крыху інакш: кожны цэнтр, які атрымаў сродкі, выкарыстоўваў іх па сваім меркаванні, але з выкананнем галоўнай мэты — стварыць умовы для прыняцця замяшчальнымі сем’ямі дзяцей да трох гадоў.
Мы не былі супраць. Больш за тое, некаторыя цэнтры неабходныя рэчы сабралі з дапамогай дабрачыннасці, а на выдзеленыя сродкі закупілі абсталяванне для цэнтра. Гэта таксама выдатна, бо стымулюе людзей шукаць унутраныя рэсурсы, а не чакаць, пакуль штосьці дадуць.
Зараз гэтыя пакоі ў кожным раёне дзейнічаюць па-свойму. Напрыклад, у Гомельскім гарадскім СПЦ рэсурсны пакой выкарыстоўваецца па прынцыпе бібліятэкі: калі ёсць неабходнасць у тых ці іншых рэчах, яны выдаюцца замяшчальнай сям’і. Неабходнасць знікла — рэчы вяртаюцца. Так ідзе пастаянны абмен. У Жыткавічах усё абсталяванне размеркавана паміж некалькімі дзіцячымі дамамі сямейнага тыпу. І, дарэчы, у гэтым раёне дзяцей наогул не змяшчаюць у дом дзіцяці на працягу ўжо як мінімум трох гадоў: усіх уладкоўваюць у дзіцячыя дамы сямейнага тыпу. Такім чынам, рэсурсны пакой працуе, нягледзячы на тое, што раскіданы па некалькіх адрасах.
Акрамя таго, згодна з умовамі праекта, кожны цэнтр рыхтаваў пакет метадычнага суправаджэння для замяшчальных бацькоў, якія бяруць на выхаванне дзяцей малодшага ўзросту, і спецыялістаў, якія з такімі сем’ямі працуюць.
— Як паказала работа рэсурсных пакояў, пры мінімальнай дапамозе, нязначным матэрыяльным складніку, але правільным суправаджэнні прыёмныя сем’і не баяцца браць дзяцей ранняга ўзросту, — пераканана Галіна Мікалаеўна. — Больш за тое, замяшчальныя бацькі не толькі не перашкаджаюць, але і садзейнічаюць усынаўленню. Не пагаршаецца і становішча іншых дзяцей у прыёмных сем’ях. Наадварот, старэйшыя выхаванцы атрымліваюць выдатны вопыт па клопаце аб меншых дзецях.
Другім складнікам праекта стала стварэнне дзіцяча-бацькоўскіх груп для падтрымкі біялагічных сем’яў і прадухілення адабрання малых.
— Мы шмат разоў гаварылі пра тое, што нельга рэабілітаваць дзіцяча-бацькоўскія адносіны, калі дзіця знаходзіцца ў інтэрнаце і нават у замяшчальнай сям’і. Рэабілітаваць гэтыя адносіны неабходна тады, калі дзіця яшчэ не трэба адбіраць, але ўжо блізка да таго. І ў рамках нашага сумеснага праекта спецыялісты сацыяльна-педагагічных цэнтраў дзейнічаюць менавіта так. Сем’і збіраюцца раз у два тыдні, сябруюць, атрымліваюць псіхолага-педагагічную бясплатную падтрымку. Ім часам патрэбна не столькі глыбокая сацыяльна-педагагічная падтрымка, а каб з імі пагутарылі на роўных, — дзеліцца вопытам Г.М.Шварц. — У працэсе стварэння рэсурсных пакояў мы яшчэ раз пераканаліся, што работу па рэабілітацыі з сям’ёй неабходна весці да таго як, а не пасля.
Пра вынікі рэалізацыі праекта нашаму выданню расказалі і яго непасрэдныя выканаўцы, у прыватнасці Ірына Мікалаеўна Вілава, дырэктар Рагачоўскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра:
— У нашым раёне былі ўсе ўмовы для ўкаранення гэтага праекта. Мы адны з першых, хто пачаў ствараць прыёмныя сем’і, — з 1999 года. Таму да гэтага часу ў нашых прыёмных бацькоў назапашаны багаты вопыт выхавання дзяцей з асаблівым лёсам. Зрэшты, і да пытання змяшчэння ў сем’і дзяцей ранняга ўзросту мы падышлі значна раней: яшчэ ў 2002 годзе, каб не раздзяляць родных братоў і сясцёр, накіроўвалі іх у сем’і, нягледзячы на тое, што малодшым не было трох гадоў. І з часам зразумелі, што такое магчыма ў адносінах да ўсіх дзяцей малодшага ўзросту, якія страцілі па той ці іншай прычыне бацькоў. Рэсурсны пакой вельмі дапамог у сістэматызацыі гэтай работы і ў матэрыяльным плане. Гэта добрая сістэма, якая працуе на прадухіленне інстытуцыяналізацыі дзяцей ранняга ўзросту: большыя шансы на вяртанне ў родную сям’ю, малыя лепш ідуць на ўсынаўленне.
Але для паспяховага вырашэння гэтай задачы неабходна захаванне некалькіх умоў. Першая — узрост прыёмных бацькоў, якія бяруць на выхаванне такіх дзяцей, павінен быць сярэднім. Сталым прыёмным бацькам будзе вельмі складана, а дзесьці і немагчыма выконваць абавязкі па доглядзе малых да трох гадоў і ў фізічным, і ў псіхалагічным плане. Другая ўмова — прыёмная мама не павінна быць адна ў клопатах аб дзіцяці да трох гадоў. Іншымі словамі, яе астатнія прыёмныя і родныя дзеці, блізкае акружэнне павінны падтрымліваць яе і дапамагаць у гэтай справе. Таксама малое не павінна перашкаджаць выхаванню іншых дзяцей. Напрыклад, каб не здаралася так, што з прыходам у сям’ю дзіцяці да трох гадоў у мамы ўзнікалі цяжкасці з тым, хто будзе забіраць іншых дзяцей з садка, як арганізаваць наведванне паліклінікі з іншымі дзецьмі, на каго пакінуць малое і г.д. Такім чынам, падбор сям’і, якой будзе перададзена на выхаванне дзіця да трох гадоў, павінен быць вельмі ўзважаным.
Наступная ўмова паспяховага вырашэння задачы накіравання дзяцей ранняга ўзросту ў замяшчальныя сем’і — цеснае супрацоўніцтва з медыцынскімі ўстановамі. Прычым у двух напрамках. Кожнае дзіця да накіравання ў сям’ю праходзіць абследаванне ў бальніцы, каб пры прыняцці малога бацькі мелі поўную інфармацыю аб яго стане. Гэта гарантыя таго, што праблемы, калі яны ёсць, будуць вырашацца сумеснымі намаганнямі бацькоў і спецыялістаў. Важныя і кансультацыі медыкаў для замяшчальных бацькоў па правільным развіцці дзіцяці малодшага ўзросту.
Мы ж самі даўно адышлі ад правядзення метадычных аб’яднанняў для ўсіх. Працуем па прынцыпе блізкіх праблем. Так, напрыклад, асобна збіраем тых, у каго дзеці пойдуць у першы клас, і прапрацоўваем пытанні гатоўнасці і падрыхтоўкі да школы. Асобна тых, хто бярэ на выхаванне малых да трох гадоў, і таксама прапрацоўваем усе актуальныя пытанні: этапы развіцця, адпаведнасць нормам развіцця, карэкцыйныя заняткі па тых ці іншых напрамках у раннім узросце і г.д. Да гэтай работы, дарэчы, далучаем спецыялістаў ЦКРНіР.
Пры прыняцці ў сям’ю дзяцей да трох гадоў абавязкова нацэльваем замяшчальных бацькоў на неабходнасць падтрымання сувязі з роднымі бацькамі дзіцяці, калі гэта не супярэчыць інтарэсам малыша. Як правіла, гэта маладыя сем’і, у якіх праблемы нядобранадзейнасці яшчэ не сталыя і закаранелыя, таму і шансаў на выпраўленне больш. І замяшчальныя сем’і павінны працаваць так, каб для дзіцяці не было стрэсам вярнуцца ў родную сям’ю, каб родныя мама і тата не сталі для яго абсалютна чужымі людзьмі.
Аб’ектыўна цяжкасць сённяшняга дня для нас — састарэлы кантынгент прыёмнага бацькоўства. Пасля 45 гадоў прыёмным мамам складана ўзяць немаўля. Таму зараз неабходна актыўна працаваць на яго абнаўленне і далучэнне моладзі да гэтай справы.
Алена МАРКЕВІЧ.