Ці можа праблема вырашацца адмаўленнем праблемы?

У апошнія гады, калі ў краіне даволі востра пачала адчувацца праблема наркаманіі, пра яшчэ адну залежнасць — алкагольную, амаль забыліся. Тым не менш, як сцвярджаюць спецыялісты, праблема алкагалізму, у параўнанні з наркотыкамі, мае куды большыя маштабы і сур’ёзныя наступствы. Зразумела, найбольш небяспечным з’яўляецца сямейны алкагалізм, ад якога пакутуюць дзеці. А значыць, у вырашэнні праблемы сямейнага алкагалізму менавіта дзецям трэба ўдзяляць больш увагі.
Як арганізоўваецца работа з залежнымі сем’ямі? Што адчуваюць, чаго баяцца дзеці, бацькі якіх пакутуюць на алкагалізм? Як наладзіць зносіны з падлеткамі, якія сталі ахвярамі “дарослай” хваробы? Як настаўнікам размаўляць з такімі навучэнцамі? Пра ўсё гэта мы запыталі ў супрацоўнікаў Мінскага абласнога клінічнага цэнтра “Псіхіятрыя-наркалогія”, у якім размясціўся Цэнтр дапамогі залежным сем’ям “Надзея і вылечванне”.

Дзіця — сям’я — школа

З 1992 года ў Мінскім абласным клінічным цэнтры “Псіхіятрыя-наркалогія” працуе Цэнтр дапамогі залежным сем’ям “Надзея і вылечванне”, дзейнасць якога накіравана на аказанне практычнай дапамогі тым сем’ям, якія пакутуюць на алкагалізм. Адным са спосабаў дапамогі залежным сем’ям з’яўляецца рэалізацыя праекта “Праз адказнасць сям’і да зніжэння сацыяльнага сіроцтва”. Дарэчы, праект рэалізоўваецца цэнтрам на аснове аналагічнай міжнароднай праграмы, накіраванай на дапамогу сем’ям, якія пакутуюць на алкагалізм.
Беларусь трапіла ў спіс удзельнікаў праграмы па рэалізоўваецца міжнароднага праекта дзякуючы Дэкрэту № 18. Асноўнай задачай беларускага праекта было праз цвяро-засць вярнуць дзяцей у сем’і, да біялагічных бацькоў.
Цікава, што, акрамя Беларусі, аналагічны праект рэалізоўваецца толькі ў 13 краінах свету. Прычым з еўрапейскіх краін у гэты спіс уваходзіць Сербія, астатнімі ўдзельнікамі міжнароднай праграмы дапамогі дзецям з алкагалізаваных сем’яў сталі краіны Усходу і Усходняй Азіі, Блізкага Усходу, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі.
Што тычыцца нашай краіны, праект “Праз адказнасць сям’і да зніжэння сацыяльнага сіроцтва” рэалізоўваўся на тэрыторыі Мінска і Мінскага раёна з 2012 па 2014 год. Зра-зумела, што дзейнічаў праект па напрамку дзіця — сям’я — школа.
— Згодна з праектам, работа нашага цэнтра бы_ла накіравана на ўзаемадзеянне з тымі асноўнымі інстытутамі, якія маюць уздзеянне на дзіця, — расказвае пра асаблівасці праекта спецыяліст па сацыяльнай рабоце Мінскага абласнога клінічнага цэнтра “Псіхіятрыя-наркалогія” Яўген Фёдаравіч Агеевец. — Мэтавымі групамі праекта былі вызначаны бацькі і дзеці, якія растуць і выхоўваюцца ў сацыяльна небяспечных сем’ях, а таксама стаяць на ўліку ў камісіях па справах непаўналетніх.
У цэнтры наладжана цеснае ўзаемадзеянне з камісіяй па справах непаўналетніх, якая і складае міжведамасны план па абароне інтарэсаў дзіцяці.
— Калі ўзяць сям’ю, якая хварэе на алкагалізм, то, насамрэч, у першую чаргу трэба абараняць дзяцей, зрабіць так, каб яны не пайшлі па слядах бацькоў, — працягвае Яўген Агеевец. — Дарослым, канечне ж, таксама патрэбна дапамога, мы павінны іх лячыць і лечым, але асаблівая ўвага, і гэта ніхто не аспрэчыць, павінна ўдзяляцца дзецям. Бо, як правіла, у дзяцей, чые бацькі п’юць, ёсць схільнасць да ўжывання алкаголю.
Падчас рэалізацыі праекта — з 2012 па 2014 год — для залежных бацькоў працавалі сем груп самадапамогі. Дарослых на лячэнне ад залежнасці накіроўваюць спецыялісты, супрацоўнікі КСН. Дарэчы, самай цяжкай з’яўляецца работа з тымі сем’ямі, дзеці якіх прызнаны асобамі, што маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне. З тымі бацькамі, у якіх ужо забралі дзяцей, як мяркуюць спецыялісты, працаваць цяжэй, чым з сем’ямі, якія маюць статус сацыяльна небяспечных.
Ёсць шмат прыкладаў, калі спецыялісты спрабуюць вывесці такіх бацькоў на цвярозасць. Некаторым бацькам, дзякуючы праграме, удавалася спыніцца. Дарэчы, многія з былых залежных застаюцца працаваць у цэнтры кансультантамі і дапамагаюць такім жа залежным, якімі яны і самі былі літаральна ўчора. Бацькі займаюцца ў групах ананімных алкаголікаў, а працуюць з імі былыя залежныя як ад алкагольнай, так і ад наркатычнай залежнасці, якія на ўласных прыкладах расказваюць, як змянілася іх жыццё пасля вылечвання.
— Для таго каб убачыць прагрэс сярод бацькоў, якія хварэюць на алкагалізм, мы арганізоўваем для іх заняткі — 30 наведванняў цэнтра, падчас якіх з гэтай залежнай катэгорыяй працуюць спецыялісты, — працягвае супрацоўнік цэнтра. — Для кагосьці з дарослых хапае і паловы заняткаў, каб зразумець, што пара мяняць сваё жыццё. А некаму і ўсяго курса будзе мала. І я лічу, што асноўная праблема хворых на алкагалізм у тым, што яны поўнасцю адмаўляюць існаванне праблемы. І вельмі часта даходзіць да парадоксу. Дзяцей з сям’і забралі, яны знаходзяцца ў дзіцячым доме, а бацькам усё роўна. Яны не бачаць у гэтым сваёй віны. Менавіта па гэтай прычыне ёсць неабходнасць праводзіць для бацькоў, чые дзеці часова знаходзяцца ў прытулках, групавыя заняткі. Варта адзначыць, што заняткі для бацькоў праходзяць у ананімных групах.

Шанс быць шчаслівымі

Самай цяжкай у рабоце з залежнымі ад алкаголю сем’ямі з’яўляецца работа з дзецьмі. Зразумела, што дзеці поўнасцю залежаць ад сям’і. І страшна тое, што ў тых дамах, куды бацькі прыходзяць дадому п’янымі, тэма алкаголю з’яўляецца забароннай. Чаму? Таму што зноў жа бацькі не ўсведамляюць усёй сур’ёзнасці праблемы, а блізкія родзічы сям’і баяцца траўміраваць дзяцей, кожны раз нагадваючы аб тым, што бацькі зноў прыйшлі дадому п’янымі.
Для таго каб растлумачыць дзецям, у якой сітуацыі яны знаходзяцца, у чым сутнасць іх сямейнай праблемы і як яе можна вырашыць, у цэнтры арганізоўваюцца групавыя трэнінгавыя заняткі. Па словах спецыялістаў, дзеці, з якімі ім даводзіцца працаваць, маюць пачуццё кінутасці і таго, што яны нікому не патрэбны. На першых занятках такія дзеці проста сядзяць і маўчаць. У адносінах да сваіх аднагодкаў, у сем’ях якіх такіх праблем няма, адчуваецца няёмкасць і боязь таго, што іх могуць у любую хвіліну папракнуць бацькамі-алкаголікамі.
— Працаваць з такімі дзецьмі складана толькі спачатку, — працягвае расказваць пра работу з залежнымі сем’ямі Яўген Фёдаравіч. — Такія дзеці ўсяго баяцца, саромеюцца, і лішні раз узгадваць пра тое, хто іх бацькі, ім вельмі балюча.
Для таго каб паказаць дзецям, што яны не горшыя за сваіх аднагодак, якія не сутыкаліся з аналагічнымі праблемамі, псіхолагамі і сацыяльнымі педагогамі цэнтра была распрацавана спецыяльная праграма па адаптацыі. Праграма складаецца з 15 заняткаў, дзякуючы якім дзеці пачынаюць разумець, што іх бацькоў нельга назваць добрымі ці дрэннымі, проста іх бацькі цяжка захварэлі, а значыць, ім патрэбна дапамога.
Між іншым адным з самых важных заняткаў з’яўляецца размова на тэму “Я — індывідуальнасць”, якую з дзецьмі праводзяць два разы за курс. Першы раз такая тэма абмяркоўваецца на чацвёртым уроку, другі раз — амаль на чатырнаццатым. Звязана гэта перш за ўсё з тым, што псіхолагі павінны ўбачыць і параўнаць, якім дзіця да іх прыйшло і ці змянілася яно дзякуючы сустрэчам і размовам. І, як правіла, гэтыя змены відавочныя. Калі на пачатку заняткаў дзеці адчувалі сябе нікому не патрэбнымі дзецьмі алкаголікаў, то ўжо напрыканцы заняткаў у іх быў свой погляд на гэтую праблему. Але галоўнае, чаму павінны былі навучыцца дзеці, — гэта, зразумела, быць самімі сабой і не імкнуцца паўтарыць лёс бацькоў.
Вельмі важнай для дзяцей, якія выхоўваюцца ў сем’ях алкаголікаў, з’яўляецца падтрымка, адчуванне таго, што, трапіўшы нават у такую складаную сітуацыю, яны ўсё роўна не застаюцца адзін на адзін з існуючымі праблемамі. Для таго каб дзеці маглі гэта адчуць на ўласным вопыце, псіхолагі арганізоўвалі для іх заняткі па скалалажанні. Менавіта гэты від спорту дапамагае працаваць у камандзе. Прычым калі каманда аб’яднана адной ідэяй, калі ў складанай сітуацыі можна разлічваць на падтрымку таварыша і не баяцца быць кінутым, значыць, можна лічыць, што вы — адна сям’я.
Калі-нікалі падчас рэалізацыі праекта “Праз адказнасць сям’і да зніжэння сацыяльнага сіроцтва” для дзяцей і бацькоў арганізоўваліся сумесныя паходы ў цырк, дэльфінарый, тэатры. Як дарослых, так і дзяцей суправаджалі падчас сустрэч спецыялісты.
— Мы былі вельмі рады за тых бацькоў, якія вырашылі змяніцца дзеля дзяцей, дзеля іх будучыні. Безумоўна, радаваў знешні выгляд бацькоў. Яны былі акуратна апранутыя, дагледжаныя. Здавалася, што яны, убачыўшы дзяцей, адчувалі большую няёмкасць, чым самі дзеці, — працягвае спецыяліст цэнтра. — Дарэчы, некаторыя з бацькоў пасля прызнаваліся, што да гэтага моманту самастойна дзяцей нікуды не вадзілі: ні ў парк, ні ў цырк.
Самай хвалюючай, непрадказальнай і, напэўна, нават няёмкай як для дзяцей, так і для дарослых, стала апошняя, 15-я, сустрэча ў цэнтры. Сюды, на завяршальную лекцыю, запрашаліся і бацькі, лячэнне якіх дало станоўчыя вынікі, і дзеці, у якіх, нарэшце, з’явіўся шанс вярнуцца дадому, у новую, цвярозую, сям’ю. Падчас сустрэчы бацькі размаўлялі з дзецьмі, абяцалі, што цяпер іх жыццё зменіцца. Але зменіцца яно толькі пры адной умове. Важна, каб бацькі разумелі ўсю сур’ёзнасць іх адказнасці, якая здольна знізіць сацыяльнае сіроцтва.

Наталля ДУБІК.