Ад геадэзіі да дыпламатыі — адзін крок

Рэдкую прафесію сёння складана знайсці. Установы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі рыхтуюць спецыялістаў амаль па ўсіх напрамках, а гэта ў поўнай меры забяспечвае рынак працы неабходнымі кадрамі і нават фарміруе перанасычанасць спецыялістаў многіх профіляў. Тым не менш ёсць у сярэдніх спецыяльных навучальных установах такія вучэбныя напрамкі, якія можна назваць унікальнымі.

Так, філіял БНТУ “Барысаўскі дзяржаўны політэхнічны каледж” — адзіная ў краіне сярэдняя спецыяльная навучальная ўстанова, якая рыхтуе тэхнікаў-геадэзістаў.

Пра асаблівасці падрыхтоўкі маладых кадраў у галіне геадэзіі, а таксама пра іншыя спецыяльнасці БДПК расказвае намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце філіяла БНТУ “Барысаўскі дзяржаўны політэхнічны каледж” Тамара Эдуардаўна ЛЯВОЦКАЯ.

Развіццё прафесіяналізму — праз канкурэнтаздольнасць

У Барысаўскім дзяржаўным політэхнічным каледжы падрыхтоўка спецыялістаў па напрамку “геадэзія” вядзецца з 1968 года. Гэта адзіная ў краіне сярэдняя спецыяльная навучальная ўстанова, дзе рыхтуюць спецыялістаў такога профілю. Згодна з вучэбным планам, на спецыяльнасць “Геадэзія” прымаюцца навучэнцы выключна на базе 11 класаў.

“Наша аддзяленне цеплаэнергетыкі і геадэзіі з’яўляецца адзіным у краіне, дзе рыхтуюць спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй па геадэзічным кірунку для прадпрыемстваў і арганізацый Рэспублікі Беларусь, — расказвае Тамара Эдуардаўна Лявоцкая, намеснік дырэктара Барысаўскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа. — Паказальна, што з геадэзіяй мы сутыкаемся вельмі часта, толькі не заўважаем гэтага. Для таго каб нешта пабудаваць, неабходна выбраць зручнае месца. Геадэзія якраз гэтым і займаецца — дапамагае беспамылкова выбраць паверхню, на якой будзе размешчаны аб’ект. Так, у нашых выпускніках маюць патрэбу картографа-геадэзічныя, навукова-даследчыя, праектныя, будаўнічыя арганізацыі, а таксама аддзелы архітэктуры і камітэты па зямельным кадастры. Безумоўна, усе без выключэння прамысловыя прадпрыемствы і прадпрыемствы горназдабываючай прамысловасці краіны, метрапалітэн таксама павінны мець у штаце геадэзістаў”.

Для таго каб сфарміраваць неабходныя практычныя навыкі, а таксама дапамагчы навучэнцам у правільным засваенні тэарэтычных ведаў, у каледжы абсталяваны спецыялізаваныя лабараторыі. Усе яны аснашчаны сучаснымі оптыка-электроннымі прыборамі, персанальнай камп’ютарнай тэхнікай з адпаведным матэматычным і праграмным забеспячэннем. Зразумела, што пасля заканчэння каледжа выпускнікі атрымліваюць спецыяльнасць тэхніка-геадэзіста. За час існавання навучальнай установы дыплом тэхніка-геадэзіста атрымалі больш чым 3000 выпускнікоў. На сёння ў БДПК 6 груп геадэзістаў і тапографаў.

“Адным з важных вучэбных кірункаў падрыхтоўкі ў галіне геадэзіі з’яўляецца тапаграфія, — працягвае тэму загадчык лабараторыі геадэзіі і прыборазнаўства Пётр Мікалаевіч Затула. — Раней на першы курс прымалі 5 груп па спецыяльнасці “Геадэзія” і 2 — па спецыяльнасці “Тапаграфія”. Сёння колькасць навучэнцаў меншая. Дарэчы, варта адзначыць, што геадэзія — цікавы напрамак падрыхтоўкі спецыялістаў і неабходная навука, якая дазваляе з вялікай дакладнасцю складаць тапаграфічыя планы і карты. У геадэзіі ўсё робіцца з дадатковым кантролем. Толькі калі памеры некалькіх вымярэнняў супадаюць, можна гаварыць, што неабходная паверхня была вывучана правільна”.

Як адзначыў спецыяліст, у арганізацыі навучання геадэзіі ёсць некаторыя цяжкасц. У першую чаргу яны тычацца аднаўлення матэрыяльна-тэхнічнай базы, дакладней, яе далейшага камплектавання.

“Нам не хапае якаснага лазернага геадэзічнага абсталявання, — дзеліцца праблемамі загадчык лабараторыі. — Але нават гэта не з’яўляецца перашкодай, каб на належным узроўні падрыхтаваць будучых спецыялістаў-геадэзістаў. Тым не менш абсталяванне заўсёды павінна абнаўляцца, і мы знаходзім выйсце з такіх сітуацый. Так, Дзяржаўным камітэтам па маёмасці нам перададзена абсталяванне, якое ўжо не выкарыстоўваецца ў рабоце, але пры гэтым яшчэ знаходзіцца ў добрым стане і для нас з’яўляецца добрым сродкам навучання”.

Такім чынам, у 2016 годзе БДПК было перададзена абсталяванне на 500 000 беларускіх рублёў. Безумоўна, тэхніка адпавядае апошнім запытам, яна такая ж, як тая, што выкарыстоўваецца на прадпрыемствах. Дзякуючы вынаходлівасці і клопату пра павышэнне якасці вучэбнага працэсу, у каледжы з’явіліся спадарожнікавыя сістэмы GPS, электронны тахеометр, тэадаліты, нівеліры і іншае аптычнае абсталяванне.

“Акрамя гэтага, мы знайшлі яшчэ адзін спосаб узаемадзеяння з прадпрыемствамі, — працягвае Пётр Мікалаевіч. — Звярнуліся ў некалькі гарадскіх арганізацый з просьбай, каб нам дазволілі карыстацца іх абсталяваннем не на пастаяннай аснове, а тады, калі гэта насамрэч неабходна. Такая патрэба ўзнікае, зразумела, падчас правядзення лабараторных і практычных заняткаў. У мінулым годзе, калі рыхтаваліся да Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus, адна з арганізацый выдзеліла тры аднолькавыя тахеометры. Гэта дапамагло задзейнічаць у падрыхтоўцы адразу некалькі навучэнцаў, якія працавалі ў камандзе. Увогуле, калі гаварыць пра вучэбны працэс, практыка займае палову ўсяго курса навучання. Тэарэтычнаму навучанню, у прыватнасці лабараторным работам, аддаецца такая ж колькасць часу”.

У каледжа наладжана ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва не толькі з гарадскімі, але і рэспубліканскімі фірмамі. Так, навучэнцы, якія займаюцца па спецыяльнасці “Геадэзія”, цесна супрацоўнічаюць з адной з мінскіх фірм, якая распрацоўвае вузканакіраваныя геадэзічныя праграмы. Безумоўна, у любой распрацоўцы могуць быць невялікія недахопы, якія адразу выявіць немагчыма, і толькі падчас карыстання электронным забеспячэннем можна заўважыць пэўныя прабелы. Менавіта такім чынам геадэзісты-пачаткоўцы падчас правядзення лабараторных работ выяўлялі пункты, якія былі недапрацаваны. Інфармацыя аб недапрацоўках падавалася ў фірму, якая па гарачых слядах выпраўляла недахопы. Дзякуючы такому супрацоўніцтву, карыстанне праграмамі для каледжа было бясплатным.

“Нашы навучэнцы паспяваюць прымаць удзел у прэстыжных рэспубліканскіх, а таксама міжнародных конкурсах, — канстатуе Пётр Мікалаевіч Затула. — Так, у 2013 і 2015 гадах былі ўдзельнікамі Міжнароднай алімпіяды CREDO, з якой прывезлі сярэбраныя медалі. Акрамя гэтага, у 2017 годзе навучэнцы выступалі ад каледжа на конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus, дзе ўпершыню была прадстаўлена намінацыя “Геадэзія”. Яны занялі 3-е месца і атрымлі падзяку спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў”.

Перспектывы дакладнага вымярэння

Паколькі каледж з’яўляецца філіялам БНТУ, усе спецыяльнасці ў ім інтэграваны з вядучым тэхнічным універсітэтам. Гэта значыць, што кожны выпускнік БДПК незалежна ад таго, якое вучэбнае аддзяленне скончыў, можа паступаць у БНТУ на скарочаны тэрмін навучання. Але, як правіла, большасць аддае перавагу завочнай форме атрымання вышэйшай адукацыі.

“Пасля заканчэння каледжа выпускнікі могуць паступаць на скарочаны дзённы курс навучання ў БНТУ, у якім ёсць роднасныя спецыяльнасці, — пацвярджае Тамара Лявоцкая. — Калі вывучаць геадэзію на вышэйшым узроўні, ва ўніверсітэце, можна абраць для сябе шмат цікавых напрамкаў гэтай дзейнасці. Тым не менш для большасці нашых студэнтаў завочная форма навучання з’яўляецца больш прывабнай. Моладзі пасля заканчэння каледжа хочацца працаваць, зарабляць грошы, таму на дзённую форму паступае мала выпускнікоў. Калі працягваць тэму працаўладкавання, то большасць маладых людзей працуе па размеркаванні на вызначаных месцах. У каледж на працягу апошніх гадоў паступаюць па конкурсе атэстатаў. Але сёлета для паступлення на завочную форму навучання па спецыяльнасці “Прамысловая цеплаэнергетыка” неабходна бу-дзе прадастаўляць сертыфікат ЦТ. Калі гаварыць пра конкурс, то на працягу некалькіх апошніх гадоў канкурэнцыя была не вельмі вялікая. Звязана гэта было з дэмаграфічнай сітуацыяй. Зараз конкурс пачынае расці і ў сярэднім складае 1,2 чалавека на месца. Безумоўна, да нас паступаюць канкурэнтаздольныя навучэнцы, якія маюць добры бал атэстата. Увогуле, падрыхтоўка на дзённай і завочнай формах навучання вядзецца па 7 спецыяльнасцях, сярод якіх “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт” (толькі завочная форма навучання), “Эканоміка і арганізацыя вытворчасці”, “Тэхналогія аўтамабілебудавання”, “Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў”, “Вытворчасць і тэхнічная эксплуатацыя прыбораў і апаратаў”, а таксама “Прамысловая цеплаэнергетыка” і “Геадэзія”.

Дарэчы, самай папулярнай сярод хлопцаў, якія паступаюць на базе 9 класаў, заўсёды была спецыяльнасць “Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў”. Цікава, што на гэтую мужчынскую спецыяльнасць паступалі і дзяўчаты. Праўда, не ўсім ім было пад сілу разабрацца з тэхнічнымі аўтамабільнымі тонкасцямі. У выніку дыплом тэхніка-механіка атрымала адна навучэнка-завочніца, якая прыязджала ў каледж на ўласным байку.

Знайсці патэнцыял і развіваць яго

Яшчэ адной запатрабаванай спецыяльнасцю, якую можна атрымаць у філіяле БНТУ на аддзяленні цеплаэнергетыкі і геадэзіі, з’яўляецца прамысловая цеплаэнергетыка.

“Прамысловая цеплаэнергетыка з’яўляецца другой па папулярнасці і запатрабаванасці спецыяльнасцю, якая дае магчымасць добра размеркавацца і ў выніку атрымаць стабільнае месца работы, — працягвае расказваць намеснік дырэктара. — Пасля атрымання дыплома па гэтай спецыяльнасці выпускнікі каледжа размяркоўваюцца ў кацельні, на прадпрыемствы. Зразумела, што сёння абсталяванне не такое, як было раней, кацельні аўтаматызаваныя, а значыць, спецыялістам трэба толькі якасна сачыць за спецыяліза-ваным абсталяваннем. Дарэчы, па гэтым вучэбным кірунку займаюцца і дзяўчаты. Як ужо было адзначана, каб забяспечыць выпускнікоў стапрацэнтным размеркаваннем, каледж цесна супрацоўнічае са шматлікімі прадпрыемствамі, а таксама аднаўляе тэхнічную базу, у прыватнасці аснашчае лабараторыі новым абсталяваннем. Гэта неабходна для таго, каб моладзь, якая займаецца па кожным з вучэбных кірункаў, была канкурэнтаздольнай. У нас добрая тэарэтычная і практычная падрыхтоўка. Нават калі выпускнікі каледжа адразу размяркоўваюцца на рабочую спецыяльнасць, праз год яны ўжо могуць стаць майстрамі, начальнікамі ўчасткаў, пераходзяць на іншыя пасады”.

Дарэчы, з такой з’явай, як пераразмеркаванне, каледж таксама сутыкаецца. Не сакрэт, што асноўным фактарам, які трымае маладога спецыяліста на вызначаным месцы работы, з’яўляецца зарплата. Калі малады спецыяліст знаходзіць іншае месца, больш выгаднае з пункту гледжання фінансаў, ён мае права пераразмеркавацца. І такія выпадкі ў БДПК бываюць.

“Выпадкі пераразмеркавання ў нас ёсць, — пацвярджае Тамара Лявоцкая. — Здараецца гэта ў тым выпадку, калі выпускнікі пасля размеркавання на асноўнае месца працы знайшлі сабе больш выгадны варыянт. Каб перавесціся з адной арганізацыі ў іншую, былы выпускнік павінен сабраць неабходныя дакументы. Для гэтага трэба атрымаць дазвол ад наймальніка, узяць адмацаванне з першага працоўнага месца, а таксама прынесці заяву ад дырэктара іншай арганізацыі, якая прымае маладога спецыяліста да сябе на работу”.

Каб развіваць у навучэнцаў прафесіяналізм і адказнасць, каледж актыўна ўдзельнічае ў шматлікіх конкурсах прафесійнага майстэрства, сярод якіх і WorldSkills.

“У 2014 годзе мы выступілі толькі ў дзвюх намінацыях — такарныя і фрэзерныя работы, — рэзюмуе намеснік дырэктара. — Праз два гады, у 2016, удзельнічалі ў 4 кампетэнцыях, а сёлета будзем змагацца за права быць лепшымі ў 7 кампетэнцыях. Гэта вельмі добры паказчык, і спадзяёмся, што з кожным разам колькасць кампетэнцый, у якіх прадстаўлены каледж, будзе павялічвацца. Сёлета, напрыклад, мы заяўлены ў дзвюх новых кампетэнцыях — “Сантэхніка і ацяпленне” і “Электроніка”.

Акрамя гэтага, каледж цесна супрацоўнічае са шматлікімі навучальнымі ўстановамі Расійскай Федэрацыі па кірунках “геадэзія” і “эканоміка”. У конкурсе па праф-арыентацыйнай рабоце “Тэхнаквест”, які праводзіўся ў сакавіку гэтага года ў Цверы, навучэнцы БДПК занялі 1-е месца — там яны прадстаўлялі праект па машынабудаванні. А на III Міжнародным конкурсе эсэ “Дыпламатыя на службе міру” занялі 3-е месца і сталі пераможцамі ў адной з намінацый.

Сёння навучэнцы каледжа рыхтуюцца да практыкі і здачы сесіі, а кіраўніцтва навучальнай установы — да новай уступнай кампаніі. Як заўважыла Тамара Лявоцкая, да іх паступаюць маладыя людзі, у якіх ёсць патэнцыял, а ў каледжы ёсць магчымасць яго актыўна развіваць. Відавочна, што менавіта ўзаемная зацікаўленасць як у выкладанні, так і ў атрыманні ведаў дапамагае навучэнцам і выкладчыкам трымаць сваю навучальную ўстанову на адной з самых высокіх прыступак у рэйтынгу лепшых каледжаў краіны.

Наталля САХНО.
Фота аўтара.