Тры сыночкі і дзве любыя дочкі

Самае вялікае шчасце для мамы — калі раніцай яе дзеці прачынаюцца здаровымі і з усмешкай на вуснах. І чым больш дзяцей у сям’і, тым больш маленькіх сонейкаў дораць бацькам сваё цяпло і ўдзячнасць за падоранае жыццё. Безумоўна, ёсць сем’і, для якіх выхаванне аднаго дзіцяці — гэта ўжо геройства. Але побач з такімі героямі жывуць і тыя, хто бачыць у дзецях сэнс жыцця.

Прыкладам такіх бацькоў з’яўляецца сям’я Аляксандра і Кацярыны Саковіч з Барысава. Сёння мнагадзетныя тата і мама выхоўваюць 5 дзетак — 3 сыночкаў і 2 дачкі.

Пра тое, на якіх асновах у сям’і будуецца выхаванне і ці можа жанчына, на плечы якой ускладзены клопат пра пяцярых дзяцей, знайсці час для сябе, мы пагаварылі з Кацярынай САКОВІЧ. Дарэчы, у мінулым годзе 33-гадовая мама пяцярых дзетак атрымала ордэн Маці.

Мама і права на адзіноту

У сям’і Кацярыны і Аляксандра Саковіч растуць 11-гадовы Ян, 9-гадовы Глеб, 7-гадовая Любаша, 4-гадовая Зоя і 2-гадовы Віцюша.

Кацярына расказвае, што сама заўсёды хацела мець многа дзяцей, а калі пазнаёмілася з будучым мужам, яшчэ больш упэўнілася ў сваім жаданні.

“Літаральна падчас нашага другога спаткання загаварылі пра дзяцей, і я зразумела, што перада мной чалавек, які мае такія ж жаданні, погляды на жыццё, — успамінае Кацярына. — Будучы муж сказаў, што таксама хоча мець вялікую сям’ю, многа дзетак, і мяне гэта пакарыла. Пасля таго як мы пажаніліся, не планавалі, што ў нас будзе менавіта пяць дзетак. Ведалі, што ў сям’і будзе расці не адзін і не два малышы, а больш. Увогуле, у жыцці вельмі важна знайсці такога чалавека, які будзе падтрымліваць ва ўсім, а не папракаць. І нам адно з адным вельмі пашанцавала”.

Для таго каб паспець зрабіць хатнія справы і ўдзяліць сабе час, пабыць сам-насам са сваімі думкамі, Кацярына штодзень прачынаецца самай першай.

“Удзяліць сабе час магу толькі раніцай, таму прачынаюся раней за ўсіх, — працягвае расказваць пра быт Кацярына. — Пакуль дзеці спяць, я магу пачы­таць, а таксама планую дзень, спрабую расставіць прыярытэты, думаю над тым, што трэба менавіта сёння зрабіць для сям’і. Безумоўна, без дапамогі мужа і дзяцей не абыходзіцца. Дарэчы, я па адукацыі педагог дашкольнай адукацыі. Паміж дэкрэтамі працавала выхавальніцай у дзіцячым садку і, калі прыходзіла дадому з работы, прасіла, каб мне далі га­дзіну на тое, каб пераключыцца на сям’ю, адпачыць”.

Кацярына ўпэўнена, што добрай арганізацыі дня дапамагае правільна ўстаноўлены рэжым. У кожнага дзіцяці, акрамя маленькага Віці, ёсць свае абавязкі. Дом Кацярыны і Аляксанд­ра падзелены на зоны, у кожнай з якіх ёсць свой маленькі гаспадар. Калі нехта з дзяцей не спраўляецца з прыбіраннем сваёй тэрыторыі, брацікі і сястрычкі прыходзяць на дапамогу.

“Дзеці з задавальненнем дапамагаюць маме падчас прыбірання, яны самастойна выціраюць пыл, мыюць падлогу, — працягвае Кацярына. — Я лічу, што вельмі важна прывучаць дзяцей з малых гадоў сачыць за парадкам на сваёй тэрыторыі. Старэйшы сын Ян мае, акрамя абавязкаў па доме, яшчэ адно важнае даручэнне — ён самастойна адво­дзіць у школу і забірае адтуль Любу, якая сёлета заканчвае 1 клас. Для Яна гэта вялікая адказнасць, і ён з задавальненнем выступае ў ролі галоўнага памочніка”.

Стаць героем фільма

У сям’і Саковіч ёсць свае традыцыі. Па выхадных бацькі разам з дзеткамі глядзяць фільмы і мультфільмы, якія пасля ўсе разам абмяркоўваюць.

“Для мяне вельмі важна выха­ваць з дзяцей добрых, справядлівых людзей, таму і фільмы, мультфільмы для прагляду выбіраем правільныя, якія вучылі б галоўным чалавечым каштоўнасцям, — працягвае расказваць мнагадзетная мама. — Абавязкова пасля прагляду абмяркоўваем іх. Важна ведаць, што для сябе вынесла кожнае дзіця, што пачула, што ўбачыла. І заўсёды цікаўлюся, як дзеці павялі б сябе, калі б апынуліся ў такіх сітуацыях, як героі, за лёсам якіх назіралі. Лічу, што так павінна быць у кожнай сям’і. Паглядзець фільм — гэта адно, а зразумець, пра што ён, што заўважылі дзеці, — гэта іншае і самае важнае. Толькі так можна зразумець, у якім кірунку з дзецьмі трэба працаваць. Яшчэ мы абавязкова адзначаем дні нараджэння кожнага дзіцяці, а таксама гуляем у настольныя гульні. Часцей за ўсё гэтаму ўдзя­ляем больш за ўсё ўвагі ў ня­дзелю пасля абеду”. 

Кацярына прызнаецца, што са з’яўленнем дзяцей у сям’і жыццёвыя прыярытэты мяняюцца, але ад колькасці малышоў гэта абсалютна не залежыць.

“Ужо тады, калі з’явіўся Ян, я зразумела, што жыццё памянялася поўнасцю, мы пачалі зале­жаць ад дзяцей, а не самі ад сябе, — кажа К.Саковіч. — Многія маладыя мамы ў дэкрэце сумуюць, і я іх разумею. Але ва ўсім трэба шукаць радасць. Калі ў нас нарадзілася трэцяе дзіця, Люба, я адчула сапраўдную адказнасць. З двума дзецьмі яшчэ ўсё не так, а ўжо потым, калі сям’я пачала расці, я зразумела, што многае ў доме будзе залежаць ад таго, як да гэтага сама пачну ставіцца. Сёння многія гавораць пра самарэалізацыю жанчыны, яе кар’еру. Гэта таксама важна, але ўсяму свой час. Для мяне прыярытэтнай з’яўляецца сям’я. Калі я пачала больш думаць пра дзяцей, стала імкнуцца рабіць усё па плане, з’явілася больш часу, які магу прысвяціць сабе па-за межамі сям’і. Думаю, у любой мамы павінен быць час на тое, каб заняцца сабой. Знаходзіць хвіліны, якія можна прысвяціць выключна сабе, — гэта вельмі важна”.

Цукеркі для сястрычкі

Часта даводзіцца чуць сцвярджэнне, што, калі ў сям’і толькі адно дзіця, яно вырастае эгаістам. У мнага­дзетных сем’ях, па словах Кацярыны, такіх праблем няма.

“Дзецям расказваем, што яны заўсёды павінны падтрымлі­ваць і шанаваць адно аднаго, умець дзяліцца, — працягвае жанчына. — Дзеці, якія ходзяць у школу, заўсёды прыносяць дадому тое, што ім даюць на падвячорак ці чым частуюць сябры, каб падзяліцца з малодшымі. Мы з мужам бачым гэта і разумеем, што сваіх дзяцей выхоўваем правільна. Неяк быў выпадак, калі мне давялося пайсці ў банк са старэйшай дачкой і маленькім Віцем. Дзеткам, пакуль стаялі ў чарзе, адна жанчына дала па цукерцы. Люба падзякавала жанчыне, а пасля сарамліва спытала, ці можна яшчэ атрымаць некалькі цукерак, таму што дома ў яе ёсць брацікі і сястрычка. Яшчэ нашы дзеці вельмі самастойныя, што нават настаўнікі адзначаюць. Безумоўна, гэта звязана з тым, што я, мама, пакуль вымушана больш часу ўдзяляць Віцю: ён у нас зусім маленькі”.

Калі дзецям патрэбна ў нечым дапамога, мама і тата вучаць іх звяртацца да старэйшых. Гэта дае зразумець, што яны мо­гуць разлічваць адно на аднаго і бу­дуць ведаць: побач ёсць тыя родныя, якім не ўсё роўна і якія дапамогуць і падтрымаюць у цяжкую хвіліну.

Калі сярод дзяцей узні­каюць канфлікты, мама робіць вельмі прос­та — усіх разводзіць па сваіх месцах.

“У кожнага з дзетак ёсць свае пакоі, спальныя месцы, уласныя цацкі, — працягвае Кацярына. — Канфлікты ў нас часцей за ўсё адбываюцца з-за цацак, калі нехта ўзяў чужое. У такім выпадку я чарговы раз нагадваю і тлумачу дзецям, што браць чужое можна толькі з дазволу. Нават калі гэта тычыцца цацак родных брата ці сястры. Дарэчы, маленькі Віця яшчэ не зусім разумее, як сябе паводзіць у той сітуацыі, калі хочацца ўзяць нешта з чужога пакоя, але мы з ім усё роўна размаўляем на гэтую тэму. Старэйшым дзе­цям у сваю чаргу кажу, каб свае рэчы не раскідвалі, бераг­лі. Штовечар дзеці самі рых­туюць сабе адзенне для школы, правя­раюць, ці чысты абутак, гля­дзяць, ці нічога не забыліся.

У нашай сям’і ў аснове ляжаць духоўныя каштоўнасці. Безумоўна, нам вельмі дапамагае рэжым дня. Яшчэ мы часта нагадваем дзецям, што яны родныя людзі і заў­сёды павінны падтрымліваць адно аднаго. Згадзіцеся, той час, калі баць­кі побач, хутка скончыцца, дзеці вырас­туць і пакінуць дом для самастойнага жыцця. Але кожнае з іх павінна ве­даць, што побач ёсць тыя, хто будзе ім рады і дапаможа ў патрэбны час”.

Сям’я можа быць ідэальнай?

Нягледзячы на тое, што выхаванне дзяцей патрабуе шмат рэсурсаў — як фінансавых, так і эмацыянальных — Кацярына не шкадуе, што калісьці прыярытэтнай выбрала менавіта сям’ю.

“Сёння, каб гадаваць дзяцей, трэба мець добрае фінансавае становішча, — дзеліцца думкамі Кацярына. — Акрамя таго, каб нарадзіць, іх трэба апрануць і ве­даць, што яны не будуць галоднымі. Стрымліваючым фактарам для многіх з’яўляецца меркаванне аднаго з бацькоў. Ведаю сем’і, у якіх муж не хоча мець многа дзяцей, таму ў іх 1—2 дзіцяці. А яшчэ многім хочацца росту ў кар’еры. Жанчыны выходзяць на работу задоўга да канца дэкрэтнага адпачынку. У кожнага свае прыярытэты, і гаварыць, што нехта робіць правільна, а нехта — не, мы не можам. Сям’я — гэта вялікая адказнасць і шчасце”.

Расказваючы пра дзяцей і іх выхаванне, Кацярына не хавае, што іх сям’я неідэальная, яны таксама сутыкаюцца з цяжкасцямі, пераадольваць якія дапамагае ўзаемная падтрымка і любоў. 

“У нас сям’я неідэальная, але мы імкнёмся да гэтага. Нашы дзеці яшчэ маленькія, і тое, якімі яны вырастуць, пакажа час. Мы стараемся выхоўваць іх правільна, але ці ўсё робім так, як трэба, будзе відаць пасля, час не падмане”.

Наталля САХНО.
Фота з архіва сям’і Саковіч і Алёны Драздоўскай.