Парадокс: у галіне проста велізарнае абарачэнне сродкаў, а галоўны яе гулец — самы бедны. Усё гэта — пра сістэму адукацыі. На сённяшні дзень рынак адукацыйных паслуг на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі развіваецца проста неверагоднымі тэмпамі. І, што самае цікавае, практычна кожная прапанова аб дадатковых адукацыйных паслугах знаходзіць свайго спажыўца. Чаму ж школа — галоўны інстытут сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі — часта наогул не ўдзельнічае ў гэтых працэсах? І ўвогуле, ці могуць дадатковыя адукацыйныя паслугі школы канкурыраваць з паслугамі прыватных рэпетытараў?
Сёння практычна кожная ўстанова адукацыі займаецца пазабюджэтнай дзейнасцю — як правіла, шматграннай і рознабаковай. Гэта патрабаванне часу. І справа не толькі ў неабходнасці прыцягнення дадатковых фінансавых сродкаў. Аказанне дадатковых адукацыйных паслуг як аднаго з відаў пазабюджэтнай дзейнасці працуе і на галоўную мэту дзейнасці любой установы адукацыі — максімальнае развіццё і навучанне школьнікаў. Таму натуральным падаецца і тое, што асноўным відам пазабюджэтнай дзейнасці для ўстановы адукацыі павінна стаць менавіта аказанне платных адукацыйных паслуг. Але на практыцы гэта не заўсёды так.
Вось лічбы для роздуму. Сума пазабюджэтных даходаў за год у адной з сельскіх школ Міншчыны склала каля 45 млн рублёў. З іх непасрэдна платныя адукацыйныя паслугі па прадметах — 0 рублёў. Ці іншы прыклад: даходы ўстаноў адукацыі аднаго з раёнаў Магілёўскай вобласці ад аказання платных адукацыйных паслуг складаюць толькі дзясятую частку ад усяго аб’ёму заробленых грошай. І падобны расклад — у большасці ўстаноў, асабліва сельскай мясцовасці. Падаецца, гэта якраз той выпадак, калі ўстанове адукацыі даводзіцца займацца зусім неспецыфічнай дзейнасцю. У той час як асноўны напрамак мог бы развівацца больш інтэнсіўна і якасна. Аказанне платных адукацыйных паслуг — гэта не толькі заробак грошай, але і павышэнне адукаванасці навучэнцаў, іх матывацыі да вучобы, а таксама прафесійнае развіццё педагогаў.
Між тым не ўсе кіраўнікі ўстаноў агульнай адукацыі скіраваны менавіта на гэты напрамак у развіцці пазабюджэтнай дзейнасці. Пры тым, што па-за сценамі школы практычна кожная прапанова аб дадатковых адукацыйных паслугах (ці гэта элементарная дапамога ў падрыхтоўцы дамашняга задання, ці найвышэйшы пілатаж у падрыхтоўцы да ЦТ) знаходзіць свайго спажыўца.
У гады нашага савецкага дзяцінства гэта падавалася б проста неверагодным, сёння ж — звычайная рэальнасць: бацькі запрашаюць за дадатковую плату педагогаў, каб тыя дапамагалі ў выкананні дамашняга задання малодшым школьнікам, некаторыя запрашаюць рэпетытараў ледзьве не з 1 класа, не кажучы ўжо пра павальную практыку дадатковай падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання. Адпаведна адрозніваецца і сярэднярыначны кошт розных паслуг. Так, калі прааналізаваць прапановы па розных відах дадатковых адукацыйных паслуг, якія аказваюцца ў прыватным парадку — індывідуальнымі прадпрымальнікамі ці адукацыйнымі камерцыйнымі цэнтрамі, то выяўляецца, што цэны адрозніваюцца ў залежнасці ад рэгіёна і вопыту выкладчыка. Так, напрыклад, для сталіцы гэта ад 5 да 20 умоўных адзінак за гадзіну падрыхтоўкі. Прычым за найменшы кошт гатовы працаваць, як правіла, студэнты. Вопыту выкладання, як правіла, у іх няма, уласнанапрацаванай праграмы — таксама. А вось больш вопытны педагог наўрад ці возмецца за дадатковыя заняткі з вучнем менш, чым за 10 умоўных адзінак за гадзіну. Яшчэ больш запытваюць рэпетытары з напрацаваным прафесійным іміджам.
Запыты школы ў плане аказання платных адукацыйных паслуг, як правіла, меншыя. Дастаткова зазірнуць на сайт той ці іншай установы адукацыі, каб упэўніцца ў гэтым. Праўда, найбольш часта школы прапаноўваць дадатковыя адукацыйныя паслугі ў складзе групы. Вось прыклад аднаго з раёнаў: дадатковыя заняткі па прадмеце ў складзе групы 10 чалавек — 11 200 рублёў, 5 чалавек — 21 800, трох — 35 900 рублёў. Індывідуальныя ж заняткі, па словах многіх, нягледзячы на меншы кошт (у сярэднім ад 60 да 90 тысяч за гадзіну работы з вопытным педагогам) чамусьці не карыстаюцца попытам.
Тут варта было б прыгадаць вядомыя прынцыпы маркетынгу: чаму тая ці іншая паслуга, у цэлым запатрабаваная на рынку, у пэўнай арганізацыі не прыносіць прыбытку? Прычын насамрэч няшмат. Адна з асноўных — ніхто проста не заўважыў прапанову. Іншая — прапанову заўважылі, але не захацелі паспытаць. Ці прапанову нават паспыталі, але адмовіліся ад далейшага выкарыстання. І, нарэшце, прапанова спадабалася, але спажыўцы не сталі аб ёй расказваць сваім знаёмым: не прэстыжна.
Як кажуць, што падыходзіць менавіта вам, вызначце самі. Насамрэч часам у школах нават не лічаць неабходным паведаміць бацькам аб магчымасці аказання адукацыйных паслуг у індывідуальным парадку, часам не могуць абгрунтаваць мэтазгоднасць такіх заняткаў, іншым разам спажыўцы проста расчароўваюцца ў паслузе, а калі і задаволены, то не спяшаюцца пра гэта расказваць сваім сябрам: куды ж больш “прэстыжна” займацца з вядомым рэпетытарам, у ягога доўгая прыгожая прафесійная гісторыя, чым са школьным настаўнікам. Дык чаму б школьнаму настаўніку не стварыць такую гісторыю?
Гэта цалкам магчыма. Прыкладам можа стаць вопыт дзейнасці ў гэтым кірунку сярэдняй школы № 25 Магілёва. Тут ужо каторы год такая паслуга, як школьнае рэпетытарства, карыстаецца шырокім попытам у навучэнцаў.
— Хімія, біялогія, іншыя прадметы, па якіх дзеці збіраюцца здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне, — індывідуальныя заняткі менавіта па гэтых кірунках карыстаюцца найбольшым попытам, — расказала дырэктар установы Святлана Анатольеўна Бальшакова. — Чым тлумачыцца такі поспех? У цэлым заслугамі школы і прафесіяналізмам настаўнікаў у прыватнасці. Нам давяраюць — і гэта галоўнае, што дазваляе развіваць такі напрамак пазабюджэтнай дзейнасці.
Зрэшты, з году ў год давер гэты спецыялісты апраўдваюць. Вось вынік работы за мінулы навучальны год: пяцёра навучэнцаў, для якіх былі арганізаваны індывідуальныя заняткі са школьнымі рэпетытарамі, без праблем паступілі ва ўстановы адукацыі медыцынскага профілю. І гэта — найлепшая рэклама для далейшага развіцця названай платнай паслугі ў школе.
— Да таго ж заняткі з рэпетытарам у школе маюць і шэраг пераваг у параўнанні з прыватным рэпетытарствам, — працягвае Святлана Анатольеўна. — Так, настаўнік ведае школьную праграму, мае рэальны вопыт выкладання менавіта ў школьнікаў, ведае магчымасці і слабыя бакі самога школьніка. Пры такім падыходзе не будзе праблем з прывыканнем да новага педагога, адаптацыі да яго метадаў навучання — адным словам, навучэнцы і бацькі не на словах, а на справе і ўласным вопыце ведаюць, чаго чакаць. Насамрэч варта не саромецца і нагадваць бацькам пра гэтыя рэальныя перавагі. У выніку ў нас гэты кірунак развіваецца на добрай аснове. Са свайго боку мы імкнёмся максімальна палегчыць работу педагогаў, якія займаюцца гэтай дзейнасцю, у плане афармлення неабходнай дакументацыі, справаздачнасці. Для таго каб настаўнікам было больш зручна, распрацавана ўся неабходная дакументацыя для вядзення заняткаў на платнай аснове. Дастаткова толькі раздрукаваць з інтэрнэт-старонкі электроннага метадычнага кабінета школы неабходны бланк.
Разам з тым у школе прызнаюць: калі навучэнцы і бацькі зацікаўлены ў развіцці паслуг школьнага рэпетытара, то самі настаўнікі — не заўсёды. Зрэшты, не толькі ў гэтай установе. На пытанне, як яны зацікаўліваюць педагогаў такой дзейнасцю, большасць кіраўнікоў адразу і не знаходзіць, што сказаць. Яно і зразумела: адлічэнні на заробак настаўніку ад заняткаў рэпетытарствам у школе не ідуць ні ў якое параўнанне з даходам ад такіх заняткаў у прыватным парадку. Штосьці кампенсуецца прэміямі, але ва ўстановах пагаджаюцца, што вельмі часта педагогі займаюцца гэтай дзейнасцю хутчэй з-за нейкіх маральных аспектаў, чым матэрыяльнай зацікаўленасці: хварэюць за гонар школы ў пытанні паказчыкаў адукаванасці выпускнікоў, адгукаюцца на просьбы бацькоў і навучэнцаў, з якімі працавалі не адзін год…
І гэта на сёння, напэўна, адзіная рэальная перашкода, якая не дазваляе школьнаму рэпетытарству на роўных канкурыраваць з індывідуальнымі прапановамі. Як паказвае практыка, энтузіязм, не падмацаваны матэрыяльна, з часам усё ж згасае.
Наталля ІЛЬІНА.