Бізнес-план за школьнай партай

“Мэта без плана — толькі мара” — сцвярджае вядомая мудрасць. А не менш вядомы дэвіз прадпрымальніка заклікае “вырабляць толькі тое, што патрабуюць рынак і пакупнік”. Ісціны не новыя, але для кагосьці могуць стаць паваротным пунктам у жыцці, прымусяць задумацца над магчымасцю адкрыцця ўласнага бізнесу. Тады з’явяцца і ідэя, план, а дакладней, бізнес-план, і стратэгія развіцця. Але спачатку, зразумела, трэба набыць неабходныя веды — перш за ўсё юрыдычныя і фінансава-эканамічныя, бо даўно адышлі ў мінулае часы “дзікага” постсавецкага бізнесу, калі грошы рабілі па-хуткаму і не аглядваючыся ні на якія законы: ні на крымінальныя, ні на законы эканомікі. Цяперашнія бізнесмены іншыя і нярэдка пачынаюць свой шлях у прадпрымальніцтве са школьнай лаўкі.

Вучоба на курорце

Як гэта адбываецца? Ну, напрыклад, праз “Школу маладога прадпрымальніка”, якую ўжо двойчы арганізоўвала грамадскае аб’яднанне “Жанчыны за адраджэнне Нарачанскага краю” ў партнёрстве з Мядзельскім раённым выканаўчым камітэтам і Цэнтрам развіцця сельскага прадпрымальніцтва Камарова ў аднайменнай вёсцы. Дарэчы,“школа” арганізоўваецца ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Умацаванне грамадскага ўзаемадзеяння для ўстойлівага развіцця сельскіх тэрыторый Беларусі”, а праводзілася за кошт выйграных камароўцамі грантаў: першы раз гэта быў грант Сусветнага банка, другі — інфармацыйна-асветніцкай установы “Новая Еўразія”.
Дакладна кажучы, “Школа маладога прадпрымальніка” праводзілася тры разы, але ўпершыню ішла апрабацыя, а вось летась і крыху раней яна разгарнулася ў поўным аб’ёме, і займаліся гэтым менавіта самі камароўцы. Пачынае сваю работу школа летам, бо старшакласнікі прыязджаюць сюды на два тыдні не толькі вучыцца асновам бізнесу, але і адпачываць (Нарачанскі край усё ж). Самой даводзілася бываць у Камарове і наваколлі — прыгажосць такая, што вачэй не адвесці! І людзі жывуць руплівыя.
— Да нас у “школу” прыязджаюць 15 старшакласнікаў у асноўным з Нарачанскага краю, — расказвае бухгалтар Цэнтра развіцця сельскага прадпрымальніцтва Наталля Пятроўна Нагорная, якая з’яўляецца адным з выкладчыкаў, — але былі і школьнікі з Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці, з Астраўца Гродзенскай вобласці. Займаюцца са школьнікамі юрыст, псіхолаг, эканаміст. Эканамічны блок, які вяла я, уключае раздзелы па рыначнай эканоміцы, маркетынгу, выдатках і сабекошце прадукцыі, падаткаабкладанні, бухгалтэрыі бізнесу і складанні бізнес-плана. Дзеці — слухачы “школы”, як правіла, яшчэ не вызначыліся, ці стануць прадпрымальнікамі, але шукаюць сябе і ў гэтым кірунку. І мы арганізоўваем для іх не толькі заняткі-лекцыі, але і сустрэчы з бізнесменамі, кіраўнікамі бізнес-асацыяцый, якія расказваюць пра свой шлях у прадпрымальніцтве, адказваюць на пытанні нашых навучэнцаў. Праводзім экскурсіі на прадпрыемствы (выязджалі, напрыклад, у маладзечанскую фірму, якая вырабляе з адходаў паперы ўцяпляльнік).
Як расказала Наталля Пятроўна, увесь курс займае прыкладна восем месяцаў, уключаючы завочны этап, падрыхтоўку і абарону бізнес-планаў, — зімой у Камарове праводзіцца конкурс бізнес-праектаў навучэнцаў “Школы маладога прадпрымальніка”. Прычым старшакласнікі ствараюць самыя розныя планы — ад вяровачнага атракцыёна да інавацыйнага медыцынскага цэнтра, ад тату-салона да ўкаранення энергазберагальных тэхналогій або стварэння прыватнай “Лясной школы”. Аўтар апошняга з названых праектаў заявіў, што, калі вырасце, абавязкова ўвасобіць сваю ідэю ў жыццё.
Дарэчы, адзін з навучэнцаў Нарачанскай школы — удзельнік конкурсу — распрацаваў праект першага ў Беларусі вейк-парку (вейкбордынг — экстрэмальны від спорту). Праект заняў першае месца на рэспубліканскім конкурсе, мае шансы практычнага ўвасаблення. Сёлета камароўцы таксама плануюць арганізаваць “Школу маладога прадпрымальніка”.
Хацелася б асабліва звярнуць увагу на тое, што гаворка ідзе менавіта пра сельскую моладзь, якую бізнес-практыка і набытыя фінансава-эканамічныя веды арыентуюць на заняткі прадпрымальніцтвам менавіта ў сельскай мясцовасці. Фінансавая і прадпрымальніцкая граматнасць, набытая падчас навучання ў падобнай школе, дае і ўпэўненасць ва ўласных сілах, і простае разуменне таго, што вёска можа і павінна стаць не горшай, а, магчыма, лепшай, чым горад, пляцоўкай для ўвасаблення самых смелых ідэй, заснаваных на веданні законаў рынку і іншых фінансава-эканамічных асноў. Пага-дзіцеся, што чалавеку, які яшчэ ў юнацтве распрацаваў і паспяхова абараніў уласны бізнес-праект, у больш сталым узросце куды прасцей, хаця б з псіхалагічнага пункту погляду, заняцца ўласным бізнесам, звярнуцца ў банк па крэдыт для развіцця сваёй справы, пралічыць магчымыя рызыкі і г.д.

Конкурс для пачаткоўцаў

Адзін такі праект, канечне, надвор’я ва ўсёй краіне не зробіць, але падобныя навучальныя курсы ды конкурсы ладзяцца і ў іншых рэгіёнах Беларусі. Скажам, на пачатку мая кірмаш бізнес-ідэй навучэнскай моладзі пройдзе ў Смаргонскім раёне Гродзенскай вобласці. Як тлумачаць арганізатары, асноўная мэта кірмашу — садзейнічанне развіццю дзелавой і творчай ініцыятывы ў галіне прадпрымальніцкай дзейнасці навучэнцаў, распрацоўка і рэалізацыя бізнес-ідэй і праектаў. Задачамі конкурсу вылучаны стварэнне на мясцовым узроўні ўмоў, якія станоўча паўплываюць на развіццё прадпрымальніцкай дзейнасці, рамесніцтва, экатурызму, што паспрыяе працоўнай занятасці і замацаванню моладзі ў вёсцы. Ужо, напрыклад, вядома, што адзін з вучняў Залескай школы Смаргонскага раёна прадставіць праект стварэння аўтамайстэрні. А яшчэ арганізатары мерапрыемства спадзяюцца прыцягнуць увагу да неабходнасці развіцця структуры падтрымкі маладзёжнага бізнесу і стварэння маладзёжнага бізнес-інкубатара ў Смаргонскім раёне.
Арганізоўвае кірмаш бізнес-ідэй раённая арганізацыя “Сяльчанка” Беларускага саюза жанчын, Смаргонскі мясцовы дабрачынны фонд “Паўночныя Афіны М.К.Агінскага”, раённы выканаўчы камітэт, мясцовы Цэнтр падтрымкі малога парадпрымальніцтва, некаторыя іншыя арганізацыі. Удзельнічаюць у конкурсе маладыя людзі ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў — навучэнцы школ і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў.
Безумоўна, ініцыятыва цікавая, тым больш для сельскай моладзі, якая ўжо даўно амаль пагалоўна імкнецца вырвацца ў горад. Там цікавей, больш прасторы для развіцця бізнес-ідэй, якія пры рэалізацыі прынясуць большы даход. Пераламаць падобныя настроі, якія, шчыра кажучы, склаліся ў нашым грамадстве даволі даўно, паказаць маладым, што фінансава адукаваны, ініцыятыўны чалавек можа дасягнуць немалых вышынь і ў роднай вёсцы, — задача складаная. Арганізатары такіх мерапрыемстваў, як кірмаш бізнес-ідэй, складаных задач не баяцца і падкрэсліваюць, што ідэя, прадстаўленая на названы конкурс, павінна спрыяць паляпшэнню жыцця насельніцтва раёна, гэта значыць, зрабіць яго больш цікавым, вясёлым, здаровым, камфортным, прыгожым. І пры гэтым яна павінна быць прыдатнай да рэалізацыі, самаакупнай, эканамічна жыццяздольнай. А прызы і тытулы “Самы прадпрымальны школьнік Смаргонскага раёна” і “Самая прадпрымальная школа Смаргонскага раёна” паспрыяюць матывацыі маладых людзей да далейшых заняткаў бізнес-праектамі.

Рамяство з юных гадоў

Канечне, задума такога кірмашу нарадзілася не на пустым месцы. Мы ўжо неяк узгадвалі аб праекце “Азбука бізнесу для сельскай моладзі”, што дзейнічае на Гродзеншчыне. Ён і стаў той асновай, з якой вырасла ідэя кірмашу.
— Мэта праекта — садзейнічаць моладзі ў атрыманні ведаў і навыкаў для стварэння ўласнай справы, — тлумачыць кіраўнік праекта вядучы інжынер Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Галіна Пятроўна Мацюшэнка. — Акрамя таго, наша мэта — стварэнне і развіццё метадычных і інфармацыйных рэсурсаў, якія спрыяюць прафесійнай арыентацыі сельскай моладзі ў сферы рамесніцтва і прыватнага бізнесу. Праект разлічаны на развіццё канструктыўнага дыялогу малога бізнесу, дзяржавы і грамадскіх арганізацый у сельскай мясцовасці. І, безумоўна, у рамках гэтага, мы смела можам гаварыць аб павышэнні фінансавай граматнасці сельскай моладзі. У ходзе рэалізацыі нашай праграмы “Азбука бізнесу для сельскай моладзі” праходзіць серыя семінараў. Праект распачаты ў кастрычніку мінулага года і завершыцца восенню бягучага года, першыя семінары прайшлі ў лістападзе 2013-га і былі прысвечаны бізнес-планаванню, фінансавым пытанням.
Але падобныя семінары былі распачаты раней, прыкладна за год да пачатку рэалізацыі праекта “Азбука бізнесу для сельскай моладзі”. Па словах Галіны Пятроўны, тады таксама прайшла серыя семінараў па асновах прадпрымальніцкай дзейнасці. Тэарэтычныя веды, атрыманыя на падобных семінарах, падлеткі могуць рэалізаваць (і рэалізоўваюць) праз школьныя бізнес-кампаніі. Добра, што школьнікам такую інфармацыю можна падаць у гульнявой форме, зацікавіць іх, пераканаць, што эканоміка — гэта зусім не сумна. Фінансавая граматнасць сёння важная для ўсіх, і для моладзі, канечне, таксама. Як пераканана спецыяліст, маладыя людзі павінны разумець, што і не валодаючы вялікім капіталам, можна распачынаць паспяховую ўласную справу.
— Сёння педагогам на месцах не хапае ведаў па фінансах, бізнесе і эканоміцы, каб навучаць дзяцей, таму і ім трэба пастаянна вучыцца, — падкрэслівае Г.П.Мацюшэнка. — А ў дзяцей пасля тэарэтычных заняткаў, практычнай работы, распрацоўкі ўласных бізнес-праектаў здымаецца боязь наконт таго, што яны не знойдуць свой шлях у жыцці, не змогуць рэалізаваць свае ідэі. А калі яны ўбачылі, як дзейнічае заканадаўства ў сферы бізнесу, зразумелі яго фінансавы складнік, яны не толькі самі смялей бяруцца за справу, але, лічу, могуць пераканаць і бацькоў у тым, што бізнес або нейкая іншая эканамічная дзейнасць — менавіта іх справа. Нярэдка, каб распачаць уласную справу на сяле, моладзі не хапае інфармацыі аб магчымасцях, якія існуюць у рэгіёне. І, як падкрэслівае Галіна Пятроўна, дзеці, а вельмі часта і педагогі і бацькі не ведаюць, што ўжо з чатырнаццацігадовым падлеткам можа быць заключаны дагавор падраду, і хлопец або дзяўчына цалкам законна могуць працаваць па гэтым дагаворы і зарабіць першыя ўласныя грошы, як гэта адбываецца, скажам, у школьных бізнес-кампаніях. Што як не гэта найлепшы стымул для пачатку працоўнай дзейнасці маладых людзей? На семінарах у рамках праекта “Азбука бізнесу для сельскай моладзі” юрыст, дарэчы, расказвае пра асаблівасці працаўладкавання непаўналетніх.
— На такім семінары неяк прысутнічаў хлопец са Смаргонскага дзяржаўнага політэхнічнага ліцэя, — узгадвае мая суразмоўніца, — які шмат умее як рамеснік. І менавіта дзякуючы семінару ён даведаўся, што ўжо можа займацца рамесніцкай дзейнасцю, зарабляць грошы. “Вось, — кажа, — так я і зраблю”. А дзеці, якія прайшлі і тэарэтычную падрыхтоўку, і папрацавалі ў школьнай бізнес-кампаніі, куды больш адукаваныя і падрыхтаваныя ў гэтым плане, чым іх равеснікі. Школьнікі вельмі ахвотна адгукнуліся на нашы першыя семінары, было зразумела, што гэта ім цікава. Мы ж імкнёмся распаўсюдзіць набыты вопыт, запрашаем настаўнікаў на сустрэчы, бо інфармацыя ідзе праз іх. Па выніках цяпершняга праекта мы, безумоўна, зробім пэўныя вывады, мяркуем прасачыць, куды паступяць выпускнікі школ, якія былі задзейнічаны ў ім, спадзяёмся стварыць яшчэ адну бізнес-кампанію — у політэхнічным ліцэі, дзве — у школах — ужо ёсць.

 

Марына ХІДДЖАЗ.