І немагчымае магчыма, або Што могуць валанцёры-­школьнікі

Ад чыстага сэрца, ад шчырай душы, з вялікім жаданнем дапамагчы і падтрымаць працуюць валанцёры. Не дзеля ўзнагарод і прызнання, але ж, калі такое прызнанне знаходзіць добраахвотнікаў, то за іх можна толькі парадавацца. Як, напрыклад, за ўдзельнікаў валанцёрскага атрада “Дарогай дабра” з сярэдняй школы № 4 Асіповіч, што ў Магілёўскай вобласці. Сёлета гэты школьны атрад стаў лепшым валанцёрскім атрадам краіны сярод школьных атрадаў па выніках Рэспубліканскага конкурсу “Валанцёр года — 2020”. Як, дарэчы, і летась, калі юныя асіпаўчане таксама перамаглі ў гэтым конкурсе ў той жа намінацыі.

Ад ініцыятывы да традыцый

Арганізоўваюць конкурс БРСМ, Мініс­тэрства адукацыі, Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы, абласныя і Мінскі гарадскі выканаўчыя камітэты, грамадскія арганізацыі і аб’яднанні. Сёлета ў фінале былі прадстаўлены 88 індывідуальных і калектыўных праектаў. Намінацый некалькі: “Асабісты ўклад”, “Лепшая вучэбная праграма для валанцёраў”, “Лепшая валанцёрская група ў сацыяльнай сетцы”, “Лепшы іміджавы плакат” і тая, у якой перамаглі асіповіцкія школьнікі, — “Лепшы валанцёрскі атрад”.

— Наш атрад з’явіўся ў студзені 2017 года, — расказвае куратар атрада “Дарогай дабра” педагог-арганізатар Кацярына Пятроўна Шалупенка. — Час дастатковы для таго, каб у атрада з’явіліся свае традыцыі, дасягненні, перамогі. Школьнікі сталі пастаяннымі ўдзельнікамі многіх гарадскіх, раённых, рэспубліканскіх мерапрыемстваў, а яшчэ ў нас нямала аўтарскіх праектаў, што, лічу, робіць атрад “Дарогай дабра” асаблівым. Зараз у ім 20 14—17-гадовых вучняў, камандзір атрада — наша навучэнка Настасся Сітнікава.

Вось Насця і расказала пра аўтарскія праекты атрада. Гэта, па-першае, удзел у маладзёжным праекце “Добрыя справы — табе, мая малая радзіма”, рэалізацыя праекта па добраўпарадкаванні горада “Мая вялікая малая радзіма. Развіццё валанцёрскага руху “Дарогай дабра”. Быў яшчэ ўдзел у рэспубліканскім патрыятычным праекце “Кветкі Вялікай Перамогі” і ў рэспубліканскім маладзёжным праекце “Беларусь — крыніца натхнення”. Асіповіцкія валанцёры, стаўшы ўдзельнікамі апошніх з названых праектаў, арганізавалі фотаконкурсы “У дзедавай гімнасцёрцы” і “Сэлфі&фота з вышыванкай”. Таксама ўдзельнікі атрада правялі акцыю “Спяём гімн разам”.

— Мы яшчэ распрацавалі, як мне здаецца, вельмі цікавы праект “Раз-дзель-на”, што тычыцца, як гэта зразумела, раздзельнага збору смецця. Вельмі актуальная задача, як мы лічым. Другі праект мы прысвяцілі беларускай літаратуры: прапанавалі вучням нашай школы сфатаграфавацца з любімай кнігай беларускага аўтара, назвалі праект “З кнігай заўсёды і ўсюды”. І самы, магчыма, незвычайны наш праект — паказ фільма “Рамэа і Джульета”, прымеркаваны да 425-годдзя публікацыі трагедыі, — дадае камандзір школьнага валанцёрскага атрада, — расказала Насця.

За сонцам услед

Адзін з асноўных кірункаў дзейнасці атрада — гэта дапамога ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, адзінокім саста­рэлым людзям, мнагадзетным сем’ям, дзецям, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, дзецям-інвалідам.

— Асаблівую ўвагу мы заўсёды ўдзяляем кірунку “Міласэрнасць”, — падкрэслівае камандзір атрада. — Адно з найбольш яскравых і значных мерапрыемстваў,

у якіх мы ўдзельнічаем, — рэспубліканская дабрачынная акцыя “У школу з добрым сэрцам!”. Падчас яе арганізоўваем збор канцылярскіх прылад і іншых рэчаў, неабходных для падрыхтоўкі да новага навучальнага года, для дзяцей, якія аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Удзельнічаем яшчэ ў акцыях да Дня настаўніка, “Цуды на Каляды”, а ў маі гэтага года наш атрад сумесна з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа правёў сумесную дабрачынную раённую акцыю “Мы побач”: валанцёры сабралі прадукты харчавання і рэчы для адзінокіх пажылых людзей.

Людзей сталага ўзросту школьнікі не забываюць і напярэдадні Міжнароднага дня пажылых лю­дзей, віншуюць іх, наведваюць, аказваюць пасільную дапамогу. Сёлета, напрыклад, падтрымалі 11 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і ветэрана педагагічнай працы Г.А.Шор. “Збяры 5 бульбін” — яшчэ адна акцыя да свята пажылых лю­дзей. Па яе выніках у валанцёраў аказалася 250 кг бульбы,

13 кг цыбулі і 15 кг морквы і буракоў. Усе прадукты яны раздалі адзінокім пажылым людзям і інвалідам. Зімой валанцёры дапамагаюць ветэранам педагагічнай працы і Вялікай Айчыннай вайны прыбіраць снег каля прыватных дамоў, вясной і летам — рыхтаваць грады да пасадкі раслін, праполваць іх.

У асіповіцкіх валанцёраў з атрада “Дарогай дабра” нямала іншых традыцый і пастаянных акцый — як тых, што прымеркаваны да пэўных дат, напрыклад, да Дня маці, так і тых, што прысвечаны пэўнай тэматыцы: прапагандзе здаровага ладу жыцця (“Разам дзеля жыцця”, “Марафон” і інш.), бяспецы жыццядзейнасці (сумесна з супрацоўнікамі МНС, Асвода) і іншаму. А сёлета важнай тэмай стала прафілактыка каранавіруса. Валанцёры арганізавалі інфармхвілінкі “Як абараніцца ад COVID-19?”, “Каранавірус: што трэба ведаць?”, “Калі дапаможа маска?”, наладзілі доступ да інфармацыі партала “Здаровыя людзі”, арганізавалі фотаконкурс па прафілактыцы інфекцый.

Валанцёры таксама імкнуцца заахвоціць дзяцей і моладзь да здаровага ладу жыцця, прывіць ім любоў да прыроды, навучыць берагчы яе, выхаваць у школьнікаў імкненне да клопату і міласэрнасці да тых, каму яны неабходны, паважлівае стаўленне да месцаў пахавання герояў вайны. Задачы, як бачна, атрад бярэ на сябе рознабаковыя і шматлікія, але школьнікі свае сілы не пераацэньваюць. Пад дэвізам “Иди за солнцем следом, хоть этот путь неведом, иди, мой друг, всегда иди дорогою добра!” робяць многа карысных спраў.

Валанцёры нямала працуюць на ўпарадкаванні школьнай тэрыторыі, а таксама па кірунку “Клопат аб родным горадзе — нашых рук справа”. Летам, нягледзячы на канікулы, школьнікі правялі цэлы шэраг працоўных акцый. А да святкавання 75-годдзя Перамогі хлопцы і дзяўчаты (не толькі члены атрада) прыбіралі помнік, замацаваны за школай, таксама прынялі ўдзел у фотаконкурсе “Перамозе—75”. Восенню ж стартавала акцыя “Чысты лес”, вясной праводзіўся Ты­дзень лесу.

— Каб паспрыяць фарміраванню ў падлеткаў актыўнай жыццёвай пазіцыі, папулярызаваць ідэі захавання прыродных рэсурсаў і зніжэння забруджвання навакольнага асяроддзя, нашы валанцёры арганізавалі акцыю “Чысты куток роднай зямлі”, — заўважае К.П.Шалупенка. — Актывісты наогул вельмі зацікаўлены экалагічнай і прыродаахоўнай тэматыкай — пра акцыю “Раз-дзель-на” ўжо ўзгадала Насця, а быў яшчэ конкурс відэаролікаў “Моладзь за зялёную планету!”, “Рабі дабро на ўсёй зямлі” і інш. Ёсць такія кірункі работы, як “Клопат аб навакольнай прыродзе”, “Мы і браты нашы меншыя”. Валанцёры рабілі шпакоўні і агароджы для мурашнікаў, кармушкі, каб падкормлі­ваць птушак зімой.

Другім пераможцам рэспубліканскага конкурсу “Валанцёр года — 2020” у намінацыі “Лепшы валанцёрскі атрад” сярод атрадаў навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі і студэнтаў УВА стаў атрад “Дзеці сталіцы” Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. “Настаўніцкая газета” неаднойчы расказвала пра валанцёрскую дзей­насць будучых педагогаў з гэтага атрада. Удзельнікі атрада падчас летніх канікул працуюць з дзецьмі, якім патрэбна асаблівая ўвага (знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і г.д.) і якія засталіся ў горадзе, арганізоўваюць для іх карысны і цікавы адпачынак, займаюцца іх сацыялізацыяй.

Па ініцыятыве тых, хто ідзе дарогай дабра і запрашае іншых далучацца, у школе прайшла акцыя “Дзеці суп­раць жорсткага абыходжання з жывёламі”. Вучні прыносілі фатаграфіі сваіх гадаванцаў для выставы “Браты нашы меншыя”, а таксама збіралі корм і дыванкі для бяздомных катоў і сабак.

Мінулай зімой школьнікі сабралі 32 кг розных круп (у рамках акцыі “Зёрнышко пернатому другу”) і па меры неабходнасці ўвесь зімовы час валанцёры падкормлівалі птушак.

Наступны кірунак дзейнасці нястомных валанцёраў — навучанне дзяцей і падлеткаў правілам бяспекі. Члены валанцёрскага атрада ў кастрычніку ­ўдзельнічалі ў акцыі “Стань прыкметным у цемры”, раздавалі школьнікам флікеры, якія зрабілі сваімі рукамі.

— Юныя валанцёры — людзі бескарыслівыя, — гаворыць Кацярына Пятроўна Шалупенка, — але каму не будзе прыемна, калі яго працу заўважаюць, дзякуюць? Атрад атрымаў падзяку ад Беларускага Чырвонага Крыжа, ён узнагароджаны дыпломам І ступені на раённым этапе рэспубліканскага конкурсу “Мінулае, сучаснае, будучыня”. Валанцёраў заахвочвае і школа — каштоўнымі падарункамі, граматамі, бясплатным наведваннем кінатэатра. І асабліва прыемна, калі за дапамогу дзякуюць людзі, якіх мы падтрымліваем: ветэраны, адзінокія пажылыя бабулі і дзядулі.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва сярэдняй школы № 4 Асіповіч.