Кашалёк ці… жыллё?

Дашкольныя ўстановы Мінска шукаюць спецыялістаў. Вакансіі ёсць пастаянна, і закрыць іх не атрымліваецца. Чаму? Адказ, здаецца, ляжыць на паверхні: заработная плата выхавальнікаў дзіцячых садоў вымушае педагогаў альбо мяняць месца працы, альбо ўвогуле адмаўляцца ад працаўладкавання ў названыя ўстановы. Пра гэта сведчаць яскравыя факты, за якімі далёка хадзіць не трэба. Між тым, як вядома, установы вышэйшай адукацыі штогод выконваюць план прыёму абітурыентаў на спецыяльнасці, звязаныя з дашкольнай педагогікай. А БДПУ імя Максіма Танка нават павялічыў лічбы прыёму на факультэт “Дашкольная адукацыя” некалькі гадоў назад. Значыць, попыт на прафесію не зніжаецца? Аднак куды ў такім выпадку знікаюць выпускнікі, якія падпадаюць пад размеркаванне і абавязаны адпрацаваць пэўны тэрмін? У сталіцы ж для іх, калі верыць інфармацыі, першых працоўных месцаў больш чым дастаткова. Ды і камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама выступае ў ролі аднаго з асноўных заказчыкаў кадраў для названага ўніверсітэта, а з гэтага вынікае, што падчас размеркавання выпускнікоў установа задавальняе запыты камітэта на маладых спецыялістаў у першую чаргу. Няўжо выпускнікоў-дашкольнікаў усё роўна недастаткова? Патлумачыць сітуацыю мы папрасілі дэкана факультэта дашкольнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка Людмілу Мікалаеўну ВАРАНЕЦКУЮ.

— Людміла Мікалаеўна, якія суадносіны заявак на маладых спецыялістаў-дашкольнікаў і колькасці выпускнікоў вашага факультэта складваюцца ў гэтым навучальным годзе? Ці многа запытаў паступіла ад сталічнага заказчыка кадраў?

Л.М. Варанецкая— Заяўкі на выпускнікоў нашага факультэта насамрэч паступаюць з усёй краіны. Аднак сёлета, згодна з планам персанальнага размеркавання выпускнікоў БДПУ імя Максіма Танка на 2012/2013 навучальны год, заяўкі ад абласцей (Брэсцкай, Гродзенскай, Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай) адсутнічаюць. Мінская вобласць запатрабавала 16 выпускнікоў спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя. Выяўленчае мастацтва”, 21 — “Дашкольная адукацыя. Фізічная культура”, 17 — “Дашкольная адукацыя. Музычнае мастацтва і харэаграфія” і 36 — “Дашкольная адукацыя”. Камітэту па адукацыі Мінска патрабуецца 105, 145, 115 і 124 спецыялісты адпаведна.
Увогуле месцаў на працаўладкаванне выпускнікоў названых спецыяльнасцей сёння выдзелена 606, а выпуск плануецца такі: спецыяльнасць “Дашкольная адукацыя. Выяўленчае мастацтва” (бюджэт/пазабюджэт) — 9 (5) чалавек, “Дашкольная адукацыя. Фізічная культура” — 18 (8), “Дашкольная адукацыя. Музычнае мастацтва і харэаграфія” — 9 (1) і “Дашкольная адукацыя” — 63 (64).
Акрамя плана Міністэрства адукацыі, мы маем яшчэ і заяўкі ад наймальнікаў, якія з’яўляюцца на працягу ўсяго навучальнага года.

— Некалькі гадоў назад план прыёму абітурыентаў на факультэт дашкольнай адукацыі зведаў змены — студэнтаў стала больш. Вы неяк заўважылі, што ў сувязі з гэтым у далейшым могуць узнікнуць праблемы з размеркаваннем выпускнікоў. Ці спраўдзіліся тыя прагнозы?
— Як бачыце, працоўных месцаў па-ранейшаму несуразмерна больш, чым выпускнікоў, і гэта з улікам таго, што студэнты платнай формы навучання, якія маюць права свабоднага размеркавання, таксама ўладкоўваюцца на работу па спецыяльнасці, а студэнты завочнай формы атрымання адукацыі ўжо працуюць па спецыяльнасці. Сёлета факультэт выпускае 177 чалавек толькі дзённай формы атрымання адукацыі — гэта ў тры разы больш, чым два гады назад. З іх 78 студэнтаў атрымліваюць адукацыю на платнай аснове. Колькасць жадаючых паступаць да нас не змяншаецца. З наступнага навучальнага года факультэт пераходзіць на 4-гадовы тэрмін навучання і будзе рыхтаваць толькі па адной спецыяльнасці — “Дашкольная адукацыя”. Плануецца набраць на дзённую форму навучання — 170 (бюджэт) і 25 (платная форма) чалавек; на завочную на поўны тэрмін навучання (5 гадоў) — 110 і 90 адпаведна і на завочную на скарочаны тэрмін навучання (3,5 года) — 90 і 30 адпаведна.

— Людміла Мікалаеўна, як вы заўважылі, заявак ад абласцей, акрамя Мінскай, у гэтым годзе няма. Ці значыць гэта, што выпускнікі факультэта нарэшце змогуць хаця б часткова задаволіць патрэбы сталіцы?
— Мы б з радасцю забяспечылі Мінск маладымі спецыялістамі, аднак не ўсё так проста: 90% студэнтаў факультэта “Дашкольная адукацыя” іншагароднія. У іх няма рэгістрацыі ў сталіцы, а без рэгістрацыі мы не маем права размяркоўваць выпускнікоў у Мінск. Размеркаваць выпускнікоў у сталічныя дашкольныя ўстановы мы можам толькі ў тым выпадку, калі наймальнікі прадаставяць ім месца ў інтэрнаце або прапануюць іншы варыянт вырашэння жыллёвага пытання. У сваіх дзеяннях мы кіруемся ўказаннямі Міністэрства адукацыі. У прыватнасці, у плане персанальнага размеркавання выпускнікоў БДПУ імя Максіма Танка пазначана: “Пры адсутнасці месца жыхарства ў горадзе Мінску і ў абласных цэнтрах выпускнікі могуць быць размеркаваны на работу ў пазначаныя гарады па заяўках арганізацый, якія гарантуюць прадастаўленне выпускнікам жылых памяшканняў”.

— І як часта наймальнікі прадастаўляюць жыллё маладым спецыялістам-дашкольнікам у сталіцы? Сёлета ёсць такія выпадкі?
— У гэтым годзе інтэрнат іншагароднім выпускнікам нашага факультэта гарантуе толькі ААТ “Кіруючая кампанія холдынга “Гарызонт”: згаданае прадпрыемства падало заяўку на 7 спецыялістаў для дашкольных устаноў, якія знаходзяцца ў яго падпарадкаванні. З сямі выпускнікоў, якія туды размеркаваны, толькі адна мінчанка.
Увогуле сталічныя наймальнікі праяўляюць вялікую цікавасць да нашых студэнтаў. На факультэце пастаянна ладзяцца сустрэчы з загадчыкамі дашкольных устаноў: яны прыходзяць да нас, расказваюць пра свае ўстановы, запрашаюць на практыку, прымаюць студэнтаў у калектыў, а далей… ад іх нічога не залежыць. Забяспечыць жыллём маладых спецыялістаў могуць толькі адзінкі…
А калі б гэтае пытанне вырашалася, то ў Мінску заставаліся б працаваць і многія з тых выпускнікоў, якія вучыліся на платнай аснове. Сёлета толькі адна выпускніца з іх ліку звярнулася з такой просьбай. Вакансій шмат, знайсці работу ў дашкольнай установе горада няцяжка. Вось толькі жыць і наймаць кватэру ці нават пакой на заробак выхавальніка вельмі няпроста. Летась у нас быў такі выпадак: выпускніца-платніца звярнулася за накіраваннем на работу, пайшла працаваць у тую ўстанову, дзе праходзіла практыку, а потым мусіла адмовіцца і ад накіравання, і ад работы. “Мне вельмі падабаецца мая работа, але за 2 млн, якія я атрымліваю, я не магу наймаць жыллё, паўнацэнна харчавацца, апранацца і г.д. Даводзіцца падзарабляць у іншым месцы…”.

— Куды ў такім выпадку размяркоўваюцца выпускнікі бюджэтнай формы навучання, калі магчымасць трапіць у Мінск маюць нямногія з іх?
— У гэтым годзе большая частка выпускнікоў паедзе працаваць у Мінскую вобласць, дзе таксама прадастаўляецца больш чым дастаткова працоўных месцаў. Да таго ж на папярэднім размеркаванні на факультэце прысутнічалі прадстаўнікі аддзела адукацыі Ашмянскага райвыканкама (Гродзенская вобласць), якія зацікавілі сваімі прапановамі чатырох выпускнікоў. Што тычыцца жылля, то ў рэгіёнах маладым спецыялістам -альбо прадастаўляецца інтэрнат, альбо, як правіла, часткова кампенсуецца наём кватэры (пакоя). Ды і кошт арэнды кватэр там значна ніжэйшы, чым у Мінску. Напрыклад, адзін з выпускнікоў, ураджэнец Брэсцкай вобласці, размяркоўваецца сёлета на Міншчыну; пяцікурсніца, бацькі якой пражываюць у Віцебскай вобласці, будзе працаваць у адной з дашкольных устаноў Жодзіна (Мінская вобласць). Выпускнікі загадзя знаёмяцца з запытамі і цалкам уяўляюць сітуацыю, што складваецца. З кожным студэнтам мы праводзім гутаркі, тлумачым, што можна рэалізаваць сябе і ў родным рэгіёне (безумоўна, пры наяўнасці магчымасці працаўладкавання). Некаторыя нават папярэдне наведваюць раёны, дзе ім давядзецца працаваць, знаёмяцца з калектывам дашкольных устаноў. Чалавек павінен бачыць сябе ў прафесіі.

— І апошняе пытанне: куды працаўладкоўваюцца выпускнікі факультэта “Дашкольная адукацыя”, занесеныя ў базу даных адоранай і таленавітай моладзі?
— Што тычыцца маладых людзей названай катэгорыі, то мы, канечне, зацікаўлены ў тым, каб яны паступалі ў магістратуру, потым працягвалі навучанне ў аспірантуры і ў далейшым заставаліся працаваць на факультэце. Аднак многія з іх працаўладкоўваюцца і ў іншыя месцы. Напрыклад, выпускніца гэтага года Кацярына Ксяндзова паедзе працаваць у Барысаўскі педагагічны каледж. Дзяўчына была лепшай на працягу ўсёй вучобы, узнагароджана граматамі БДПУ імя Максіма Танка, узначальвае студэнцкі актыў, яе імя занесена на Дошку гонару ўніверсітэта. Па практыцы Кацярына таксама заўсёды атрымлівала выдатныя адзнакі.
Выпускнікі — імянныя стыпендыяты ідуць у дашкольныя ўстановы. Адна з іх, Яўгенія Лосік, размеркавана сёлета ў дашкольную ўстанову ААТ “Гарызонт” (у мінулым годзе Яўгенія выйграла грант Міністэрства адукацыі — такое на факультэце было ўпершыню; імянной стыпендыяткай дзяўчына станавілася два гады запар). Вераніку Вароніну, “Лепшага студэнта-2012”, чакае работа ў камітэце па адукацыі Мінгарвыканкама. Юлія Лешчанка, імянная стыпендыятка 2012/2013 навучальнага года, накіравана ў адну з дашкольных устаноў аддзела адукацыі Савецкага раёна Мінска; Віталіна Шпарло, пераможца ўнутрыўніверсітэцкага конкурсу “Настаўнік года-2013”, паедзе працаваць у Брэст.

Глафіра ЛЯТКОЎСКАЯ.

[email protected]

Фота Алега ІГНАТОВІЧА.