Як прыцягнуць у адукацыю маладыя кадры?

Для таго каб забяспечыць раён педагагічнымі кадрамі на некалькі гадоў, наймальнікі загадзя імкнуцца знайсці патэнцыяльных настаўнікаў сярод навучэнцаў школ, з якімі заключаюць дагавор аб мэтавай падрыхтоўцы. Заказчыкам кадраў мэтавая падрыхтоўка дае гарантыі наконт таго, што малады спецыяліст, скончыўшы ВНУ, бліжэйшыя 5 гадоў будзе займаць вакантнае месца. А маладыя спецыялісты ў сваю чаргу, акрамя першага рабочага месца, змогуць атрымаць не толькі прафесійны, але і жыццёвы вопыт, які і падкажа, ці варта пасля адпрацоўкі заставацца ў прафесіі. 
Тым не менш, як паказвае практыка, адным дагаворам аб мэтавай падрыхтоўцы маладога спецыяліста на месцы не ўтрымаеш. 
Пра тое, як зрабіць работу маладых спецыялістаў камфортнай і якія сацыяльныя гарантыі неабходны ўчарашнім студэнтам, што прыязджаюць у раён па мэтавым накіраванні, ведаюць у Кармянскім раёне Гомельскай вобласці. Менавіта гэты раён на працягу апошніх некалькіх гадоў найбольш эфектыўна працуе па мэтавым наборы на педагагічныя спецыяльнасці. Пра асаблівасці гэтай работы нашаму выданню расказвае намеснік кіраўніка Кармянскага райвыканкама Наталля Ігараўна СІДАРАВА.

Выяўленне будучых педагогаў — праз стварэнне валанцёрскіх атрадаў, атрадаў важатых у піянерскіх дружынах

Работа аддзела і ўстаноў адукацыі Кармянскага раёна па забеспячэнні педагагічнымі кадрамі ажыццяўляецца ў адпаведнасці з прынцыпамі дзяржаўнай праграмы “Кадры”, а таксама абласной і раённай праграмамі развіцця адукацыі на 2011—2015 гады. Гэтая праграма штогод разглядаецца на пасяджэннях выканкама, дзе і прымаецца рашэнне, якія і колькі кадраў неабходны раёну. Гэта перш за ўсё выкладанне ўсіх прадметаў высокакваліфікаванымі спецыялістамі, павышэнне іх якаснага складу, эфектыўнае і рацыянальнае размеркаванне маладых спецыялістаў, умацаванне стабільнасці кадравай сістэмы, павышэнне аўтарытэту настаўнікаў.
Ва ўсіх установах адукацыі раёна распрацаваны і дзейнічаюць планы па прафарыентацыі навучэнцаў. Усё гэта можна знайсці ў планах выхаваўчай работы класных кіраўнікоў пачынаючы з 1 класа. Для таго каб разгледзець сярод навучэнцаў педагагічны патэнцыял, штогод у сярэднім звяне ствараюцца валанцёрскія атрады, атрады важатых у піянерскіх дружынах, дзе выяўляюцца задаткі будучых педагогаў.
На базе Міжшкольнага вучэбна-вытворчага камбіната працоўнага навучання і прафесійнай арыентацыі на працягу некалькіх гадоў дзейнічаў апорны цэнтр па прафарыентацыйнай рабоце для навучэнцаў старшых класаў.

Своечасовыя меры па падтрымцы педагогаў даюць свой вынік

Пасля аварыі на Чарнобыльскай станцыі наш раён аказаўся ў ліку найбольш пацярпелых. Многія вопытныя, высокакваліфікаваныя педагогі пакінулі раён. Некаторы час у Карме, раёне быў дэфіцыт на многія спецыяльнасці педагагічнага профілю. Аднак мэтанакіраваная работа аддзела і ўстаноў адукацыі дазволіла цалкам забяспечыць раён педагагічнымі кадрамі. Работа ажыццяўлялася па двух напрамках — стварэнне спрыяльных умоў працы і забеспячэнне неабходнымі бытавымі ўмовамі для замацавання маладых спецыялістаў.
Безумоўна, важнай умовай з’яўляецца наяўнасць жылля. Так, за апошнія 5 гадоў жыллё камерцыйнага карыстання выдзелена 72 педагагічным работнікам. Акрамя гэтага, на чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў стаяць 117 педагогаў, 45 з якіх у хуткім часе атрымаюць арэнднае жыллё.
Своечасовым у вырашэнні жыллёвага пытання для маладых спецыялістаў, якія накіраваны на работу ў раёны, што пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС, стаў Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27.11.2000 г. № 31 “Аб дадатковых мерах па павышэнні заработнай платы і прадастаўленні льготных крэдытаў асобным катэгорыям работнікаў”. Так, маладым спецыялістам, якія прыехалі працаваць у раёны, што пацярпелі ад аварыі, аказвалася дапамога ў набыцці крэдытаў на льготных умовах на жыллё. Так, за перыяд 2011—2013 гадоў аформлена 58 крэдытаў (9 — выхавальнікам дзіцячых дашкольных устаноў, 49 — настаўнікам).
Што тычыцца маладых спецыялістаў, якія накіраваны на працу ў сельскія школы, іх на работу з Кармы адвозіць спецыяльны транспарт. Аўтобусы знаходзяцца на балансе аддзела адукацыі, спорту і турызму, і менавіта гэты транспарт прызначаны для падвозу навучэнцаў з тых вёсак, дзе няма школ. Гэтыя ж аўтобусы адвозяць настаўнікаў на працу і прывозяць дадому пасля работы.
Такім чынам, работа, якая праводзіцца аддзелам адукацыі, спорту і турызму, спрыяе ўкамплектаванню ўстаноў адукацыі кваліфікаванымі педагагічнымі кадрамі, а таксама замацаванню маладых педагогаў на сваіх першых рабочых месцах.
Вялікая ўвага ўдзяляецца падтрымцы педагагічных работнікаў за іх работу. Штогод прадстаўляюцца да ўзнагароджання рознымі відамі прэмій больш як 45 чалавек. Для таго каб убачыць, каго з маладых спецыялістаў можна выдзеліць, адзначыць узнагародай, штомесяц праводзіцца аналіз выніковасці работы ўстаноў адукацыі, у тым ліку выканальніцкай дысцыпліны кіруючых кадраў.

Ці могуць мэтавікі вырашыць кадравыя праблемы раёна?

Дзякуючы добра наладжанай сістэмнай рабоце аддзела адукацыі, спорту і турызму па прафарыентацыі, раёну ўдалося перайсці на самазабеспячэнне педагагічнымі кадрамі. Аб гэтым яскрава сведчыць аналіз колькасці маладых спецыялістаў, якія штогод вяртаюцца ў раён. Так, у 2012 годзе ў Кармянскі раён прыехалі 26 маладых спецыялістаў, якія навучаліся па мэтавым накіраванні (з іх 17 — ураджэнцы раёна); у 2013 годзе раён папоўніўся 28 маладымі педагогамі (24 — ураджэнцы раёна); у 2014 годзе на працу выйшаў 21 малады педагог (18 — ураджэнцы раёна). Што тычыцца будучыні, то ў 2015 годзе ў раён прыедуць 12 мэтавікаў; у 2016 годзе — 10 маладых педагогаў, якія вучыліся па дагаворы аб мэтавай падрыхтоўцы, а ў 2017 годзе ў раёне будзе больш яшчэ на 10 настаўнікаў.
Калі гаварыць пра забяспечанасць раёна спецыялістамі неабходнага профілю, то зараз у аддзеле адукацыі, спорту і турызму заключаны дагаворы на мэтавую падрыхтоўку са студэнтамі ўсіх неабходных профіляў (вучэбных прадметаў) для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі раёна.
Але, нягледзячы на тое, што раён штогод атрымлівае маладыя кадры, сёння нам усё роўна не хапае настаўнікаў нямецкай мовы, якія маглі б працаваць у вясковых школах. Гэта звязана з тым, што падчас навучальнага года некаторыя маладыя педагогі пайшлі ў дэкрэтны адпачынак. Тым не менш са жніўня прыступяць да работы два педагогі замежнай мовы з вышэйшай адукацыяй. Сёння гэтыя студэнты навучаюцца на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, а гэта значыць, што на бліжэйшыя 5 гадоў школы атрымаюць спецыялістаў. Акрамя гэтага, наш аддзел адукацыі, спорту і турызму цесна супрацоўнічае з Рэчыцкім педагагічным каледжам, які таксама рыхтуе выкладчыкаў англійскай і нямецкай мова. Як вядома, маладыя спецыялісты пасля заканчэння каледжа ў большасці сваёй паступаюць на завочнае аддзяленне ва ўніверсітэты. Таму з маладымі спецыялістамі, якія пасля заканчэння вучобы ў каледжы размяркоўваюцца на работу ва ўстановы адукацыі Кармянскага раёна, заключаецца дадатковае пагадненне да кантракта, згодна з якім раён бярэ на сябе абавязкі па аплаце сесіі ў вышэйшых навучальных установах па профілі. Гэтым мы падтрымліваем педагогаў у імкненні да атрымання вышэйшай адукацыі і ў цэлым павышаем адукацыйны ўзровень педагогаў.

Дагавор аб мэтавай падрыхтоўцы кожнаму жадаючаму ці згодна з прафадборам?

Адбор навучэнцаў, якія могуць навучацца ў педкаледжах і ВНУ па профілі, адбываецца яшчэ ў школе. Згодна з праграмай “Прафесійны прагноз”, кожны вучань можа вызначыцца з выбарам прафесіі. Вядома, каб атрымаць накіраванне для паступлення на педагагічныя спецыяльнасці, аднаго жадання мала. Будучы педагог, які плануе навучацца па дагаворы аб мэтавай падрыхтоўцы, павінен быць лепшым вучнем як у вучобе, так і ў паводзінах. Вялікае значэнне мае характарыстыка, якую навучэнцу дае школа за апошнія тры гады навучання. Безумоўна, сярэдні бал атэстата таксама мае значэнне, як і адзнака за той прадмет, выкладаць які ў будучым, пасля заканчэння ВНУ, плануе яшчэ сённяшні навучэнец.
Як вядома, работа па падрыхтоўцы мэтавікаў на педагагічныя спецыяльнасці наладжана згодна з Палажэннем аб мэтавым навучанні.
Для таго каб заключыць дагавор аб мэтавай падрыхтоўцы, неабходна заява законнага прадстаўніка вучня (аднаго з бацькоў), а таксама згода астатніх двух бакоў — наймальніка (аддзела адукацыі, спорту і турызму) і ВНУ ці каледжа, дзе плануе навучацца будучы педагог.

Мэтавая падрыхтоўка — гэта пэўная рызыка як для абітурыентаў, так і для наймальнікаў. Ці магчыма ўлічыць яе?

Кожная ўстанова адукацыі раёна распрацоўвае сваю праграму “Кадры”, якая пасля пераходзіць у агульную, раённую. Так, сёння ў сувязі са змяншэннем колькасці навучэнцаў у вясковых школах існуе пэўная небяспека ў магчымасці аптымізацыі ўстановы адукацыі. Але падобныя сітуацыі ўлічваюцца з пачатку каляндарнага года і да верасня, калі пачынаецца новы навучальны год, мы ўяўляем дакладную карціну аб стане ўстаноў адукацыі раёна, ведаем, дзе і што можа пайсці не так.
У апошнія гады зменшылася колькасць заключаных мэтавых дагавораў, улічваецца колькасць педагогаў перадпенсіённага ўзросту. Патлумачу, што маецца на ўвазе. Сярэдні ўзрост педагогаў у раёне — 42—46 гадоў. Мы лічым, колькі, напрыклад, выкладчыкаў матэматыкі пойдуць на пенсію праз 5 гадоў. Значыць, менавіта столькі маладых выкладчыкаў матэматыкі нам будуць патрэбны праз 5 гадоў. Такім чынам, да 2017 года ў нас ёсць некаторы план, які дапамагае зразумець, якія кадры і ў якой колькасці спатрэбяцца раёну. Гэта значыць, што без работы яны не застануцца.

Наталля ДУБІК.