Адпачынак, работа, выхаванне

Два месяцы адпачынку, што ў хуткім часе чакаюць большасць педагогаў, заўсёды былі падставай для зайздрасці з боку іншых спецыялістаў. Маўляў, гэта вам не стандартныя 24 дні: паспееш і справы неабходныя зрабіць, і адпачыць. Між тым многія з педагогаў і ў гэты час не развітваюцца са сваёй работай. Тым больш што прапаноў для прафесійнай падпрацоўкі дастаткова: загарадныя летнікі заўсёды маюць патрэбу ў кваліфікаваных кадрах, неабходны і педагогі, якія суправаджаюць дзяцей на адпачынак за мяжу. Прыцягвае педагогаў у гэтай дзейнасці магчымасць атрымаць дадатковы заробак і новыя ўражанні, а таксама аздаравіцца на прыродзе. Як мне расказалі ў адным з прысталічных летнікаў, зарплата педагога летась складала прыкладна 3 млн за 18 дзён.
Аднак, як паказвае практыка, адказнасць педагогаў падчас арганізацыі летняга аздараўлення дзяцей, тым больш за мяжой, надзвычай вялікая, рыхтавацца да такой работы трэба сур’ёзна, дробязей у гэтай справе няма. Не ўсе з тых, хто паспрабаваў, напрыклад, суправаджаць дзяцей за мяжу, наважыліся паўтарыць гэты вопыт. Але ёсць і тыя, хто робіць гэта з году ў год, а хтосьці штогадова працуе ў абраным беларускім летніку падчас уласнага водпуску. Многія пры гэтым кажуць, што галоўны капітал, набыты дзякуючы такой рабоце, — вопыт і новыя ўражанні.

Практыка дае ўпэўненасць

Самой аднойчы давялося выпраўляць адзінаццацігадовае дзіця ў паездку за мяжу з групай школьнікаў. Сход, што правяла настаўніца, якая арганізоўвала паездку, аказаў на мяне вялікае ўражанне. Вопытная настаўніца, што называецца, расклала ўсё па палічках: ад таго, што ўзяць з сабой, а што лепш пакінуць дома, да прыкладнага часу вяртання нашых вандроўнікаў у Мінск. Нават паказала бацькам яркую вялікую цацку — кветку на доўгай ножцы, якую яна будзе трымаць у руцэ падчас экскурсій, каб кожнае дзіця здалёк яе бачыла. Дарэчы, як высветлілася пазней, такая мера перасцярогі аказалася менавіта ў “нашай” паездцы зусім не лішняй: адна дзяўчынка, разгубіўшыся ў чужым горадзе, якраз па гэтай кветцы знайшла сваю групу.
Спынілася настаўніца і на фінансавым пытанні. Расказала і пра курсы валют, і пра тое, дзе якія сувеніры лепш набываць, растлумачыла, што грошы, якія дзеці возьмуць з сабой, будуць знаходзіцца заўсёды пры ёй, каб малыя не згубілі свае кашалькі. А выдавала яна грошы па просьбе дзяцей, запісваючы кожную такую выдачу асобна, так што бацькі мелі поўную фінансавую справаздачу, калі група вярнулася дадому. Спрэчных пытанняў, нават самых нязначных, не ўзнікла ні ў кога.
Са сходу, пра які я пачала гэты аповед, усе ішлі ўпэўненымі ў тым, што ўвесь час знаходжання за мяжой іх дзеці будуць пад самым пільным наглядам. Адзначу і тое, што для кожнага ўдзельніка вандроўкі яна аказалася вельмі выгаднай — заплацілі мы за ўсё куды менш, чым калі б арганізоўвалі паездку асобна для сябе. Карацей (не палічыце гэта за рэкламу), рэкамендую.
І, канечне, тады я ўбачыла, як працуюць вопытныя настаўнікі — арганізатары дзіцячага адпачынку за мяжой. Не ведаю, ці заканчвала жанчына, пра якую я гавару, якія-небудзь спецыяльныя курсы, але такія адукацыйныя праграмы ў Беларусі існуюць.

Улічваць патрэбы дзяцей па максімуме

Напрыклад, нядаўна пабывала ў цэнтры дадатковай адукацыі “Альтэрнатыва” Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Зараз яго ўзначальвае Пётр Мікалаевіч Савасцёнак. З ім мы і пагаварылі аб рабоце педагогаў у аздараўленчых лагерах. Адразу заўважу, што і сам Пётр Мікалаевіч калісьці працаваў у такіх летніках. І, хоць было гэта даволі даўно, работу ведае непасрэдна, успаміны аб ёй захаваў найлепшыя.
— Дзеці пасля працяглай вучобы і напружанай працы хочуць адпачыць па поўнай. І, напэўна, пазіцыя настаўніка ў тым і заключаецца, каб задаволіць гэтую патрэбу па максімуме, — гаворыць П.М.Савасцёнак. — Работа ў лагеры прынцыпова адрозніваецца ад работы ў школьным класе. Пры гэтым заўважу: адпачынак адпачынкам, але дзеці павінны развівацца і летам. Трэба ўлічваць, што ў іх падчас адпачынку застаецца патрэба паспаборнічаць, таму правільна арганізаваць разумны адпачынак — найважнейшая задача педагогаў. Адным словам, работа ў аздараўленчым лагеры — гэта нешта асаблівае, што патрабуе, я ўпэўнены, спецыяльнай падрыхтоўкі. Зразумела, поспеху ў ёй можа дасягнуць толькі той, хто шчыра жадае працаваць у лагеры, а не едзе ў яго пад прымусам. Жадаючым і падрыхтоўчыя праграмы будуць цікавымі.
Безумоўна, многія педагогі едуць на работу ў летнік, абапіраючыся толькі на ўласныя вопыт і веды, а таксама на абавязковы інструктаж, — ідуць шляхам спроб і памылак, пры гэтым працуючы даволі паспяхова. Але навічкам падрыхтавацца да такой работы самастойна (напрыклад, з дапамогай кніг і дыскаў, падрыхтаваных у БДПУ) ці праз навучанне па спецыяльнай адукацыйнай праграме, верагодна, не будзе лішнім. Можна больш глыбока азнаёміцца, скажам, з арганізацыяй бяспечнага знаходжання дзяцей у лагеры, аказаннем даўрачэбнай дапамогі, сучаснымі падыходамі да арганізацыі выхаваўчага працэсу ў летніку і г.д.
Адна з магчымасцей зрабіць адпачынак у летніку цікавым і карысным, на думку спецыяліста, — выкарыстанне гульнявых і інтэрактыўных тэхналогій у прафарыентацыйнай рабоце. Падобныя вучэбныя праграмы для педагогаў існуюць і ўключаюць не толькі тэарэтычны курс, але і майстар-класы, выязныя мерапрыемствы з паказам практычных заняткаў з выхаванцамі, трэнінгі з удзельнікамі.
— У рэшце рэшт, галоўны вынік работы педагога ў аздараўленчым лагеры — гэта шчырае жаданне дзяцей прыехаць у летнік яшчэ раз, а таксама іх жаданне зноў сустрэцца з самім настаўнікам, — упэўнены спецыяліст.

Дома

Што тычыцца непасрэдна педуніверсітэта імя Максіма Танка, то да распрацоўкі спецыяльных адукацыйных праграм для педагогаў, якія працуюць у беларускіх летніках, а таксама за мяжой, прыклалі руку спецыялісты факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій на чале з яго дэканам Верай Васільеўнай Мартынавай.
Безумоўна, любая падобная праграма мае тым большую каштоўнасць, чым больш яна арыентавана на практыку. А паколькі гаворка ідзе пра аздараўленне дзяцей, то і ўменне педагога сфарміраваць у выхаванцаў каштоўнаснае стаўленне да свайго здароўя набывае першаснае значэнне. Веданне сучасных здароўезберагальных тэхналогій выходзіць, такім чынам, на першы план.
Неабходна педагогам і веданне такіх нарматыўных актаў, як Канцэпцыя санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення насельніцтва Рэспублікі Беларусь, пастанова Савета Міністраў ад 02.06.2004 года № 662, якой зацверджана Палажэнне аб парадку арганізацыі аздараўлення дзяцей у аздараўленчых, спартыўна-аздараўленчых лагерах і г.д.
Вельмі пажадана таксама веданне асаблівасцей прымянення тэхналогіі калектыўнай творчай дзейнасці ва ўмовах аздараўлення навучэнцаў, метадычнай сістэмы работы з дзецьмі ва ўмовах летніка і шмат чаго яшчэ, што тычыцца сучасных падыходаў да арганізацыі работы па аздараўленні навучэнцаў.
— Падрыхтаваны педагог цалкам можа спалучыць прыемнае з карысным, — дадае Пётр Мікалаевіч Савасцёнак, — і грошай заробіць, і правядзе летні час на свежым паветры, і вопыту набярэцца. Зараз, дарэчы, вельмі актуальным з’яўляецца пытанне падрыхтоўкі нашых студэнтаў да работы ў якасці важатых у аздараўленчых лагерах. У нашым універсітэце для іх ужо распрацавана праграма, рэалізаваць яе плануецца ў найбліжэйшы час. Маладыя людзі, якія пройдуць курс па гэтай праграме, атрымаюць адпаведны сертыфікат — пацвярджэнне таго, што яны — прафесіяналы ў гэтай справе.

За мяжой

Безумоўна, для педагогаў, якія вязуць дзяцей на аздараўленне за мяжу, прадугледжана асаблівая падрыхтоўка, бо і адказнасць у іх асаблівая. Неабходна дакладна ведаць, хто і за што канкрэтна адказвае: за што — педагог, за што — арганізатары і прымаючы бок, каб потым не аказацца вінаватым у чужых праліках. Адна з распрацоўшчыкаў адукацыйнай праграмы навучальнага курса “Сацыяльна-педагагічнае суправаджэнне непаўналетніх на аздараўленне за мяжу”, дацэнт кафедры сацыяльнай работы факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій БДПУ, кандыдыт педагагічных навук Святлана Якаўлеўна Ярмоліч (другі аўтар методыкі — дацэнт гатай жа кафедры ФСПТ кандыдат педагагічных навук Алена Мікалаеўна Алтынцава) кажа так:
— Педагог, які вырашыў працаваць у гэтым кірунку, безумоўна, павінен ведаць заканадаўчую базу арганізацыі аздараўлення дзяцей за мяжой, правы і абавязкі чалавека, які суправаджае дзяцей у такой паездцы, ну і, канечне, валодаць агульнымі для ўсіх педагогаў ведамі аб метадах, формах выхаваўчай работы з непаўналетнімі, правілах бяспекі, аховы жыцця і здароўя дзяцей. Важна, безумоўна, умець арганізоўваць жыццядзейнасць і вольны час школьнікаў за мяжой. Да таго ж праграма падрыхтоўкі можа быць мадэрнізавана пад патрэбы пэўнай групы дзяцей — сірот або дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі.
Сярод нарматыўных актаў, веданне якіх лічаць неабходным спецыялісты, — Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18.02.2004 года № 98 “Аб арганізацыі аздараўлення дзяцей за мяжой”, пастанова Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства адукацыі, Міністэрства аховы здароўя ад 04.12.2006 года № 158/109/110 “Аб зацвярджэнні Інструкцыі па захаванні бяспекі дзяцей, якія выязджаюць на аздараўленне за мяжу”, пастанова Упраўлення справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 06.05.2004 года № 4 “Аб зацвярджэнні Інструкцыі аб парадку выдачы дазволаў на выезд на аздараўленне за мяжу дзяцей і асоб, якія іх суправаджаюць, што пацвярджае гуманітарны характар іх паездкі” і некаторых іншых.
Рыхтуючыся суправаджаць школьнікаў за мяжу, трэба падрыхтавацца і з пункту гледжання супрацоўніцтва з іншаземнымі валанцёрамі, асаблівасцей успрымання дзецьмі іншакультурнага асяроддзя, дапамогі дзіцяці ў адаптацыі і інтэграцыі ў новае асяроддзе. Важна ўмець гасіць канфлікты, улічваць патрэбы розных катэгорый дзяцей, калі яны знаходзяцца за мяжой. Нюансаў яшчэ шмат, і чым больш свабодна арыентуецца ў іх педагог, тым больш паспяхова ён здолее выканаць сваю важную місію. Можна ехаць на свой страх і рызыку, і, магчыма, усё атрымаецца. А можна і дасканала падрыхтавацца, бо так спакайней, канечне.

Алена Мікалаеўна АЛТЫНЦАВА, намеснік дэкана па вучэбнай рабоце факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій БДПУ імя Максіма Танка, адзін з аўтараў адукацыйнай праграмы навучальнага курса “Сацыяльна-педагагічнае суправаджэнне непаўналетніх на аздараўленне за мяжу”: “Мая дыпломная работа была прысвечана якраз аздараўленню дзяцей за мяжой. Акрамя таго, я была членам аўтарскага калектыву па распрацоўцы навукова-метадычнага забеспячэння аздараўлення дзяцей за межамі Беларусі. Сама шэсць разоў у якасці валанцёра суправаджала групы дзяцей, якія выязджалі ў Італію.
Скажу, што першая мая паездка і тыя, што адбыліся пазней, адрозніваліся як неба і зямля. Магчыма, у першы раз асабліва цяжка прыйшлося таму, што ў мяне самой не было дзяцей, я не ведала нейкіх элементарных рэчаў, з якімі лёгка спраўляецца любая маці. А дапамагала тое, што я ўжо мела вышэйшую педагагічную адукацыю.
Ёсць розныя формы аздараўлення дзяцей за мяжой — сямейныя і калектыўныя. Зараз усё часцей выкарыстоўваюцца калектыўныя. І дзецям, і тым, хто іх суправаджае, у гэтым выпадку, лічу, прасцей, бо малым не трэба адаптавацца да чужой мовы, да чужых правіл. А канфлікты з-за неразумення правіл жыцця ў чужой сям’і могуць узнікнуць амаль на роўным месцы. Іншаземцам, напрыклад, нярэдка здаецца, што дзеці цалкам іх разумеюць. Калі ў адной з паездак суправаджала дзяцей з замяшчальных сем’яў, быў такі канфлікт: дзецям вельмі спадабаўся пах вадкага мыла, і яны карысталіся ім без меры. Італьянцы тлумачылі ім, што так рабіць нельга, а малыя, канечне, не разумелі. “Разруліць” такі, здавалася б, смешны канфлікт аказалася зусім няпроста. Тым больш цяжка справіцца з сур’ёзным канфліктам, калі беларускія дзеці з замяшчальных сем’яў пачынаюць раўнаваць сваіх часовых замежных “бацькоў” да іх родных дзяцей.
Наогул, розных нюансаў у падобных паездках безліч. Добра памятаю, як у маю першую паездку вопытная калегі вучылі, як правільна праходзіць кантроль у аэрапорце. Так, багаж сваёй групы мы адзначаем стужкамі пэўнага колеру. Да падобных дробязей, як і да больш сур’ёзных момантаў у рабоце, лепш падрыхтавацца як мага дасканала”.

Марына ХІДДЖАЗ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*