Пайсці і не вярнуцца

Восенню мінулага года на тэрыторыі Гродзенскай вобласці была разгорнута самая маштабная за ўсю гісторыю краіны пошукавая аперацыя. Тады шукалі 10-гадовага Максіма Мархалюка. На жаль, хлопчыка дагэтуль не знайшлі…

Па якіх прычынах знікаюць дзеці? Ці часта такія гісторыі пакідаюць пасля сябе трагічны след? І ўвогуле, ці можа прафілактыка папярэдзіць уцёкі з дому? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні дапамог знайсці старшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Сяргей КУЛЯШОЎ.

— Прычын, па якіх знікаюць дзеці, вельмі многа, — дзеліцца Сяргей Фёдаравіч. — Але важна, што ў нас назіраецца тэндэнцыя да штогадовага зніжэння выпадкаў знікнення непаўналетніх. Напрыклад, 5 гадоў назад у органах унутраных спраў (ОУС) на разглядзе знаходзілася 1671 заява аб знікненні. А ў 2017 годзе ў ОУС паступіла 948 паведамленняў аб непаўналетніх, што зніклі без вестак (гэтая лічба складае крыху больш чым 10% ад агульнай колькасці заяў, якія паступаюць у ОУС з прычыны знікнення). Большасць дзяцей, што зніклі, знаходзяць максімум за 10 дзён.

Па стане на 15 лютага бягучага года працягваецца пошук 1 непаўналетняга — 5-гадовага хлопчыка. Але па інфармацыі, якая ёсць у МУС, дзіця знаходзіцца з бацькам. Калі звяртацца да статыстыкі, то з улікам мінулых гадоў усяго ў пошуку знаходзяцца 48 непаўналетніх. Тым не менш, як я ўжо адзначыў, на працягу апошніх трох гадоў, дзякуючы зладжанай працы і намаганням ОУС, рост колькасці выпадкаў знікнення непаўналетніх не дапускаецца.

Такім чынам, з 48 непаўналетніх, якія пакуль не знойдзены, 5 знаходзяцца разам з адным з бацькоў, і мяркуецца, што 7 загінулі ў выніку няшчаснага выпадку (патанулі).

Так, Лунінецкім РАУС вызначаецца месцазнаходжанне двух падлеткаў, аднаму з якіх на сёння магло б споўніцца 14, а другому — 15 гадоў. Роўна 6 гадоў назад яны пайшлі гуляць на вуліцу, а дадому так і не вярнуліся. У ходзе праведзеных аператыўных мерапрыемстваў было ўстаноўлена, што дзеці сталі ахвярамі няшчаснага выпадку. Яны загінулі падчас гульняў на рэчцы Цне недалёка ад іх месца пражывання. Тым не менш знайсці падлеткаў не атрымалася. Аналагічны выпадак зафіксаваны Чыгуначным РАУС Віцебска. Дагэтуль не знойдзены хлопчык 2003 г.н., які падчас гульняў патануў у Заходняй Дзвіне. А Стаўбцоўскім РАУС не вызначана месца знікнення хлопчыка 2005 г.н., жыццё якога 5 гадоў назад забраў Нёман.

Зразумела, што прычыны, па якіх непаўналетнія гінуць на вадзе, банальныя. Бацькі заўжды павінны нагадваць, што нельга зімой выходзіць на ледзяную гладзь, а летам заходзіць у ваду, калі побач няма дарослых.

— Штогод органы ўнутраных спраў сутыкаюцца з цяжкімі выпадкамі вяртання на радзіму маленькіх дзяцей, якіх незаконна вывезлі з краіны. Па якіх прычынах непаўналетніх вывозяць за мяжу? Як вядуцца пошукі і наколькі аператыўна можна знайсці дзяцей?

— Так, выпадкі, калі дзяцей вывозяць за межы краіны, здараюцца. Напрыклад, на сёння органамі ўнутраных спраў устанаўліваецца месцазнаходжанне 5 непаўналетніх, якія знаходзяцца з кімсьці адным з бацькоў. Прычыны, што пабуджаюць бацьку ці маці вывозіць дзіця за мяжу, могуць быць рознымі. Тым не менш часцей за ўсё падставай з’яўляецца несупадзенне поглядаў на выхаванне дзіцяці.

Так, органамі ўнутраных спраў устанаўліваецца месцазнаходжанне 3-гадовай дзяўчынкі, якую год назад бацька вывез за межы краіны. Аналагічная гісторыя здарылася і з цяпер ужо 5-гадовым хлопчыкам — ён у кастрычніку мінулага года пакінуў месца рэгістрацыі разам з бацькам. А ў Ашмянскім РАУС дагэтуль вызначаюць, куды амаль тры гады назад 4-гадовую дачку вывезла за межы краіны маладая маці.

Зразумела, што ў тэрытарыяльных органах унутраных спраў з мэтай вызначэння месцазнаходжання дзяцей, якія вывезены за межы краіны бацькамі, заведзены пошукавыя справы, у рамках якіх праводзяцца неабходныя мерапрыемствы.

Для таго каб вызначыць магчымае месцазнаходжанне беларускіх дзяцей за мяжой, МУС супрацоўнічае са шматлікімі краінамі. Так, узаемадзеянне з дзяржавамі — удзельніцамі СНД ажыццяўляецца ў межах рэгламенту кампетэнтных органаў па ажыццяўленні міждзяржаўнага пошуку асоб. Гэты дакумент быў падпісаны крыху больш чым два гады назад. З тымі дзяржавамі, якія не ўваходзяць у склад СНД, наладжана сувязь па каналах Нацыянальнага цэнтральнага бюро Інтэрпола. Дарэчы, у лістападзе 2017 года ў Крыме было ўстаноўлена месцазнаходжанне 11-гадовага хлопчыка, якога бацька хаваў больш за 4 гады. У гэты ж час на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, у Санкт-Пецярбургу, была знойдзена 14-гадовая дзяўчынка. Гісторыя яе знікнення нетыповая. Часцей за ўсё дзяцей за мяжу вывозяць менавіта мужчыны, бацькі. А гэтую дзяўчынку ў ліпені 2015 года з аздараўленчага лагера выкрала маці, якая на той момант ужо была пазбаўлена бацькоўскіх правоў. Куды яна павезла дачку, не ведаў ніхто.

— Ці часта дзеці становяцца ахвярамі крымінальных выпадкаў?

— Здзяйсненне злачынстваў у адносінах да непаўналетніх, якое замаскіравана пад бясследнае знікненне, — з’ява даволі рэдкая. У мінулым годзе быў зафіксаваны толькі адзін такі факт.
У ліпені 2017 года ў Маладзечанскі РАУС паступіла заява аб знікненні 14-гадовай навучэнкі Радашковіцкай сярэдняй школы. Дзяўчынка не прыйшла дадому начаваць. Аператыўна-пошукавыя мерапрыемствы вяліся на працягу некалькіх дзён. Цела дзяўчынкі са слядамі гвалту было знойдзена ў лясным масіве паблізу той вёскі, дзе пражывала непаўналетняя. Расследаванне паказала, што забойства здзейсніў 24-гадовы мужчына, які прыехаў з Мінска. Менавіта з ім напярэдадні трагічнай падзеі дзяўчынка і адпачывала.

— На пачатку студзеня ў Мінску шукалі 10-гадовага школьніка, які пабаяўся ісці дадому з-за атрыманай на ўроку дрэннай адзнакі. Як часта здараюцца такія гісторыі, калі дзеці баяцца пакарання і па гэтай прычыне знікаюць?

— На жаль, выпадкі, калі дзеці не вяртаюцца дадому з навучальных устаноў, перыядычна фіксуюцца. Не заўсёды такія ўцёкі звязаны са страхам пакарання з-за дрэнных учынкаў ці адзнак. У 2017 годзе сталі частымі выпадкі, калі непаўналетнія збягалі ў Расійскую Федэрацыю. Так, напрыканцы мінулага года, у лістападзе, два навучэнцы аднаго з каледжаў Магілёўскай вобласці самавольна пайшлі са студэнцкага інтэрната. Месцазнаходжанне маладых людзей было ўстаноўлена праз месяц пасля іх знікнення. 17-гадовы і 18-гадовы падлеткі былі ў Маскве, куды прыехалі для працаўладкавання. А месяц назад таксама ў Маскву, але не на працу, збеглі з дому ў Лунінцы дзве 17-гадовыя дзяўчыны. Пасля таго як падлеткаў знайшлі, іх даставілі ў адно з тэрытарыяльных аддзяленняў ОУС Масквы і затым перадалі бацькам.

А Лоеўскім РАУС па стане на сённяшні дзень працягваюцца мерапрыемствы па ўстанаўленні месцазнаходжання 16-гадовага хлопца, які ў кастрычніку мінулага года не вярнуўся дадому пасля школы. Згодна з інфармацыяй, непаўналетні знаходзіцца на тэрыторыі Маскоўскай вобласці.

— Кажуць, што любое здарэнне прасцей папярэдзіць, чым пасля разбірацца з наступствамі. Наколькі эфектыўнай і дзейснай у выпадках уцёкаў з дому з’яўляецца прафілактыка? Што рабіць бацькам, настаўнікам, каб пазбегнуць трагедыі?

— Безумоўна, прафілактыкай патрэбна займацца заўсёды. Важна, што не толькі дзецям, але і дарослым неабходна ведаць некалькі асноўных правіл. Бацькі павінны ведаць галоўнае: бяспека дзяцей — выключна ў вашых руках. Ні ў якім разе нельга пакідаць дзяцей без нагляду на дзіцячых пляцоўках, у машыне каля магазіна і нават у двары ўласнага дома. Заўсёды, калі ідзяце ў люднае месца, дамаўляйцеся аб месцы сустрэчы — на выпадак, калі згубіцеся. Дзіця павінна разумець, што ні пры якіх абставінах нельга адыходзіць з незнаёмымі. Вельмі важна, каб дзеці любога ўзросту былі ўпэўнены, што ўсё і заўжды можна давяраць і расказваць родным.

Ніколі, нават у парыве раптоўнага гневу, не выганяйце дзіця з дому і не пагражайце яму гэтым, таму што менавіта гэта можа стаць пачаткам доўгага ланцужка, які пацягне за сабой сістэматычныя ўцёкі з дому і бяссонныя ночы. Сёння ў многіх дзяцей ёсць тэлефон. У аператараў мабільнай сувязі можна падключыць паслугу бацькоўскага кантролю, якая дазваляе вызначыць месца апошняга знаходжання дзіцяці. Калі ўсё ж здарылася так, што ваша дзіця знікла, не панікуйце. Паспрабуйце ўспомніць апошнія размовы з сынам ці дачкой, патэлефануйце тым знаёмым вашага дзіцяці, якіх ведаеце, распытайце іх. Асаблівую ўвагу звяртайце на тых, хто бачыў дачку ці сына напярэдадні знікнення. Магчыма, яны раскажуць тыя акалічнасці, на якія падчас размовы вы не звярнулі ўвагі, а менавіта гэта з’яўляецца важным. Пасля размовы пазначайце неабходныя дэталі. Успомніце прыметы дзіцяці, у тым ліку асаблівыя. Варта ведаць, у што яно было апранута, якія рэчы мела з сабой. Замест таго каб тэлефанаваць па ўсіх бальніцах, патэлефануйце ў Бюро рэгістрацыі няшчасных выпадкаў, супрацоўнікі якога правядуць праверку па адпаведных уліках. Не трэба баяцца зваротаў у міліцыю. Пры гэтым неабавязкова ісці ў тэрытарыяльны аддзел міліцыі, шукаць свайго ўчастковага інспектара. Трэба патэлефанаваць у дзяжурную часць аддзела ўнутраных спраў ці галоўнага ўпраўлення. Супрацоўнікі міліцыі прыедуць да вас па месцы жыхарства для правядзення следчых дзеянняў і неабходных аператыўна-пошукавых мерапрыемстваў.

Бывае і так, што заява аб знікненні пададзена, а дзіця само вярнулася дадому. Вельмі важна паведаміць добрую навіну супрацоўнікам міліцыі, таму што яны, не сумнявайцеся, у гэты час будуць арганізоўваць мерапрыемствы па ўстанаўленні месцазнаходжання вашага дзіцяці.

Як я ўжо адзначаў, самавольныя ўцёкі з дому ці спецыяльнай дзіцячай установы ў нас расцэньваюцца як невядомае знікненне. Дзеці, якія збягаюць з дому, не заўсёды адэкватна арыентуюцца ў навакольным асяроддзі, размяжоўваюць дабро і зло. Відавочна, яны могуць стаць ахвярамі тых людзей, якія з лёгкасцю скарыстаюцца дзіцячай наіўнасцю. Часта падлеткі ўцякаюць з выкрадзенымі грашыма, якія трацяць у забаўляльных установах. Кожная хвіліна знаходжання ў такіх месцах можа прывесці да сустрэчы з тымі, хто абавязкова скарыстаецца дзіцячай даверлівасцю і ўцягне падлеткаў у злачынную ці іншую незаконную дзейнасць.

Такім чынам, наша задача — як мага хутчэй знайсці дзіця і выключыць любую магчымасць, пры якой яно можа стаць ахвярай злачынства. У сувязі з гэтым хацелася б звярнуцца да бацькоў, настаўнікаў, а таксама да іншых неабыякавых людзей з адной важнай просьбай: калі вы ўбачылі дзіця ў электрычцы, грамадскім транспарце ці іншым месцы без суправаджэння дарослых, падыдзіце да яго і завядзіце размову. Магчыма, гэтаму маленькаму чалавеку неабходна ваша дапамога. Паспрабуйце даведацца нумар тэлефона бацькоў дзіцяці і патэлефануйце ім. Ёсць верагоднасць, што яны ўжо шукаюць сына ці дачку. Калі ж нумара тэлефона няма, паведаміце пра дзіця ў найбліжэйшы аддзел міліцыі. Паверце, быць абыякавымі ў такіх сітуацыях нельга. Пакуль мы раўнадушна глядзім на адзінокае чужое дзіця, яго маці і бацька моцна перажываюць. А можаце ўявіць сябе на іх месцы? Згубіць дзіця — гэта вельмі цяжка, таму, калі ласка, не будзьце раўнадушнымі да лёсу чужых дзяцей.

Гутарыла Наталля САХНО.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*