18 — і ў інтэрнат для састарэлых?

Год назад у трыццацігадовай Лёлі з’явілася мара: адправіцца ў круіз праз Швецыю, краіны Балтыі. І яна гэтую мару здзейсніла. Зараз збірае грошы на наступнае падарожжа, бо ў яе ёсць мэта — паглядзець свет. Што тут дзіўнага? Хіба толькі тое, што Лёля — інвалід з дзяцінства і з самага свайго паўналецця жыве ў доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў. Зрэшты, і да паўналецця яна жыла ў інтэрнаце, толькі для дзяцей-інвалідаў. Іншымі словамі, яе шлях у самастойным жыцці ў многім быў вызначаны зусім не ёй.

Такіх, як Лёля, — хто ў 18 гадоў трапляе ў дом састарэлых, — насамрэч не так і мала. Такі лёс у большасці сваёй чакае тых, хто не мае сям’і і выхоўваўся ў дамах-інтэрнатах для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, а потым, з-за праблем са здароўем, не змог жыць самастойна.
Для чалавека старонняга такі шлях — “18 гадоў — і ў дом састарэлых” — падобны да канца жыцця. Насамрэч гэта зусім не так. Такіх, як Лёля, здольных у падобных абставінах не толькі марыць, але і ажыццяўляць задуманае, у названых установах нямала. Праўда, пры адной умове: падтрымцы іх пачынанняў супрацоўнікамі інтэрната. І менавіта такімі мне падаліся прадстаўнікі Мінскага дома-інтэрната для пенсіянераў і інвалідаў.
Скажу шчыра: ад гэтай сустрэчы не чакала пазітыўных уражанняў — што можа быць станоўчага ў казённым доме для адзінокіх людзей, асабліва тых, хто ў 20 гадоў жыве гэтак жа, як іншыя ў 80?
На шчасце, памылілася. Гэты дом-інтэрнат, дзе сёння знайшлі прытулак больш за 400 адзінокіх людзей, сярод якіх і маладыя, калі і не дорыць радасць, то не забірае апошняе — надзею. У дачыненні да маладых інвалідаў — надзею на жыццё ў поўным сэнсе — з мноствам падзей, уражанняў, знаёмстваў і спраў.
Як расказвае дырэктар установы Вера Уладзіміраўна Ляйкоўская, да іх у асноўным прыходзяць былыя выхаванцы з Івянецкага дома-інтэрната, з Рэчыцкага дома-інтэрната і з дзіцячага дома № 7 Мінска.
— Гэтыя па сутнасці яшчэ дзеці практычна не прыстасаваны да жыцця, яны не гатовы да таго, каб іх адправіць у вольнае плаванне, нават калі б і была такая магчымасць. Яны прыходзяць да нас на поўнае дзяржаўнае забеспячэнне. І мы сутыкаемся з многімі цяжкасцямі. Здавалася б, многія з іх маглі б, як мінімум, сябе абслугоўваць, але гэтыя навыкі ў іх, як правіла, не сфарміраваны. Вельмі складана з імі. У кожнага з іх ёсць пэўныя захворванні, але яны не пазбаўлены дзеяздольнасці.
Дырэктар дома-інтэната прызнае: зразумела, сацыялізаваць такіх дзяцей у інтэрнатных установах намнога цяжэй, чым іх аднагодкаў без праблем са здароўем. Але ўсё ж магчыма. Пра гэта сведчыць хаця б той факт, што многія з маладых інвалідаў з часам пераходзяць на самастойнае пражыванне ў спецыяльны дом для ветэранаў, пенсіянераў і інвалідаў № 1 кватэрнага тыпу ў Мінску. Праўда, для гэтага ім неабходна прайсці доўгую праграму па суправаджальным пражыванні. За кожным пакоем інтэрната замацаваны супрацоўнік, які і дапамагае асвоіць гэтую праграму падрыхтоўкі да самастойнага жыцця.
— У рамках дзяржаўна-сацыяльнага партнёрства “Прыорбанк” абсталяваў нам вельмі добрую кухню з наборам усёй неабходнай мэблі, тэхнікі, дзе нашы маладыя інваліды, ды і астатнія жыхары, могуць нешта выпякаць, кансерваваць ці вучыцца самым звычайным рэчам — гатаваць простыя стравы, прыбіраць за сабой. Акрамя таго, адкрыта і міні-пральня, якая таксама прывучае да самастойнага жыцця. Ёсць і магазін, каб вучыць маладых людзей распараджацца грашыма.
Прыкладаў такога паспяховага навучання ў інтэрнаце дастаткова. Адзін з апошніх — дваццацігадовая Вольга, якая сёння пакінула сцены інтэрната і атрымала аднапакаёвую кватэру ў спецыяльным доме для ветэранаў, пенсіянераў і інвалідаў.
— Яна жыве самастойна, працуе. У чымсьці ёй дапамагаюць сябры. Мы ж ажыццяўляем кантроль, — расказваюць у інтэрнаце.
Дарэчы, праца — абавязковы складнік для ўсіх маладых жыхароў дома-інтэрната. Гэта як абавязковы элемент праграмы рэабілітацыі.
— Праводзім навучанне нашых маладых інвалідаў праз цэнтр занятасці. У выніку тую ці іншую работу могуць выконваць практычна ўсе, нават тыя, хто прыкаваны да ложка, — яны могуць працаваць дыспетчарамі. Вось апошнія з нашых маладых выхаванцаў — Люба і Улад — прайшлі навучанне рабоце на камп’ютары. Люба працуе дыспетчарам, Улад пакуль што выбірае месца працы. Акрамя таго, мы самі шукаем патэнцыяльных работадаўцаў, якія б маглі менавіта маладых інвалідаў прыцягнуць да работы. Напрыклад, выконваем заказы прадпрыемства “Белмедпрэпараты”. Такім чынам маладыя людзі атрымліваюць па працоўных дагаворах заработную плату. І гэта пры тым, што практычна ўсе яны з нараджэння маюць парокі развіцця, многія не могуць нават рухацца самастойна.

* * *

Увогуле, маладыя жыхары інтэрната — самыя актыўныя. Яны з задавальненнем асвойваюць камп’ютар і маюць зносіны праз інтэрнэт з аднагодкамі. Удзельнічаюць у рабоце шматлікіх клубаў, займаюцца ў працоўнай, швейнай майстэрнях, дзе выконваюць заказы для дома-інтэрната.
Сустракаюцца і нават жэняцца адно з адным. Зараз у інтэрнаце 14 сямейных пар.
У свой час, жадаючы пэўным чынам размежаваць састарэлых людзей і маладых і тым самым не засяроджваць увагу апошніх на гэтым складніку назвы ўстановы, іх спрабавалі сяліць асобна — менавіта з аднагодкамі. Але, як паказала практыка, гэта было не лепшым рашэннем: маладыя людзі нярэдка моцна сварыліся паміж сабой. У выніку зараз селяць па прынцыпе “мама — дачка” ці “дзядуля — унук”.
— Адзін наш пажылы чалавек так і заве свайго маладога суседа — унучак, — прыгадваюць у інтэрнаце. — І, варта адзначыць, гэтае суседства маладому толькі на карысць: ён мае магчымасць навучыцца многаму ў гэтага пажылога чалавека.
— Безумоўна, у грамадстве ёсць стэрэатып: калі трапіў у такую ўстанову — усё, канец, вырвацца немагчыма, — заўважае Вера Уладзіміраўна. — Насамрэч усё залежыць ад чалавека, яго жаданняў. Выпускнікі дзіцячых інтэрнатных устаноў прыходзяць да нас у большасці сваёй разгубленымі, але тут іх не апякуюць так, як у школах-інтэрнатах. І маладыя інваліды ў рэшце рэшт вымушаны вучыцца, змяняць сваё жыццё ў рамках тых магчымасцей, якія ёсць.
Ці магчыма такое навучанне раней? Безумоўна, так. Але калі дзіцячыя інтэрнатныя ўстановы і здольны навучыць нейкім элементарным навыкам праз мадэляванне бытавых сітуацый, то не здольны навучыць галоўнаму — простаму і натуральнаму жаданню адказваць за сваё жыццё самому. Самому яго планаваць. Самому ім распараджацца. Гэта пад сілу толькі сям’і — роднай ці замяшчальнай.

* * *

Сёння сістэма адукацыі імкнецца максімальна адысці ад інтэрнатных устаноў для дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. І адной з актуальных задач з’яўляецца ўладкаванне на сямейныя формы выхавання дзяцей, якія маюць асаблівасці развіцця. Але ўжо сёння замяшчальныя бацькі, якія ўзялі на выхаванне такіх дзяцей, задаюцца пытаннем: а што далей, пасля 18 гадоў? Зноў інтэрнат? Іншай паўнацэннай альтэрнатывы для тых, хто не можа жыць поўнасцю самастойна, але пры гэтым не пазбаўлены дзеяздольнасці, пакуль, на жаль, няма.
— Нават калі выхаванец замяшчальнай сям’і пасля паўналецця вымушаны будзе накіравацца ў такі дом-інтэрнат, ён зможа, дзякуючы набытым бытавым навыкам і сямейнаму “светабачанню”, з часам жыць самастойна, — упэўнена Вера Уладзіміраўна. — У далейшым жа, думаю, ёсць перспектыва стварэння дамоў суправаджальнага пражывання. Гэтае пытанне зараз актыўна прапрацоўваецца, каб такія людзі маглі жыць у соцыуме, няхай і з суправаджэннем. І гэта было б для іх найлепшым рашэннем.
Пакуль жа ў інтэрнаце спрабуюць працаваць на тое, каб папярэдзіць адмаўленне бацькоў ад такіх дзяцей. Большасць сённяшніх маладых інвалідаў дома-інтэрната — менавіта тыя, ад каго адмовіліся пры нараджэнні, як правіла, з-за прыроджаных парокаў развіцця.
— Думаю, многія бацькі і не адмаўляліся б ад дзяцей у такіх сітуацыях, калі б ведалі, што могуць разлічваць на дапамогу. Зараз жа ў кожнага ўзнікае пытанне: а што далей будзе з маім дзіцем? Калі яно выйдзе з малодшага ўзросту? Што з ім рабіць? Куды ісці? Хто дапаможа? Калі чалавек будзе ўпэўнены, што будзе падтрымка, будзе магчымасць не абмяжоўваць сваё жыццё толькі доглядам, адмоў ад нованароджаных дзяцей будзе менш.
Для гэтага ў нас адкрыта новая паслуга: аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў любога ўзросту. На працягу рабочага дня інваліды могуць праходзіць у нас рэабілітацыю — медыцынскую і сацыяльную, проста мець зносіны, удзельнічаць у мерапрыемствах, працаваць па меры сваіх магчымасцей. А вечарам і па выхадных — быць дома з роднымі. Сёння ж ёсць многа інвалідаў, якія жывуць у сем’ях, але з-за таго, што бацькі ці родныя працуюць, увесь час застаюцца ў чатырох сценах.
Магчыма, за гэтым і будучыня. Як сёння гавораць, што не павінна быць дзіцячых дамоў-інтэрнатаў, так, напэўна, не павінна быць і дамоў-інтэрнатаў у сённяшнім разуменні для дарослых інвалідаў.

Алена МАРКЕВІЧ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*