Лета, адпачынак, трэніроўкі… Як гэта ўдаецца сумяшчаць?

Юныя спартсмены, таксама як і дарослыя, не жадаюць падчас канікулаў губляць спартыўную форму. І, канечне, гэтага зусім не жадаюць іх трэнеры. Трэніровачны працэс не церпіць доўгіх перапынкаў, таму і едуць выхаванцы дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ у спецыялізаваныя спартыўна-аздараўленчыя лагеры. Зразумела, для кожнага віду спорту патрэбна належная матэрыяльна-тэхнічная база, спартыўны інвентар i абсталяванне, ды і расклад жыцця ў хлопцаў і дзяўчат, якія ўсур’ёз займаюцца спортам, своеасаблівы. Мы вырашылі больш падрабязна даведацца пра тое, як і чым жывуць падобныя лагеры, як іх падрыхтавалі да новага сезона, таму і звярнуліся ў Рэспубліканскі цэнтр фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў.

Асаблівыя ўмовы

— Канечне, летняя аздараўленчая кампанія з навучэнцамі спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў і ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, якія рэалізоўваюць адукацыйную праграму па фізкультурна-спартыўным профілі, перш за ўсё прадугледжвае аздараўленне, сацыялізацыю дзяцей і падлеткаў і г.д. — расказвае намеснік дырэктара Рэспублiканскага цэнтра фiзiчнага выхавання i спорту навучэнцаў i студэнтаў Эліна Юр’еўна Сакалоўская. — Але, безумоўна, адна з найважнейшых задач такога спартлагера — працяг вучэбна-трэніровачных заняткаў.
Пры гэтым Эліна Юр’еўна заўважае, што арганізацыя спартыўных лагераў мае пэўныя асаблівасці, бо іх дзейнасць ажыццяўляецца па прынцыпе “лагер у лагеры” — гэта форма арганізацыі адпачынку юных спартсменаў, пры якой у звычайных аздараўленчых летніках спартшколы арганізоўваюць свае атрады. Спартыўныя атрады ўключаюцца ў рэжым работы лагера, але са сваім графікам неабходных трэніровак.
У спартлагеры могуць знаходзіцца дзеці ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў, час знаходжання — не менш за 18 дзён, бацькоўская даплата за пуцёўку, як і за пуцёўку ў любы іншы лагер, складае не менш за 10% ад яе кошту. Але ёсць і адрозненні: навучэнцы спартыўных школ могуць двойчы за год атрымаць датацыю на аздараўленне менавіта ў спартлагеры з кругласутачным знаходжаннем, і столькі ж — у спартлагеры з дзённым знаходжаннем.
Спынімся крыху на тым, як на практыцы праходзіць арганізацыя спартыўнага лагера. Спачатку кіраўнік спецыялізаванай вучэбна-спартыўнай установы вызначае базу для лагера, падае папярэднюю заяўку ва ўпраўленне спорту і турызму Мінгарвыканкама і аблвыканкамаў для набыцця пуцёвак у спартлагер, накіроўвае пісьмо-заяўку ў арганізацыю, якая ўтрымлівае на сваім балансе дзіцячы аздараўленчы лагер, з просьбай аб арганізацыі на яго базе спартлагера, у пісьме ўказваецца колькасць вучэбных груп (атрадаў). Кіраўнік спецыялізаванай вучэбна-спартыўнай установы зацвярджае трэнерскі склад, збірае спісы навучэнцаў, якія паедуць адпачываць, складае распарадак дня з уключэннем вучэбна-трэніровачных заняткаў, выконвае іншыя неабходныя дзеянні.
Затым кіраўнік спартыўнай школы ці яго намеснік загадзя выязджаюць у лагер, каб даведацца, ці ёсць у летніку ўмовы для заняткаў тым або іншым відам спорту. Бо, канечне ж, калі для заняткаў лёгкай атлетыкай дастаткова спартыўнай пляцоўкі, то, скажам, заняткі гімнастыкай, плаваннем або веславаннем патрабуюць асаблівых умоў, інвентару, абсталявання. Таму для юных гімнастаў сталіцы, напрыклад, аздараўленне арганізоўваецца ў горадзе, бо тут ёсць неабходныя ўмовы для трэніровак, дзеці наведваюць лагеры з дзённым знаходжаннем. Плыўцы выбіраюць лагеры, у якіх ёсць басейны цi побач знаходзiцца возера або вадасховiшча і г.д. А юнакі і дзяўчаты, якія займаюцца веславаннем у комплекснай спецыялiзаванай дзіцяча-юнацкай школе алiмпiйскага рэзерву Міністэрства адукацыі, адпачываюць і трэніруюцца ў лагерах, якія базіруюцца побач з вадаёмамі, такiх як “Спадарожнік”, што пад Мінскам у Ждановічах (побач — Мінскае мора), “Маяк” — непадалёк ад гарадскога пасёлка Радашковічы Маладзечанскага раёна (побач — маляўнічае возера).
Не вельмі вялікі па аб’ёме неабходны спартыўны інвентар, скажам, мячы, спартыўныя школы прывозяць у лагер самі. Выхавальнікі ў спартыўных атрадах таксама свае — гэта трэнеры, якія праводзяць вучэбна-трэніровачны працэс з навучэнцамі спартыўнай школы на працягу ўсяго года. Такім чынам выконваецца патрабаванне аб своечасовай падрыхтоўцы спартлагераў да работы ў летні аздараўленчы перыяд, уключаючы забеспячэнне іх неабходнымі абсталяваннем і інвентаром, а таксама патрабаванне камплектаваць лагеры кваліфікаванымі кадрамі.

Спартыўны рацыён

Харчаванне юных спартсменаў, як таго і патрабуюць нормы, зацверджаныя Міністэрствам спорту і турызму, адрозніваецца ў бок павелічэння ад харчавання ў дзіцячых аздараўленчых летніках, бо трэнiроўкi патрабуюць больш энергетычных затрат, таму і харчаванне павінна быць іншым, чым у звычайных выхаванцаў. Зараз у дзень на харчаванне аднаго навучэнца шасці-сямі гадоў у спартыўна-аздараўленчым лагеры з кругласутачным знаходжаннем выдаткоўваецца да 38 з лішнім тысяч рублёў у дзень, на 8 — 10-гадовых дзяцей — да 45 400, 11 —13-гадовых — да 51 300 рублёў і для самых старэйшых — да 58 200. У летніках з дзённым знаходжаннем лічбы, па зразумелых прычынах, меншыя: да 26 600 рублёў; да 27 200; да 30 700 і да 35 000 рублёў адпаведна.
Вынікі двухмесячнага летняга адпачынку, сумешчанага з трэніроўкамі і спаборніцтвамі (адзін месяц спартсмены пакідаюць цалкам на адпачынак), ацэньваюцца ўжо ў верасні, калі праводзяцца спецыяльныя тэсты, па кожным відзе спорту свае. Бо нароўні з аздараўленнем дзяцей спартыўныя лагеры ці, часцей, спартыўныя атрады ставяць сваёй задачай забеспячэнне выканання вучэбных праграм па асобных відах спорту, павышэння спартыўнага майстэрства выхаванцаў і г.д.
— Акрамя павышэння спартыўнага майстэрства, удзелу ў спаборніцтвах, юныя спартсмены прымаюць удзел у рэспубліканскіх акцыях, такіх як “Футбольныя канікулы” — ужо трэці год супрацоўнічаем з федэрацыяй футбола, “Лета — пара спартыўная” i іншых, якія праходзяць падчас канікулаў, — заўважае Эліна Юр’еўна.

Месца для кожнага

Канечне, хацелася б, каб для прадстаўнікоў любога віду спорту былі свае аздараўленчыя базы з усім належным інвентаром і абсталяваннем, каб усе навучэнцы спартыўных школ летам абавязкова выязджалі за горад — аздараўленне ў вялікім горадзе не можа цалкам адпавядаць адпачынку і трэніроўкам на прыродзе. Такое, думаецца, магчыма ў будучым. Пакуль жа асноўныя “плацдармы” аздараўлення і летніх трэніровак юных беларускіх спартсменаў, якія займаюцца ў спартшколах, што падпарадкоўваюцца Міністэрству адукацыі, Міністэрству спорту i турызму, — менавіта спартыўныя атрады ў звычайных летніках. “Ні адзін лагер не адмаўляецца заключыць дагавор з дзіцяча-юнацкай спартыўнай школай, усім нашым падапечным знаходзім месца”, — кажа Э.Ю.Сакалоўская.
Так, калі гаварыць пра сталіцу, то выхаванцы спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву № 7 па спартыўных адзінаборствах адпачываюць сёлета ў лагерах “Маяк”, “Купалінка”, “Іскра”, “Церамок”, “Мара”, “Гарызонт”. СДЮШАР па лыжных відах спорту — у летніках “Аптыміст”, “Беларусь”; Рэспубліканскага цэнтра па футболе БДУ — у лагерах “Спадарожнік”, “Барок”, “Лясны”; СДЮШАР па хакеі з шайбай — у летніках “Агеньчык” , “Спадарожнік”, “Палачанка”, “Лясны”, “Лідар” і г.д.
Летась, дарэчы, у такіх лагерах адпачылі 83 922 хлопчыкі і дзяўчынкі, якія займаюцца ў спецыялізаваных вучэбна-спартыўных установах. Гэта амаль палова (49,6%) ад іх агульнай колькасці. Ці будзе сёлета больш? Пабачым.

Марына ХІДДЖАЗ.