Што рабіць, каб яно сапраўды было такім?
Статыстыка Міністэрства па надзвычайных сітуацыях сведчыць: у 2017 годзе на пажарах загінула чацвёра дзяцей, адна дзяўчынка загінула падчас буры, калі на аўтамабіль, у якім яна ехала з бацькамі, упала дрэва. 10 малых былі траўміраваны. Безумоўна, статыстыка сумная, але калі параўнаць яе з данымі дзесяці-адзінаццацігадовай даўнасці, то адразу становіцца зразумела, што за гэты час сітуацыя змянілася ў лепшы бок, прычым змянілася кардынальна. Перш за ўсё, канечне, дзякуючы сумеснай прафілактычнай рабоце падраздзяленняў МНС, педагогаў, іншых зацікаўленых спецыялістаў.
Трэнажоры дапамагаюць
Якімі ж былі даныя аб гібелі і траўміраванні дзяцей на пажарах і ў іншых надзвычайных сітуацыях, скажам, у 2006 годзе? Цяпер, калі ведаеш сучасную сітуацыю, нават цяжка паверыць у тыя лічбы: 53 і 29 чалавек адпаведна. У 2010 годзе гаворка ішла пра 35 і 13 малых, у 2013 — пра 20 і 21. З-за дзіцячага свавольства з агнём у 2005 годзе ўзнікла 666 пажараў, у 2006 — 424, у 2016 — 95, за мінулы год — 93.
Дарослыя — і настаўнікі, і бацькі — сталі больш адказна ставіцца не толькі да навучання дзяцей правілам бяспечных паводзін, але і да сваіх паводзін таксама. Ды і магчымасцей набыць неабходныя веды, адпрацаваць алгарытм дзеянняў у надзвычайных сітуацыях у беларусаў з’явілася значна больш, чым было калісьці.
Навучыцца адказнаму стаўленню да свайго жыцця і жыцця блізкіх вельмі дапамагаюць сучасныя метады навучання і адпрацоўкі практычных навыкаў, што ўсё больш распаўсюджваюцца ў Беларусі. Распаўсюджваюцца, зразумела, не самі па сабе, а дзякуючы планамернай рабоце. Адно з самых значных новаўвядзенняў, якія з’явіліся ў нас параўнальна нядаўна, — гэта адкрыццё цэнтраў бяспекі МНС.
Першы такі інавацыйна-адукацыйны цэнтр бяспекі быў створаны ў 2015 годзе на базе ліцэя пры Універсітэце грамадзянскай абароны МНС Беларусі ў Гомелі. Нам з калегамі ў свой час давялося пабываць у гэтым цэнтры і пазаймацца на трэнажорах, напрыклад, на трэнажоры па выкарыстанні вогнетушыцеляў, які прапаноўвае 13 варыянтаў сімуляцыі пажару. Яшчэ мы прайшлі праз трэнажор “Лабірынт”, які ўяўляе сабой пакой-сімулятар для выпрацоўкі навыкаў бяспечнай эвакуацыі з задымленага памяшкання. Адчуванні, калі праходзіш дыстанцыю, самыя натуральныя: гучаць сірэны, крычаць людзі, з-за дыму амаль нічога не бачна. Затое дакладна разумееш, як чалавек адчувае сябе падчас пажару, і, галоўнае, вучышся выбірацца з задымленага пакоя. Школьнікі і навучэнцы з Гомельшчыны, іншых рэгіёнаў разам з педагогамі наведваюць цэнтр з моманту яго адкрыцця, нават складзены графік такіх наведванняў.
Прыкладна па тым жа прынцыпе — паглыблення ў імітацыю рэальнай надзвычайнай сітуацыі, адпрацоўкі практычных навыкаў — працуюць і іншыя трэнажоры і пакоі цэнтра. Ёсць тут і пакой, у якім адпрацоўваюцца навыкі правільных паводзін на балоце, пясчаным кар’еры, зімнім і летнім вадаёмах, кабінет, прысвечаны радыяцыйнай бяспецы, медыцынскі кабінет і г.д. Летась, дарэчы, цэнтр бяспекі ў Гомелі наведаў міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Васільевіч Карпенка, што чарговы раз пацвярджае важнасць сумеснай работы міністэрстваў і ведамстваў у напрамку захавання бяспекі і дзяцей, і дарослых.
Па словах начальніка Рэспубліканскага цэнтра прапаганды МНС Алены Георгіеўны Дзмітрук, з моманту адкрыцця цэнтра ў Гомелі і яшчэ двух цэнтраў бяспекі ў Лідзе і Віцебску іх наведала прыкладна 60 тысяч чалавек, працэнтаў 60 з якіх — гэта навучэнцы (у большасці сваёй школьнікі) і выкладчыкі. Гэта пры тым, што цэнтры ў Віцебску і на Гродзеншчыне пачалі працаваць толькі ў сярэдзіне мінулага года.
Новыя цэнтры створаны па прыкладзе гомельскага, але, канечне, з пэўнымі сучаснымі дапаўненнямі і сваімі асаблівасцямі. Так, у віцебскім цэнтры адна з пляцовак уяўляе сабой жылы пакой з рознымі бытавымі прыладамі, якія могуць загарэцца. У іншым памяшканні можна стварыць умовы рэальнай навальніцы, а навучэнцам неабходна адшукаць бяспечны прытулак. Праграма навучання пры гэтым разлічана на любы ўзрост — яе варыянты прадугледжаны і для школьнікаў, і для студэнтаў, і для супрацоўнікаў прадпрыемстваў і арганізацый. А ў Лідзе цэнтр бяспекі ўключае 10 інтэрактыўных пляцовак. Тут нават уваход аформлены ў выглядзе аўтобуса, у якім дзецям нагадваюць правілы паводзін у грамадскім транспарце.
Да 2020 года, як мне расказалі ў Рэспубліканскім цэнтры прапаганды МНС, плануецца пабудаваць такія цэнтры ў кожнай вобласці Беларусі. Сёлета мяркуецца адкрыць іх на Брэстчыне і Магілёўшчыне. А самым вялікім стане трохпавярховы цэнтр бяспекі МНС у Мінску, які будуецца на Лагойскім тракце. Гэта будзе ўнікальны аб’ект з вялікай колькасцю пляцовак з выкарыстаннем сучасных, у тым ліку 3D, тэхналогій, магчымасцю адпрацаваць паводзіны ў разнастайных надзвычайных сітуацыях, напрыклад, у метро. Тут таксама прадугледжаны забаўляльная зона, кафэ, канферэнц-зала. Спецыялісты Міністэрства па надзвычайных сітуацыях кажуць, што аб’екта, падобнага на гэты, няма ні ў адной краіне СНД.
Навучыць, каб абараніць
Цэнтры, безумоўна, вялікая дапамога ў навучанні дзяцей і дарослых правілам бяспечных паводзін і ратавання. Але дзе вучыцца жыхарам іншых населеных пунктаў, іх маленькім дзецям — дашкольнікам і вучням малодшых класаў? Што ж, і на гэта ратавальнікі маюць адказ. У гарадах адкрываюцца іміджавыя пакоі бяспекі для дашкольнікаў, якія дзейнічаюць, напрыклад, пры кафэ, у гандлёвых цэнтрах, дзе ёсць дзіцячыя пакоі, і бацькі могуць пакінуць сваіх дзяцей пад наглядам спецыяльных супрацоўнікаў.
Так, нядаўна іміджавы пакой адкрыўся пры дзіцячым кафэ забаўляльнага цэнтра ў Новалукомлі Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці. Дарэчы, у яго стварэнні вельмі дапамаглі адміністрацыя гандлёвага цэнтра, мясцовыя валанцёры, якія размалявалі сцены яркімі малюнкамі з кароткімі правіламі бяспекі (“Не купайся без дарослых”, “Падаконнік — не месца для гульняў” і г.д.), выканалі іншыя работы. У пакоі ёсць размалёўкі “Чароўная кніга МНС”, кнігі, цацкі. Канечне, раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях сумесна з мясцовым аддзелам па адукацыі, спорце і турызме нацэлены на арганізацыю ўрокаў бяспекі для дзяцей з усіх куткоў раёна.
А ў Гродне напрыканцы мінулага года на базе спартыўна-культурнага забаўляльнага комплексу “Усход” пачаў працаваць вучэбна-гульнявы пакой МНС, які называецца “У гасцях у чароўнай кнігі”. Тут дзеці вучацца гуляючы. І такіх пакояў у краіне адкрыта ўжо больш за дваццаць, іх стварэнне працягваецца. У Гродзенскай вобласці, між іншым, дзейнічаюць 4 такія аб’екты, у Віцебскай — 5, Гомельскай — таксама 5, Брэсцкай — 3, Мінскай і Магілёўскай — па 2. І ёсць гэтыя пакоі не толькі ў буйных гарадах, але і ў не вельмі вялікіх: Ваўкавыску, Калінкавічах, Слуцку і іншых. У кожны могуць прыйсці і прыходзяць выхавальнікі дзіцячых садоў і класныя кіраўнікі са сваімі выхаванцамі.
Акрамя таго, беларускія ратавальнікі даўно і плённа супрацоўнічаюць з Дзіцячым фондам ААН (ЮНІСЕФ). Вынікі такога супрацоўніцтва — аўдыяказкі для дашкольнікаў, буклеты, інтэрактыўная гульня па правілах бяспекі для пачатковай школы, электронныя куткі бяспекі ў навучальных установах (створаны пры ўдзеле Міністэрства адукацыі і Міністэрства ўнутраных спраў). Такія куткі плануецца адкрыць у некалькіх дзясятках беларускіх школ.
А яшчэ ў Беларусі штогод праводзяцца 8 рэспубліканскіх акцый, сярод якіх “У цэнтры ўвагі — дзеці”, “Не пакідайце дзяцей адных!”, “Канікулы без дыму і агню”. Плануецца, што сёлета рэспубліканскі статус набудзе і конкурс “Бяспечнае дзяцінства” для дашкольнікаў. А для школьнікаў існуе конкурс, які ўмоўна можна назваць алімпіядай па асновах бяспекі, — “Школа бяспекі”. Таксама кожны год праходзяць рэспубліканскія і міжнародныя злёты юных ратавальнікаў, у апошнім з якіх за 15 гадоў існавання прынялі ўдзел прадстаўнікі 21 краіны свету, нават ЗША.
“Невялікі ачаг пажару, які ўзнік на вашых вачах, можна патушыць самастойна! Электрапрыладу, што гарыць, трэба адключыць ад сеткі, накрыць тоўстай тканінай або засыпаць пяском, пральным парашком, зямлёй з гаршка з кветкамі; шторы, якія гараць, трэба сарваць, затаптаць і заліць вадой; калі загарэўся алей на патэльні, неабходна хуценька закрыць яе накрыўкай, але ні ў якім выпадку не заліваць вадой; калі загарэлася смецце ў вядры, заліце яго вадой”. (З памяткі МНС і ЮНІСЕФ.) І нагадваем: выклікаць ратавальнікаў можна па тэлефонах 101 або 112.
Апошнім жа часам ратавальнікі асаблівую ўвагу звяртаюць на маладых маці, бо ад іх, як ні ад каго іншага, залежыць бяспека самых маленькіх дзяцей — варта згадаць хаця б выпадкі, калі малышы выпадалі з вокнаў. Дзеля прафілактыкі такіх і да іх падобных здарэнняў у Рэспубліканскім цэнтры прапаганды МНС стварылі фільм “Супермама”, які можна ўбачыць у інтэрнэце. Дарэчы, галоўную ролю ў ім сыграла рэальная мнагадзетная маці, пераможца конкурсу “Супермама”. Ну а праект “Ганарымся, што навучылі” вядомы, мабыць, ужо кожнаму беларусу. Таксама можна паказаць дзецям шматсерыйны мультфільм “Чароўная кніга”.
— Нашы планы не былі б рэалізаваны ў поўнай меры, калі б не падтрымка Міністэрства адукацыі, — гаворыць А.Г.Дзмітрук. — Уся работа праводзіцца разам, і гэта надзвычай важна. А любы конкурс сярод дашкалят і школьнікаў, прафілактычныя мерапрыемствы наогул немагчымы без падтрымкі нашых ідэй педагогамі. Зараз мы рыхтуем вучэбныя відэаўрокі па асновах бяспекі жыццядзейнасці, і ў кожнага з бакоў — свой прафесійны падыход да гэтай работы. Няма чужых дзяцей, усе яны нашы, і іх бяспека — агульная справа.
Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва Рэспубліканскага цэнтра прапаганды МНС.