(для тых, хто хоча адпачыць і не баіцца работы)
Лагеры дзённага знаходжання — асаблівыя, бо, з аднаго боку, дзіця застаецца дома, з другога — пастаянна ўдзельнічае ў мерапрыемствах, якія для яго арганізоўвае ўстанова адукацыі, атрымлівае добрае харчаванне, ні на мінуту не застаецца без нагляду дарослых, аздараўліваецца. Але і сярод гэтых асаблівых летнікаў ёсць двойчы асаблівыя — лагеры працы і адпачынку. Тут да ўсяго іншага падлеткі маюць магчымасць папрацаваць, крыху зарабіць, удасканаліць свае навыкі ў пэўнай прафесіі.
У Гомельскай Ірынінскай гімназіі штогод працуюць лагеры дзённага знаходжання розных кірункаў. Напрыклад, летнік “Горад дзяцінства” для самых маленькіх, лагер “Эўрыка” для вучняў сярэдняга звяна, якія захапляюцца англійскай мовай. Ёсць тут і прышкольны аздараўленчы лагер дзённага знаходжання працы і адпачынку “Брыганціна”.
Змена ў гэтым летніку пачалася 1 чэрвеня — у Міжнародны дзень абароны дзяцей, а ўчора, 24 чэрвеня, змена скончылася. За гэты час падлеткі ў лагеры і сапраўды паспелі многае: адпачыць, папрацаваць, павучыцца. 12 дзяўчынак, якім ужо споўнілася 14 гадоў, з атрада “Ірабэль” (прыгожыя назвы і летніка, і атрада дзяўчаты прыдумалі самі) праводзілі ў лагеры па 6 дзён у тыдзень з 8 да 16 гадзін, 2,5 гадзіны штодзень займаліся шыццём — краілі і шылі пасцельную бялізну.
— Дзяўчынкі вучацца шыць на працягу года на ўроках працоўнага навучання, — расказала намеснік дырэктара гімназіі па выхаваўчай рабоце Ірына Уладзіміраўна Моцар, начальнік лагера “Брыганціна”. — У “Брыганціне” было так: папрацавалі 45 мінут, 15 мінут перапынак, потым зноў 45 мінут працы, зноў перапынак і яшчэ адна працоўная 45-мінутка. З дзяўчынкамі пастаянна знаходзілася настаўніца працы, якая займаецца з імі і падчас навучальнага года. А выконвалі яны заказ для пачатковай школы № 65 Гомеля, пашылі 24 камплекты пасцельнай бялізны.
Канечне, і работа, і адпачынак у лагеры, як і ва ўсіх летніках гімназіі, былі арганізаваны ў адпаведнасці з патрабаваннямі санітарна-эпідэмічнай і іншых службаў. Так, спецыялісты гутарылі з дзецьмі пра небяспечныя сітуацыі, у прыватнасці, пра пажары, правялі круглы стол “Здароўе — гэта жыццё”, інструктаж па Правілах дарожнага руху ў ходзе акцыі “Асцярожна, вадаёмы”, арганізавалі іншыя прафілактычныя мерапрыемствы.
Асаблівая змена таксама ўключыла ў сябе спартыўна-аздараўленчыя мерапрыемствы, мерапрыемствы з патрыятычным, эстэтычным, экалагічным, іншымі ўхіламі. Пра кожнае можна было даведацца ў дзённіку лагера, убачыць фотасправаздачу з яго. Напрыклад, 15 чэрвеня тут праводзіўся Дзень інтэлектуала, які ўключаў гульню “Што? Дзе? Калі?” на веданне тапонімаў Рэспублікі Беларусь, а 16 чэрвеня — Дзень роднага горада з пешай прагулкай па Навабеліцы (адным з раёнаў Гомеля), фотаконкурсам “Навабеліца — наша малая радзіма”.
Валейбол, піянербол, бадмінтон — любімыя гульні гімназістаў. А былі яшчэ квест-гульня “Турыстычнае падарожжа”, спартыўна-турыстычны квест “Школа дэтэктываў”, віктарына “Знаўцы спорту”, аэрафітатэрапія на свежым паветры, хвілінкі здароўя, ранішняя гімнастыка, атрадныя прагулкі і, канечне, здаровае трохразовае харчаванне.
Паспелі дзяўчаты паўдзельнічаць у гутарцы “Выконваем этыкет”, гульнятэцы з элементамі тэатралізацыіі “Я — асоба? Я — асоба!”, іншых гульнях, гутарках, конкурсах, за актыўнасць выхаванкі лагера атрымлівалі прызы і падарункі.
Пры гэтым працоўная дзейнасць не абмежавалася асноўным заняткам членаў атрада “Ірабэль”— кройкай і шыццём бялізны. Былі яшчэ ўборка класных кабінетаў, дапамога бібліятэкару, прыбіранне прышкольнай тэрыторыі. Адпачывалі, працавалі, не сумавалі.
Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва лагера працы і адпачынку “Брыганціна” Гомельскай Ірынінскай гімназіі.