Добрая дарога

Кожны будны дзень, седзячы за рабочым сталом, я чытаю надпіс на дыванку для камп’ютарнай мышы: “Дарогі, якія мы выбіраем”. Канечне, кожны можа напоўніць гэтае выказванне сваім сэнсам і нават многімі сэнсамі. Для мяне, як і для любой маці, любога бацькі, педагога галоўныя дарогі тыя, якія мы выбіраем для сваіх дзяцей, якія выбіраюць яны самі.

І найперш нас непакоіць бяспека на гэтых дарогах у самым простым, прамым сэнсе гэтага слова — бяспека для жыцця і здароўя. Мы спадзяёмся ў гэтым плане на работу аўтаінспектараў, але і ўласная адказнасць мае не менш важнае значэнне.

“А можа” не дапаможа

Знаёмства са статыстыкай дарожна-транспартных здарэнняў сведчыць: у мінулым годзе з 319 дзяцей, якія пацярпелі ці загінулі ў дарожна-транспартных здарэннях, 225 (71%) пацярпелі па віне вадзіцеляў, г.зн. дарослых. Шкада, але летась на фоне зніжэння агульнай колькасці ДТЗ з удзелам дзяцей і параненых у іх непаўналетніх (і ў тым і ў другім выпадку на 10,5%) вырасла колькасць загінуўшых дзяцей — з 18 да 21 чалавека, або на 16,7% у параўнанні з 2016 годам. Скачок дала ўсяго адна аварыя ў Брэсцкай вобласці, калі на чыгуначным пераездзе загінулі адразу некалькі непаўналетніх і 22-гадовы вадзіцель.


У якасці пешаходаў удзельнікамі ДТЗ сталі 149 дзяцей: 10 юных пешаходаў загінулі, астатнія атрымалі раненні. Аналіз гэтых ДТЗ паказвае, што 63 дзіцяці атрымалі траўмы на пешаходных пераходах, 29 перабягалі праезную частку па-за межамі пешаходнага перахода, 26 выбеглі з-за транспартнага сродку, які стаяў, 17 непаўналетніх атрымалі траўмы ў дварах, 3 — на абочыне, двое малых выпалі з санак, 8 пераходзілі дарогу на чырвонае святло, адна 15-гадовая дзяўчынка атрымала смяротныя траўмы на тратуары.

А ў якасці пасажыраў удзельнікамі ДТЗ сталі 127 непаўналетніх, 10 з іх загінулі. Пры гэтым 46 малых перавозіліся з парушэннем ПДР: без выкарыстання дзіцячых аўтакрэслаў і рамянёў бяспекі, без моташлемаў. У дарожна-транспартныя здарэнні ў якасці веласіпедыстаў трапілі 40 дзяцей, адно з якіх загінула, траўмы атрымалі 3 непаўналетнія вадзіцелі: 15-гадовыя вадзіцелі аўтамабіляў і 12-гадовы вадзіцель мапеда. На жаль, дзеці загінулі ўжо ў 2018 годзе — адзін з гэтых выпадкаў той, калі мнагадзетная маці, у якой было менш за 3 гады стажу ваджэння, спрабавала абагнаць фуру і не справілася з кіраваннем. У выніку загінула сама жанчына, а таксама двое з чатырох яе дзяцей.

З 2014 года рэалізоўваецца міжведамасны план мерапрыемстваў па прафілактыцы дзіцячага траўматызму ў Рэспубліцы Беларусь на 2014— 2018 гг. На прыцягу многіх гадоў Міністэрства ўнутраных спраў разам з Міністэрствам адукацыі і іншымі зацікаўленымі ведамствамі рэалізоўвае комплекс арганізацыйных і прафілактычных мерапрыемстваў, накіраваных на прафілактыку і папярэджанне дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму.

Вось такая карціна. Як бачым, спадзяванні на тое, што “а можа, пранясе”, спраўджваюцца не заўсёды. Дапамагае іншае: зусім не наіўная вера ў шчаслівы выпадак, а веданне і выкананне Правіл дарожнага руху. Гэта пацвярджаюць іншыя статыстычныя даныя: у 2011 годзе агульная колькасць ДТЗ у краіне склала 5866 (ДТЗ, дзе пацярпелі дзеці, — 577), загінуўшых было адпаведна 1189 і 35 чалавек. Летась адбылося 3366 дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх загінулі 586 чалавек, 299 здарэнняў з дзецьмі, загінула, як я ўжо ўзгадвала, 21 дзіця.

— З улікам таго, што колькасць аўтамабіляў у Беларусі з кожным годам павялічваецца, утрымліваць тэндэнцыю да зніжэння ДТЗ усё больш складана, — заўважае старшы інспектар па асаблівых даручэннях упраўлення Дзяржаўтаінспекцыі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь маёр міліцыі Аляксандр Станіслававіч Бруй. — Але гэта ўдаецца, хаця, каб дабівацца і далей зніжэння паказчыкаў, трэба пераходзіць да нейкіх інавацыйных мер. І мы гэта робім. Напрыклад, пастаянна ўдасканальваецца заканадаўства. Вы, напэўна, ведаеце, што толькі ў мінулым месяцы ўступіў у сілу шэраг змен, напрыклад, за паўторнае (на працягу аднаго года) кіраванне транспартным сродкам асобай, якая не мае на гэта права, прадугледжаны таксама адміністратыўны арышт на тэрмін да 15 сутак. Такую катэгорыю спраў будуць разглядаць суды.


А ў тым, што тычыцца непаўналетніх, апошнія змены адбыліся ў 2015 годзе, калі ўводзіліся абавязковыя нормы па перавозцы дзяцей у аўтакрэслах і пакаранні за парушэнне гэтых правіл. Мера, як кажуць спецыялісты ДАІ, аказалася дзейснай, хаця некаторыя бацькі і дагэтуль не прышпільваюць малых у аўтакрэслах. Адзін з самых дзіўных аргументаў: “Яму не падабаецца”. Вы сур’ёзна? Гаворка ідзе аб бяспецы вашага дзіцяці, а можа, і аб яго жыцці. Апошні сумны прыклад такой бацькоўскай нядбаласці — гібель аднагадовай дзяўчынкі на трасе Мінск — Гомель на мінулым тыдні. Дзяўчынка сядзела ў крэсле-люльцы, але не была прышпілена. Не менш недарэчным здаецца аргумент аб тым, што крэслы дарагія. Не новае можна купіць даволі танна і, калі ўжо адшукаў некалькі тысяч долараў на аўтамабіль, невялікая сума на аўтакрэсла абавязкова знойдзецца.

Дастукацца да кожнага

“Задача УУС і ўсіх зацікаўленых структур не толькі ў тым, каб навучыць дзяцей, але і ў тым, каб пераканаць кожнага дарослага ў жыццёва важнай неабходнасці іх актыўнага ўдзелу ў фарміраванні ў дзяцей навыкаў бяспечных паводзін на вуліцах, дарогах і ў транспарце”, — гаворыцца ў метадычных рэкамендацыях “Аб формах і метадах работы супрацоўнікаў органаў унутраных спраў ва ўстановах адукацыі па прафілактыцы дарожна-транспартнага траўматызму (узгодненых з Міністэрствам адукацыі і выдадзеных з падтрымкай ЮНІСЕФ — Дзіцячага фонду ААН).

— Нашы дзеці вельмі нядрэнна ведаюць і выконваюць Правілы дарожнага руху. Лепшыя школьныя каманды паказваюць выдатныя веды на рэспубліканскім конкурсе “Юны інспектар ДАІ”, на міжнародных фестывалях, — заўважае А.С.Бруй.— Дзякуючы і нашым намаганням, і намаганням навучальных устаноў, агульнай каласальнай рабоце, дзеці шмат ведаюць пра небяспеку на дарогах і ў іншых месцах, праўда, па-ранейшаму не заўсёды гэтыя правілы выконваюць. Але больш пытанняў застаецца да дарослых. Сам не раз бачыў, як хлопчык або дзяўчынка цягнуць за рукі бацькоў, якія хочуць перайсці праезную частку ў неналежным месцы. Дзеці стараюцца спыніць няправільныя паводзіны дарослых, а не наадварот.

Да дарослых, як і да дзяцей, супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі імкнуцца дастукацца ў тым ліку праз адзіныя дні бяспекі дарожнага руху, якія праводзяцца ў працоўных калектывах, навучальных установах у апошнюю пятніцу кожнага месяца, на бацькоўскіх сходах і праз іншыя прафілактычныя мерапрыемствы, сацыяльную рэкламу. Адна з апошніх навінак у такой рабоце — адкрыццё 3D-пляцоўкі для навучання малодшых школьнікаў Правілам дарожнага руху ў сталічнай школе № 126, адкрыццё новых дзіцячых садкоў адразу з аўтагарадкамі. А дарослым, напрыклад, паказваюць дакументальныя фільмы аб аўтааварыях, у якіх загінулі людзі.


Але і сярод дарослых бываюць “цяжкія”, ніякія аргументы іх не бяруць. І ў дзяцей, безумоўна, такія бацькі паважлівага стаўлення да Правіл дарожнага руху выхаваць не могуць: ні словам, ні, што самае важнае, уласным прыкладам. Усе правільныя словы і настаўніка, і інспектара ДАІ перакрэсліваюцца няправільнымі ўчынкамі маці або бацькі.

— Як правіла, самымі дысцыплінаванымі вадзіцелямі і пешаходамі становяцца тыя людзі, на вачах якіх адбылася аварыя з пацярпелымі, — гаворыць мой суразмоўнік. — Але нават такога шокавага эфекту хапае толькі на пэўны час. Значыць, ад прафілактычнай работы мы нікуды не дзенемся і ад сістэмы пакаранняў таксама. Камусьці дастаткова будзе заўвагі інспектара, і ён больш не будзе парушаць правілы, а кагосьці і затрыманне не напалохае. Нездарма ж некалькі гадоў назад уведзена норма аб канфіскацыі транспартнага сродку ў вадзіцеляў, якія паўторна на працягу года затрыманы п’янымі за рулём. Такіх інакш не спыніць, а мера даказала сваю эфектыўнасць. Неабходна, канечне, каб навакольныя спынялі п’яных вадзіцеляў, хаця б элементарна хавалі ключы ад машыны, калі бачаць, што нехта сабраўся ехаць, выпіўшы алкаголь. Задумайцеся, а калі на шляху такога вадзіцеля сустрэнецца ваша ці чужое дзіця?

У Мінску і некаторых іншых беларускіх гарадах небяспечнай зонай для дзяцей сталі таксама двары. Школьныя двары ўжо некалькі гадоў абнесены агароджай — пасля вядомага трагічнага выпадку, калі бацька, які вырашыў забраць дачку ад самага школьнага парога, насмерць збіў хлопчыка, а вось у дварах сваіх дамоў людзі адчуваюць сябе па-ранейшаму бяспечна. Між тым сучасныя гарадскія двары больш нагадваюць аўтапаркоўкі, і гэтую праблему, безумоўна, неабходна вырашаць. Але і бацькам важна ўсвядоміць: выйшла дзіця ў двор — не спускайце з яго вачэй. Разумны чалавек не будзе цалкам спадзявацца на правільныя ўчынкі іншых, разумны чалавек сам будзе паводзіць сябе правільна.

Для сельскіх жыхароў і навучэнцаў вясковых школ — свае кропкі напружання. Там звычайная сітуацыя, калі дзеці ідуць кіламетр і больш да школы, зімой — у цёмны час. Значыць, тутэйшыя інспектары дарожнага руху павышаную ўвагу ў сваіх прафілактычных гутарках павінны ўдзяляць гэтым сітуацыям, не стамляцца нагадваць аб флікерах.

— Не палічыце мае словы занадта пафаснымі, — дадае Аляксандр Станіслававіч, — бо гэта праўда: кожны пункт Правіл дарожнага руху напісаны крывёй. І іх парушэнне па прынцыпе “нічога не здарыцца” ў любы момант можа аказацца катастрафічным.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва УДАІ МУС Беларусі.