“Магчымасцей для прафесійнай самарэалізацыі на вёсцы дастаткова”

З Вікторыяй Леасевіч мне давялося пазнаёміцца два гады назад падчас размеркавання выпускнікоў псіхалагічнага факультэта БДПУ імя Максіма Танка. Прапанаваны варыянт яе размеркавання здзівіў, здаецца, нават старшыню экзаменацыйнай камісіі.
— Вікторыя Анатольеўна, мінчанка, накіроўваецца на работу ў Іўеўскі раён, — зачытаў даныя ведамасці па размеркаванні рэктар установы Пётр Дзмітрыевіч Кухарчык. — Згодны? Тая без запінкі адказала: “Так”. Вясёлая, жвавая Вікторыя ўсім сваім выглядам дэманстравала, што згодна на прапанаванае месца работы. Яна не вымушана пагаджалася на такі варыянт размеркавання, як тое часам бывае, а прымала яго з энтузіязмам і пэўным прафесійным інтарэсам: а як там, за кальцавой, у раёнах? Не можа быць, каб сапраўды ўсё было так сумна, як часам расказваюць на форумах…
Ужо тады думалася: цікава будзе даведацца праз пэўны час, ці не зніклі гэтыя запал і энтузіязм непасрэдна пасля прыезду на месца. Усё ж дзяўчына — мінчанка, з пэўным укладам жыцця, уяўленнямі гарадскога чалавека.

І вось прайшлі два гады. Адшукаць Вікторыю Анатольеўну было нескладана. У аддзеле адукацыі адразу адказалі: так, ёсць такі работнік, праўда, прозвішча змяніла — Сватко зараз (выйшла тут замуж за такога ж маладога спецыяліста, што прыехаў у раён па размеркаванні), да таго ж пайшла ў дэкрэтны адпачынак.
Тым цікавей! Наш карэспандэнт звязаўся з Вікторыяй Анатольеўнай, каб з першых вуснаў даведацца, як жывецца і працуецца маладому спецыялісту ў аддаленым раёне, аб яго ўражаннях ад сельскай школы і вучняў, соцыуму ў цэлым.

Пра першыя ўражанні

“Сказаць шчыра, тое, што мяне накіравалі ў Іўеўскі раён, насамрэч выпадковасць. Так здарылася, што на размеркаванні месцаў у Мінск практычна не было. Прапанавалі на выбар спіс раёнаў. Але для мяне назвы гарадоў амаль нічога не казалі: ну, крыху больш ці менш кіламетраў ад сталіцы, але ж хіба гэта так ужо важна ў наш час развіцця транспартнай сеткі і камунікацый?Вікторыя Леасевіч
У рэальнасці, дарэчы, аказалася важна, — смяецца Вікторыя. — Першы раз я прыехала ў горад задоўга да афіцыйнага падпісання працоўнага дагавора. Вырашыла ў рэальнасці ацаніць умовы, якія прапаноўваюцца для работы і жыцця. І ў гэты ж дзень спазнілася на зваротны аўтобус у Мінск. Сама сабе падумала: нічога страшнага, паеду наступным. Дзе там! Аўтобус быў адзіным. Вось тут я ўрэшце, здаецца, і зразумела, што пара пазбаўляцца некаторых сталічных звычак.
Безумоўна, першае знаёмства з горадам крыху засмуціла: усё ж ад раённага цэнтра я чакала большага. Таму ў гарадскі пасёлак, дзе прапаноўвалі на выбар месца работы, я ўжо ехала без асаблівых чаканняў. Напэўна, так і трэба: не чакаючы чагосьці звышмагчымага, я зусім не расчаравалася, калі прыехала на месца”.

Пра абяцанае і рэальнае

“Калі мне прапанавалі месца ў Іўеўскім раёне, я пагадзілася без ваганняў, праўда, з адной умовай: пры наяўнасці добраўпарадкаванага жылля. Такое жыллё мне абяцалі прадаставіць. Але ўсё ж такі да моманту афіцыйнага працаўладкавання я вырашыла наведаццца ў раён і на месцы ацаніць, наколькі абяцанні супадаюць з рэальнасцю.
Дарэчы, тое ж хацела б параіць іншым маладым спецыялістам, якія вызначаюцца з месцам работы. Не варта разлічваць толькі на тое, што табе могуць прапанаваць, варта самому паклапаціцца пра вырашэнне таго ці іншага пытання. Не пакідайце вырашэнне такіх пытанняў на волю лёсу. Заўсёды лепш самому паехаць і на месцы загадзя ва ўсім разабрацца, каб не псаваць сабе далейшае жыццё па месцы размеркавання.
І, трэба сказаць, па прыездзе мяне чакала яшчэ адно адкрыццё: не заўсёды твае ўяўленні аб прымальным жыллі, умовах працы супадаюць з уяўленнямі пра гэта іншых людзей. У раённым цэнтры мне прапанавалі месца ў інтэрнаце, але там не было ніякіх выгод. Таму ад работы ў раённым цэнтры адмовілася, разам са спецыялістам аддзела кадраў пачалі разглядаць іншыя варыянты. Я для сябе вырашыла: дзе будзе прапанавана добраўпарадкаванае жыллё, там і буду працаваць. У Юрацішках прапанавалі пакой у добраўпарадкаваным доме. Пагадзілася. Чаму не? Школа ж усё роўна будзе новая, а дзеці яны і ёсць дзеці.
Як выявілася, у Юрацішкаўскай школе толькі нядаўна зрабілі добры рамонт, там мелася неабходнае для штодзённых урокаў абсталяванне. Гэта адразу прывабіла. Вельмі спадабаўся і калектыў: добра прынялі, у далейшым навучылі працаваць, заўсёды падтрымлівалі, падказвалі, за што я вельмі ўдзячна.
Праўда, спачатку крыху засмучала, што няма спецыяльнага абсталявання для вывучэння замежнай мовы — лінгафоннага кабінета, нейкага спецыяльнага праграмнага забеспячэння. Але, з іншага боку, гэта мяне саму настройвала на творчасць. Быў асабісты прафесійны інтарэс, таму знаходзіла магчымасці, каб, напрыклад, правесці аўдзіраванне і ў цэлым зрабіць урок цікавым і сучасным”.

Пра дзяцей і школу

“Яшчэ да пачатку работы ў раёне не раз палохалі: куды ты едзеш? што там будзеш рабіць? хіба там цікавіць каго замежная мова?
Зараз са 100-працэнтнай упэўненасцю магу сказаць: што-што, а вось гэта — аповеды пра нецікаўных і абыякавых да вучобы сельскіх дзяцей — адназначна міф. Дзеці самыя розныя. Ёсць і вельмі здольныя да навукі, а ёсць і тыя, хто больш можа праявіць сябе, напрыклад, у спорце. І для першых, і для другіх у школе ёсць магчымасці для развіцця. Зрэшты, малых можна зацікавіць практычна ўсіх — было б жаданне ў настаўніка.
На той час я была адзіным выкладчыкам замежнай мовы ў школе, нагрузка была максімальная. І мне прыходзілася працаваць і з малодшымі, і са старэйшымі школьнікамі.
Канечне, не скажу, што працаваць было лёгка. З іншага боку, гэта настройвала на пэўную творчасць, неабходна было неяк выкручвацца. Вось уявіце: з раніцы заняткі ў малых — толькі алфавіт развучваем, а пасля — адразу ў 11-класнікаў, ужо складаныя граматычныя канструкцыі разбіраем. Каб такія “перастройкі” не забіралі ўсе сілы, прыходзілася вельмі грунтоўна рыхтавацца да ўрокаў: наглядны раздатачны матэрыял, нейкія дадатковыя матэрыялы. Штодзень у школу я прыходзіла а 8 гадзіне раніцы і ніколі не сыходзіла раней 16 вечара, а яшчэ часам і дома рыхтавалася.
Але мне падабалася. Прыйшоўшы працаваць у школу, не расчаравалася ў выбранай прафесіі, бо гэта сапраўды маё: вучыць дзяцей замежнай мове.
Адчувала і аддачу ад работы. І ўжо ў першы год у мяне былі пэўныя дасягненні: на раённай канферэнцыі мая вучаніца заняла другое месца.
Неяк пасля першага года работы вырашыла правесці невялікае апытанне сваіх самых маленькіх навучэнцаў — 3-класнікаў (я ж па другой спецыяльнасці псіхолаг): кім яны жадаюць быць у дарослым жыцці. І якім было маё здзіўленне, калі ледзьве не ўсе напісалі: настаўнікам замежнай мовы. Усё ж гэта пра многае гаворыць і дарагога каштуе.
Зараз я разумею, што ў сельскіх школьнікаў прысутнічае асаблівая павага да настаўніка. Гарадскія дзеці ўсё ж крыху распешчаныя тымі магчымасцямі, якія даюць вялікія гарады: любую кнігу, дыск, дапаможнік вучань можа знайсці без праблем, тут жа да яго паслуг рэпетытары, курсы. У вёсцы гэтыя магчымасці абмежаваныя. І настаўнік у такой сітуацыі — неабходная крыніца ведаў. Варта толькі самому настаўніку трымаць марку і адпавядаць запытам вучняў. Такая сітуацыя дысцыплінуе многіх дзяцей”.

Пра перавагі і перспектывы

“Ці збіраюся заставацца? Гэта пытанне наяўнасці жылля. Мяне задавальняе і працоўнае месца, і калектыў. Магчымасцей для прафесійнага развіцця тут таксама дастаткова. Напрыклад, у мяне канкурэнцыі ў пасёлку ў прафесійным плане не было: нагрузка — амаль дзве стаўкі: урокі, гурткі, пры жаданні можна было і індывідуальныя заняткі арганізоўваць. Адпаведна, задавальняў і ўзровень заработнай платы. Таму, калі б быў нейкі жыллёвы фонд у аддзела адукацыі, можна было б прыцягнуць такіх маладых спецыялістаў, як я, і замацаваць іх у раёне.
Дарэчы, пра жыццёвыя перспектывы. Дазволю сабе даць яшчэ адну невялікую параду тым, хто толькі збіраецца паехаць працаваць па размеркаванні: не варта думаць, што гэта гады, выкінутыя з жыцця, што вось яны пройдуць, а ўжо потым пачну жыць, будаваць кар’еру, шукаць уласнае шчасце. У мяне так здарылася, што менавіта там, у Юрацішках, я сустрэла свайго будучага мужа. Самае цікавае, што ён таксама родам з Мінска, больш за тое — жыў практычна на той жа вуліцы ў суседнім з маім доме, нават вучыўся ў той жа школе, а сустрэліся мы толькі ў Юрацішках. Напэўна, гэта сапраўды лёс”.

— Абмяжоўвацца толькі накіраванай заяўкай на маладога спецыяліста нам ніяк нельга. Раён даволі аддалены, раённы цэнтр не самы буйны, гэта маленькі гарадок, куды жадаюць ехаць далёка не ўсе маладыя спецыялісты. Калі мы проста будзем сядзець і чакаць, наша заяўка ніколі не будзе выканана, — адзначае Ганна Францаўна Барадын, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Іўеўскага райвыканкама. — Таму выязджаем, часам і з дырэктарамі ўстаноў, яшчэ да размеркавання ў вучэбныя групы, каб прэзентаваць установы, прычым не толькі на словах, але і з мультымедыйнымі прэзентацыямі, завочнымі экскурсіямі па ўстановах і населеных пунктах раёна. Прапаноўваем усім патэнцыяльным работнікам прыязджаць загадзя. Сёлета ўжо працавалі з Баранавіцкім універсітэтам: былі на папярэднім размеркаванні. Адна з выпускніц, якой мы прапанавалі работу, ужо была ў нас на мінулым тыдні, каб у рэальнасці ацаніць, ці задавальняюць яе ўмовы, што мы прапаноўваем.
Пры наяўнасці некалькіх вакансій у раёне загадзя сустракаемся з маладымі спецыялістамі, калі ў іх ёсць такая зацікаўленасць, разам наведваем школы, іх кіраўнікі прэзентуюць установы, расказваюць пра ўмовы і перавагі работы менавіта ў іх установе.
Канечне ж, мы разумеем, што можам прыцягнуць маладых спецыялістаў праз выдзяленне добраўпарадкаванага жылля. Але ўласнага жыллёвага фонду ў сістэмы адукацыі раёна няма, таму даводзіцца спадзявацца толькі на супрацоўніцтва з сельскагаспадарчымі кааператывамі, дзе будуецца новае жыллё. І прыклады такога ўзаемадзеяння ёсць. Так, у мінулым годзе ў аграгарадку Лелюкі адкрылася новая школа. Для маладых спецыялістаў, якія прыехалі працаваць у гэтую навучальную ўстанову, СВК выдзеліў добраўпарадкаванае жыллё.

Алена МАРКЕВІЧ.

[email protected]