Правільныя акцэнты

Як забяспечыць раён педагагічнымі кадрамі і ўтрымаць спецыялістаў у вёсцы

Самазабеспячэнне раёна педагагічнымі кадрамі і ўтрыманне маладога настаўніка пасля тэрміну адпрацоўкі ў школе з’яўляюцца прыярытэтнымі задачамі, якія ўскладзены на рэгіянальныя аддзелы адукацыі. Аднак для многіх сярэдніх школ гэтыя задачы на працягу доўгага часу так і застаюцца невырашальнымі.

Галоўнымі прычынамі незамацавання на педагагічных спецыяльнасцях учарашнія настаўнікі, а сёння работнікі іншых сфер, з якімі даводзілася размаўляць, называюць нізкі ўзровень заработнай платы і вялікі аб’ём папяровай работы.

Тым не менш прыцягнуць у адукацыю педагагічныя кадры можна. Для гэтага трэба ўмець матываваць учарашніх выпускнікоў, а таксама сачыць за тым, каб сацыяльныя гарантыі, якія заканадаўча пацверджаны, маладым спецыялістам прадастаўляліся ў поўным аб’ёме і без парушэнняў.

Станоўчым вопытам самазабеспячэння раёна педагагічнымі кадрамі дзеліцца галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Віцебскага райвыканкама Марына Уладзіміраўна ВАВІЛАВА.

Выяўленне будучых педагогаў — згодна з дзяржаўнай праграмай

Работа аддзела і ўстаноў адукацыі Віцебскага раёна па забеспячэнні педагагічнымі кадрамі ажыццяўляецца ў адпаведнасці з прынцыпамі дзяржаўнай праграмы “Кадры”, а таксама абласной і раённай праграмамі развіцця адукацыі.

Варта зрабіць акцэнт на тым, што гэтая работа сёння будуецца інакш і знаходзіцца на іншым узроўні, не такім, як было нават 5 гадоў назад. Менавіта гэта дало магчымасць Віцебскаму раёну выйсці на высокі ўзровень самазабеспячэння педагагічнымі кадрамі. У прыватнасці, у нас высокі ўзровень мэтавай падрыхтоўкі.

Сёння ідзе глабальная аптымізацыя ўстаноў сярэдняй адукацыі ў вёсцы. І важна адзначыць, што менавіта аптымізацыя напрамую звязана з сістэмай забеспячэння педагагічнымі кадрамі. Раней у вёсках дзейнічала каля 40 устаноў сярэдняй адукацыі. Сёння гэты паказчык меншы: вясковых школ у нас 21. Дарэчы, Віцебскі раён лічыцца адным з найбуйнейшых у вобласці па колькасці школ, вучняў. Мінімальная адлегласць ад найбліжэйшай вясковай школы да Віцебска — 5 кіламетраў, а максімальна аддаленая сярэдняя школа знаходзіцца ад абласнога цэнтра за 60 кіламетраў. Па прычыне такога геаграфічнага роскіду населеных пунктаў у нас зрэдку ўзнікаюць цяжкасці. Часцей за ўсё яны звязаны з тым, як настаўнік можа дабрацца на работу. Не сакрэт, што ў любым раёне настаўнік з вёскі можа ездзіць на работу ў горад і наадварот. Нас такая з’ява таксама не абышла. Таму вельмі важна, каб работа, накіраваная на фарміраванне кадраў, была ў тым ліку мабільнай і гібкай.

Для таго каб усе нюансы трымаць пад кантролем, у раёне распрацавана і дзейнічае вышэй названая праграма “Кадры”, якая час ад часу дапаўняецца. Так, мы маем пэўныя зыходныя паказчыкі, але толькі на іх сістэма забеспячэння кадрамі базіравацца не можа. Дарэчы, у нас наладжана сістэма доўгатэрміновага прагназавання па забяспечанасці кадрамі таго ці іншага профілю. І колькасць кадраў, якая неабходна для раёна, штогод змяншаецца.

У раёне ёсць цяжкасці, звязаныя з адсутнасцю жыллёвага фонду, які павінен прадастаўляцца маладым настаўнікам. Таму ідэальным з’яўляецца варыянт прыцягнення ў педагогіку нашых навучэнцаў, дзяцей з раёна. Менавіта на мэтавую падрыхтоўку мы робім стаўку, таму што ў такім выпадку жыллёвая праблема не будзе настолькі вострай.

Высокая прафарыентацыйная работа дае свае вынікі

Для таго каб разгледзець у навучэнцах патэнцыял, трэба надаваць вялікае значэнне прафарыентацыйнай рабоце. У кожнай установе агульнай сярэдняй адукацыі ёсць педагог-псіхолаг, які дыягнастуе навучэнцаў. Дзякуючы такой рабоце, можна вызначыць, хто з будучых выпускнікоў зможа стаць настаўнікам. Важна, каб навучэнец валодаў пэўным наборам асабістых якасцей: прынцыповасць, справядлівасць, уменне аналізаваць і наладжваць зносіны з рознымі па характары і тэмпераменце дзецьмі — і гэта толькі маленькая частка.

Прыкметна, што прафарыентацыйная работа праводзіцца з навучэнцамі з 5 класа. Вялікую ролю адыгрывае тое, што школы ўзаемадзейнічаюць з Віцебскім дзяржаўным універсітэтам імя П.М.Машэрава. Штогод праводзяцца сумесныя адукацыйна-выхаваўчыя мерапрыемствы, раённы фестываль міжкультурных камунікацый “Зносіны без межаў”, раённы конкурс маладых спецыялістаў “Мы маладыя, мы таленавітыя”, прафарыентацыйныя злёты, дні адкрытых дзвярэй, конкурсы і навукова-практычныя канферэнцыі. Акрамя гэтага, у школах арганізаваны навуковыя суполкі навучэнцаў. Усё гэта, несумненна, дапамагае нашым вучням лепш арыентавацца ў выбары прафесіі.

Можам пахваліцца, што ў апошнія гады прафесіі настаўніка ў раёне аддаюць перавагу больш хлопцаў, чым дзяўчат. Асаблівасць педагогікі не толькі нашай краіны, але і іншых дзяржаў у тым, што прафесія настаўніка стала ў большасці жаночай. Пакуль што ў нас атрымліваецца ламаць стэрэатыпы. Дарэчы, важна, што хлопцы з нашага раёна паступаюць не толькі на фізкультурныя аддзяленні ўніверсітэтаў, як часцей за ўсё бывае. Нашы маладыя людзі пачалі аддаваць перавагу гістарычнаму кірунку, псіхалогіі, а таксама паступаюць на рамана-германскую філалогію.

Дарэчы, схільнасць дзіцяці да прафесіі педагога заўважаюць не толькі спецыялісты школьнай псіхалагічнай службы, але і класныя кіраўнікі. Безумоўна, гэтаму таксама садзейнічаюць прафарыентацыйныя мерапрыемствы, конкурсы, якія праводзяцца ў школе. Выпускнікі нашых школ, якія да паступлення ва УВА хаця б адзін раз пабывалі ва ўніверсітэце, больш камфортна сябе адчуваюць падчас здачы ўступных іспытаў.

Работа па падрыхтоўцы мэтавікаў на педагагічныя спецыяльнасці наладжана згодна з Палажэннем аб мэтавым навучанні. Для таго каб заключыць дагавор аб мэтавай падрыхтоўцы, неабходна згода законнага прадстаўніка вучня (аднаго з бацькоў), а таксама наймальніка (аддзела адукацыі, спорту і турызму) і УВА ці каледжа, дзе плануе вучыцца будучы педагог.

Фінансавая падтрымка педагогаў — прыярытэтная задача сістэмы адукацыі

Маладому педагогу, які ўпершыню трапляе на месца размеркавання, трэба адаптавацца, гэта вельмі важны момант. Менавіта па гэтай прычыне ў нас распрацавана сістэма ўваходжання маладога спецыяліста ў прафесію. Гэта асобныя палажэнні, інструктыўна-метадычныя мерапрыемствы, якія праводзяцца ў кожнай установе адукацыі. Так, у раёне распрацавана і зацверджана Палажэнне аб суправаджэнні маладога спецыяліста сістэмы адукацыі. Для таго каб прасачыць, як праходзіць адаптацыя пачынаючых настаўнікаў, ствараецца база даных. Дзякуючы ёй бачым ці выконваюцца вытрымкі з калектыўнага дагавора аб рабоце з маладымі педагогамі, інфармацыю аб аплаце работы стажораў і маладых спецыялістаў, а таксама меры, якія прымаюцца для павышэння заработнай платы. Акрамя гэтага, звяртаем увагу і на правядзенне мерапрыемстваў, якія садзейнічаюць прафесійнаму росту пачынаючых настаўнікаў.

Важным этапам работы з маладымі педагогамі з’яўляецца анкетаванне. Дзякуючы яму вызначаем, ці свядома малады чалавек прыйшоў у прафесію, на што расстаўляе асноўныя акцэнты, якая ў яго матывацыя на заработную плату, ці будзе імкнуцца да кар’ернага росту і г.д. І ўжо на аснове анкетавання і Палажэння аб падтрымцы маладога спецыяліста распрацоўваецца пэўны план работы раёна па замацаванні ў сістэме адукацыі кадраў.

З улікам таго, што сёння малады спецыяліст можа прыязджаць на работу з горада ў вёску, кіраўнік сярэдняй установы адукацыі бярэ на сябе абавязкі кампенсаваць сродкі, затрачаныя на праезд. 10 гадоў назад у раёне існавала цікавая і важная ініцыятыва. Тады раённая выканаўчая ўлада прыняла рашэнне, што маладым спецыялістам неабходна кампенсаваць 45% ад сумы, затрачанай на праезд. Сёння, на жаль, гэтая сістэма не працуе. Таму навучальныя ўстановы павінны самі ўключыць у Палажэнне аб матэрыяльным стымуляванні пункт аб кампенсацыі грашовых сродкаў, затрачаных на праезд у грамадскім транспарце.

Калі гаварыць пра заработную плату, то для таго, каб яе падтрымліваць на пэўным узроўні, існуюць некалькі кампанентаў. Зараз маю на ўвазе ўсе дзяржаўныя нарматывы, якія накіраваны на павышэнне зарплаты. Мінімальная заработная плата складае 305 рублёў. 20% ад тарыфнай стаўкі плаціцца за работу ў сельскай мясцовасці, акрамя гэтага, існуе надбаўка за стаж работы па спецыяльнасці. Мы на 50% павялічылі памер тарыфнай стаўкі за работу настаўніка па кантракце. Узровень заработнай платы з усімі надбаўкамі атрымліваецца здавальняючым.

Як вырашыць жыллёвае пытанне?

Важнай асаблівасцю раёна ў арганізацыі замацавання маладых спецыялістаў у вясковых школах з’яўляецца тое, што кожнаму педагогу, які мае патрэбу ў жыллі, на ўмовах арэнды выдзяляецца дом. У дом, як правіла, засяляюцца па некалькі чалавек. Безумоўна, такая неабходнасць узнікае толькі ў самых аддаленых ад Віцебска школах. Акрамя гэтага, калі раптам у вёску размяркоўваецца былы гарадскі жыхар, яму ў арганізацыі жыцця дапамагаюць і школа, і мясцовыя ўлады, якія таксама зацікаўлены ў адраджэнні вёскі. Так, калі трэба, у асенне-зімовы перыяд маладым настаўнікам выдзяляецца агародніна, садавіна. І праблем з гэтым не ўзнікае, таму што ў кожнай школы ёсць свой участак, дзе вырошчваюць сельска-гаспадарчую прадукцыю.

Дарэчы, калі раптам маладыя спецыялісты захочуць на сваім падворку выгадаваць свойскую птушку ці завесці гаспадарку, з гэтым абавязкова дапамогуць школа і калгас. Я люблю прыводзіць адзін цікавы прыклад. Гэтая гісторыя адбылася больш чым 10 гадоў назад. Адна з выпускніц Віцебскага ўніверсітэта, якая скончыла ўстанову з дыпломам з адзнакай, была размеркавана ў самую далёкую школу нашага раёна. Сказаць, што дзяўчына была засмучана, значыць, нічога не сказаць. Але яна паехала на месца работы і там засталася. Сёння гэтая настаўніца займае ў школе добрую пасаду і выхоўвае з мужам траіх дзяцей.

Калі вярнуцца да жыллёвага пытання, то ў раёне ёсць яшчэ некалькі варыянтаў забеспячэння педагагічных кадраў жыллём. Так, у аграгарадку Янавічы наладжана цікавая супрацоўніцкая сістэма. Выпускнікоў універсітэта, якія прыязджаюць у мясцовую школу, селяць у кватэры былых настаўнікаў, якія пераехалі жыць да дзяцей. Безумоўна, усё адбываецца па ўзаемнай дамоўленасці з гаспадарамі памяшкання.

Акрамя гэтага, пакоі для жылля прадастаўляюць і адзінокія настаўнікі. Прычым за пражыванне просяць зусім сімвалічную плату. Ім проста хочацца дапамагчы маладым спецыялістам, яны дзеляцца сваім бясцэнным вопытам.

Ці можна ўтрымаць настаўнікаў у вёсцы?

Штогод раён прымае 55—57 маладых спецыялістаў. Раней заключалі па 44 мэтавыя дагаворы ў год. Сёння гэтая лічба меншая, 11—12 мэтавых дагавораў. Калі падлічыць, атрымаецца, што за 5 гадоў у раён прыязджаюць больш за 50 новых педагогаў. Што тычыцца працэнта замацавання мэтавікаў у школах, то гэты паказчык дастаткова высокі: 86% і вышэй. Працэнт замацавання тых, хто вучыўся на агульных умовах, — 90%.

У размеркаванні, рабоце маладых настаўнікаў існуе адна праблема. Здараюцца выпадкі, калі горад пераманьвае маладога спецыяліста з вясковай школы. Педагогі пераязджаюць у абласны цэнтр, таму што ён у плане рэалізацыі магчымасцей больш прывабны. Але дзякуючы рынку працы, які сёння перанасычаны спецыялістамі педагагічнага профілю, раён на 80% перайшоў на самазабеспячэнне неабходнымі кадрамі. Аднак існуе праблема недахопу спецыялістаў сацыяльна-псіхалагічнай службы, у прыватнасці, педагогаў-псіхолагаў. Цяжкасці ўзнікаюць з-за штатнага раскладу. Многія школы малакамплектныя, і ў іх значыцца толькі 0,5 стаўкі педагога-псіхолага. Прычым сёння псіхолаг займаецца вырашэннем вялікай колькасці задач, у прыватнасці, шмат увагі трэба ўдзяляць сем’ям, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Не сакрэт, што будучыя псіхолагі сваю работу ўяўляюць інакш, таму працаваць у маленькіх школах на няпоўную стаўку мала хто згаджаецца. Для вырашэння гэтай праблемы нам спатрэбіцца некалькі гадоў. Згодна з праграмай “Кадры”, у нас ёсць план падрыхтоўкі маладых спецыялістаў псіхалагічнага профілю. Гэта значыць, што ў хуткім часе і гэтае праблемнае пытанне будзе закрыта.

Такім чынам, дзякуючы правільна распрацаванай праграме “Кадры”, а таксама разуменню таго, як неабходна працаваць з маладымі педагогамі, як іх падтрымліваць, раён зможа і далей забяспечваць сябе якасным педагагічным складам.

Запісала Наталля САХНО.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*