Попыт на платную дашкольную адукацыю ёсць

Аказанне дадатковых адукацыйных паслуг у сістэме дашкольнай адукацыі — з’ява ўжо звыклая. Здзівіць тут магчыма хіба што незвычайным відам гуртковай дзейнасці. А вось адкрыццё груп поўнасцю на платнай аснове — з’ява для сістэмы дашкольнай адукацыі краіны адносна новая. Да нядаўняга часу такія групы існавалі толькі ў ведамасных дашкольных установах — усё ж там свая спецыфіка арганізацыі дзейнасці. Зараз жа інтарэс да такой формы работы праяўляюць і ў садках камунальнай уласнасці. Хтосьці толькі прыглядаецца да такой формы работы, хтосьці спрабуе і адмаўляецца ад задуманага, а вось ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 517 сталіцы ўсё ж рызыкнулі і адкрылі з 1 верасня бягучага навучальнага года платную групу.
Мы наведалі ўстанову, каб з першых вуснаў даведацца, што прыцягвае бацькоў да такой формы, з якімі цяжкасцямі давялося сутыкнуцца арганізатарам пры адкрыцці платнай групы, якія сюрпрызы — прыемныя і не вельмі — могуць чакаць тых, хто вырашыць паспрабаваць пераняць такі вопыт.

Працаваць на вынік

Тое, што аднымі з першых платную групу ў дашкольнай установе адкрылі менавіта ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 517 сталіцы, зусім не выпадковасць. На працягу ўсяго часу свайго існавання гэтая ўстанова была, скажам так, на перадавой сучаснага вопыту ў сістэме дашкольнай адукацыі. Менавіта яна адна з першых — яшчэ ў 1994 годзе — атрымала статус дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці і потым дастойна пацвярджала яго падчас атэстацый, менавіта тут аднымі з першых паспрабавалі ўкараніць (і — забягаючы наперад — гэта выдатна атрымалася!) дадатковыя платныя паслугі для выхаванцаў.
Вось і зараз супрацоўнікі гэтай установы адны з першых рызыкнулі адкрыць групу на платнай аснове. І слова “рызыкнулі” тут зусім не выпадковае: з’ява гэта сапраўды новая, практычна ўсё — ад палажэння аб групе на платнай аснове да разліку затрат — прапрацоўвалі самастойна.
Зрэшты, “быць на перадавой” для Святланы Ісакаўны Жалудок, якая кіруе гэтай дашкольнай установай яшчэ з 1999 года, з’ява звыклая. Узяць хаця б, напрыклад, сістэму аказання дадатковых адукацыйных паслуг у цэнтры. Многае ў гэтым пытанні спецыялісты ўстановы таксама ў свой час рабілі на свой страх і рызыку. Аднак яны сябе заўсёды апраўдвалі.
У дашкольным цэнтры сёння створаны ўсе ўмовы для развіцця дадатковых адукацыйных паслуг па выяўленчым мастацтве, тэатральна-музычным мастацтве, камп’ютарнай грамаце, спорту.
— Такі падыход дазваляе нам сёння арганізоўваць дадатковыя адукацыйныя паслугі для выхаванцаў на прынцыпова іншым узроўні, — адзначае Святлана Ісакаўна. — Англійская мова, тэатральна-музычная дзейнасць, выяўленчая дзейнасць, рытміка, рыторыка, з 5 гадоў — развіццё камп’ютарнай граматы — усяму гэтаму нашы выхаванцы вучацца ў выдатных, спецыяльна арганізаваных умовах. І гэта дае свой вынік.
Магчыма, менавіта таму бацькі выхаванцаў установы заўсёды зацікаўлены ў тым, каб іх дзеці атрымлівалі дадатковыя адукацыйныя паслугі ва ўстанове. А яшчэ і таму, што заўсёды бачаць вынік такой дзейнасці.
— Для аказання платных адукацыйных паслуг мы дадаткова запрашаем на работу спецыялістаў, — заўважае кіраўнік цэнтра. — У нас склалася традыцыя, што гэтыя супрацоўнікі праводзяць адкрытыя заняткі з удзелам бацькоў, дзе бачны крокі развіцця іх дзяцей. Калі бацькі бачаць, як дзеці выступаюць на сцэне, удзельнічаючы ў тэатральнай пастаноўцы, паказваюць пэўныя веды ў замежнай мове, дэманструюць свае малюнкі, яны з ахвотай працягваюць дадатковае развіццё дзіцяці.
Дарэчы, пра бацькоў. У гэтым плане ва ўстанове таксама свае адметныя традыцыі. Тут наладжана цэлая сістэма прыцягнення бацькоў да партнёрскіх адносін. Першы крок — вечары “Давайце знаёміцца”. Гэта не проста маналог загадчыцы ўстановы перад бацькамі, а зацікаўленая гутарка, узаемнае прадстаўленне.
— Калі праходзіць першы сход, я знаёмлю бацькоў з установай і кажу пра тое, што наша місія — дапамагчы кожнаму дзіцяці адбыцца як асоба. Мы не адбіраем дзяцей — якая ў яго сям’я, адукацыя ў бацькоў, гісторыя сям’і, а імкнёмся кожнага разам з сям’ёй развіваць па максімуме. Распрацоўваем шлях развіцця дзіцяці і пакрокава яго выконваем. Задача — пераканаць бацькоў у тым, каб рухацца на гэтым шляху разам. Імкнёмся не навязваць сваё бачанне, а паказаць моцныя бакі дзіцяці і пераканаць бацькоў у неабходнасці іх развіцця. Такім чынам, усё ідзе ад патрэб дзяцей, запытаў іх бацькоў.
Вынікі такой работы кажуць самі за сябе. Выпускнікоў дашкольнага цэнтра з задавальненнем залічваюць у прэстыжныя ўстановы адукацыі. У цэнтры ж адсочваюць поспехі іх былых выхаванцаў падчас вучобы ў гімназіях і школах.

Асноўныя запыты — развіццё і камфорт

Пра вопыт аказання дадатковых адукацыйных паслуг для выхаванцаў я ўзгадала не выпадкова. Справа ў тым, што гэта стала адной з перадумоў таго, чаму бацькі былі зацікаўлены ў адкрыцці на базе ўстановы платнай групы.
— Быў запыт бацькоў: трапіць менавіта ў нашу ўстанову, але не было такой магчымасці, колькасць бюджэтных груп абмежавана, — расказвае Святлана Ісакаўна. — Так і ўзнікла ідэя стварэння групы на платнай аснове. Прадумалі ідэю, распрацавалі адпаведнае палажэнне. Бацькі найперш хацелі даць рознабаковае развіццё дзецям, каб усе паслугі, якія маюцца ва ўстанове, былі даступныя малым.
Былі і іншыя запыты: каб дзеці знаходзіліся ў больш камфортных умовах — не 20—25 чалавек у групе, а значна менш, і, нарэшце, каб педагогі былі з чулымі адносінамі да дзяцей, нават прафесійныя рэгаліі — катэгорыя, нейкія ўзнагароды — для бацькоў не ігралі такой ролі. Гэтыя тры асноўныя патрабаванні і імкнуліся забяспечыць ва ўстанове пры арганізацыі работы групы на платнай аснове.
Наступным крокам стаў разлік кошту. Справа, трэба адзначыць, няпростая і клапотная.
— У кошт закладзены выдаткі на харчаванне, на аплату працы педагогаў — як выхавальнікаў, памочніка выхавальніка групы, так і тых, хто працуе на дадатковых паслугах (фізічнага выхавання, англійскай мовы, музыкі, выяўленчага мастацтва, педагога-псіхолага), кошт арэнды студый для заняткаў гэтых дзяцей, налічэнні на аплату працы, накладныя расходы, амартызацыя, іншыя расходы, падаткі, зборы, адлічэнні, — пералічвае Святлана Ісакаўна. — Пры гэтым была закладзена і рэнтабельнасць работы ў памеры крыху больш за 20%. У выніку на сёння кошт наведвання такой групы — 2 млн 900 тыс. рублёў. Асноўны складнік тут — заработная плата (прыходзіцца больш за 1 млн ад агульнай сумы), харчаванне, іншыя расходы. Пры гэтым дагаворам прадугледжана, што ў выпадку павышэння заработнай платы педагогаў адпаведныя змены будуць і ў кошце аплаты за сад.
Гэтыя грошы паступаюць на пазабюджэтны рахунак установы, адкуль потым расходуюцца ў адпаведнасці з пэўнымі артыкуламі.
Нягледзячы на, шчыра кажучы, немалы кошт, праблем з наборам дзяцей у групу не было. Гэта яшчэ раз сведчыць пра тое, што попыт у грамадстве на такую адукацыйную паслугу ёсць.
— Больш складана было набраць дзяцей аднаго ўзросту — 3-4 гады, — працягвае спецыяліст. — Стварыць рознаўзроставую групу было б прасцей. Але пры такім падыходзе цяжка казаць пра якаснае развіццё дзяцей: арганізаваць работу такім чынам, каб максімальна ўлічыць патрэбы дзіцяці кожнага ўзросту, выхавальнікам вельмі складана, а часам і немагчыма.
На сённяшні дзень спісачны склад групы на платнай аснове 16 чалавек. Звычайна наведвае 11-12 дзяцей. Умовы стварылі камфортныя — установа прадаставіла для патрэб групы ўжо абсталяванае памяшканне. Педагогі — два выхавальнікі, а таксама памочнік выхавальніка адпавядаюць тым патрабаванням, якія агучвалі бацькі.

Менш — не значыць лягчэй

Як і любая іншая новая справа, адкрыццё групы на платнай аснове не абышлося без сюрпрызаў. Найперш — з фінансавага боку. Нягледзячы на тое, што пры разліку кошту наведвання такой групы для ўстановы была закладзена рэнтабельнасць у памеры 20%, разлічваць на высокія даходы ад гэтага віду дзейнасці пакуль не прыходзіцца. Прычына — у наведвальнасці групы.
— Дзеці захварэлі, напрыклад, падчас эпідэміі грыпу, — у выніку прыйшлі тры-пяць чалавек: з якіх сродкаў плаціць заработную плату выхавальнікам? Яны ж у любым выпадку выйшлі на работу, і іх заробак не залежыць ад колькасці выхаванцаў. Дзе браць сродкі ў такім выпадку? Неабходна страхоўка на такія сітуацыі, магчыма, у выглядзе большага працэнта рэнтабельнасці, — прыводзіць прыклад кіраўнік дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці. — На гэты конт мы прадугледзелі пэўныя моманты ў дагаворы, які заключаецца паміж установай адукацыі і бацькамі выхаванцаў групы на платнай аснове. Нават калі дзіця не наведвае групу, бацькі аплачваюць пэўны працэнт ад устаноўленай сумы. Калі гэта пропуск па хваробе — меншы, без уважлівай прычыны — большы.
Увогуле, дагавор — вельмі важны пункт. Нашы бацькі ўважліва прачыталі яго, вывучылі дома і толькі пасля гэтага і падрабязнага разгляду на бацькоўскім сходзе падпісалі.
Пэўным расчараваннем стала і тое, што нават работа групы на платнай аснове не дае магчымасці дадаткова прэміраваць работнікаў.
— На сёння не вельмі прапрацавана нарматыўная база ў гэтым пытанні. Мы маглі б зрабіць больш у гэтым кірунку, калі б была магчымасць прэміраваць педагогаў. Сёння ж яны працуюць на тых жа асновах, што і спецыялісты ў бюджэтных групах. Калі рыхтавалі з эканамістамі каштарыс, заклалі ім толькі надбаўку да кантракта 50%. Але ў іх няма матэрыяльнай дапамогі, дапамогі на метадычную літаратуру. І яшчэ: педагогі, якія працуюць у групе на платнай аснове, губляюць гэтыя гады для стажу для выхаду на льготную пенсію, — адзначае Святлана Ісакаўна.
Між тым умовы работы тут асаблівыя. Выхавальнікі Ірына Аляксандраўна Воўна і Наталля Уладзіміраўна Карчэўская не ўтойваюць: у бацькоў гэтай групы патрабаванні вельмі высокія. І нават меншая колькасць дзяцей не кампенсуе напружанасці работы.
— Усё ж гэта ў большасці сваёй своеасаблівая група бацькоў і дзяцей, — заўважае Ірына Аляксандраўна. — Першапачаткова бацькі не заўсёды правільна ўспрымалі сітуацыю, але з часам нам удалося наладзіць кантакт. Сёння ніякіх спрэчных сітуацый не ўзнікае: мы чуем іх, яны — нас. А вось з адаптацыяй дзяцей больш складана. Практычна ўсе яны да гэтага часу не наведвалі дзіцячыя ўстановы, а раслі пад наглядам нянек. Адсюль — адсутнасць сацыялізацыі, навыкаў самаабслугоўвання, вельмі высокія патрабаванні ўвагі да сябе і ўласных патрэб. І ўсё гэта трэба ўлічваць і неяк згладжваць, каб не толькі забяспечыць догляд дзяцей, але і зацікавіць іх у наведванні групы, у далейшым развіцці. Зараз развіваем малых па самых розных кірунках — лепка, маляванне, валенне, музыка, тэатр і іншае.
— Проста догляд наўрад ці зацікавіць бацькоў, — падтрымлівае думку кіраўнік установы. — Гэта сем’і могуць атрымаць і ў прыватным парадку — наняць няньку. Іх больш цікавіць усебаковае развіццё дзіцяці. І не без гонару скажу, што ў гэтым пытанні мы можам канкурыраваць і з прыватнымі дашкольнымі ўстановамі, і цэнтрамі развіцця дзяцей.

 

Алена МАРКЕВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.