Не проста дакумент

Канвенцыя аб правах дзіцяці — асноўны міжнародна-прававы дакумент, прысвечаны шырокаму колу правоў дзіцяці. Прычым дакумент гэты апрабаваны часам — сёлета канвенцыі спаўняецца 30 гадоў. Пра тое, як працуе Канвенцыя аб правах дзіцяці, колькі дзяржаў і як яе рэалізоўваюць, як будзе адзначацца важная дата, “Настаўніцкай газеце” расказала Габрыэла Акімава, намеснік прадстаўніка Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі. ЮНІСЕФ, нагадаю, — адзін з ініцыятараў стварэння канвенцыі і яе ўвасаблення ў жыццё ва ўсім свеце, а таксама лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру.

Калі і навошта?

— Канвенцыя аб правах дзіцяці ставіць дзіця і яго правы ў цэнтр увагі, зацвярджае права дзіцяці мець свой голас. І гэта, бадай, самае важнае — дзіця тут не аб’ект, а суб’ект права. Непаўналетнія павінны і разумець свае правы, і ўдзельнічаць у іх рэалізацыі, і самі вызна­чаць, што ім неабходна, — гаворыць спадарыня Габрыэла, між іншым, юрыст па адукацыі. — Калі размаўляеш з дзецьмі, з падлеткамі, бывае, атрымліваеш вельмі цікавыя і нечаканыя адказы на пытанні аб іх правах і іх рэалізацыі, таму пастаяннае ўзаемадзеяння з дзецьмі надзвычай важнае. Канвенцыя — гэта свайго роду канстытуцыя міжнароднага маштабу, якая гарантуе кожнаму хлопчыку і дзяўчынцы права на дзяцінства. А ЮНІСЕФ можна назваць галоўным захавальнікам канвенцыі, мы таксама захоўваем правы жанчын, бо гэтыя правы — дзяцей і іх маці — вельмі цесна ўзаемазвязаны.

— Канвенцыя аб правах дзіцяці — самая распаўсюджаная міжнародная канвенцыя ў свеце, — дадае мая суразмоўніца. — Яна асабліва падкрэслівае, што кожнае дзіця мае права гадавацца ў роднай сям’і, хаця, на жаль, у жыцці бывае і інакш, але сям’я — самае бяспечнае асяроддзе для выхавання  дзіцяці.

Такім чынам, Канвенцыя аб правах дзіцяці была прынята Генеральнай Асамблеяй ААН 20 лістапада 1989 года. Да яе існаваў іншы міжнародны дакумент, больш агульны і не так дэталёва прапрацаваны — Дэкларацыя аб правах дзіцяці, прынятая ААН у 1959 годзе, асноўным пасылам 10 прынцыпаў якой было сцвяр­джэнне “чалавецтва павінна даць дзецям лепшае, што мае”.

Сёння канвенцыю ратыфікавалі 195 краін свету, Беларусь, тады яшчэ ў складзе Савецкага Саюза, ратыфікавала дакумент 28 ліпеня 1990 года, а 31 кастрычніка таго ж года канвенцыя ўступіла ў сілу. Так што ў 2020 годзе ў нашу краіну прыйдзе свой юбілей, звязаны з канвенцыяй. У адпаведнасці з ёй, ужо ў Рэспубліцы Беларусь у 1993 годзе быў прыняты Закон “Аб правах дзіцяці”, які складаецца з 6 частак і, між іншым, утрымлівае частку аб міжнародным супрацоўніцтве, а таксама прадугледжвае адказнасць за парушэнне закона. Дзейнічаюць, зразумела, і іншыя заканадаўчыя акты, што тычацца правоў непаўналетніх.

Колькі і якія?

54 артыкулы ўтрымлівае Канвенцыя аб правах дзіцяці. Яны ахопліваюць усе сферы жыцця дзіцяці і тлумачаць асноватворныя правы юнага пакалення: грамадзянскія, палітычныя, сацыяльныя і культурныя. Падкрэсліваецца, што кожнае дзіця мае роўныя правы незалежна ад нацыянальнасці, полу, рэлігіі, іншых умоў.

— Артыкулаў у канвенцыі даволі многа, але ўсе яны зводзяцца да 4 прынцыпаў, — заўважае Габрыэла Акімава. — Гэта недапушчэнне дыскрымінацыі, права на выжыванне і развіццё, права на ўдзел у рэалізацыі сваіх правоў, пра што я ўжо крыху гаварыла, і права на захаванне найлепшых інтарэсаў. Апошні прынцып, яго выкананне, здаюцца мне як юрысту самым складаным. Так, як я ўжо сказала, самае важнае для дзіцяці — гадавацца ў сям’і, але не менш важнае права на бяспеку. Бывае, што часовае адабранне дзіцяці з сям’і — найлепшае рашэнне, мы гэта, канечне, разумеем, але яно павінна быць самай крайняй мерай.

Што тычыцца непасрэдна артыкулаў канвенцыі, то ў першай частцы дакумента вызначаецца паняцце “дзіця”, зацвярджаюцца прыярытэты дзяцей і абавязак дзяржаў-удзельніц прымаць меры для свабоднага ажыццяўлення правоў, замацаваных у канвенцыі. Тут таксама вызначаецца пералік правоў на жыццё, імя, грамадзянства, права ведаць сваіх бацькоў, права на клопат бацькоў і неразлучэнне з імі, правы і абавязкі бацькоў. Замацоўваюцца і правы дзяцей на выказванне сваіх поглядаў, свабоды думкі, сумлення і рэлігіі, некаторыя іншыя. Артыкулы канвенцыі вызначаюць і абавязкі дзяржавы дапамагаць бацькам і законным апекунам, а таксама яе права абараняць дзяцей ад жорсткага абыходжання, правы дзяцей на ахову здароўя, правы малых, якія не маюць сямейнага акружэння, дзяцей з праблемамі здароўя, бежанцаў, на ахову здароўя, сацыяльнае забеспячэнне і ўзровень жыцця, неабходны для развіцця дзіцяці.

Зразумела, замацаваны ў канвенцыі правы на адукацыю, адпачынак. Дакумент устанаўлівае адказнасць дзяржавы ў абароне правоў дзяцей ад эксплуатацыі, гандлю дзецьмі, забараняе прымяняць пакаранне смерцю і пажыццёвае зняволенне без магчымасці вызвалення за злачынствы, здзейсненыя да ўзросту 18 гадоў. Забараняюцца катаванні і прыніжальныя пакаранні дзяцей, вызначаюцца правы дзіцяці пры абвінавачванні яго ў злачынных дзеяннях, права на абарону падчас узброеных канфліктаў і войнаў. Дзяржавы абавязуюцца прымаць меры да рэабілітацыі і рэінтэграцыі дзяцей — ахвяр эксплуатацыі і г.д.

Некалькі артыкулаў канвенцыі расказваюць аб Камітэце па правах дзіцяці, а таксама аб абавязках дзяржавы інфармаваць сваіх дарослых і маленькіх грамадзян аб прынцыпах і палажэннях канвенцыі. Апошнія артыкулы дакумента тычацца рашэння працэдурна-прававых праблем выканання дзяржавай палажэнняў Канвенцыі аб правах дзіцяці.

Між іншым, у адрозненне ад многіх іншых канвенцый ААН, Канвенцыя аб правах дзіцяці адкрыта для падпісання і тых дзяржаў, якія не з’яўляюцца членамі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

У супрацоўніцтве…

Супрацоўніцтва Рэспублікі ­Беларусь і ЮНІСЕФ ажыццяўляецца на доўгатэрміновай праграмнай аснове. Зараз рэа­лізоўваецца Краінавая праграма на 2016—2020 гады. У яе аснове — нацыя­нальныя прыярытэты Беларусі ў галіне сацыяльнага развіцця, аховы здароўя і адукацыі. Дзіцячы фонд ААН актыўна ­ўдзельнічае ў распрацоўцы і спрыяе рэалізацыі нацыянальных праграм і планаў, такіх як На­цыянальная стратэгія ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў перыяд да 2030 года, Нацыянальная праграма дэмаграфічнай бяспекі на 2016—2020 гг. і інш.

Вынікі апошняга сітуацыйнага аналізу, праведзенага ЮНІСЕФ разам з Урадам Беларусі, вызначылі 4 галіны, якія патрабуюць сумеснай работы: стварэнне бяспечнага асяроддзя для дзіцяці (гэта і адказнае бацькоўства, і прасоўванне здаровага ладу жыцця, і многае іншае); рэалізацыя правоў дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і інваліднасцю; фарміраванне добрага асяроддзя для зніжэння ўразлівасці падлеткаў і іх паўнавартаснага ўдзелу ў прыняцці рашэнняў; маніторынг, вывучэнне становішча дзяцей і падлеткаў, а таксама ўмацаванне партнёрства.

Неаднойчы падчас гаворкі мая суразмоў­ніца падкрэслівала, што галоўнае — практычнае ўвасабленне правоў дзіцяці, зацверджаных канвенцыяй і законамі краіны, супрацоўніцтва розных ведамстваў, грамадскіх арганізацый, а таксама гібкі падыход да гэтай работы, чаму вучаць, напрыклад, рэсурсныя цэнтры ЮНІСЕФ “Ступені”, што ёсць у Мінску і ў кожным абласным цэнтры Беларусі і створаны з дапамогай устаноў сістэмы адукацыі.

— Вось, скажам, такі прыклад: падлетак упершыню здзейсніў правапарушэнне, яму 14 ці больш гадоў, ён павінен несці адказнасць. Але падлеткі часта не разумеюць усіх наступстваў сваіх учынкаў у адрозненне ад дарослых. Таму, лічу, важна прымяняць да падлеткаў адукацыйны падыход, аднаўленчае права, у якое я вельмі веру, — тлумачыць сваю пазіцыю Габрыэла Акімава. — Трэба іх перавыхоўваць, вяр­таць да нармальных, агульнапрынятых грамадскіх каштоўнасцей, адцягваць ад дрэннага асяроддзя, ад наркотыкаў, напрыклад, далу­чаць да іншых інтарэсаў — гэта магчыма, я ўпэўнена. Мы працуем над гэтым, у тым ліку разам з Міністэрствам адукацыі, з сацыяльна-педагагічнымі цэнтрамі Ленінскага раёна Мінска і Баранавіч, збіраемся выходзіць на іншыя СПЦ,  выкарыстоўваем і развіваем такі напрамак, як медыяцыя, калі канфлікты вырашаюцца ў дасудовым парадку.

 Добры прыклад выхавання падлеткаў, якія здзейснілі правапарушэнне, я бачыла ў Грузіі. Там падлетак, які ўкраў сумачку ў пажылой жанчыны, сустрэўся са сваёй ахвярай у рамках працэсу медыяцыі, паглядзеў ёй у вочы, пагутарыў. Хлопец, я бачыла гэта, зразумеў сваё злачынства, да якога ставіўся да сустрэчы занадта легкадумна. А жанчына ў сваю чаргу перастала баяцца ўсіх падлеткаў, пераканалася, што яны розныя і што правапарушальнікаў можна перавыхаваць. Такое змяненне каштоўнасцей — самае важнае для ўдзельнікаў медыяцыі.

Асабліва Г.Акімава падкрэслівае, што пры любой рабоце з дзіцем або падлеткам важна ­адначасова працаваць з яго сям’ёй. У гэтым ­сэнсе Беларусь з яе сістэмай СПЦ, сацыяльна-псіхалагічнай і педагагічнай службай — краіна ўнікальная. Важна асабліва скіравацца на работу з сям’ёй з самага пачатку пэўных праблем у ёй, на прафілактыку. А работа з сям’ёй — якраз тое, на што накіроўвае Канвенцыя аб правах дзіцяці.

…і пастаянна

Сумесных праектаў, якіх прадстаўніцтва ЮНІСЕФ за больш чым 20 гадоў сваёй работы ў Беларусі рэалізоўвае і ўжо рэалізавала, нямала. Так, у мінулым годзе ўбачыла свет справа­здача “Ацэнка сітуацыі з насіллем у адносінах да дзяцей у Рэспубліцы Беларусь”. Нацыянальнае даследаванне праводзілася пры ўдзеле многіх зацікаўленых арганізацый, ведамстваў і ўстаноў краіны, у тым ліку міністэрстваў адукацыі, аховы здароўя, унутраных спраў, працы і сацыяльнай абароны, абласных і раённых органаў дзяржаўнага кіравання, а таксама адміністрацый школ і іншых дзіцячых устаноў, у якіх праводзілася анкетаванне. Палявы этап апытання ажыццявілі спецыялісты Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, важны ўклад, як падкрэсліваецца ў першай частцы справаздачы, у яе падрыхтоўку ўнеслі многія супрацоўнікі ЮНІСЕФ.

Самыя цікавыя часткі даследавання, на мой погляд, — гэта тыя, што тычацца атрыманых урокаў і рэкамендацый: аб умацаванні прававой базы і палітыкі па пытаннях насілля ў адносінах да дзяцей, аб фарміраванні жыццёвых навыкаў у дзяцей і падлеткаў, умацаванні сістэмы паслуг па аказанні дапамогі дзецям, змяненні культурных і сацыяльных норм, што дапускаюць насілле з канкрэтнымі прапановамі па рэалізацыі гэтых рэкамендацый.

Сярод праектаў ЮНІСЕФ вялікае месца займаюць тыя, што тычацца інклюзіі, арганізацыі бяспечнай прасторы для дзяцей у школах. Многія, думаю, памятаюць сацыяльную рэкламу, прысвечаную праекту ЮНІСЕФ “Дзіцячы пакой без насілля”. І кожны, зразумела, патрабуе супрацоўніцтва з сістэмай адукацыі. І не толькі з ёй. Разуменне, як і рух наперад, ёсць, сцвярджае супрацоўніца ЮНІСЕФ.

Так, у Гомелі дзейнічае праект па рабоце з дзецьмі і бацькамі дзяцей-інвалідаў. А ў цэнтры інклюзіўнай адукацыі пры Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце (таксама сумесны праект) праводзіцца навучанне не толькі спецыялістаў, але і бацькоў дзяцей з асаблівасцямі.

 Думаюць у фондзе і пра тое, як больш актыўна ўладкоўваць дзяцей з псіхафізічнымі асаблівасцямі ў замяшчальныя сем’і, сумесна з Міністэрствам адукацыі пачынаюць шэраг трэнінгаў па гэтай тэме для прыёмных бацькоў. І, нарэшце, варта ўзгадаць, што дзякуючы агульнай рабоце ў Беларусі ўжо 25 гарадоў атрымалі статус гарадоў, дружалюбных да дзяцей, дзейнічае маладзёжны парламент.

— Наша задача —  не замяніць дзяржаўную або грамадскую арганізацыю, а праца­ваць на аснове партнёрства і ўстойлівага ўзаемадзеяння і сістэмнага падыходу, увядзення новых методык, — падкрэслівае Габрыэла Акімава.

Урокі ва ўсім свеце

Зразумела,  у ЮНІСЕФ рыхтуюцца да свят­кавання 30-годдзя Канвенцыі аб правах дзіцяці і Міжнароднага дня аховы дзяцей. Так, заўтра, 31 мая, пройдзе мерапрыемства для сацыяльных партнёраў, фонду, а 20 лістапада адбу­дзецца самы вялікі ўрок у свеце, прысвечаны юбілею канвенцыі. Урок — ініцыятыва ЮНІСЕФ і ЮНЕСКА, згодна з якой кожны год у кастрычніку або лістападзе ў навучальных установах усяго свету праходзяць урокі, прысвечаныя правам дзіцяці, як правіла, нейкаму пэўнаму аспекту канвенцыі. У Беларусі такія ўрокі праводзяцца ў фармаце класных гадзін, у іншых краінах могуць выкарыстоўвацца іншыя формы такіх заняткаў. План урока, прынамсі, Міністэрству адукацыі прапаноўвае ЮНІСЕФ. Сёлета ён будзе скіраваны ў цэлым на Канвенцыю аб правах дзіцяці і на дасягненне Мэт устойлівага развіцця, тое, чым краіне і свету могуць дапамагчы дзеці.

Таксама ў лістападзе ў навучальных установах плануецца правядзенне дзён самакіравання, калі дзецям будзе прапанавана выказацца пра тое, як яны бачаць рэалізацыю сваіх правоў, што прапаноўваюць для гэтага. Прыйдуць юныя беларусы і ў офіс Прадстаўніцтва ЮНІСЕФ, а таксама да партнёраў фонду — у дзяржаўныя і грамадскія арганізацыі. Усё дзеля таго, каб дарослыя пачулі голас дзяцей і задумаліся, што можна зрабіць для дзяцей і падлеткаў, засноўваючыся на іх пажаданнях.

Для таго каб юныя беларусы добра ведалі свае правы, ЮНІСЕФ выдае для іх спецыяльную (адаптаваную для дзіцячага ўзросту) літаратуру. Скажам, вось перада мной буклет на беларускай мове “Правы дзіцяці”. Тут і малюнкі, і месца для фота маленькага чытача, і прывітанне ад сонечнага зайчыка Юні-Юні — сімвала ЮНІСЕФ у Беларусі, і карцінкі-размалёўкі, і, канечне, пераказ у даступнай форме правоў дзіцяці, замацаваных у канвенцыі. Выглядае гэта прыкладна так: “Дзяржава заўсёды дапаможа тваім бацькам клапаціцца пра цябе, тваё здароўе і выхаванне”, “Ніхто не можа дакранацца да цябе, калі табе гэта непрыемна, прымушае адчуваць сябе неабароненым/неабаро­ненай”.

— Я вельмі ганаруся, што прадстаўніцтва ЮНІСЕФ у Беларусі змагло весці сваю работу, далучаць да яе дарослых і дзяцей так, каб усім было цікава, — гаворыць Габрыэла Акімава. — Мы выкарыстоўваем і спорт, і гульні, і іншыя формы работы. Падчас ІІ Еўрапейскіх гульняў, напрыклад, хочам прыцягнуць увагу грамадства да пытанняў сацыяльнай інклюзіі, будуць працаваць 10 нашых фан-зон, куды мы запросім пасольствы, арганізуем гульні для дзяцей, у тым ліку для малых з інваліднасцю.

Намеснік прадстаўніка ЮНІСЕФ у Беларусі заўважае, што ў краіне  многае зроблена для абароны дзяцінства: у нас адна з самых нізкіх смяротнасцей немаўлят і маці ў свеце, не адбываецца перадачы ВІЧ ад маці дзіцяці пры родах — прыклад унікальны для свету, скарачаецца колькасць дзяцей-сірот, якія выхоўваюцца ў інтэрнатных установах, наогул, робіцца шмат інвестыцый у развіццё моладзі. Ёсць, канечне, куды расці, напрыклад, у развіцці сістэмы інклюзіўнай адукацыі, але ў той жа час гэта значыць, што існуе многа перспектыў для працягу сумеснай работы і з дзецьмі, і з бацькамі, і са спецыялістамі, у тым ліку — а магчыма, нават у першую чаргу — з педагогамі.

— Мы стараемся праводзіць цэласную работу, знаходзіць прычыны праблем, працуем на пазітыў, — падводзіць вынікі нашай гаворкі мая суразмоўніца. — Супрацоўніцтва з педагогамі адыгрывае ў такой рабоце адну з самых вялікіх ролей. Калі настаўнік працуе з дзецьмі на роўных, эфект выхавання абавязкова будзе. І я сустракала ў Беларусі шмат педагогаў, якія працуюць вельмі паспяхова.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва Прадстаўніцтва ЮНІСЕФ у Беларусі.