Адсутнасць жылля і невялікая зарплата — галоўныя прычыны незамацавання маладых спецыялістаў

Напэўна, размеркаванне — адна з самых важных і хвалюючых падзей для кожнага студэнта. Менавіта гэты працэс, рэгламентаваны заканадаўствам, на некалькі гадоў вызначае лёс маладога спецыяліста. І калі тыя студэнты, якія навучаліся па дагаворы аб мэтавай падрыхтоўцы, загадзя ведаюць, куды паедуць працаваць, то для тых, хто вучыўся на агульных умовах, першае вызначанае ўніверсітэтам месца працы можа стаць нечаканым сюрпрызам, ад якога выпускнікі будуць імкнуцца пазбавіцца. Як часта здараюцца такія сітуацыі? Якія меры, згодна з заканадаўствам, могуць быць прыняты да тых выпускнікоў, якія не даязджаюць да свайго першага рабочага месца? Хто мае права на пераразмеркаванне? Якія праблемы з наймальнікамі ўзнікаюць у маладых спецыялістаў педагагічнага профілю? Пра ўсё гэта мы запыталі ў начальніка аддзела кадраў Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна Валянціны Яўгенаўны ДРЫНЕЎСКАЙ.

— Валянціна Яўгенаўна, наколькі актуальная праблема непрыбыцця маладых спецыялістаў — выпускнікоў вашай установы, на сваё першае працоўнае месца?
— Першае працоўнае месца — стартавая пляцоўка для добрага пачатку працоўнага жыцця. Дзяржава гарантуе выпускнікам не толькі каштоўны вопыт работы па спецыяльнасці, але і магчымасць карыстацца шэрагам ільгот, у тым ліку і на будаўніцтва жылля.
Калі звярнуцца да статыстыкі, то ў нашай установе за даволі працяглы час такіх выпадкаў, калі выпускнікі не даязджаюць да першага рабочага месца, было вельмі мала. Адзінкавыя выпадкі, якія былі, мы не мелі права пакідаць без увагі. Адным з запамінальных стаў наступны выпадак. Выпускніца 2012 года была накіравана ў адзін з раёнаў на адпрацоўку, але да працы ў вызначаны час не прыступіла. Па гэтай справе адбылося пасяджэнне суда, на якім было прынята рашэнне, што былая студэнтка абавязана выплаціць універсітэту суму, якая была затрачана на яе навучанне. Але да гэтага часу грашовыя сродкі не вернуты. Сітуацыя і зараз стаіць на кантролі. Былі выпадкі, калі нашы выпускнікі паступалі на больш высокую ступень навучання. Напрыклад, за апошнія пяць гадоў 63 маладыя спецыялісты паступілі ў магістратуру на дзённую форму навучання. Выпадак, калі адразу заявілі аб жаданні вярнуць сродкі, быў толькі адзін — у 2012 годзе.

— Ці здараліся выпадкі, калі на месца размеркавання не даязджалі студэнты, якія навучаліся па мэтавым накіраванні? Як у выпадку адмовы ад адпрацоўкі (у адрозненне ад студэнтаў, якія навучаюцца на агульных умовах) вырашаюцца пытанні з мэтавікамі?
— Са студэнтамі, якія навучаюцца па мэтавым накіраванні, падобных пытанняў не ўзнікала. Чаму так? Таму што мы загадзя, штогод у лютым, пачынаем працаваць з усімі выпускнікамі, у тым ліку і з мэтавікамі, па тых пытаннях заканадаўства, якія тычацца размеркавання і адпрацоўкі, падрабязна тлумачым іх правы, гарантыі і абавязкі. Мы просім, каб выпускнікі ўсё абгаварылі дома з бацькамі, падумалі, а пасля задалі пытанні нам. Такая работа праводзіцца для таго, каб пасля, калі будзе праведзена канчатковае размеркаванне, ні ў кога не заставалася пытанняў. Універсітэт выконвае вялікую работу па выкананні дзяржаўнага заказу на падрыхтоўку спецыялістаў. Пад кіраўніцтвам рэктара ўніверсітэта прафесара В.В.Валетава — старшыні дзяржаўнай камісіі па размеркаванні выпускнікоў, пры непасрэдным удзеле прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі, абласнога ўпраўлення адукацыі члены дзяржаўнай камісіі індывідуальна падыходзяць да размеркавання кожнага будучага педагога з улікам рэйтынга паспяховасці, сямейных і жыццёвых абставін. Пасяджэнне адбываецца ў цёплай добразычлівай атмасферы: заказчыкі кадраў, прадстаўнікі раённых (гарадскіх) аддзелаў адукацыі, устаноў адукацыі і іншых арганізацый адказваюць на ўсе пытанні сваіх будучых спецыялістаў.
Мы папярэджваем студэнтаў-мэтавікаў, што, калі ў іх ёсць прычыны і асновы для скасавання дагавора аб мэтавай падрыхтоўцы, ім трэба загадзя пачаць афармленне дакументаў, неабходных для скасавання існуючага і перазаключэння новага дагавора.

— Што неабходна для таго, каб студэнт, які навучаўся па дагаворы аб мэтавай падрыхтоўцы, меў права скасаваць дагавор з першапачатковым наймальнікам і пераразмеркавацца да іншага?
— Згодна з артыкулам 86 і пунктам 6 артыкула 83 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, на пераразмеркаванне маюць права тыя студэнты, у якіх падчас вучобы змянілася сямейнае становішча. У такім выпадку выпускнікі пераразмяркоўваюцца па месцы пражывання жонкі ці мужа або па месцы праходжання службы мужа, жонкі ў органах унутраных спраў ці Узброеных Сіл. Згодна са зместам артыкула 88, такія выпускнікі не выплачваюць грошовыя сродкі, затрачаныя на іх падрыхтоўку. У нас былі выпадкі пераразмеркавання сярод студэнтаў, якія вучыліся па дагаворы аб мэтавай падрыхтоўцы, але такія студэнты не малі права на самастойнае працаўладкаванне, скасаванне дагавора, яны адпрацоўваюць, але ўжо ў другога наймальніка, перазаключыўшы дагавор.

— У якіх выпадках выпускнікі ўніверсітэта могуць разлічваць на пераразмеркаванне? Ці часта сустракаюцца такія выпадкі ў МДПУ імя І.П.Шамякіна?
— На пераразмеркаванне маюць права выпускнікі, чые бацькі з’яўляюцца інвалідамі І ці ІІ групы. Калі ў выпускніка змянілася сямейнае становішча, ён накіроўваецца на месца жыхарства, работы мужа ці жонкі, акрамя выпадкаў, калі муж ці жонка не з’яўляюцца грамадзянамі Беларусі. Выпадкі пераразмеркавання здараюцца, і даволі часта прычынай пераразмеркавання з’яўляецца тое, што пасля заканчэння ўніверсітэта многія выпускнікі ствараюць сем’і. Пераразмеркаваць выпускнікоў атрымліваецца амаль заўсёды. Мы знаходзім па месцы жыхарства мужа ці жонкі вакантныя месцы, куды і накіроўваем сваіх учарашніх студэнтаў. Здараецца, што ў парадку пераводу маладыя спецыялісты пераходзяць ад аднаго наймальніка да другога. Так бывае, калі, напрыклад, адзін аддзел адукацыі, куды мы размеркавалі выпускніка, не мае патрэбы ў маладым спецыялісце ў сувязі з аб’ектыўнымі падставамі, а іншы аддзел адукацыі з задавальненнем прымае нашага выпускніка на работу. У такім выпадку мы пераразмяркоўваем маладога спецыяліста ў парадку пераводу.

— Вядома, што ўніверсітэт абавязаны на працягу ўсяго тэрміну адпрацоўкі адсочваць лёс сваіх выпускнікоў. Як такая работа наладжана ў МДПУ імя І.П.Шамякіна?
— Мы вядзём персанальны ўлік выпускнікоў, сочым за іх прыбыццём на першае рабочае месца, за тым, ці прыступілі яны да работы. Наймальнік, да якога размяркоўваецца наш выпускнік, паведамляе нам у месячны тэрмін, што малады спецыяліст прыступіў да работы. Калі малады спецыяліст, не дапрацаваўшы да канца вызначанага тэрміну, звальняецца, наймальнік таксама абавязаны нам паведаміць аб гэтым.

— Ці заўсёды наймальнік добрасумленна выконвае свае абавязкі, паведамляе ўніверсітэту, ці прыступіў малады спецыяліст да работы?
— Так, нашы заказчыкі заўсёды добрасумленна ставяцца да сваіх абавязкаў, тым больш што з імі ў нас наладжана цеснае супрацоўніцтва, яны штогод прысутнічаюць на размеркаванні. Калі ж выпускнікі несвоечасова прыступілі да работы, заказчыкі, наймальнікі нас аб гэтым своечасова папярэджваюць.

— Валянціна Яўгенаўна, якой на сёння з’яўляецца сума, неабходная для вяртання, для тых, хто адмаўляецца ехаць на месца адпрацоўкі? Колькі павінен заплаціць той малады спецыяліст, які, напрыклад, адпрацаваў замест двух толькі адзін год?
— Поўная сума складае ад 122 да 154 млн рублёў. Увогуле, сума залежыць ад таго, па якой спецыяльнасці навучаўся выпускнік, якая база неабходна была для навучання гэтага студэнта, якую стыпендыю ён атрымліваў падчас навучання, якія іншыя матэрыяльныя выплаты меў (матэрыяльная дапамога, прэміі за ўдзел у мерапрыемствах і інш.). Што тычыцца тых, хто адпрацаваў палову вызначанага тэрміну, то тут таксама ўсё індывідуальна і залежыць ад шматлікіх фактараў. Тым не менш прыблізная сума складае 60—75 млн. Здараецца так, што, адпрацаваўшы амаль два гады, маладыя спецыялісты прыходзяць і просяць зрабіць пераразлік. Бывае, звяртаюцца да ўніверсітэта з такой просьбай тыя, хто хоча звольніцца з месца размеркавання, але не ведае, як дзейнічаць. Калі былыя студэнты бачаць суму, якую трэба выплаціць, яны ўсё ж вырашаюць пацярпець і адпрацаваць яшчэ адзін год. Згадзіцеся, не ва ўсіх ёсць магчымасць выплаціць такія грошы.
Але быў выпадак, калі выпускнік нашага фізіка-матэматычнага факультэта адразу пасля размеркавання выплаціў грошы за ўсе пяць гадоў навучання. Справа ў тым, што малады чалавек — вельмі добры праграміст, яму дапамог выплаціць грошы Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, які быў зацікаўлены ў тым, каб менавіта гэты хлопец застаўся ў іх і не паехаў па месцы размеркавання.

— Ці здараліся такія выпадкі, калі выпускнікі вашай установы вярталі грошы ўніверсітэту праз суд? Якой будзе правільная схема дзеянняў усіх трох бакоў — універсітэта, наймальніка і выпускніка — у гэтай сітуацыі?
— Вось апошні прыклад. У 2013 годзе наша выпускніца, якая павінна была паехаць па размеркаванні, паступіла ў БДУ на дзённую форму навучання за кошт уласных сродкаў. Некалькі разоў у адносінах да гэтай выпускніцы праходзіў суд, таму што дзяўчына не мела права, не адпрацаваўшы па размеркаванні, паступаць у іншую ВНУ на дзённую форму навучання. У тэрмін, калі дзяўчына павінна была выйсці на работу і не выйшла, нам патэлефанаваў наймальнік і паведаміў, што малады спецыяліст не з’явілася на першае рабочае месца. Цяпер была наша чарга дзейнічаць. Згодна з заканадаўствам, калі выпускнік не прыехаў на месца адпрацоўкі, мы накіроўваем яму паведамленне, каб вызначыць, дзе ён знаходзіцца. Пасля на працягу месяца робім разлік, дзе пазначаем суму, затрачаную на навучанне. Выпускнік мае права на працягу 6 месяцаў добраахвотна ўнесці суму, затрачаную на яго навучанне. Калі грошы пасля заканчэння гэтага перыяду не паступаюць на рахунак універсітэта, справа перадаецца ў суд. Было б правільна, калі б выпускніца, пра якую мы гаворым, адпрацавала два гады і толькі пасля гэтага паступала на дзённую форму навучання ў іншую вышэйшую навучальную ўстанову.
Дарэчы, на завочную форму ў другі ўніверсітэт яна мае права паступаць адразу, гэтак жа як і мае права на навучанне на больш высокай ступені, напрыклад, у магістратуры.

— Пачынаючы з мінулага года выпускнікі, якія навучаліся па мэтавым наборы, замест двух павінны адпрацоўваць пяць гадоў. Як вы лічыце, ці можа гэта стаць прычынай, з-за якой з’явіцца больш нежадаючых адпрацоўваць?
— Студэнты да таго, што ім давядзецца адпрацоўваць пяць гадоў, ставяцца даволі спакойна. Яшчэ падчас сустрэч, якія тычацца размеркавання, мы тлумачым, што асноўнае — гэта дагавор на мэтавую падрыхтоўку. Калі дагавор падпісаны, значыць, трэба ісці адпрацоўваць. Падчас заключэння дагавора з наймальнікам маладыя людзі ведаюць, на што ідуць. Магчыма, некаторыя перад тым, як паступаць, задумваюцца, ці варта браць мэтавае накіраванне. Але тыя, хто цвёрда вырашыў навучацца па мэтавым накіраванні, не засмучаюцца, што ім трэба будзе адпрацаваць не два, а пяць гадоў.

— Большасць маладых спецыялістаў педагагічнага профілю пасля заканчэння тэрміну адпрацоўкі не застаюцца працаваць у сістэме адукацыі. На вашу думку, з чым гэта звязана?
— Нельга сказаць, што маладыя спецыялісты не застаюцца працаваць у сістэме адукацыі. Безумоўна, прычынай незамацавання з’яўляецца адсутнасць жылля па месцы работы. Мы размяркоўваем выпускнікоў у распараджэнне раённых аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, якія, як вядома, не маюць свайго жылога фонду. Але некаторыя аддзелы адукацыі, спорту і турызму дапамагаюць маладым спецыялістам зняць жыллё ці выдзяляюць сродкі на яго арэнду, прадастаўляюць пакой у інтэрнаце (калі ёсць магчымасць), арганізоўваюць падвоз настаўнікаў да работы ў вёскі раёна. Тым не менш усё роўна пытанне з жыллём даволі вострае і для маладых спецыялістаў стаіць на першым месцы. Другой праблемай з’яўляецца заработная плата. Не сакрэт, што ў школах яна не вельмі высокая, а ў маладых спецыялістаў, якія толькі ўчора скончылі ўніверсітэт і не маюць педагагічнага стажу, зарплаты невялікія, хоць дзяржава і падтрымлівае іх матэрыяльны статус як маладых спецыялістаў. Менавіта па гэтай прычыне, адпрацаваўшы два гады, маладыя спецыялісты, якія не зацікавіліся работай або не стварылі сям’ю, пакідаюць першае рабочае месца. Але, нягледзячы на гэта, такія маладыя людзі ў большасці сваёй застаюцца працаваць у сістэме адукацыі.
Тым не менш зладжанасць і прадбачлівасць у сумеснай рабоце кіраўніцтва нашага ўніверсітэта, членаў дзяржаўнай камісіі, заказчыкаў кадраў з’яўляюцца вынікам размеркавання большасці выпускнікоў на працу ў родныя мясціны, што, па-першае, дазваляе замацоўвацца маладым спецыялістам па месцы накіравання (гэта садзейнічае і якасці адукацыі вучняў у школах), па-другое, не патрабуе ад заказчыкаў вырашэння жыллёвага пытання.

Гутарыла Наталля ДУБІК.