Бывай, школа! Прывітанне, выдаткі

Нядаўна размаўляла з сяброўкай, у якой сын сёлета заканчвае адзінаццаты клас. Знаёмая падзялілася трывогамі з нагоды блізкіх экзаменаў і цэнтралізаванага тэсціравання, расказала і аб расходах на выпускны вечар, апошні званок і іншыя непазбежныя выдаткі. Узгадалі мы і ўласныя выпускныя вечары. Галоўнае адрозненне сучасных выпускных і тых, што праходзілі яшчэ ў часы існавання Савецкага Саюза, у тым, што нам цяжка было дастаць пэўныя далікатэсы, абутак, святочныя сукенкі (мая маці, напрыклад, змагла набыць святочны касцюм для мяне, толькі здаўшы ў райспажыўсаюз пэўную колькасць мёду). Цяперашні час прапаноўвае ўсё што заўгодна ў любым асартыменце, але колькі ж гэта каштуе! А сапраўды, колькі?

Бюджэтны варыянт

Чуць даводзілася розныя лічбы. Прайшоў час, калі выпускны абмяжоўваўся ўрачыстым канцэртам і сустрэчай світання. Усё залежыць ад таго, што вырашылі выбраць выпускнікі і іх бацькі: выступленне эстрадных зорак, лімузіны, школьную сталовую, адпачынак у аграсядзібе, гульні-квесты і г.д. Ёсць, што называецца, неабходны мінімум, а ёсць і бізнес-варыянты.
Скажу пра мінскія школы, сітуацыю ў якіх ведаю лепш за ўсё. Самы дэмакратычны цэннік з тых, пра якія я даведалася, аказаўся ў школе, дзе бацькі “скінуліся” па 100 долараў у эквіваленце за аднаго выпускніка (сумеснае святкаванне з бацькамі тут не прадугледжана). Бацькоў гэтая лічба цалкам задавальняе, тым больш што ў яе ўваходзіць усё: набыццё шарыкаў для ўрачыстай лінейкі, кветак, падарункаў для першакласнікаў, паездка за горад пасля лінейкі, правядзенне выпускнога, вячэра ў школьнай сталовай і г.д. Праўда, як мне сказалі, ёсць верагоднасць, што з’явяцца нейкія дадатковыя расходы і бацькам трэба будзе крыху даплаціць.
Пакуль жа (на 20 мая) выдаткі былі размеркаваны больш-менш дакладна. Мільён перадаплаты аддалі школьнай сталовай з разліку, што на кожнага вучня пойдзе па 200 тысяч рублёў плюс свая садавіна, сокі, мінеральная вада, пры гэтым трэба дакупіць аднаразовыя шклянкі. За прадуктамі для пікніка на прыродзе пасля апошняга званка бацькі збіраліся ехаць на Камароўскі рынак, каб набыць мяса, і ў фірменны магазін аднаго з айчынных мясакамбінатаў — за паўфабрыкатамі, дзе спадабаліся і цана, і якасць прадукцыі.
Сам жа пікнік пройдзе недалёка ад Мінска пасля гарачых пейнтбольных баёў, за якія ўжо таксама выплачаны задатак — 600 тысяч рублёў. А ў цэлым на аднаго ўдзельніка гульні спатрэбіцца прыкладна 200 тысяч. Тыя, хто пажадае працягнуць стральбу шарыкамі з фарбай, змогуць даплаціць і прадоўжыць забаву. Як сказала адна мама, гэта куды больш танна, чым наймаць сядзібу за горадам, дзе яшчэ і забавы самім прыйдзецца прыдумваць. Ад варыянта паехаць пасля апошняга званка на экскурсію выпускнікі аднагалосна адмовіліся. Маўляў, былі ў такой паездцы пасля дзявятага класа, засумавалі. Лепш пабегаць, пашумець, даць выхад эмоцыям.
Што да кветак, то бацькоўскі камітэт гэтага класа вырашыў набыць ружы коштам па 20 тысяч рублёў за кветку ў аднаго з аптовых айчынных пастаўшчыкоў. Гелевыя паветраныя шарыкі (ужо надзьмутыя) абыдуцца ў 511 тысяч рублёў за 43 штукі.

Зробім самі

Бацькі гэтых школьнікаў нядрэнна сэканомілі, лічу, дзякуючы таму, што іх крэатыўныя дзеці ледзь ці не з пачатку навучальнага года рыхтуюць уласную канцэртную праграму для выпускнога вечара, збіраючыся на рэпетыцыі ці то два, ці то тры разы на тыдзень. Ні зорак, ні прафесійныя калектывы нікому і ў галаву не прыйшло запрашаць.
Дарэчы, чула ад мамы адной выпускніцы гімназіі, што яны вырашылі запрасіць ці то спевака-адзіночку, ці то музычны калектыў. Каштуе гэтае задавальненне прыкладна па 5 млн рублёў з кожнага навучэнца. Спадзяюся, ніхто не пашкадуе аб прынятым рашэнні ні ў першым, ні ў другім выпадку.
У згаданай вышэй школе ёсць яшчэ адзін сакрэт эканоміі бацькоўскіх сродкаў без страты якасці ўрачыстага свята. Гэта вядучы вечара — дыджэй, які некалькі гадоў назад скончыў школу і з таго часу ўжо неаднойчы разоў праводзіў выпускныя ў родных сценах. Так што і цана паслуг адэкватная, і якасць работы правераная.
А яшчэ тут пасля доўгіх спрэчак адмовіліся ад прафесійнага фатографа. Дзеці вырашылі, што з дапамогай сучаснай тэхнікі і тэхналогій змогуць самі справіцца з фота- і відэаздымкамі, калі хто пажадае мець апошнія. Не ведаю, ці апраўдае сябе такі варыянт, бо ўсё ж гэта традыцыя яшчэ з савецкіх часоў — мець прафесійны выпускны фотаальбом. Але жаданне саміх выпускнікоў у гэтым выпадку пераважвае ўсе іншыя аргументы. Магчыма, не зусім прафесійныя, але максімальна шчырыя ў сваёй непасрэднасці здымкі, — якраз тое, што трэба. У інтэрнэце я адшукала прапановы фатографаў зрабіць выпускны фотаальбом па цане ад 300 тысяч да 2,5 млн рублёў.
Верагодна, апісваючы гэты канкрэтны фінансавы план развітання са школай, я не назвала некаторыя дробязі, ды гэта ўжо сапраўды дробязі ў параўнанні з іншымі выдаткамі.

Мінімум і максімум

Шчыра кажучы, такі прымальны кошт свята не ўсюды, бо распытвала знаёмых аб тым, колькі ім каштавалі ўсе мерапрыемствы. Так, мая сяброўка, пра якую я ўжо ўзгадвала, здала на выпускны 150 долараў у эквіваленце. Яе сын заканчвае ліцэй пры адной з устаноў вышэйшай адукацыі. Памяшканне для свята бацькі выбралі ў адным з забаўляльных цэнтраў сталіцы. За арэнду, праўда, плаціць не трэба, але стравы — выключна з кухні гэтага цэнтра. Пры жаданні за стол могуць сесці і бацькі навучэнцаў, заплаціўшы за кожнага па 50 долараў у эквіваленце. Дарагавата, мне здаецца. Так палічыла і сяброўка, дадаўшы, што ідэя бацькам і дзецям сядзець за адным сталом здаецца ёй дзіўнай, таму яны з мужам ад прапанаванай магчымасці адмовіліся, як і некаторыя іншыя бацькі.
А вось адзін тата, напрыклад, расказаў, што аддаў за тое, каб сын надоўга запомніў заканчэнне школы, суму, роўную 350 доларам. Сюды ўваходзілі, акрамя іншага, святкаванне ў Палацы Рэспублікі, праезд выпускнікоў па горадзе на лімузінах, відэаздымка. Ведаю пра такую ж суму, якую сёлета бацькі вырашылі аддаць за выпускны сваіх дзяцей-гімназістаў. Святкаваць будуць у гасцінічным комплексе. Жанчыну, якая расказала пра гэта, абурыла нават не сама сума, а тое, што яна, адмовіўшыся ад святкавання выпускнога ў рэстаране, вымушана будзе аддаць суму, роўную 100 доларам, на ўпрыгожванне залы, бо атэстат дзецям таксама будуць уручаць у гасцінічным комплексе. Ва ўсякім разе ад яе гэтага патрабуе бацькоўскі камітэт. Чаму атэстаты не ўручаюць у гімназіі, як гэта робіцца традыцыйна, незразумела.
У інтэрнэце я знайшла інфармацыю пра выпускны ў Мінску коштам 500 долараў для кожнага. А вось у маленькіх населеных пунктах сумы звычайна не перавышаюць 100 долараў у эквіваленце. І нічога, выпускнікі звычайна застаюцца задаволенымі. У любым выпадку кожны сам вырашае, колькі і за што плаціць.

Цана прыгажосці

“Выпускны” бюджэт, зразумела, уключае пункт “адзенне і абутак”. Праўда, разбежка цэн тут даволі вялікая. Як сказала мама адной сёлетняй выпускніцы, можна купіць сукенку і за 500 тысяч, і за 3 млн рублёў. А хто паспяшаўся, той і праз інтэрнэт адзенне заказаў і добра на гэтым сэканоміў. Вялікая разбежка цэн і на абутак. А касцюмы для хлопцаў, якія ў большасці выбіраюць італьянскі стыль з вузкімі штанамі і прыталеным укарочаным пінжаком, каштуюць ад 1 млн 700 тысяч рублёў айчыннай вытворчасці. 2,5 млн трэба будзе заплаціць за такі касцюм вытворчасці Турцыі, да 4 млн і вышэй — за камплект, зроблены ў Італіі (цэны ў адным з гандлёвых цэнтраў сталіцы).
Дададзім да ўсяго пералічанага кашулю, гальштук, упрыгажэнні і іншыя аксесуары для дзяўчат — і сума атрымаецца ўнушальнай. Да таго ж многія сучасныя выпускніцы лічаць неабходным прыйсці на выпускны вечар з прафесійнай укладкай (а ў Мінску гэта можа каштаваць 300—400 тысяч рублёў), манікюрам — яшчэ 300 тысяч, макіяжам — тысяч 250, хаця па кожным з гэтых пунктаў цэны таксама значна адрозніваюцца.
Думаю, што бацькі, якія гатовы раскашэліцца на лімузіны для дзяцей, гатовы і за адзеннем для іх злятаць у Італію, але гэта ў нашых умовах усё ж рэдкае выключэнне. Пры абмежаваным бюджэце ёсць, канечне, і магчымасць узяць святочнае адзенне напракат, што дазволіць сэканоміць. Але з тых, каго апытвала я, ніхто чамусьці не збіраецца скарыстацца такім варыянтам. Адна мама прапанавала іншы спосаб эканоміі на касцюме для выпускніка: купіць асобна штаны і пінжак, якія можна будзе насіць потым хоць кожны дзень. Кажа, што сама нагледзела такі варыянт, і абыдзецца ёй у суму да 1,5 млн рублёў.

* * *

Які вывад можна зрабіць з усіх гэтых лічбаў і фактаў? Думаю, галоўнае, каб выпускны вечар і ўрачыстая лінейка запомніліся кожнаму як сапраўднае свята з лёгкім адценнем суму. Такія ўспаміны цаны не маюць.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*