Мераць па сабе, павучаць і ацэньваць па знешніх прыкметах

За год адбываецца да 10 выпадкаў адмены ўсынаўлення сярод 600 усыноўленых. Гэта сярэдняя лічба. Здавалася б, мізэрны працэнт, і ці варта тады пра гэта гаварыць? На гэты конт ёсць шэраг невыпадковых выразаў: і пра граблі, на якія наступаюць двойчы, і пра памылкі, на якіх вучацца. Кожны такі выпадак для спецыялістаў, якія працавалі з усынавіцелямі, як асабістая трагедыя. І справа зусім не ў паказчыках і статыстыцы, як, упэўнена, падумаюць некаторыя скептыкі. Гэта боль, расчараванне. А яшчэ — і пэўны званочак: што не так? У чым недагледзелі? Дзе недапрацавалі?
Пра такія памылкі, новыя выклікі ў рабоце па ўладкаванні дзяцей з асаблівым лёсам у сем’і мы сёння гутарым з дырэктарам Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Наталляй Станіславаўнай Паспелавай.

— Наталля Станіславаўна, давайце пачнём са статыстыкі: колькі дзяцей было ўсыноўлена ў мінулым годзе?
— Па аператыўнай інфармацыі за мінулы год было ўсыноўлена 550 дзяцей — гэта на 25 дзяцей больш, чым у 2012 годзе. Пры гэтым з 2010 года павялічваецца колькасць дзяцей ва ўзросце пасля трох гадоў, якія перадаюцца на ўсынаўленне. Прычына банальная: дзяцей да трох гадоў, якія могуць быць усыноўлены, стала значна менш. Таму і прапануем людзям звярнуць увагу на дзяцей больш старэйшага ўзросту.

— А ці змяніўся, так скажам, партрэт сям’і-ўсынавіцеля?
— Зноў-такі, тут відавочна захаванне тэндэнцый мінулых гадоў: 60 — 70% людзей, што звяртаюцца наконт усынаўлення, — гэта бяздзетныя пары, 30 — 40% — сем’і з дзецьмі.

— Якія сем’і лягчэй адаптуюцца да прыходу дзіцяці?
— Як паказвае практыка, намнога прасцей праходзіць усынаўленне ў бяздзетных парах. Гэта лёгка патлумачыць: уся сям’я гатова да прыёму дзіцяці. Там, дзе ёсць родныя дзеці, мае месца пэўная няўзгодненасць: дзіця не прымае, не разумее, што трэба дзяліцца сваім месцам. Прыход іншага дзіцяці ў сям’ю з дзецьмі — гэта заўсёды парушэнне сямейнай іерархіі і структуры. Мяняюцца ролі, а гэта лёгка не праходзіць, асабліва ў дзіцячай свядомасці. Але такія сітуацыі вырашальныя.

— Якім чынам?
— Многія звычайныя грамадзяне, а часам, чаго хаваць, і спецыялісты ўспрымаюць рашэнне суда аб усынаўленні як фінальную кропку: вось яно — звяршылася, можна ўздыхнуць з палёгкай… Насамрэч зусім не. Я не стамляюся паўтараць, што ўсынаўленне — гэта працэс працягласцю на ўсё жыццё. І вельмі важна для сям’і, якая ўсынавіла дзіця, у патрэбны час мець магчымасць звярнуцца за падтрымкай. А такі час рана ці позна заўсёды настае. У згаданых сітуацыях усынаўлення ў сям’ю, дзе ўжо ёсць дзіця, ці ўсынаўлення ўзроставага дзіцяці падтрымка і суправаджэнне сям’і спатрэбіцца абавязкова. І ад таго, наколькі своечасовай, прафесійнай яна будзе, у многім залежыць і тое, як сям’я справіцца з цяжкасцямі, якія ўзнікаюць.

— А сем’і, што ўсынаўляюць немаўлят, маюць менш падобных праблем?
— Людзі, якія ўсынаўляюць немаўлят, пры належнай падрыхтоўцы да ўсынаўлення рэдка маюць істотныя праблемы па выхаванні і прыняцці гэтых дзяцей да дасягнення імі 10 — 12 гадоў. Бо няма дзіцячай памяці. Няма доўгай складанай гісторыі дзіцячага жыцця.
Аднак, як паказвае практыка, часта праблемы ў такіх сем’ях узнікаюць, калі дзіця становіцца падлеткам. У нашай практыцы ёсць выпадкі адмены ўсынаўлення, калі першыя 10 — 12 гадоў усё было выдатна, а затым у падлеткавым узросце (калі дзіця пачынае “шукаць”, ідэнтыфікаваць сябе ці калі вымушана ўскрываецца тайна ўсынаўлення) усё рушыцца. І ў такіх сітуацыях сем’ям вельмі неабходна падтрымка кваліфікаваных спецыялістаў.

— Вось вы згадалі пра тайну ўсынаўлення. Такая практыка ўсё яшчэ распаўсюджана? Падаецца ж, што псіхолагі даўно выказваюцца за немэтазгод-насць такога падыходу…
— Тайна ўсынаўлення гарантавана законам. Разам з тым, як паказвае практыка, тайна рана ці позна раскрываецца. І, на жаль, хапае выпадкаў, калі гэта станавіцца кропкай незвароту ў сямейнай гісторыі ўсынавіцеляў і дзіцяці.
Не варта зацягваць да пераходнага ўзросту дзіцяці гэтыя тайны. Чым раней дзіця даведаецца пра свой “асаблівы” прыход у сям’ю, тым больш натуральна і проста яно будзе гэта ўспрымаць (калі паведамленне пра гэта будзе натуральным, а не вымушаным). Дзеці па-рознаму прыходзяць у наша жыццё. Растлумачыць гэта не так цяжка: вось, скажам, і тата маме няродны, і мама тату — таксама, і ты нам няроднае, але ж ад гэтага мы не любім адно аднаго менш. Калі дзеці з такімі ведамі растуць, яны гэта нармальна ўспрымаюць. Яны нават могуць ганарыцца сваім “асаблівым” прыходам у сям’ю: яно не проста нарадзілася, яго выбралі. Гэта акрыляе і дае пэўныя рэсурсы і стымулы для добрага мікраклімату ў сям’і.
На жаль, не ўсе ўсынавіцелі прыслухоўваюцца да такіх парад. У нас зараз праходзіць даследаванне псіхалагічных асаблівасцей усынавіцеляў у рамках навуковай тэмы. Гэтае даследаванне паказвае, якія “тэатры абсурду” ўзнікаюць часаму сем’ях. Пытаюцца даследчыкі ў сям’і: “Дзіця ведае, што яно ўсыноўлена?” Не, не ведае. “А бабуля, дзед, сябры сям’і, родныя?” Усе ведаюць. Не ведае толькі само дзіця. Адно. Як яно адрэагуе, калі раптам тайна адкрыецца, — прадказаць няцяжка…

— Наталля Станіславаўна, чаму ж не ўдаецца данесці такія простыя ісціны да дарослых людзей?
— Кожны выпадак па-свойму індывідуальны, але ўсё ж вазьму на сябе адказнасць сказаць, што вельмі часта пытанне ў прафесіяналізме спецыялістаў, якія закліканы рыхтаваць і суправаджаць сем’і ўсынавіцеляў. На месцах вельмі вялікая змяняльнасць кадраў. Мы, напрыклад, распаўсюджваем методыкі, дзелімся вопытам, штомесяц праводзім семінары, але кожны раз бачым новых людзей. Гэта не радуе. Я 25 гадоў у сістэме, і я сёння перастаю развівацца. Неабходны дастойныя гульцы ў камандзе, каб асвойваць штосьці новае. І такія спецыялісты, безумоўна, ёсць, але іх няшмат. Намнога часцей замест зацікаўленага дыялогу падчас прафесійных сустрэч я ўсё расказваю, чым “усынаўленне адрозніваецца ад удачарэння”.

— Насамрэч пра гэта даводзілася чуць не раз: і з вуснаў саміх спецыялістаў па ахове дзяцінства, і з вуснаў замяшчальных бацькоў — як прафесійных, так і ўсынавіцеляў.
— Ёсць недахопы, у многім прадыктаваныя адсутнасцю вопыту, а дзесьці, наадварот, — закасцянелымі ўстаноўкамі. Многія спецыялісты яшчэ не пераадолелі ў сабе такую якасць, як патэрналістычныя адносіны, ацэньваюць дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, прыёмныя сем’і, напрыклад, па тым, што дзесьці штосьці не прыбрана. Насамрэч не па гэтым неабходна вызначаць становішча дзіцяці ў сям’і. І не па халадзільніку — поўны ці пусты. Кожная сям’я мае права вызначаць свой узровень жыцця, калі гэта не перашкаджае развіццю дзяцей. Ацэньваць работу замяшчальных бацькоў неабходна па іншых паказчыках: па тым, як вырашаюцца праблемы дзяцей са здароўем — фізічным ці псіхалагічным, вучобай, зносінамі і г.д. Тым больш, што замяшчальныя прафесійныя бацькі працуюць на педагагічных пасадах, таму павінны вырашаць найперш педагагічныя задачы. І ацэньваць іх работу неабходна па гэтых жа крытэрыях. Да таго ж многія з нас не перажылі такія падыходы, як мераць па сабе, па сваім ладзе жыцця, — у тым ліку і ў адносінах да ўсынавіцеляў.

— Як змяніць такую сітуацыю?
— Самае галоўнае, каб паслугі па падрыхтоўцы, і тым больш па суправаджэнні замяшчальных сем’яў былі для іх у крокавай даступнасці. Мы, напэўна, аказвалі мядзведжую паслугу рэгіёнам, калі бралі вялікую частку гэтай работы на сябе. Замест таго, каб выяўляць і рыхтаваць педагогаў-псіхолагаў на месцах, мы самі праводзілі гэтую работу. З бягучага года работа Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення будзе наладжана іншым чынам. Зараз мы адмаўляемся непасрэдна ад лінейнай работы па падрыхтоўцы ўсынавіцеляў. А працаваць будзем непасрэдна са спецыялістамі, якія такую падрыхтоўку ажыццяўляюць на месцах. Тым самым мы спадзяёмся павысіць іх кваліфікацыю, зацікавіць прафесійна і як вынік — аказаць якасныя паслугі па навучанні і суправаджэнні замяшчальным сем’ям.
У цяперашні час прапрацоўваюцца магчымасці арганізацыі бесперапыннага працэсу падрыхтоўкі і дыягностыкі на базах раённых СПЦ з удзелам спецыялістаў НЦУ па прынцыпе “не замест, а разам”. Наша ўстанова па пісьмовым запыце ўпраўлення (аддзела) адукацыi або кіраўніка сацыяльна-педагагічнага цэнтра гатова аказаць інфармацыйна-метадычную і практычную дапамогу педагогам-псіхолагам, сацыяльным педагогам, якія ажыццяўляюць дыягностыку і падрыхтоўку кандыдатаў ва ўсынавіцелі, прыёмныя бацькі, на мясцовым узроўні. Таксама нашы спецыялісты гатовы аказаць дапамогу ў разглядзе складаных нестандартных выпадкаў у практыцы работы з усынавіцелямі, прыёмнымі бацькамі, апекунамі, прыняць удзел у рабоце метадычных аб’яднанняў, клубаў, гасціных для розных катэгорый замяшчальных бацькоў на базах сацыяльна-педагагічных устаноў і аддзелаў адукацыі, спорту і турызму.
Акрамя таго, на базе Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення плануецца стварыць рэсурсны цэнтр па развіцці розных форм сямейнага ўладкавання дзяцей сіроцкай катэгорыі. Па сутнасці, мы гэтай справай дэ-факта займаемся ўжо не першы год, бо даўно зразумелі, што рэсурсам толькі ўсынаўлення сіроцкае мора не вычарпаць. Усынаўленне — гэта вельмі штучны прадукт нашай работы. Далёка не ўсе дзеці могуць быць усыноўлены, і далёка не ўсе дарослыя могуць быць усынавіцелямі. Ёсць іншыя формы, якія ў пэўны момант арыентаваны на больш поўнае задавальненне правоў і інтарэсаў дзіцяці — апека, прыёмная сям’я, дзіцячы дом сямейнага тыпу, патранатнае выхаванне.

— З’яўленне прынцыпова новых праграм па ўладкаванні дзяцей з асаблівым лёсам у сем’і — тэлевізійны праект “У вас будзе дзіця”, партал Dadomu.by — таксама закліканы развіваць розныя формы замяшчальнага бацькоўства? Ці апраўдалі гэтыя праекты ўскладзеныя на іх спадзяванні?
— Dadomu.by ажывіў працэс сямейнага ўладкавання, але ў гэтым праекце, як у любым медалі, два бакі. З аднаго боку, калі людзі падрыхтаваныя, — гэты рэсурс ім на карысць. Мы сёння менш гартаем банк даных. Людзі прыходзяць ужо з выбаркай дзяцей, і мы працуем мэтанакіравана. Вялікі плюс партала ў тым, што ў нас ён у адрозненне ад аналагічнага праекта ў Расіі вядзецца спецыялістамі, якія непасрэдна працуюць з дзецьмі і штодзень бачаць іх праблемы, патрэбы, ведаюць пра змены ў жыцці.
З другога боку, калі людзі не падрыхтаваныя, то эфект ад наведвання партала можа быць адваротным. У такім выпадку гэта, скажам так, — пляцоўка для ілюзій. Што маю на ўвазе? Многія грамадзяне імкнуцца праз партрэт дзіцяці, размешчаны на сайце, дыягнаставаць і зрабіць прагноз яго выхавання ў сваёй сям’і. А гэта тупіковы шлях. Ад знешнасці нічога не залежыць. Дзіця з ангельскай знешнасцю можа самым складаным чынам праходзіць адаптацыю ў сям’і, можа ніколі не адаптавацца — настолькі глыбокай была псіхалагічная траўма. Я не разумею такога падыходу. З’явіліся нават “зоркі” партала — некаторых ужо ча-каюць па 8 сем’яў. Да чаго гэта прывядзе — такія завышаныя чаканні?
Калі людзі арыентуюцца толькі на знешнасць, мы можам атрымаць не самыя лепшыя вынікі, як тое было з некаторымі дзецьмі з праекта “У вас будзе дзіця” на АНТ. Сёння ў нас ёсць ужо два выпадкі адмены ўсынаўлення дзяцей, якія былі паказаны ў гэтым праекце. Людзі былі неналежным чынам падрыхтаваны да ўсынаўлення і арыентаваліся толькі на карцінку, чакалі толькі гэтай прыгожай “карцінкі”. У жыцці ж усё інакш.
Мы робім выснову пра тое, што гэтыя дзве адмены — нам вялізная навука. Людзей падымае з канапы карцінка з манітора ці экрана тэлевізара. Яны бягуць і пераадольваюць перашкоды на шляху да гэтага дзіцяці. У спецыялістах яны бачаць ворагаў, бо мы ім кажам: “Пачакайце, не спяшайцеся, вашы дакументы, якія сведчаць, што вы маеце законнае права быць усынавіцелем, яшчэ не свечаць пра тое, што вы зараз гатовы ім быць. А курсы, а падрыхтоўка?” У адказ: “Нам няма часу — нас чакае дзіця!” А дзеці ж узроставыя! У кожнага з іх свае асаблівасці, гісторыя, да якой трэба быць гатовымі. Вось так і атрымліваецца, што людзі былі прызваны да ўсынаўлення, але не былі да яго падрыхтаваны, не прайшлі ўсіх этапаў: пакут, сумненняў, не пачыталі, што ёсць. Нават зваротную сувязь у рубрыцы “У вас будзе дзіця” не чытаюць, дзе мы імкнёмся расказаць хаця б крышачку пра дзіця, накіраваць дарослых па правільным шляху. Мяне гэтыя скараспелыя ўсынаўленні вельмі трывожаць. Як потым суправаджаць, як прыходзіць у такую сям’ю, якая на этапе падрыхтоўкі да ўсынаўлення бачыла ў табе ворага, перашкоду, якая не дае бегчы да мэты? А суправаджэнне ў любым выпадку будзе неабходна.
Мы пайшлі на тое, каб паказваць дзяцей, для таго, каб як мага больш з іх знайшлі сям’ю. Але трэба зрабіць усё магчымае, каб яны не набылі яшчэ адну здраду і яшчэ адну псіхатраўму.

— А наколькі папулярны партал?
— Статыстыка сведчыць пра высокую наведвальнасць рэсурсу. За час работы партала яго наведалі больш за 20 тысяч чалавек. (Ці можа Цэнтр усынаўлення параўнацца — нас за год наведвае 5 тысяч чалавек.) Пры гэтым зарэгістраваных наведвальнікаў, гэта значыць, сапраўды зацікаўленых у справе людзей, — 3070 чалавек. Штодзень наш сайт праглядае каля 300 чалавек.
Хацелася б адзначыць, што на момант адкрыцця на партале былі звесткі аб 3488 дзецях, а на 1 студзеня бягучага года — аб 4399. Іншымі словамі, інфармацыю аб 900 дзецях дабавілі на партал літаральна за два месяцы. Дзеці з розных абласцей прадстаўлены па-рознаму. Брэсцкая вобласць зрабіла даступнай інфармацыю аб 603 дзецях, калегі з Віцебскай вобласці размясцілі інфармацыю аб 702 дзецях, сталічныя — аб 482 (усяго ў сталіцы 840 дзяцей-сірот), Гомельская вобласць прадставіла 617 дзяцей.
Дарэчы, тут я звярнула б увагу на найвышэйшы ўзровень разумення рэсурсаў партала менавіта ў Гомельскай вобласці. У гэтай вобласці няма ніводнай сацыяльна-педагагічнай установы, якая б не прадставіла ніводнага дзіцяці. У адрозненне ад Мінска, дзе 9 прытулкаў — і ніводнага іх выхаванца. Партал жа разлічаны не толькі на патэнцыяльных усынавіцеляў, але і на апекуноў, патранатныя сем’і — адным словам, любую форму сямейнага клопату для дзіцяці, якое ў цяперашні момант не мае сям’і — у часовым рэжыме ці пастаянным.
Дарэчы, з дня адкрыцця партала ўладкаваны ў сем’і 148 дзяцей. З іх 63 усыноўлены, 23 — накіраваны ў апякунскія сем’і, 14 — у прыёмныя, 14 — у дзіцячыя дамы сямейнага тыпу (па тэрытарыяльным прынцыпе). Зразумела, усё гэта вынік дзейнасці не толькі партала, але і яго ўклад відавочны. Як, дарэчы, і яшчэ ў адну лічбу. За мінулыя два месяцы 34 дзіцяці, звесткі аб якіх былі змешчаны на партале, вернуты ў родныя сем’і. Для кагосьці з бацькоў, хто ўжо стаў на шлях выпраўлення, гэты партал стаў апошнім штуршком да таго, каб паскорыць вяртанне дзяцей ДАДОМУ.

Алена МАРКЕВІЧ.