З даверам і дапамогай

Пасля змен, якія закранулі дзейнасць сацыяльна-педагагічных цэнтраў, у структуры СПЦ Кастрычніцкага раёна Магілёва з’явіўся аддзел прафілактыкі і комплекснай рэабілітацыі. На якіх прынцыпах заснавана яго работа? Як будуецца дыялог з бацькамі і дзецьмі?

Асноўны напрамак дзейнасці аддзела — работа з непаўналетнімі, у дачыненні да якіх камісіі па справах непаўналетніх Магілёва і Магілёўскай вобласці прынялі рашэнне аб правядзенні комплекснай рэабілітацыі. Аддзел пачаў сваю работу ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў ад 27 чэрвеня 2017 года № 487 “Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку комплекснай рэабілітацыі непаўналетніх, спажыванне якімі наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых адурмань­ваючых рэчываў, ужыванне алка­гольных, слабаалкагольных напояў ці піва ўстаноўлены ў адпаведнасці з заканадаўст­вам”. Дакументам вызначаны тры этапы работы з непаўналетнімі: пачатковы, разгорнуты і завяршальны. Гэта значыць, што на кожным узроўні спецыя­лістамі аддзела ў дачыненні да непаўналетніх складаецца і рэалізуецца індывідуальная праграма — першасная, асноўная, завяршальная, а значыць, праводзіцца пэўная работа з падлеткамі.

Работа з непаўналетнімі і іх законнымі прадстаўнікамі будуецца з удзелам спецыялістаў аховы здароўя (Магілёўскага абласнога наркалагічнага дыспансера), праваахоўных органаў, устаноў адукацыі па месцы вучобы непаўналетніх, пры неабходнасці пры ўдзеле спецыялістаў Упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага гарвыканкама і, канечне, з удзелам законных прадстаўнікоў непаўналетніх.

Рэабілітацыя падлеткаў прадугледжвае сістэму эфектыўных мер па аказанні сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай дапамогі, правядзенні медыцынскай прафілактыкі і рэабілітацыі ў дачыненні да непаўналетняга, накіраваных на аднаўленне яго здароўя, папярэджванне супрацьпраўных паводзін, фарміраванне ў яго ўменняў і навыкаў ацэньваць, кантраляваць і канструктыўна вырашаць праблемныя сітуацыі, фарміраваць каштоўнасныя арыентацыі і культуру здаровага ладу жыцця.

Так, за час работы па комплекснай рэабілітацыі па пастановах КСН аддзелам складзены 42 першасныя індывідуальныя рэабілітацыйныя праграмы. Зараз рэалізуецца 13 такіх пра­грам. Варта адзначыць, што 7 першасных праграм рэалізоўваліся ў дачыненні да тых непаўналетніх, якія і не працу­юць, і не вучацца.

У выніку на кожнага непаўналетняга сабраны пакет дакументаў. Па месцы вучобы непаўналетніх запытана і вывучана інфармацыя. Таксама было наладжана ўзаемадзеянне з усімі ўстановамі горада, якія рэалізуюць першасныя індывідуальныя рэабілітацыйныя праграмы. Адбываецца гэта падчас іх наведвання і правя­дзення індывідуальных гутарак са спецыялістамі СППС устаноў адукацыі (пасля вывучэння запытаных матэрыялаў), а таксама дзякуючы сумеснаму запаўненню ацэначных лістоў, структураванай ацэнцы рызыкі здзяйснення правапарушэнняў і магчымасцей рэабілітацыі непаўналетняга.

Гэты метад дазваляе ацаніць тыя характарыстыкі і патрэбы непаўналетняга, якія непасрэдна звязаны з верагоднасцю паўторных правапарушэнняў. Выкарыстанне методыкі ацэнкі рызык і магчымасцей (АРМ) дазваляе вызначыць не толькі ступень рызыкі здзяйснення падлеткам паўторных правапарушэнняў, але і тыя патрэбы, задавальненне якіх будзе спрыяць яго рэабілітацыі. Методыка АРМ разглядае такія сферы, як крымінальная гісторыя падлетка (вопыт здзяйснення правапарушальных учынкаў), сямейныя абставіны, адукацыя і заня­тасць, узаемаадносіны з аднагодкамі, асобасныя асаблівасці і характарыстыкі і інш.

Кожны месяц мы запрашаем непаўналетніх на карэкцыйныя заняткі да педагога-псіхолага, што праводзяцца СПЦ Кастрычніцкага раёна Магілёва. Сустрэчы накіраваны на фарміраванне адэкватнай самаацэнкі, якая выяўляецца ў станоўчых адносінах падлетка да ўласнай асобы, фарміраванне здаровага ладу жыцця, прафілактыку здзяйснення правапарушэнняў і злачынстваў.

Убачыць станоўчае

Асаблівая ўвага ўдзяляецца пытанню арганізацыі работы з сям’ёй непаўналетняга, у дачыненні да якога праводзіцца комплексная рэабілітацыя. Значным фактарам у наладжванні адносін з непаўналетнім і яго сям’ёй з’яўляецца вывучэнне гісторыі сям’і. Сумесна са спецыялістамі ўстановы адукацыі па месцы вучобы або прадстаўнікамі ІСН спецыялістамі аддзела ажыццяўляецца ўваход у сям’ю, наладжваецца кантакт з законнымі прадстаўнікамі, вывучаюцца ўмовы пражывання непаўналетняга, а таксама пры неабходнасці праводзіцца неабходная дыягностыка.

Работа з бацькамі ажыццяўляецца ў форме індывідуальных даверлівых гутарак, у ходзе якіх вызначаюцца псіхалагічныя асаблівасці і прычыны парушэння паводзін у падлетка. Абмяркоўваюцца асаблівасці сямейных узаемаадносін, унутрысямейныя праблемы.

Пры жаданні непаўналетнім, якія не вызначыліся з выбарам прафесіі, прапануецца камп’ютарная прафесійная дыягностыка “Выбар прафесійнага шляху — важны крок на жыццёвым шляху”, з наступным кансультаваннем па яе выніках.

Таксама на базе сацыяльна-педагагічнага цэнтра арганізавана бацькоўская гасцёўня “Давер” для бацькоў непаўналетніх, у дачыненні да якіх рэалізуюцца індывідуальныя рэабілітацыйныя праграмы. Гэтыя сустрэчы накіраваны на канструктыўны дыялог, выбудоўванне ўзаемаадносін і вызначэнне значных роляў у дыядзе “Дарослы — падлетак”, а таксама на аказанне псіхолага-педагагічнай дапамогі бацькам праз кансультацыі па пытаннях эфектыўных зносін з дзецьмі. Варта адзначыць, што асобныя сустрэчы праходзяць з удзелам і дзяцей, і бацькоў. На пасяджэнне бацькоўскай гасцёўні на тэму “Міфы і рэальнасць. Прафілактыка падлеткавага алкагалізму” была запрошана лектар культурна-асветніцкай установы “АСЕТ”. Адзін з асноўных напрамкаў дзейнасці гэтай арганізацыі — асветніцкая работа па прафілактыцы распаўсюджвання алка/нарка/тытунёвай залежнасці, прапаганда здаровага ладу жыцця і традыцыйных сямейных каштоўнасцей. Заняткі бацькоўскай гасцёўні на тэму “Вырашэнне дзіцячых канфліктаў у сям’і” былі праведзены пры ўдзеле педагога-псіхолага Цэнтра дружалюбных адносін да падлеткаў “Альтэрнатыва”. Сустрэчы з баць­камі праходзяць у асноўным у форме асветніцкіх заняткаў з элементамі трэнінгу, з адпрацоўкай прапанаваных інтэрактыўных практыкаванняў.

У дапамогу бацькам спецыялісты аддзела распрацавалі буклет “Комплексная рэабілітацыя” і інфармацыйны буклет “На кручку ў алкаголю” з рэкамендацыямі, як уберагчы дзіця ад ранняга далучэння да алкаголю.

Спецыялістамі аддзела ўкараняецца методыка работы “Кантактная асоба” як элемент сістэмы прафілактыкі асацыяльных праяўленняў непаўналетніх, якія былі задзейнічаны ў працэсе рэабілітацыі. Ма­дэль работы “Кантактная асоба/contactpersons” — міжнародная сістэма работы з дзецьмі, якія перажываюць цяжкія жыццёвыя ўмовы. Дзейнасць кантактнай асобы прадугледжвае сацыяльнае суправаджэнне непаўналетняга, аказанне яму дапамогі і падтрымкі ў вырашэнні праблем. Як правіла, кантактнай асобай выступае сацыяльны педагог або педагог-псіхолаг установы адукацыі па месцы вучобы непаўналетняга, асабліва ў дачыненні да тых падлеткаў, якія прыехалі з рэгіёнаў і вучацца ў Магілёве. Для пашырэння пазітыўных зносін у рабоце з падлеткамі “кантактнай асобай” можа выступіць член актыву ўстановы адукацыі або прадстаўнік маладзёжнай структуры, які дапамог бы падлетку павысіць яго матывацыю да сацыяльна-магчымых паводзін і недапушчэння адыктыўных паводзін.

У дачыненні да аднаго непаўналетняга, які змешчаны ў Крывіцкае спецыяльнае лячэбна-выхаваўчае прафесійна-тэхнічнае вучылішча закрытага тыпу, распрацаваны і накіраваны прапановы ў асноўную індывідуальную праграму мерапрыемстваў з законным прадстаўніком непаўналетняга ў перыяд яго знаходжання ў закрытай установе. Наладжана супрацоўніцтва з Крывіцкім вучылішчам. Асноўная мэта работы — недапушчэнне разрыву адносін маці і непаўналетняга. З маці праведзены кансультацыі (у вочнай і завочнай форме), аказана псіхалагічная падтрымка, а таксама прапанаваны інфармацыйны буклет з інфармацыяй пра асаблівасці знахо­джання непаўналетняга ў закрытай установе, а таксама правы і абавязкі непаўналетняга ў перыяд знаходжання і ўмовы выхаду з яе. На сённяшні момант непаўналетні вярнуўся ў сям’ю, аказана садзейнічанне ў працаўладкаванні  непаўналетняга на прадпрыемства горада ў адпаведнасці са спецыяльнасцю, атрыманай ва ўстанове.

Ёсць пытанні

Нягледзячы на значную работу, якая праводзіцца ў сістэме, мы сутыкаемся з шэрагам цяжкасцей, над якімі працуем. Адной з асноўных праблем з’яўляецца праблема матывацыі бацькоў, якія не жадаюць мяняць свой лад жыцця і прымаць праблему свайго дзіцяці як праблемнае поле сям’і, а таксама негатоўнасць прымаць дапамогу ад спецыялістаў.

Асноўная праблема ў рабоце з непаўналетнімі, якія ўключаны ў працэс комплекснай рэабілітацыі, — гэта немэтазгоднасць правядзення групавых заняткаў у калектыве, дзе людзі маюць аднолькавую праблему, бо ў будучыні мо­гуць стварацца дэструктыўныя мікрагрупы, што можа прывесці да росту злачынстваў і правапарушэнняў сярод падлеткаў. Зыходзячы з гэтага, мэтазгодна праводзіць групавыя сустрэчы на базе ўстаноў адукацыі, уключаючы падлеткаў у асяроддзе аднагодкаў, якія не маюць гэтай праблемы. Гэты від работы дазволіць падлеткам з дэструктыўнымі паводзінамі ўбачыць станоўчае ў коле аднагодкаў. Гэтым станоўчым штуршком могуць стаць спартыўныя аб’яднанні і клубы па інтарэсах.

Наталля СТАРАЖЭНКА,
педагог сацыяльны вышэйшай катэгорыі аддзела прафілактыкі і комплекснай рэабілітацыі сацыяльна-педагагічнага цэнтра Кастрычніцкага раёна Магілёва.