Зарабіць замест атрымаць

У гімназіі № 51 Гомеля на працягу апошніх трох гадоў рэалізоўваўся інавацыйны праект па развіцці платных адукацыйных паслуг. Чаму ўзнікла неабходнасць у распрацоўцы такога праекта — тэма ж для сістэмы не новая, да якіх высноў прыйшлі спецыялісты падчас рэалізацыі праекта, што сёння перашкаджае больш інтэнсіўнаму развіццю рынку платных адукацыйных паслуг ва ўстановах адукацыі — пра ўсё гэта мы запыталіся ў дырэктара гімназіі Аляксандра Паўлавіча ПАХУЧАГА.

— Аляксандр Паўлавіч, найперш патлумачце, як вы прыйшлі да ідэі рапрацоўкі праекта па развіцці платных адукацыйных паслуг — тэма гэтая для сістэмы адукацыі не новая.
— Праблема павышэння якасці адукацыі на сёння з’яўляецца прыярытэтным кірункам. Дадатковыя ж адукацыйныя паслугі — гэта адна з магчымасцей павышэння якасці выхавання і навучання маладых людзей. Да таго ж сёння, калі веды і інфармацыя з’яўляюцца таварам, растуць па-трэбнасці насельніцтва ў адукацыйных паслугах. Каму як не школе адгукнуцца на гэты попыт?
Рынак адукацыйных паслуг сёння значна пашырыўся, а эканамічныя адносіны ў адукацыі фарміруюцца ва ўмовах скарачэння бюджэтнага фінансавання адукацыі і развіцця рыначных адносін у сферы адукацыі. Таму ва ўмовах канкурэнцыі ў становішчы лідара будзе тая ўстанова адукацыі, якая будзе здольна прадаставіць запатрабаваныя адукацыйныя паслугі, падмацаваныя кваліфікаванымі кадрамі і разумнай цэнаснай палітыкай. Таму і прыйшлі да высновы, што гэтай тэмай неабходна займацца: пазабюджэтная дзейнасць — заўсёды актуальны напрамак. Разам з іншымі праектамі пачалі рэалізоўваць і гэты. Такім чынам, гімназія з 2010/2011 года з’яўлялася інавацыйнай пляцоўкай Міністэрства адукацыі па рэалізацыі праекта “Укараненне мадэлі пашырэння рынку адукацыйных паслуг з мэтай павышэння якасці адукацыі і задавальнення запытаў соцыуму”.

— Няўжо арганізацыя такой дзейнасці патрабуе нейкага дадатковага пошуку?
— Насамрэч мала проста прапанаваць пэўныя платныя паслугі — без папярэдняга аналізу, распрацоўкі зместу дадатковай платнай адукацыі, разумення, для каго, у якім выглядзе, з якім зместам і якімі метадамі гэтыя паслугі будуць аказвацца. Як гэта часта бывае на практыцы: ёсць настаўнік, гатовы займацца такой дзейнасцю, гэта і прапануем. Такі падыход, як правіла, не дае жаданага выніку. Наадварот, можа ўзнікнуць непаразуменне з боку бацькоў, незадаволенасць паслугамі, якія аказваюцца.
На наш погляд, падыход павінен быць больш грунтоўны. Найперш неабходна вызначыцца, чаго вы імкнецеся дасягнуць праз аказанне такіх паслуг. Мы спачатку ставілі перад сабой задачы павышэння якасці адукацыйнага працэсу, павышэння ўзроўню інтэлектуальнага развіцця навучэнцаў і задавальнення запытаў соцыуму.
Заўважце: ішлі найперш ад запытаў, а не ад таго, што жадаем на пэўным этапе прапанаваць самі. Для гэтага адміністрацыя правяла вывучэнне попыту на дадатковыя паслугі. У канцы кожнага навучальнага года праводзіліся даследаванні адукацыйных запытаў навучэнцаў і іх бацькоў на прадмет неабходнасці арганізацыі такіх паслуг. Даследаванне праводзілася ў выглядзе анкетавання.
Апрацаваўшы атрыманыя даныя, выйшлі на пэўны вынік. Дарэчы, улічвалі не толькі вучэбныя, але і проста пазнавальныя інтарэсы дзяцей. У выніку на платнай аснове арганізаваны і вучэбныя заняткі, і творчыя (вакал, харэаграфія). Спачатку хацелі арганізаваць і платныя заняткі, звязаныя са спортам, але пазней, улічваючы, што мы прыхільнікі здаровага ладу жыцця, вырашылі гэты кірунак не камерцыялізаваць і самім падтрымліваць любое жаданне школьнікаў займацца фізкультурай і спортам.
Многія нашы дадатковыя адукацыйныя паслугі звязаны з пачатковымі класамі: падрыхтоўка будучых першакласнікаў, навучэнцаў пачатковай школы да паступлення ў гімназію. Запатрабаваны сярод самых малодшых школьнікаў і заняткі па замежнай мове. У больш старэйшых школьнікаў арганізаваны дадатковыя заняткі практычна па ўсіх прадметах. А ў адносінах да замежных моў арганізаваны заняткі не толькі па той мове, якая прадугледжана вучэбным планам, але і дадатковае вывучэнне другой замежнай мовы: школьнікі могуць атрымаць пачатковыя веды, неабходныя ім падчас паездак, падарожжаў. Як правіла, гэта групавыя заняткі — да 10 чалавек. Бацькі больш схільны менавіта да такой формы арганізацыі дадатковых заняткаў з-за суадносін якасці і кошту.

— Дарэчы, пра кошт: колькі ў сярэднім каштуюць дадатковыя заняткі па адным прадмеце?
— Кошт залежыць ад колькасці навучэнцаў: чым больш навучэнцаў — тым меншы кошт для кожнага. Зразумела, што індывідуальныя заняткі настаўніка з вучнем каштуюць у разы больш. Залежыць кошт таксама і ад кваліфікацыі настаўніка, памеру памяшкання: чым меншае, тым меншая сума аплаты за камунальныя паслугі і арэнду. У сярэднім — 50—60 тысяч за месяц за групавыя заняткі па два разы на тыдзень. Зацікаўленасць ёсць і ў занятках у індывідуальным парадку, але ўсе лічаць грошы і ў выніку скіроўваюцца на групавыя заняткі.

— А як сёння вы рэкламуеце магчымасці дадатковай адукацыі?
— Інфармаванне спажыўцоў аб паслугах, што прадастаўляюцца, — вельмі важны складнік. Сёння такая інфармацыя размешчана на інфармацыйным стэндзе, праводзілася інфармаванне бацькоў аб якасці паслуг, якія прадастаўляюцца, на класных гадзінах і бацькоўскіх сходах. Дарэчы, работа з бацькамі — вельмі важны напрамак у рамках праекта. За тры гады існавання пляцоўкі было праведзена больш за 100 бацькоўскіх сходаў, семінараў-практыкумаў, індывідуальных кансультацый. Вялікае значэнне ў пытанні асветы бацькоў мелі кансультацыі, якія праводзіў педагог-псіхолаг. Гэта дазволіла не толькі прадаставіць інфармацыю аб магчымых паслугах, але і вырашыць некаторыя пытанні матывацыі дзяцей.
З 2010 года эфектыўнай формай рэкламы стала размяшчэнне інфармацыі на сайце гімназіі.

— Крыху раней вы заўважылі, што важна загадзя прапрацаваць і змест дадатковай адукаці. Што маецца на ўвазе?
— Усе ўдзельнікі інавацыйнага праекта штогод складалі каляндарна-тэматычнае планаванне заняткаў на платнай аснове, каляндарны план работы, вялі дзённікі педагога-інаватара, праводзілі пастаянны маніторынг працэсу, наведванне і ўзаеманаведванне заняткаў з мэтай выяўлення вопыту паспяховага ўкаранення новаўвядзенняў. У выніку былі распрацаваны метадычныя рэкамендацыі па правядзенні платных адукацыйных паслуг па падрыхтоўцы дзяцей да школы, падрыхтоўцы навучэнцаў да экзаменаў у 5 клас, падрыхтоўцы навучэнцаў да ЦТ па матэматыцы і рускай мове, вывучэнні замежнай мовы ў 2 класе; створаны вучэбна-метадычны комплекс па арганізацыі платных дадатковых паслуг па вывучэнні замежнай мовы ў 2 класе і па падрыхтоўцы дзяцей 5-ці і 6-ці гадоў да школы. Усё гэта — ужо гатовыя прадукты, якія могуць выкарыстоўвацца і ў далейшай дзейнасці.
Да таго ж пастаянна праводзіцца дыягностыка ўзроўню развіцця, выхаванасці навучэнцаў, сацыяметрыя ў пачатку і напрыканцы кожнага года навучання.

— Але ўсё ж бацькі і навучэнцы, напэўна, у першую чаргу арыентуюцца на асобу настаўніка пры прыняцці рашэння аб мэтазгоднасці наведвання дадатковых заняткаў…
— Так, безумоўна. Таму мы ўдзяляем асаблівую ўвагу прафесійнаму развіццю педагогаў, якія задзейнічаны ў праекце. Аналіз прафесійных дасягненняў педагогаў — удзельнікаў інавацыйнай дзейнасці — таксама неад’емны складнік гэтай работы.
Новым, але эфектыўным кірункам стала правядзенне трэнінгаў крэатыўнасці і зносін для настаўнікаў з мэтай фарміравання ў іх псіхалагічнай гатоўнасці да творчага выкладання прадметаў.

— Такі грунтоўны падыход да справы даў плён?
— Так. Прычым сёння мы ўжо можам гаварыць і аб колькасных, і аб якасных дасягненнях. Вось проста статыстыка. У 2010/2011 навучальным годзе платнымі адукацыйнымі паслугамі ў нас былі ахоплены 220 навучэнцаў, што складала 29,3% ад агульнай колькасці. Былі арганізаваны курсы па агульнаадукацыйных прадметах (21 група) і аб’яднанні па інтарэсах (4 групы). На 1 верасня 2011 года значна пашырыўся пералік платных адукацыйных паслуг, што прывяло да павелічэння ахопу навучэнцаў такімі паслугамі (344 навучэнцы, ці 43,8% ад агульнай колькасці). Да 2012 года колькасць груп павялічылася да 35, у якіх сталі займацца 412 навучэнцаў, ці 54,4% ад усіх навучэнцаў гімназіі.
Што да якасці, то нас, безумоўна, радуе, што ўкараненне мадэлі пашырэння рынку адукацыйных паслуг дазволіла павысіць узровень інтэлектуальна асобаснага развіцця, матывацыі навучэнцаў, узровень задаволенасці суб’ектаў адукацыйнага працэсу дасягнутымі вынікамі. Сёння відавочна ўстойлівая станоўчая дынаміка паспяховасці навучэнцаў, якія наведваюць дадатковыя прадметы і курсы. У цэлым мадэль дазваляе павысіць не толькі сярэдні бал па прадметах, але і дасягнуць высокіх вынікаў у алімпіядным руху.
Каб не быць галаслоўным: у мінулым навучальным годзе ў нас быў другі вынік па вобласці па прахадных балах у гімназію. Сума балаў, набраная нашымі “абітурыентамі”, была даволі высокай. Сёлета мы прызнаны лепшымі ў вобласці сярод гімназій і ліцэяў. Усё гэта ўзаемазвязана.
Немалаважнае дасягненне — фарміраванне банка метадычных распрацовак.
Адначасова нам удалося палепшыць матэрыяльна-тэхнічную базу гімназіі за кошт прыцягнення пазабюджэтных сродкаў. На атрыманыя пазабюджэтныя сродкі ў апошнія гады было набыта спартыўнае абсталяванне, адрамантавана харэаграфічная зала гімназіі, пастаянна абнаўлялася інфармацыйнае асяроддзе гімназіі і папаўняўся бібліятэчны фонд, выдавалася рэкламная прадукцыя, звязаная з дзейнасцю творчых груп, якія працавалі ў інавацыйным рэжыме.
Адмоўных водгукаў, каментарыяў, нараканняў рэалізацыя інавацыйнага праекта не выклікала. Наадварот, бацькі лічаць, што атрыманне іх дзецьмі дадатковых адукацыйных паслуг на платнай аснове стымулюе пазнавальную актыўнасць дзяцей, павышае іх вучэбную матывацыю, развівае пачуццё самастойнасці і адказнасці.

— Але мне здаецца, што многія вашы калегі не падзяляюць такі аптымізм: не раз даводзілася чуць нараканні кіраўнікоў устаноў у сувязі з неабходнасцю займацца пазабюджэтнай дзейнасцю.
— Насамрэч, эфектыўна арганізаваная сістэма платных адукацыйных паслуг здольна, з аднаго боку, кампенсаваць пэўны недахоп бюджэтнага фінансавання, а з другога — сканцэнтраваць патэнцыял і ініцыятыву для вырашэння штодзённых і перспектыўных задач установы адукацыі. Выгада ад заняткаў у групах дадатковых платных адукацыйных паслуг відавочная: настаўнік атрымлівае дадатковы пастаянны заробак, навучэнцы атрымліваюць неабходныя ім адукацыйныя паслугі ў вольны ад заняткаў час (у нас, напрыклад, графік работы груп прадугледжвае таксама заняткі ў суботу і нядзелю). Установа атрымлівае даход, які можна выкарыстаць на развіццё матэрыяльнай базы. І, нарэшце, галоўнае — назіраецца ўстойлівая станоўчая дынаміка паспяховасці навучэнцаў, якія наведваюць дадатковыя заняткі. Разумны кошт — дастойная якасць — задаволенасць дзяцей і бацькоў — такога эфекту трэба чакаць ад дадатковай платнай адукацыі.
Але праблемы, канечне, ёсць. Найперш — у заканадаўчым забеспячэнні гэтага працэсу.

— Што вы маеце на ўвазе?
— Сёння ўстанова ў цэлым і настаўнікі ў прыватнасці мала зацікаўлены ў развіцці пазабюджэтнай дзейнасці з матэрыяльнага пункта гледжання. Працэнт адлічэнняў ад платных адукацыйных паслуг у “казну” намнога большы, чым застаецца ў навучальнай установе. Напрыклад, з умоўных 15 млн, заробленых установай, на яе развіццё, развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы застаецца каля 2 млн, астатнія — невялікі працэнт на заработную плату, а большая частка — на розныя плацяжы. Калі б змяніць гэты расклад, то можна было б разлічваць на значна большыя рэсурсы для развіцця ўстановы.
Сёння мы нават не маем дастаткова магчымасцей для прэміравання з пазабюджэтных сродкаў работнікаў, якія праявілі сябе найлепшым чынам у навучанні дзяцей. Вось прыклад. У нас трэці вынік па вобласці па выніках алімпіяды. Згодна з калектыўным дагаворам, мы абавязаны настаўнікаў, якія рыхтавалі гэтых пераможцаў, пэўным чынам заахвоціць. Але ж прэміяльны фонд у нас адзін. У выніку тыя, хто падрыхтаваў пераможцаў, атрымліваюць пэўныя даплаты, а іншыя педагогі ўстановы, якія таксама выдатна працавалі, але на вырашэнне іншых задач, — па мінімуму. У той час як іх калегі з устаноў, якія не паказалі такіх вынікаў, атрымліваюць нават больш. Калі б была магчымасць з пазабюджэтных сродкаў пакідаць пэўныя (большыя, чым цяпер) сродкі на развіццё матэрыяльнай базы ўстановы і дадатковае заахвочванне найлепшых работнікаў, гэта было б добрым рашэннем.
Увогуле сённяшняя “ўраўнілаўка” ў плане аплаты працы не спрыяе творчаму і крэатыўнаму падыходу да работы, не настройвае на павышэнне якасці. Мы знаёміліся з вопытам некаторых нашых суседзяў і некаторыя падыходы нам вельмі імпануюць. Дзесьці, напрыклад, існуе пэўная сістэма бонусаў: калі ўстанова трапіла ў лік лепшых па тых ці іншых паказчыках — атрымлівае сродкі для дадатковага развіцця. У такім выпадку ёсць стымул для далейшай работы як у адміністрацыі, установы ў цэлым, так і ў педагогаў.

Алена МАРКЕВІЧ.