Крокі насустрач

Пачынаць самастойнае жыццё заўсёды цяжка, але ўдвая складаней даводзіцца маладым людзям, якія па тых або іншых прычынах засталіся без самых блізкіх сваякоў. Прычым гаворка не столькі аб матэрыяльных праблемах. Амаль кожны з дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, час ад часу трапляе ў сітуацыю, калі няма з кім параіцца ці проста шчыра паразмаўляць, і тады адзіным выйсцем застаецца зварот па псіхалагічную дапамогу.

— Калі-нікалі можна пачуць, што сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, з’яўляюцца ўтрыманцамі і здольны толькі штосьці патрабаваць. Разам з тым не ўсе разумеюць, што гэтыя маладыя людзі сапраўды могуць апынуцца ў крызіснай сітуацыі і страціць надзею, а таму ім патрэбна падтрымка, — зазначае псіхолаг Чавускага раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Вольга Аляксандраўна Пугачова. — Так, яны пакідаюць інтэрнатныя ўстановы ці замяшчальныя сем’і з пэўным багажом жыццёвых ведаў і навыкаў, прынамсі, абсалютная большасць можа схадзіць у магазін, прыгатаваць абед, прыбраць у пакоі. Аднак пры гэтым у некаторых узнікаюць цяжкасці з распараджэннем фінансамі. Хтосьці пасля атрымання грошай першым чынам купляе на іх смартфон або планшэт і асабліва не задумваецца, што ў яго адсутнічае коўдра, падушка, посуд, іншыя прадметы першай неабходнасці, што можа настаць час, калі не будзе за што купіць прадукты харчавання. Вось чаму неабходна тлумачыць, што свае расходы трэба дэталёва, з разлікам на перспектыву распланаваць. Прычым весці такія размовы лепш акуратна, без якога-небудзь націску. Тут нельга дыктаваць умовы, бо тады ёсць верагоднасць супраціўлення, маўляў, мы не маленькія. І ў выніку вас проста не стануць слухаць. Аднак асноўная праблема ў іншым. Развіццё дзіцяці заўсёды ідзе праз зносіны, а іх недахоп адбіваецца на псіхіцы і паводзінах. Маладыя людзі, якія не выхоўваліся ў роднай сям’і, складаней прыстасоўваюцца да самастойнага жыцця. У іх свой свет. Яны даверлівыя і больш лёгка паддаюцца самым розным уплывам. А значыць, існуе рызыка, што яны могуць трапіць у дрэнную кампанію і сапсаваць сваю будучыню.
— Чым больш часу да змяшчэння ў інтэрнат ці ў замяшчальную сям’ю выхаваннем дзіцяці займаліся бацькі ці блізкія сваякі, тым вышэйшая ступень адаптаванасці такіх дзяцей, яны прасцей вызначаюцца з жыццёвымі прыярытэтамі і разлічваюць свае сілы, — кажа Вольга Пугачова. — А вось тым, хто пазбавіўся сям’і ў раннім дзяцінстве, даводзіцца цяжка. Яны могуць застацца пакрыўджанымі на ўсіх дарослых, як правіла, у іх адзначаецца нізкая самаацэнка, назіраецца трывожнасць. Такія дзеці вельмі запальчывыя, дрэнна ідуць на кантакт, пастаянна з-за нечага нервуюцца, паводзяць сабе агрэсіўна.
Якога-небудзь універсальнага выйсця ў гэтым выпадку не існуе. Да кожнага сіраты ці дзіцяці, якое засталося без бацькоўскай апекі, неабходна падыходзіць індывідуальна, і лепш за ўсё правесці па спецыяльных методыках псіхалагічную дыягностыку, якая і дазволіць зразумець, на што трэба рабіць акцэнты. Але пры любой раскладцы ўпор трэба рабіць на павышэнне самаацэнкі. У прыватнасці, ёсць простая парада: запісаць на картках свае станоўчыя якасці, развесіць гэтыя карткі на бачным месцы ў пакоі і падыходзіць да іх як мінімум 3—4 разы ў дзень. Таксама карысныя заняткі ў групе, калі юнак ці дзяўчына запісвае на аркушы паперы адну са сваіх адмоўных якасцей, а ўсе астатнія — станоўчыя характарыстыкі. Такім чынам у маладых людзей адбываецца фарміраванне іншых уражанняў аб сабе.
— Пры Чавускім раённым цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва для моладзі ва ўзросце ад 18 да 23 гадоў з ліку сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, працуе клуб “Крок насустрач”, на занятках якога мы імкнёмся настроіць юнакоў і дзяўчат на аптымістычнае ўспрыманне навакольнага свету, — працягвае Вольга Пугачова. — Акрамя таго, надзвычай важна дапамагчы ім вызначыцца з мэтамі ў жыцці.

Дарэчы

— Як паказвае практыка, у пачатку самастойнага жыцця дзецям-сіротам і дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, можа спатрэбіцца садзейнічанне ў атрыманні пашпарта, рэгістрацыі (прапісцы), вырашэнні самых розных бытавых пытанняў, працаўладкаванні. Акрамя таго, мы прадастаўляем кансультацыі па заканадаўстве, а па магчымасці аказваем і гуманітарную дапамогу, — кажа начальнік аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Чавускага раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Іна Віктараўна Міхальчук. — Аднак ці не самы важны напрамак падтрымкі — забеспячэнне жыллём. Дзякуючы своечасоваму прадастаўленню навучальнымі ўстановамі інфармацыі аб сваіх выпускніках з ліку дзецяй-сірот і дзяцей, што засталіся без бацькоўскай апекі, якія павінны прыехаць у раён, а таксама шчыльнаму супрацоўніцтву з аддзелам жыллёва-камунальнай гаспадаркі Чавускага райвыканкама, для ўсіх прадстаўнікоў гэтай катэгорыі, што маюць патрэбу ў жыллі, загадзя браніруюцца месцы ў інтэрнатах. Што ж да перспектыў, то падчас гутарак з дзецьмі-сіротамі і дзецьмі, якія засталіся без апекі бацькоў, мы звяртаем увагу: паводле Указа кіраўніка дзяржавы № 460 ад 16 лістапада 2015 года, ім будуць прадастаўляцца жылыя памяшканні сацыяльнага карыстання тэрмінам на 5 гадоў, а пасля гэтае жыллё па рашэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў пяройдзе ў склад жылых памяшканняў камерцыйнага карыстання. Адпаведна, сёння мы раім не рабіць стаўку на сацыяльнае жыллё, а шукаць магчымасці для будаўніцтва. Тым больш што Указ № 460 прадугледжвае даволі выгадныя ўмовы: дзецям-сіротам і дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, на працягу тых жа 5 гадоў даецца права на льготны крэдыт, у тым ліку ў пазачарговым парадку і без аднясення да катэгорыі малазабяспечаных. Такі крэдыт прапаноўваецца выдзяляць тэрмінам на 40 гадоў пад 1 працэнт гадавых.

На жаль, часам высвятляецца, што малады чалавек выбраў прафесію па чыёйсьці парадзе, а асаблівага жадання займацца гэтай справай няма. У такой сітуацыі ў раённым цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва тлумачаць, што, каб працаваць з задавальненнем, неабходна прайсці перанавучанне. Прычым скідваць з рахункаў варыянт паступлення ў тыя ж установы вышэйшай адукацыі таксама нельга, і асабліва на завочную форму.
— Я пастаянна кажу: можна дасягнуць усяго, чаго хочаш, але для гэтага трэба разлічваць толькі на свае сілы і правільна выбіраць мэты, — заўважае Вольга Пугачова. — Не сакрэт, што многія мараць аб прыгожым жыцці. Аднак неабходна разумець, што купіць машыну ці пабудаваць сабе дом у адно імгненне немагчыма, таму адразу ставіць высокія планкі ні ў якім разе нельга. Мэта павінна быць рэальнай і актуальнай для чалавека менавіта ў гэты момант. Да таго ж не варта забываць, што да здзяйснення мары ідуць паступова, адпаведна, важна скласці канкрэтны план пакрокавых дзеянняў. Скажам, каб добра зарабляць, неабходна падумаць, як можна павысіць свой прафесійны ўзровень і атрымаць добрую работу.
Адначасова трэба імкнуцца ўдасканальваць сябе, набываць новыя веды, пашыраць кола сяброў, якія ўжо здолелі нечага дасягнуць, весці актыўны лад жыцця. Калі ляжаць на канапе, то ніколі нічога не атрымаецца — гэта першае правіла. А другое датычыцца рацыянальнага размеркавання сваіх сіл. Іх дае правільны адпачынак, а значыць, вельмі добра, калі існуе цікавасць да пэўнага віду творчасці ці заняткаў спортам. Аднак станоўчы эфект можа даць нават звычайная вячэрняя прагулка або 5—10-мінутнае рэлаксаванне пад спакойную музыку.
— Зразумела, мы звяртаем увагу на неабходнасць стварэння ўласнай сям’і, — адзначае Вольга Пугачова. — Юнакі і дзяўчаты, якія маюць негатыўны вопыт, не павінны паўтарыць шлях сваіх бацькоў. За гэтымі маладымі людзьмі няма кантролю, ім няма каму падказаць, таму трэба ўвесь час нагадваць аб наступствах шкодных звычак, аб небяспецы хвароб, якія перадаюцца палавым шляхам, аб тым, як засцерагчыся ад непажаданай цяжарнасці, неабходна распавядаць ім пра сямейныя каштоўнасці і пра шляхі вырашэння канфліктаў, а таксама вучыць, што любая сям’я — гэта ў першую чаргу адказнасць і гатоўнасць ісці насустрач.
Сем’яў, дзе не ўзнікае спрэчак, няма. Усе мы розныя людзі, у нас могуць не супадаць погляды і жаданні. Бывае, што ў мужа ці жонкі проста няма настрою, але гэта не падстава для сварак і зняваг, а тым больш для прыняцця кардынальных рашэнняў аб расставанні.

7 спосабаў павышэння самаацэнкі

1. Даруйце сабе ўсе няўдачы і пралікі. Вялікая колькасць нашага самага каштоўнага рэсурсу — часу — ідзе на абдумванне мінулых непрыемнасцей. Хопіць гэтым займацца. Вы атрымалі ўрокі, гэтага дастаткова.
2. Забудзьце фразы накшталт “У мяне не атрымаецца” ці “Такое заўсёды са мной адбываецца”.
3. Успомніце, як вы звяртаецеся да сябе ў думках. Лепш, калі такім зваротам будзе прыемны для сябе варыянт вашага імя ці “дарагі/дарагая”. А вось думаць аб сабе зняважліва недапушчальна.
4. Завядзіце дзённік і рэгулярна запісвайце ў яго свае поспехі. Не абавязкова рабіць гэта штодня, галоўнае — дакладна і падрабязна апісваць усё, чаго ўдалося дасягнуць дзякуючы ўласным намаганням.
5. Пастарайцеся звяртаць менш увагі на каментарыі і парады навакольных — зразумела, акрамя людзей, якім вы давяраеце. Сярод такіх дарадцаў могуць быць раўнадушныя, не зусім адэкватныя ці нават варожыя людзі. Навошта вам іх рэкамендацыі?
6. Дазваляйце сабе жыць, як душа жадае. Магчыма, адчуваць упэўненасць не даюць тыя ці іншыя забароны, якія вы самі для сябе ўстанавілі. Пазбаўцеся ад такіх забарон. А яшчэ адводзьце больш часу любімым заняткам.
7. Вызначце для сябе якую-небудзь канкрэтную мэту, складзіце падрабязны, з вызначэннем паслядоўнасці крокаў для яе дасягнення, план. Пры гэтым не забывайцеся, што мэта павінна быць рэальнай, а ўвасабленне той ці іншай ідэі — сапраўды жаданым для вас.

— Ніколі не трэба шукаць нейкія хібы ў мужа ці жонкі, — заўважае Вольга Пугачова. — Калі ёсць імкненне разумець адно аднаго і шукаць кампраміс, то сям’я будзе моцнай. І яшчэ. Мы падкрэсліваем, што выказваць узаемныя прэтэнзіі і сварыцца забараняецца ў прысутнасці дзяцей. Для малых аўтарытэт бацькоў павінен быць аднолькавы, і калі ў мужа ці жонкі яго няма, пачынаюцца цяжкасці з выхаваннем.
Адным са сродкаў ад адзіноты многія лічаць інтэрнэт. Сапраўды, сайтаў на псіхалагічную тэматыку ў сусветным павуцінні сёння шмат, як, дарэчы, і разнастайнай псіхалагічнай літаратуры. Разам з тым, Вольга Пугачова зазначае, што часта іх змест не выклікае даверу. Таксама лепш праяўляць пэўную асцярожнасць, асабліва дзяўчатам, падчас пошуку ў сетцы новых сяброў.
— Інтэрнэт падыходзіць для зносін з сябрамі ці аднакурснікамі, іншымі знаёмымі, з якімі можна падзяліцца вопытам, расказаць аб праблемах. Аднак галоўнымі павінны быць непасрэдныя чалавечыя зносіны, — лічыць Вольга Пугачова. — Таму маладым людзям з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі, пажадана падтрымліваць пастаянны кантакт са сваімі былымі выхавальнікамі ў інтэрнатах ці баць-камі з замяшчальных сем’яў, а калі ёсць такая магчымасць — са сваякамі, бабулямі і дзядулямі. Шчырыя размовы са старэйшымі дазваляюць зразумець, што ўсе цяжкасці можна пераадолець і што жыццё трэба цаніць не за нейкія матэрыяльныя даброты, а проста таму, што яно ёсць.

Сяргей ГРЫБ.
Фота аўтара.