Работа — на час, вопыт — назаўсёды

Лета змяшчае ў сябе так многа ўсяго: і адпачынак, і экзамены, а для многіх — і работу. Цікавасць студэнтаў, навучэнцаў сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных устаноў адукацыі, школьнікаў да часовага працаўладкавання асабліва ўзрастае менавіта ў летні перыяд, хаця частка атрадаў працуе круглы год. Хто можа дапамагчы моладзі, куды звяртацца, якія прадпрыемствы і арганізацыі чакаюць часовых супрацоўнікаў з ліку навучэнскай моладзі?

Не толькі летам

Адразу адзначу: магчымасцей такіх нямала, і яны даволі разнастайныя. Перш за ўсё варта ўзгадаць пра студэнцкія атрады.

— У гэтым пытанні мы працуем у рамках Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 красавіка 2012 года № 181. У краіне забяспечваецца стварэнне студэнцкіх атрадаў сумесна з аблвыканкамамі, Мінскім гарвыканкамам і Цэнтральным камітэтам БРСМ, — гаворыць Таццяна Міхайлаўна Рубанік, галоўны спецыяліст упраўлення па справах моладзі галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі. — З 1 студзеня да 1 мая 2020 года ў складзе 61 атрада было працаўладкавана 828 чалавек. Летась за гэты перыяд удалося працаўладкаваць 335 чалавек.

Сёлета зімой і ў два першыя вясеннія месяцы студэнцкія атрады працавалі ў галінах будаўніцтва, сельскай гаспадаркі, аховы навакольнага асяроддзя, аховы здароўя, аказання паслуг. У канцы чэрвеня, як расказала спецыяліст, запланаваны заезд атрадаў на Усебеларускую маладзёжную будоўлю ў Астраўцы. Тут студэнты будуць працаваць у якасці бетоншчыкаў, муляраў-тынкоўшчыкаў, электрамантажнікаў, таксама іх далу­чаць да падсобных і дарожных работ.

У бягучым годзе дзейнічае новы міжнародны вытворчы працоўны праект “Атлант— 2020” — закрытае акцыянернае таварыства прымае моладзь (450 чалавек) для работы на вытворчай лініі па зборцы бытавой тэхнікі, а таксама на пагрузачна-разгрузачныя і іншыя падсобныя работы.

Што тычыцца санітарна-эпідэмічнай сітуацыі, то ў некаторых рэгіёнах прадугледжаны пэўныя карэкціроўкі па арганізацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў. Так, загарадныя аздараўленчыя лагеры ў сваёй большасці пачалі працаваць 15 чэрвеня, таму змясціліся тэрміны пачатку работы большасці педагагічных атрадаў. Таксама крыху скарэкціраваны працэс праходжання медыцынскіх аглядаў на месцах, у адпаведнасці з рашэннямі абласных структур Міністэрства аховы здароўя.

— Акцэнт робім на тым, каб удзельнікі атрадаў як мага больш увагі ўдзялялі асабістай гігіене, выкананню ўсіх патрабаванняў санітарных службаў, — заўважае Т.М.Рубанік.

Спецыяліст Міністэрства адукацыі таксама нагадвае, што для пашырэння геаграфіі ўдзельнікаў студатрадаў, далучэння ў атрады студэнтаў іншых дзяржаў, а таксама змяншэння фінансавай нагрузкі на прымаючыя арганізацыі, Міністэрства адукацыі ўнесла прапановы аб унясенні змяненняў у Закон аб працоўнай міграцыі: профільнае міністэрства лічыць, што варта вызваліць ад платы ўзносаў арганізацыі, якія прымаюць замежных удзельнікаў  студатрадаў.

А ў лютым быў прыняты Указ № 58 “Аб арганізацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”, які ўступіць у сілу з 1 студзеня 2021 года. Тут, напрыклад, замацавана магчымасць сумяшчаць вучэбную і вытворчую практыку з работай у студэнцкім атрадзе, калі яна адпавядае спецыяльнасці.

Не менш увагі ўдзяляецца і занятасці непаўналетніх у студатрадах. Яшчэ ў 2012 го­дзе ўказ № 181 даў магчымасць 14-гадовым школьнікам з дазволу бацькоў працаваць у такіх атрадах. За мінулы год 46% ад усіх ­удзельнікаў студатрадаўскага руху склалі непаўналетнія хлопцы і дзяўчаты. Зараз у атрадах ужо на пачатак чэрвеня было працаўладкавана каля 500 чалавек, якім яшчэ не споўнілася 18 гадоў. Для непаўналетніх, якія стаяць на розных відах уліку (ІДН, знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы), таксама прадугледжана такая магчымасць, бо тыя юнакі і дзяўчаты, якія знаходзяцца ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях, нярэдка хочуць працаваць.

У цэлым жа тэндэнцыя апошніх гадоў паказвае, што ўсё больш моладзі імкнецца да летняй занятасці, і адна з самых запатрабаваных яе форм — студэнцкія атрады.

У розных сферах

Пра работу па арганізацыі летняй занятасці студэнтаў у канкрэтнай установе вышэйшай адукацыі расказвае Аляксандр Генадзьевіч Бахановіч, прарэктар па вучэбнай рабоце Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта:

— Як паказвае шматгадовая практыка, работа ў студэнцкім атрадзе — гэта пэўная школа сацыялізацыі, прапаганда здаровага ладу жыцця, выхаванне гаспадарскага, руп­лівага стаўлення да работы і, канечне, набыццё першых навыкаў, звязаных з будучай прафесіяй.

Прынамсі, яшчэ ў далёкім 1963 годзе студэнты тады яшчэ Беларускага політэхнічнага інстытута былі аднымі з пачынальнікаў студатрадаўскага руху ў СССР. І ў сучасным БНТУ студэнты з году ў год паказваюць вялікую зацікаўленасць да ўдзелу ў атрадах розных профіляў: будаўнічых, сэрвісных, вытворчых, іншых. Будучыя спецыялісты ў будаўніцтве і архітэктуры, напрыклад, ахвотна рамантуюць вучэбныя карпусы і інтэрнаты ўніверсітэта, і не толькі летам. Пры гэтым маладым людзям хапае часу і добра вучыцца, і ўдзельнічаць у вытворчай дзейнасці, якая шмат у чым бывае звязана з іх будучай прафесіяй. Дзейнасць атрадаў стане яшчэ больш актыўнай пасля ўступлення ў сілу ўказа № 58, які вырашае многія важныя пытанні, лічыць прарэктар БНТУ.

Што да аплаты работы студэнтаў у атрадах, то летась сярэдні заробак удзельнікаў студэнцкіх атрадаў БНТУ склаў больш за 500 рублёў у месяц.

Разам са студатрадаўскім рухам у нашай краіне развіваецца рух валанцёрскі. І падчас навучальнага года, і падчас канікул валанцёрскія атрады дапамагаюць Таварыству Чырвонага Крыжа, тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, паліклінікам, аказваюць адрасную дапамогу ветэранам. Ва ўсіх рэгіёнах сфарміраваны атрады, якія праводзяць прафілактычныя і інфармацыйныя мерапрыемствы ў рамках барацьбы з каранавіруснай інфекцыяй. Пры падтрымцы ЮНІСЕФ прайшоў анлайн-праект Рэспубліканскага валанцёрскага цэнтра па навучанні 100 валанцёраў і 120 каардынатараў валанцёрскага руху па арганізацыі такой работы.

— Пры ўмовах добрай эпідэмічнай сітуацыі плануецца ўдзел валанцёраў у міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, іншых святах, — расказвае кіраўнік Рэспубліканскага валанцёрскага цэнтра Наталля Валер’еўна Апанчук. — Па ініцыятыве саміх валанцёраў з 6 ліпеня мы пачынаем праект “Летні анлайн-лагер”, у якім падлеткі 12—15 гадоў на працягу 4 змен будуць займацца з анлайн-важатымі. Кожную змену запланавана прымаць па 30 чалавек, але, зразумела, што анлайн-фармат дазваляе павялічваць гэтую лічбу ў любы момант.

Н.В.Апанчук таксама гаворыць, што ў вызначаны час дзеці будуць заходзіць на платформу, абмяркоўваць пэўную тэматыку, атрымліваць заданні ад важатых і на працягу дня іх выконваць, кансультавацца, калі гэта трэба, дэманстраваць вынікі. Акрамя таго, хлопчыкі і дзяўчынкі змогуць уключацца ў майстар-класы, удзельнічаць у рабоце дыскусійных клубаў. Запісацца ў лагер можна праз сайт Рэспубліканскага валанцёрскага цэнтра або праз сацсеткі.

Для студэнтаў і школьнікаў

Жанна Аляксандраўна Шчамялёва, кансультант упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, у сваю чаргу заўважае, што міністэрства, органы па працы і занятасці кожны год арганізоўваюць працаўладкаванне моладзі ў вольны ад вучобы час.

— У асноўным моладзь займаецца азеляненнем і добраўпарадкаваннем тэрыторыі навучальных устаноў і ўстаноў сацыяльнай абароны, рамонтам вучэбнай мэблі, рэстаўрацыяй кніжнага фонду, — гаворыць спецыяліст. — Усяго ў 2020 годзе плануецца ўладкаваць на работу ў вольны ад вучобы час амаль 23 тысячы чалавек. Традыцыйна гэта школьнікі (85%), наш асноўны кантынгент. Пад працаўладкаванне выдзяляюцца сродкі ў памеры амаль 6 млн рублёў для фінансавання ў тым ліку заработнай платы моладзі.

Дарэчы, яшчэ ў студзені — маі амаль 4 тысячы чалавек працавалі ў вольны ад вучобы час, летам такіх жадаючых значна больш. Часовая занятасць моладзі арганізоўваецца ва ўсіх раёнах Беларусі без выключэння. Акрамя таго, што такую заня­тасць арганізоўвае галіновае міністэрства, ёсць наймальнікі, якія гатовы ўзяць на работу маладых людзей за кошт уласных   сродкаў — ужо на пачатак месяца такое жаданне выказаў 131 наймальнік. Сярод іх — Белпошта, Белсаюздрук, гандлёвыя арганізацыі, лясгасы, аграгаспадаркі, ільнозаводы, ЖКГ. Канечне, на такіх прадпрыемствах больш месцаў для паўналетняй моладзі, але ў цэлым варыянты ёсць для ўсіх жадаючых, якія мо­гуць звяртацца ў тэрытарыяльныя службы занятасці.

Канечне, працаўладкоўвае моладзь і БРСМ. Надзея Аляксандраўна Шахоўская, камандзір Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў Цэнтральнага камітэта БРСМ, расказвае, што яшчэ на пачатак лета было заключана больш за 630 дагавораў на больш чым 10 тысяч працоўных месцаў для ўдзельнікаў студэнцкіх атрадаў, і лічба павялічваецца штодня.

— Студэнцкі атрад — гэта асаблівы калектыў са сваімі законамі, традыцыямі, кодэксам гонару, — лічыць Н.А.Шахоўская. — Усе гэтыя традыцыі мы зберагаем, сёлета пройдзе шмат мерапрыемстваў для хлопцаў і дзяўчат. Гэты працоўны сезон прысвечаны 75-годдзю Вялікай Перамогі, многім атрадам будуць прысвоены імёны Герояў Савецкага Саюза. Пройдуць творчы фестываль, спартакіяда, конкурсы цалінных лагераў, візітовак атрадаў. Адкрыецца працоўны семестр 28 чэрвеня ў Мінску, дзе пройдзе агульнарэспубліканская спеўка, будзе прэзентавана новая атрадная песня, якую напісалі самі студэнты. Затым хлопцы і дзяўчаты накіруюцца на Лінію Сталіна, папрацуюць, для іх будзе падрыхтаваны квест, прысвечаны перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне.

Атрады ж, як і заўсёды, будуць (а частка з іх працуе ўжо) самыя розныя: вытворчыя, сельскагаспадарчыя, будаўнічыя, медыцынскія, педагагічныя. Як правіла, студэнты выбіраюць атрады, работа ў якіх звязана з іх будучай спецыяльнасцю, але бывае па-рознаму. Самыя масавыя атрады, як паказвае вопыт, сельскагаспадарчыя і сэрвісныя, у іх жа больш за ўсё працуе непаўналетніх атрадаўцаў. Плануецца, што сёлета ў такіх атрадах будзе працаўладкавана не менш студэнтаў, чым летась, калі ў атрадах працавалі каля 25 тысяч чалавек. На пачатак чэрвеня больш за ўсё стварыць студатрадаў было запланавана ў Мінску і Гродзенскай вобласці, крыху менш — на Віцебшчыне.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту.