Недалюбленыя?

Чаму дзеці становяцца ахвярамі гвалту і як працаваць з траўмай

Згодна з артыкулам 9 Закона “Аб правах дзіцяці”, кожны непаўналетні мае права на абарону ад любых відаў эксплуатацыі і насілля. Парадаксальна, але часта нормамі гэтага артыкула грэбуюць тыя, хто ў першую чаргу павінен абараняць сваё дзіця ад рознага віду замахаў. Адсутнасць усялякіх этычных норм і разуменняў, абясцэньванне сямейных каштоўнасцей і банальны жывёльны інстынкт у бацькоў прыводзяць да таго, што дзеці становяцца ахвярамі сексуальнага гвалту.

Згодна з інфармацыяй Міністэрства ўнутраных спраў, у мінулым годзе было выяўлена 88 фактаў сексуальнага гвалту ў сям’і ў дачыненні да непаўналетніх. Але гэта толькі вядомыя факты — рэальная лічба можа быць намнога большай.

Пра тое, як абараніць дзяцей ад гвалту і ці могуць настаўнікі па ўскосных прыкметах заўважыць, што над дзецьмі здзяйсняюцца акты насілля, расказала крызісны псіхолаг з вопытам работы з жанчынамі і дзецьмі, якія пакутуюць ад насілля, вядучая вучэбнага курса для псіхолагаў “Крызісная псіхатэрапія, заснаваная на перажыванні вопыту”, аўтар методык па рабоце з крызіснымі станамі асобы “Вобразна-асацыятыўныя пазлы” і “Асколкі траўмы” Наталля ДЗЯНІСЬЕВА.

— Наталля, зыходзячы з аналізу выпадкаў гвалту, над якімі вам даводзіцца працаваць, чаму дзеці становяцца ахвярамі насілля?

— Часцей за ўсё ахвярамі злачынстваў у сям’і становяцца дзеці, якія недаатрымалі цеплыні, любові ад бацькоў. Атрымліваецца, дзеці купляюцца на тое, чаго ім не хапала. Гвалтаўнік можа аказваць шмат увагі, абяцаць падарункі. Паступова дзіця пачынае верыц­ь незнаёмаму чалавеку. Бачачы, што ахвяра ўжо задобрана, злачынца пераходзіць да актаў гвалту. Акрамя дзяцей, якіх недалюбілі, ахвярамі гвалтаўнікоў становяцца і тыя, хто падвяргаецца гіперапецы. З такімі дзеткамі не размаўляюць, яны не прыстасаваны да жыцця, за іх усё рабілі бацькі. Непаўналетнія, якія выхоўваюцца ў нядобранадзейных сем’ях, таксама становяцца ахвярамі сексуальных злачынстваў. Такія дзеці часта прадастаўлены самі сабе, кантроль над паводзінамі, іх акружэннем з боку бацькоў адсутнічае.

Дзяцей трэба вучыць таму, як абараняцца, куды звяртацца па дапамогу, калі такая неабходнасц­ь з’яўляецца. Важна, каб дзеці не баяліся паклі­каць на дапамогу, таму трэба растлумачваць і тое, што гаварыць, якімі словамі прасіць дапамогі. Часта пры траўміруючым здарэнні, акце гвалту дзіця быццам бы замірае. Бываюць моманты, калі яно нават не можа паварушыцца, і гэта на карысць гвалтаўніку. Менавіта па гэтай прычыне з дзіцем трэба размаўляць. Безумоўна, характар размовы будзе зале­жаць ад таго, колькі гадоў дзіцяці. Калі малыш ходзіць у дзіцячы сад, яму трэба на прыкладзе казак расказваць, хто добры герой, а хто злы, і як добраму абараніцца ад злога, калі апошні пачне да яго лезці. Малодшым школьнікам таксама можна тлумачыць усё пры дапамозе казак і гульняў. Але важна не спужац­ь дзіця, каб у яго не было страхаў і фобій. Школа таксама павінна праводзіць прафілактыку, але не пужац­ь дзяцей. Не трэба, напрыклад, гаварыць, што там і там на дзяўчынку напаў злачынца, таму хадзіць туды нельга. Дзякуючы такой падачы матэрыялу, дзеці ўвогуле баяцца выходзіць са школы. Няправільная фармулёўка, няправільнае данясенне інфармацыі — і дзіця ўжо страшна напужана. Быў выпадак, калі дзяўчынка так уразілася гісторыяй, што яе равесніца стала ахвярай гвалтаўніка, што нават баялася выйсці ў туалет, думала, што ён яе там можа чакаць. Усё залежыць ад ступені эмацыянальнай чуллівасці, успрымання інфармацыі і псіхалагічных асаблівасцей дзіцяці. Такім чынам, каб аберагчы дзіця ад розных відаў гвалту, трэба не толькі размаўляць, але і правільна даносіць інфармацыю. Напрыклад, пры дапамозе карцінак паказваць, што рабіць у той ці іншай пагражальнай сітуацыі. Дзіця павінна бачыць, што кры­чаць у небяспечнай сітуацыі — гэта нармальна. Ненармальна замаўкаць і заміраць. Немалаважная роля ў выяўленні фактаў гвалту, безумоўна, належыць псіхолагам у школе. Але яны павінны супрацоўнічаць з класнымі кіраўнікамі, расказваць педагогам, як важна звяртаць увагу на паводзіны, эмацыянальны стан навучэнца. Акрамя гэтага, трэба глядзець, наколькі ахвотна дзіця ідзе дадому пасля ўрокаў.

— Апошнім часам нярэдкія выпадкі, калі падчас выяўлення фактаў гвалту ў сям’і становіцца зразумела: мама ведала, што адбываецца ў яе за спінай, але маўчала. Быў выпадак, калі маці нават пераклала адказнасць на школу. Чаму так адбываецца?

— Так адбываецца з-за ўласных пачуццяў, перажыванняў. Часта маўчаць і самі дзеці. Гэта здараецца тады, калі ў адносінах да агрэсара побач жывуць 2 пачуцці — любові і нянавісці. У такім выпадку дзіця не хоча нашкодзіць бацьку ці маці. І гэта тычыцца розных відаў насілля. Дарэчы, дзеці могуць маўчац­ь яшчэ і па той прычыне, што іх запужваюць. Часта чую, што дзеці, якія растуць у інцэстнай сям’і, падвяргаюцца гвалтоўнаму выкарыстанню. Непаўналетняму пагражалі: калі ён раскажа, што здарылася, яго і яго маму заб’юць. А хіба дзеці хочуць згубіць маму, самага блізкага чалавека? Акрамя гэтага, дзецьмі маніпуліруюць, унушаюць пачуццё віны, папракаюць тым, што, калі яно раскажа маме, мама будзе вельмі перажываць і, магчыма, нават не зможа жыць з такой інфармацыяй. Быў выпадак, калі дзіця расказала пра факт гвалту намесніку дырэктара школы, але спецыяліст не паверыў навучэнцу, таму што хлопчык жыў у забяспечанай сям’і, але быў хуліганам. Паслухаўшы расказ хлопчыка, педагог сказала, што такога не можа быць, што ён сабе нафантазіраваў, і выказала здагадку: магчыма, навучэнцу падалося, і насамрэч такім чынам у адносінах да яго праяўляецца бацькоўская любоў. У выніку падлетак закрыўся ў сабе і паабяцаў нікому больш пра гэта не гаварыць, таму што яму не вераць. Расказаў пра факты фізічнага і сексуальнага насілля малады чалавек тады, калі ўжо стаў паўналетнім і змог прыйсці да мяне на кансультацыю. Такія выпадкі, калі дзецям не вераць, на жаль, не адзіныя. І гэта сведчыць пра тое, што спецыялісты не ведаюць, як працаваць з траўмай, як ісці на кантакт і з дзіцем, і з яго бацькамі, а таксама куды далей звяртацца па дапамогу. Здараецца, пра траўму становіцца вядома пазней, калі яна ўжо ў мінулым, і дзіцяці прапануюць забыць, таму што гэтага ўжо няма. Але ж дзіця памятае, а значыць, траўма спрабуе вылезці вонкі. Відавочна, што з гэтым трэба працаваць.

Калі дзіця паведаміла пра факты гвалту, якія паўтараюцца ў яго сям’і, яго трэба адразу ізаляваць. Але гэта, на жаль, адбываецца рэдка. У большасці выпадкаў пасля таго, як дзіця паведаміла, што з ім адбылося, яго адпускаюць дадому і выклікаюць у школу баць­коў.

Такім чынам, калі факт гвалту становіцца відавочным, у спецыялістаў павінен быць дакладны алгарытм дзеянняў. Спачатку трэба ізаляваць дзіця, а пасля звяртацца ў міліцыю, сацыяльна-педагагічную службу, якая будзе займацца даследаваннем умоў пражывання непаўналетняга.

— Наколькі эфектыўнымі ў вырашэнні праблемы гвалту з’яўляюцца пакоі апытання для дзяцей, якія пакутуюць ад насілля? Ці дапамагаюць яны раскрыцца дзіцяці і зменшыць болевы парог, які нарастаў на працягу доўгага часу?

— Пакоі апытання — гэта цудоўная ініцыятыва. Знаходзячыся там, дзіця раскрываецца, расказвае пра сваю траўму псіхолагам. Але тое, што пачынаецца пасля, зразумець вельмі цяжка. Да дзіцяці дадому пры­ходзяць следчы, міліцыя і просяць яшчэ раз расказаць, што здарылася. У выніку дарослыя прымушаюць дзіця перажываць траўму зноў і зноў, і непаўналетні расказвае ўсё на аўтамаце, як казку. Паўторнае траўміраванне накладвае свой адбітак, дзіця жыве тымі пачуццямі, з якімі жыць балюча, а так быць не павінна. Дзіця трэба накіроўваць на псіхакарэкцыю, таму што траўма адкрытая. Так, яна выйшла, але яна не адпрацаваная. Важна, каб з такімі дзеткамі працаваў крызісны псіхолаг. На жаль, на ўсіх траўміраваных дзяцей у нас не хапае спецыялістаў.

— Ці можна без наступстваў для будучыні вылечыць псіхалагічную траўму, якая набываецца  ў выніку насілля?

— Траўма ўсё роўна пакідае свой след, але з часам адносіны чалавека да яе мяняюцца. Калі заняцца своечасовым лячэннем, не будзе столькі разбуральных наступстваў. Калі чалавек своечасова звернецца па псіхалагічную дапамогу, ён зможа пазбегнуць сімп­томаў посттраўматычнага стрэсавага расстройства. Траўма заўсёды пакідае адбітак, рану на сэрцы і, калі яе не залечваць, баліць.

Наступстваў у нявылечанай траўмы вельмі многа, сярод іх посттраўматычныя стрэсавыя расстройствы, залежнасць ад псіхаактыўных рэчываў, панічныя атакі, начныя жахі, аўтаагрэсіўныя паво­дзіны. Часта ў людзей з траўмай назіраюцца флэшбэкі (чалавек пагружаецца ў траўміруючыя падзеі і губляе сувязь з рэальнасцю). Паглыбіць яго ў гэты стан можа абсалютна любы рух. Часта дзяўчынкі, якія ў дзяцінстве падвяргаліся гвалту, вырастаюць і адда­юць перавагу мужчынам-агрэсарам. Паўторнае прайгра­ванне траўмы адбываецца, як ужо згадвала, з-за таго, што яна незакрытая. Менавіта па гэтай прычыне свое­часовая карэкцыя з’яўляецца вельмі важнай. Калі дзіця не вылечыць, яно вырасце і, верагодней за ўсё, само будзе выступаць у ролі агрэсара, пачне адчуваць уладу і кантроль над іншымі, хто слабейшы. Такія паводзіны прыносяцца і ва ўласную сям’ю. Вялікая памылка многіх бацькоў: я сваіх дзяцей буду біць, таму што мяне білі, і ўсё нармальна. Але гэта ненармальна.

— Да якіх наступстваў можа прывесці эмацыянальнае, фізічнае насілле? Напрыклад, мама зрываецца на дзіцяці за тое, што яно ў чарговы раз прынесла са школы не тую адзнаку, якую яна сама хацела?

— З дзіцем трэба размаўляць заўсёды і ў любой сітуацыі. Трэба паказаць: у тым, што мама накрычала, вінавата не дзіця і яго адзнака, а сама мама. Неабходна растлумачыць, чым быў выкліканы крык: дрэнным настроем, праблемамі на рабоце, але ні ў якім разе не адзнакай дзіцяці. Дарэчы, многія бацькі здзяйсняюць адну і тую ж страшную памылку: накрычаўшы на дзіця, просяць прабачэння і абяцаюць, што такога больш не паўторыцца. А пасля сітуацыя паўтараецца. Дзіця гэта бачыць і ўзгадвае абяцанне мамы, якое яна не выканала. У выніку ў непаўналетняга фарміруецца недавер да самага роднага чалавека, які падмануў. І, як вынік, з’яўляецца базавы недавер да ўсяго свету. 

Акрамя гэтага, псіхалагічнае насілле праяўляецца і празмерным кантролем над дзіцем. Часам мамы распісваюць дзень дзіцяці пахвілінна: спачатку школа, пасля гурткі, і ніякага вольнага часу ў непаўналетняга няма. Вялікай памылкай з’яўляецца тое, што бацькі стараюцца адсочваць і тых, з кім сябруе дзіця. Кантроль павінен быць правільным, не празмерным, таму што гіперапека настолькі ж небяспечная, як і бескантрольнае дзяцінства. Самая правільная пазіцыя — паказаць дзіцяці, што яно можа і павінна вам давяраць.

Часта бацькі спрабуюць паўтарыць сябе ў дзіцяці. Напрыклад, бацька хацеў стаць юрыстам, але не стаў, і ён упэўнены, што дзіця ім стане. Важна бачыць дзіця рэальным і даваць яму права выбару. 

— Як даведацца, што дзіця падвяргаецца гвалту? Ці ёсць відавочныя маркёры, якія стапрацэнтна пацвердзяць здагадкі? І што можа прымусіць дзіця хацець жыць далей, нягледзячы на боль, які прынесла траўма?

— Неабходна звяртаць увагу, якое ёсць дзіця. Напрыклад, было гаваркім, вясёлым, а стала замкнёным у сабе, без эмоцый, часта назіраюцца агрэ­сіўнасць, плаксівасць і выказваецца нежаданне ісці дадому. Дзеці, якія падвяргаюцца насіллю, рэагуюць на з’яўленне бацькоў у школе спалохана. Маленькія дзеці, якія становяцца ахвярамі гвалтоўных злачынстваў, падчас гульні могуць дэманстраваць іншыя паводзіны, якія дагэтуль для іх былі нехарактэрнымі. Так малыя прайграюць траўматычнае здарэнне. Але ніколі нельга дзіцяці напрамую задаваць пытанне, цікавіцца, ці б’юць яго дома, ці маюць месца іншыя віды гвалту.

Прымусіць дзяцей жыць могуць розныя прычыны. Напрыклад, у мяне быў выпадак, калі дзяўчынка, якая падвяргалася ў сям’і сексуальнаму гвалту, жыла дзеля настаўніцы. Педагог вельмі любіла дзяўчынку, а дзяўчынка любіла яе прадмет, рыхтавалася да алімпіяды і не хацела падвесці сваю настаўніцу. У навучэнкі з’яўляліся суіцыдальныя думкі, але яна ведала, што трэба жыць, каб не падвесці педагога.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.