Што такое дзіцячая вёска, чулі, напэўна, многія, у краіне ёсць дзіцячыя SOS-вёскі, вёскі “Вытокі”. Тут размяшчаюцца катэджы, у якіх жывуць маці або маці і бацькі са сваімі выхаванцамі, дзецьмі-сіротамі або малымі, якія засталіся без апекі родных бацькоў. А вось пра такую форму ўладкавання хлопчыкаў і дзяўчынак, як дзіцячы гарадок, ведаюць далёка не ўсе, хаця б таму, што гарадок такі ў рэспубліцы адзін, ён размешчаны ў Ленінскім раёне сталіцы, і выхоўваюць тут малых пераважна з гэтага раёна Мінска.
Як жыве гарадок (дарэчы, дзяржаўная ўстанова адукацыі) у вялікім горадзе, як супрацоўнікі ўстановы рыхтуюць дзяцей да будучага самастойнага жыцця, як працуюць над тым, каб юнакі і дзяўчаты ўваходзілі ў гэтае жыццё максімальна падрыхтаванымі?
За школай, за садам
…Дырэктар дзіцячага гарадка Аксана Яўгенаўна Арлова растлумачыла мне па тэлефоне, што ад аўтобуснага прыпынку да іх тэрыторыі трэба ісці дварамі праз 153-ю школу і міма дзіцячага садка. Мне пашанцавала: па дарозе сустрэла жанчыну, якая ішла на работу якраз у школу № 153.
— А вам дзіцячы дом патрэбен? Ведаю, канечне, — адразу ж сказала яна ў адказ на маё пытанне. — Хаця, здаецца, там дзіцячы дом сямейнага тыпу. Не, зараз ужо дзіцячы гарадок — так правільна называецца, многія дзеці з яго ў нас вучацца.
Усё так і ёсць, як расказала мая выпадковая спадарожніца, усё ў яе адказе паслядоўна. У памяшканні былога дзіцячага сада на вуліцы Якубава спачатку арганізавалі гарадскі дзіцячы дом № 8, яшчэ ў 90-я гады, але праіснаваў ён нядоўга. — Годам заснавання дзіцячага гарадка мы лічым 2001-ы, калі тут з’явіліся першыя кватэры, — гаворыць кіраўнік установы. — Яны спачатку функцыянавалі як дзіцячы дом сямейнага тыпу, але паступова, дзякуючы і юрыдычнай, і структурнай рэарганізацыі, тут умацаваўся дзіцячы гарадок.
— А што гэта за кватэры, пра якія вы згадалі? — пытаю ў Аксаны Яўгенаўны.
— У нашым будынку размяшчаецца 12 выхаваўчых груп, — тлумачыць мая суразмоўніца, — якія мы каротка называем кватэрамі. Гэта і ёсць, па сутнасці, кватэры. У кожнай і пярэдні пакой, і гасцёўня, і спальня маці-выхавальніцы, і спальні дзяцей, дзе жывуць часцей за ўсё па двое, радзей па трое малых. І, канечне, у кожнай кватэры ёсць цалкам абсталяваная кухня, агульнай сталовай у нас няма, кожная выхаваўчая група арганізоўвае сваё харчаванне самастойна. Карацей, быт наладжаны цалкам па-сямейнаму, што, безумоўна, надзвычай важна для сацыялізацыі выхаванцаў.
У кожнай кватэры па нарматывах жывуць ад 5 да 10 малых, але сёння самая вялікая колькасць жыхароў адной групы — восем плюс маці. Усяго ў гарадку зараз выхоўваюцца 72 хлопчыкі і дзяўчынкі, 67 з якіх — школьнікі. Самай маленькай выхаванцы 3 гадкі, самаму старэйшаму хлопцу 17 гадоў. Усе яны ходзяць у звычайныя дзіцячыя сады і школы. Больш за ўсё, 32 чалавекі, — у бліжэйшую, 153-ю, школу, 27 хлопчыкаў і дзяўчынак — у 164-ю. Наведваюць дзеці і іншыя агульнаадукацыйныя ўстановы. Усе дашкаляты ходзяць у спецыялізаваныя лагапедычныя групы, бо ўсе маюць цяжкія парушэнні маўлення, частка школьнікаў вучыцца ў інтэграваных класах, бо таксама мае пэўныя псіхафізічныя асаблівасці. Але ёсць і выхаванка, якая наведвае гімназію, паступіўшы туды, зразумела, пасля неабходных іспытаў. Васьмікласніца Ульяна Токар вучыцца ў гімназіі № 17 з музычна-харавым ухілам, маючы сярэдні бал пасля заканчэння другой чвэрці 9. А Уладзіслаў Песенка паступіў у 2015 годзе на ваенна-тэхнічны факультэт БНТУ. Ёсць і іншыя студэнты, у тым ліку ў педуніверсітэце, а таксама ў Мінскім дзяржаўным каледжы сферы абслугоўвання на спецыяльнасці “Дашкольнае выхаванне”.
— Калектывам школ, у якіх вучацца нашы дзеці, мы вельмі ўдзячны, — адзначае Аксана Яўгенаўна. — Нас разумеюць, дапамагаюць падцягнуць цяжкіх у плане навучання дзяцей. Так, сёлета ў гарадок трапіла дзяўчынка, якая ўжо скончыла першы клас. Яна пачынала вучыцца ў біялагічнай сям’і, адкуль яе забралі ў сацыяльны прытулак, а затым яна была пераведзена ў іншую школу. Усё гэта было вельмі складана для дзіцяці, і ў другі клас яна прыйшла, не ўмеючы чытаць, таму мы і ў школе прасілі настаўнікаў займацца дадаткова, і самі з ёй займаліся, і сваякоў яе падключылі. І працэс, што называецца, пайшоў, дзяўчынка даганяе аднакласнікаў.
* каштоўнасці сям’і і яе адказнасці за лёс кожнага дзіцяці;
* набліжэння ўмоў выхавання і пражывання дзяцей-сірот да сямейных;
* фарміравання самастойнага жыцця выхаванцаў і іх паспяховай сацыялізацыі.
— Нашы маці-выхавальніцы маюць магчымасць займацца асобна з кожным дзіцем, кантраляваць выкананне ўрокаў, цесна супрацоўнічаць са школай, адсочваць наведвальнасць, — дадае спецыяліст.— Прагульшчыкаў у нас вельмі мала, і ўрокі яны прапускаюць у адзінкавых выпадках, бо педагогі адразу тэлефануюць маці, а тыя адразу рэагуюць. І гэта таксама пэўныя элементы сацыялізацыі.
Па словах А.Я.Арловай, малым з гарадка дапамагаюць і бацькі іх аднакласнікаў. Скажам, збіраюць сродкі, каб дапамагчы дзецям выехаць на экскурсіі разам з класам.
Па-сямейнаму
Маці-выхавальніцы ў гарадку — гэта сталыя жанчыны, неабавязкова з педагагічнай адукацыяй, але з пэўным вопытам і пэўнай жыццёвай пазіцыяй, кожная пры прыёме на работу праходзіць псіхалагічнае тэсціраванне. Часта гэта жанчыны, якія сваіх дзяцей ужо выгадавалі, а ўсіх сваіх мацярынскіх памкненняў не задаволілі, адчуваюць у сабе сілы дапамагчы іншым дзецям. Адна з жанчын, Ірына Іванаўна Касіян, нават сама выхоўвалася ў дзіцячым доме. Усяго ў гарадку 12 пастаянных выхавальніц і дзве падменныя — на час выхадных і адпачынку пастаянных маці.
Сваіх выхавальніц тутэйшыя малыя называюць па-рознаму. Маленькія звычайна гавораць “мама”, старэйшыя кажуць “цёця” або называюць жанчын па імені і імені па бацьку. Сутнасць не ў гэтым, а ў тым, што дзеці жывуць у кожнай кватэры як у звычайнай сям’і: маці ходзяць на бацькоўскія сходы, усе разам адзначаюць дні нараджэння малых у “МакДоналдсе”, калі хто захварэў, выклікаюць участковага педыятра, а на планавыя агляды водзяць малых у паліклініку. Прычым старэйшыя дзеці самастойна могуць запісацца на прыём, а калі трэба, і звадзіць да ўрача малых, узяць даведку ў басейн або спартыўную секцыю, што таксама спрыяе сацыялізацыі.
Безумоўна, за выхаванцамі замацоўваюцца і пэўныя дамашнія абавязкі: памыць бялізну, прыбраць у пакоі, дапамагчы на кухні. А яшчэ яны самастойна робяць пакупкі, вучацца выбіраць прадукты па суадносінах “цана — якасць”, абавязкова цікавяцца тэрмінам прыдатнасці прадуктаў, прыносяць чэкі. Не заўсёды такія паходы заканчваюцца ўдала. Можа быць, напрыклад, такое: ідзе маці-выхавальніца дадому і бачыць, што дарожка пасыпана цукрам. Ну, зразумела, хтосьці з малых нёс пакет з магазіна і не заўважыў, што ён падзёрся. Ну і што? Маці паразмаўляе са сваімі падапечнымі, і наступны раз яны будуць больш уважлівымі. Так, як гэта адбываецца ў самых звычайных сем’ях.
Ды і самі жанчыны настолькі ўцягваюцца ў работу, што яна становіцца для іх ладам жыцця. З дазволу адміністрацыі, напрыклад, возяць дзяцей летам на ўласныя дачы — атрымліваецца сапраўдны сямейны адпачынак. І хто там думае, свае гэта малыя ці выхаванцы, калі ўсім разам добра і весела?
Важна, што да пэўнай самастойнасці ўдаецца прывучыць нават самых маленькіх. Так, нядаўна сям’я з Карэліцкага раёна ўзяла пад апеку маленькага выхаванца гарадка. Нядаўна прыёмная маці тэлефанавала, расказвала, як хлопчык, якому ўсяго тры з паловай гады, імкнецца дапамагчы бацькам. А вучыцца самастойнасці ён пачаў менавіта ў гарадку, назіраючы за старэйшымі дзецьмі ў сваёй выхаваўчай групе.— Увесь уклад жыцця гарадка накіраваны на выхаванне самастойнасці і сацыяльнай адаптаванасці ў дзяцей, — падкрэслівае А.Я.Арлова. — Так было з самага пачатку, так мы і працягваем працаваць. Праўда, пры ўсім адамашніванні нашага ўкладу жыцця мне не вельмі падабаецца, калі кажуць, што гарадок — гэта сям’я. Гэта хутчэй мадэль сям’і, бо ў кожнага з нашых выхаванцаў была або ёсць родная сям’я, якую яны памятаюць. Мы гэтым вельмі даражым, імкнёмся падтрымліваць цесныя сувязі з біялагічнымі бацькамі, калі гэта магчыма. Не так многа, як хацелася б, але адну сям’ю ў год аднавіць атрымліваецца. Гэта вялікая работа. З апошняй такой сям’ёй, якая аднавілася ў маі 2015-га, давялося працаваць тры гады.
На думку Аксаны Яўгенаўны, ад зін з паказчыкаў гатоўнасці родных бацькоў да выхавання свайго сына ці дачкі — пакрыццё расходаў на ўтрыманне дзіцяці. Значыць, яны стабільна працуюць, значыць, гатовы ўзяць усе расходы на сябе. Важна і тое, каб не было даўгоў па аплаце камунальных паслуг. Бо навошта забіраць дзіця, калі заўтра на яго ўтрыманне не хопіць грошай?
Разумная эканомія, добрая дапамога
Маці-выхавальніцы дзіцячага гарадка атрымліваюць зарплату ў памеры 5,3 — 5,5 мільёна рублёў, дзве з іх, між іншым, жывуць у гарадку са сваімі роднымі непаўналетнімі дзецьмі. На кожнага выхаванца ў месяц выплачваецца каля 2 мільёнаў рублёў, і за гэтыя грошы трэба забяспечыць яго харчаванне, апрануць, арганізаваць вольны час, выдзеліць сродкі на гаспадарчыя расходы, медыцынскія прэпараты, канцылярскія тавары і г.д. Жыццё не шыкоўнае, канечне, але частку сродкаў удаецца сэканоміць дзякуючы дабрачынцам. Падарылі, напрыклад, дзецям на Новы год цукеркі і садавіну, значыць, купляць іх не трэба. Запрасілі на бясплатны спектакль — зноў можна нешта адкласці на іншыя патрэбы. Фларысты правялі з малымі майстар-клас, прывезлі свае матэрыялы, і дзякуючы гэтаму будынак да Каляд і Новага года быў упрыгожаны, а дзеці надзвычай цікава правялі вольны час і многаму навучыліся. Да таго ж фларысты прывезлі малым шмат адзення, арганізавалі салодкі стол.
Сэканомленыя грошы становяцца сапраўднай палачкай-выручалачкай, калі хтосьці з выхаванцаў выходзіць у самастойнае жыццё. Скажам, мінулым летам адзін з выпускнікоў атрымаў аднапакаёвую кватэру, а там ні ложка, ні посуду, наогул нічога — голыя сцены. Вось і выручае скарбонка. Або пайшлі хлопец ці дзяўчына вучыцца ў каледж: інтэрнат ёсць, а набыць, скажам, зімовае адзенне і абутак на 2—2,5 мільёна, якія складаюцца са стыпендыі і дзяржаўнай дапамогі, цяжка — вось і аказваецца вельмі дарэчы “пасаг” з гарадка. Хаця некаторым выхаванцам дапамагаюць блізкія. У дзіцячым гарадку, шчыра прызнаецца дырэктар, імкнуцца, калі падлеткі нядрэнна вучацца, пакінуць іх у сябе, пакуль яны не закончаць 11 клас, бо гэтыя два гады вельмі важныя. Адна справа — выпусціць у самастойнае жыццё пятнаццацігадовага хлопца ці дзяўчыну, іншая — даць такую магчымасць амаль паўналетняму або паўналетняму маладому чалавеку. У любым выпадку выхаванцы ўстановы, якія працягваюць адукацыю, маю ць магчымасць, напрыклад, падчас канікул вярнуцца ў гарадок, пажыць у сям’і, з якой выйшлі. Гэта для іх псіхалагічна больш камфортна, ды і ў інтэрнатах на канікулах становіцца сумна. Ну а маці-выхавальніцы стараюцца сваіх выпускнікоў і накарміць смачней, і з сабой нейкія прадукты даць.
Сёлета адміністрацыя гарадка разглядае пытанне аб тым, каб непаўналетнія, якія паступаюць у прафесійна-тэхнічны ліцэй або іншыя навучальныя ўстановы, маглі заставацца жыць у гарадку на дзяржзабеспячэнні. На вучобу такія дзеці будуць ездзіць, як і дамашнія дзеці, са сваіх кватэр.
Мужчынскае выхаванне
Справядліва лічыцца, што для паўнацэннага выхавання дзяцей, асабліва хлопчыкаў, для таго каб потым маладыя людзі стваралі свае моцныя сем’і, неабходны такі складнік, як прыклад мужчынскіх паводзін. У звычайнай няпоўнай сям’і такую ролю на сябе, як правіла, бяруць дзядулі, дзядзькі, іншыя сваякі. У дзіцячым гарадку сярод выхавальнікаў, як і сярод іншых супрацоўнікаў-педагогаў, муж чын няма. У школах мужчын таксама вельмі мала. Але выхаванцы гарадка зусім не пазбаўлены зносін з прадстаўнікамі мужчынскага полу.
Так, падчас нашай размовы з А.Я.Арловай да яе ў кабінет зайшла прадстаўніца грамадскай арганізацыі “Ніці сяброўства” наконт трэніровак хлопчыкаў, якія жывуць у гарадку, і падрыхтоўкі іх да футбольных спаборніцтваў — гарадскога чэмпіянату сярод выхаванцаў інтэрнатных устаноў, адкрыццё якога адбудзецца 23 лютага, якраз у самае мужчынскае свята. Грошы ад продажу білетаў будуць перададзены тым установам, якія прымуць удзел у спаборніцтвах, што арганізоўваюцца пры падтрымцы Мінгарвыканкама і аднаго з беларускіх банкаў. А галоўныя трэнеры — прадстаўнікі футбольнага клуба “Дынама”. Вось яны, а таксама валанцёры — не спартсмены і выступаюць для тутэйшых хлапчукоў у ролі не толькі трэнераў, але і выхавальнікаў, узору мужчынскіх паводзін.
Між іншым, рэгулярныя паездкі на трэніроўкі яшчэ адзін нядрэнны прыклад сацыялізацыі выхаванцаў дзіцячага гарадка, бо на трэніроўкі яны ездзяць самастойна, малодшыя — пад наглядам старэйшых. У звычайных сем’ях такая самастойнасць лічыцца нормай. Чаму ж для малых, якія пазбаўлены апекі бацькоў, павінна быць інакш? Ім, жыхарам вялікага горада, безумоўна, неабходна ўмець карыстацца грамадскім транспартам. Скажаце, дробязь? Не пагаджуся. З такіх дробязей шмат у чым і складаецца сацыяльная адаптацыя. Чым больш падобных “я сам” або “я сама” будзе за плячыма кожнага выпускніка дзіцячага дома любога тыпу, тым больш упэўнена ён ці яна ўвойдуць у дарослае жыццё, тым з меншай колькасцю цяжкасцей і небяспек сутыкнуцца.
Адзін з пастаянных шэфаў гарадка — эканамічны суд Мінска. Тут таксама працуе нямала мужчын, якія сустракаюцца з сем’ямі, дзеляцца з малымі жыццёвым вопытам. Пастаянна дапамагаюць гарадку ўдзельнікі футбольнага клуба “Мінск”. Нядаўна члены гэтага клуба прыехалі не адны, а ў кампаніі спевака Тэа, які даў дзецям і супрацоўнікам невялікі канцэрт.
— Мы ўжо гатовы да таго, каб узяць на работу сямейную пару, — заўважае дырэктар дзіцячага гарадка. — Калісьці тут праводзіўся падобны эксперымент, праўда, не вельмі ўдала. Але, думаю, мы зноў паспрабуем.
***
Так вось жыве маленькі гарадок у вялікім горадзе: няпроста, цікава, са сваімі перамогамі і няўдачамі. А вось чаго нельга сказаць пра яго дзейнасць, дык гэта тое, што ён неэфектыўны. Эфект ёсць, і адзін з найважнейшых яго аспектаў, на мой погляд, менавіта сацыялізацыя дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Яны выходзяць у свет, які чымсьці іх палохае, чымсьці здаецца загадкавым, але пэўны старт, з пункту гледжання прыстасаванасці да самастойнага жыцця, у гэтых маладых людзей ёсць.
Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.