Сямейны круг за круглым сталом

Кожная нешчаслівыя сям’я нешчаслівая па-свойму…Памятаеце? І кожнай нешчаслівай сям’і або сям’і, у якой узніклі часовыя цяжкасці, неабходна падтрымка, у тым ліку падтрымка спецыялістаў-псіхолагаў і іншых. На практыцы гэта можна ажыццявіць, напрыклад, з дапамогай рэсурснага цэнтра. СПЦ з прытулкам Фрунзенскага раёна сталіцы атрымаў статус рэсурснага цэнтра выхаваўчай накіраванасці. Тут дзейнічае рэсурсны цэнтр дапамогі сям’і “Сямейны круг”, вопыт якога нядаўна быў прадстаўлены на рэспубліканскім семінары па сучасных тэхналогіях работы з сям’ёй.

Дзеля балансу і гармоніі

Кіраўнік рэсурснага цэнтра “Сямейны круг” Д.У.Ніціеўская.

СПЦ Фрунзенскага раёна Мінска стаў рэсурсным цэнтрам у 2017 годзе ў адпаведнасці з рашэннем Каардынацыйнага савета па праблемах метадычнага ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі. Асноўная мэта работы цэнтра “Сямейны круг” — прафілактыка сямейнай нядобранадзейнасці і сацыяльнага сіроцтва праз актывізацыю патэнцыялу сям’і.

— Зараз павялічылася колькасць сем’яў, сацыяльнае функцыянаванне якіх па суб’ектыўных або аб’ектыўных прычынах стала цяжкім, парушылася, іх існаванне знаходзіцца пад пагрозай, — гаворыць педагог-псіхолаг сацыяльна-педагагічнага цэнтра кіраўнік рэсурснага цэнтра “Сямейны круг” Дзіяна Уладзіміраўна Ніціеўская. — Гэта сем’і сацыяльнай рызыкі, якім неабходна асаблівая сацыяльная дапамога, большая ўвага, бо самі яны не  могуць справіцца з праблемамі. Выкараненне сямейных канфліктаў і насілля, пераадоленне эмацыянальнага разладу і дэзарганізацыі, няўзгодненасці сямейных роляў, п’янства і многіх іншых праблем — усё гэта клопат у тым ліку і спецыялістаў СПЦ, РЦ на яго базе. Для вырашэння такіх праблем варта выкарыстоўваць інавацыйныя сацыяльныя тэхналогіі, накіраваныя на гарманічнае, збалансаванае развіццё чалавека і яго акружэння.

Спецыяліст пералічвае некаторыя з эфектыўных тэхналогій: дыягнастычныя (напрыклад, збор біяграфічных даных кожнай сям’і і аналіз гэтай інфармацыі); выхаваўчыя (мадэль пачуццёвай камунікацыі і інш.); асветніцкія (школы маладых бацькоў, дыспуты і дыскусіі і г.д.); сацыяльна-рэабілітацыйныя, уключаючы мадыфікацыю дэвіянтных паво­дзін падлеткаў, псіхатэрапеўтычныя тэхналогіі.

Вырашаючы пастаўленыя задачы, спецыялісты (а ў рабоце цэнтра задзейнічаны ўсе спецыялісты СПЦ) супрацоўнічаюць з калегамі з іншых устаноў: Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, гарадскога клінічнага наркалагічнага дыспансера і інш.

Безумоўна, немагчыма паўнацэнна працаваць з сем’ямі, не кантактуючы з установамі адукацыі. “Сямейны круг” праводзіць такую работу апасродкавана, праз павышэнне прафесійнага ўзроў­ню сацыяльных педагогаў і педагогаў-псіхолагаў, намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце школ і загадчыкаў па асноўнай дзейнасці дзіцячых садоў, іншых спецыялістаў. Так, штогод ладзіцца месячнік метадычных ведаў з правядзеннем круглых сталоў і семінараў, семінараў-практыкумаў, іншых мерапрыемстваў.

Ужо не першы год у рэсурсным цэнтры функцыянуе супервізарская група педагогаў-псіхолагаў школ і гімназій Фрунзенскага раёна. На занятках групы разглядаліся такія тэмы, як “Падлеткавыя дэпрэсіі. Суіцыдальныя, самаразбуральныя паводзіны”, “Падлеткавая агрэсія, насілле”, “Уздзеянне сямейных сцэнарыяў на паводзіны падлеткаў” і інш. Псіхолагі, якія займаюцца ў групе, маюць магчымасць выносіць на разгляд складаныя выпадкі і атрымліваць дапамогу і зваротную сувязь.

Прафесіяналы, як, зрэшты, і баць­кі і ўсе жадаючыя, заўсёды могуць зайсці на сайт сацыяльна-педагагічнага цэнтра, на якім арганізавана анлайн-кансультаванне, размешчана актуальная інфармацыя ў раздзелах “Цікава ведаць”, “Інфармацыя для баць­коў”, “Формы сямейнага ўладкавання”, “Метадычны партал”.  Спецыялісты СПЦ дапамагаюць супрацоўнікам сацыяльна-педагагічных і псіхалагічных службаў у напісанні карэкцыйных праграм, складанні хадайніцтваў аб прыняцці мер да нядобрасумленных бацькоў або аб прызнанні таго, што дзецям неабходна дзяржаўная абарона, планаў абароны правоў і законных інтарэсаў дзяцей і г.д.

— Для работы з бацькамі мы выкарыстоўваем як стандартныя формы, так і менш распаўсюджаныя, галоўны крытэрый — іх эфектыўнасць, — расказвае кіраўнік рэсурснага цэнтра. — Так, у нас працуе псіхалагічная гасцёўня і метадычнае аб’яднанне для прыёмных бацькоў і бацькоў-выхавальнікаў. Асноўная задача аб’яднання — стварэнне ўмоў для творчай работы дзеля забеспячэння адзінага выхаваўча-адукацыйнага асяроддзя развіцця і фарміравання асобы дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Важнае значэнне мае і павышэнне прафесійнага ўзроўню бацькоў. Я ўпэўнена, што замяшчальныя бацькі павінны быць прафесіяналамі і пастаянна павышаць свой узровень, бо адной любові для выхавання дзяцей, якія прыйшлі з праблемных сем’яў, недастаткова, неабходны спецыяльныя веды і навыкі.

Пры гэтым тэматыка пасяджэнняў МА прыёмных бацькоў плануецца зыхо­дзячы з запытаў замяшчальных сем’яў. Напрыклад, “Прафілактыка злачыннасці і правапарушэнняў непаўналетніх. Фарміраванне навыкаў бяспечных паводзін у прыёмных дзяцей”, “Палавое выхаванне і падрыхтоўка да сямейнага жыцця непаўналетніх” і г.д.

— Што да нашай гасцёўні, то мэта яе работы — аказанне псіхолага-педагагічнай і практычнай дапамогі і падтрымкі замяшчальным бацькам, прадастаўленне магчымасці зносін і абмену вопытам, — тлумачыць Дзіяна Уладзіміраўна. — На сустрэчы ў гасцёўні выносім розныя тэмы, у тым ліку тыя, што тычацца шляхоў пераадолення канфліктаў, фарміравання адказных паводзін падлеткаў, прафілактыкі прафесійнага выгарання бацькоў. Работу па апошняй праблеме лічу надзвычай важнай, бо замяшчальныя бацькі сутыкаюцца як са звычайнымі праблемамі адносін бацькоў і дзяцей, так і з тымі, што ўзнікаюць у прыёмных дзяцей з-за іх  ранейшага негатыўнага вопыту. Нагрузка вялікая, і вельмі важна, каб людзі ўмелі з ёй спраўляцца, бо іх работа доўжыцца круглыя суткі.

У цэнтры працуе супервізарская група.

Пераадоленне негатыўнага вопыту

Паколькі спецыялісты СПЦ адначасова задзейнічаны і ў рабоце рэсурснага цэнтра, іх працу па двух кірунках часта немагчыма аддзяліць адну ад адной, як, напрыклад, работу па падрыхтоўцы прыёмных бацькоў, апекуноў і іх далейшым суправаджэнні.  Тое ж можна сказаць і пра работу з бацькамі, чые дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, работу з самімі дзецьмі.

— Не сакрэт, што дзеці, якія перажылі негатыўны вопыт, развіваюцца на працягу жыцця па негатыўным сцэнарыі, калі не знойдзецца дарослы чалавек, з якім яны змогуць атры­маць станоўчы сцэнарый узаемаадносін, сфарміраваць адносіны прыхільнасці, задаволіць тры свае асноўныя патрэбы: у бяспецы, пастаянстве і дабрабыце, — гаворыць Д.У.Ніціеўская. — Таму я і практыкую вучэбны курс “Уздзеянне траўмы на жыццё дзіцяці”, прычым як для прафесіяналаў, так і для бацькоў. Курс змяшчае фокус увагі бацькоў на патрэбы дзіцяці, што не задавальняюцца, з яго дрэнных паводзін, якімі падлетак намагаецца звярнуць на сябе ўвагу. Вопыт паказвае, што сярод нядобранадзейных бацькоў нямала тых, у каго было складанае дзяцінства, хто сам жыў у нядобранадзейнай сям’і або прыйшоў адтуль у інтэрнатную ўстанову. Калі такім дзецям своечасова не дапамагчы, іх шансы на далейшае шчаслівае сямейнае жыццё значна змяншаюцца. Калі ж з імі працаваць, то зрабіць можна нямала. Сама ведаю дарослых, якія раслі ў праблемных сем’ях і якія, дзякуючы падтрымцы, змаглі не паўтарыць лёс сваіх бацькоў, стварыць паўнавартасныя сем’і. Я доўга працавала ў школе, і некаторыя выпускнікі, з якімі праводзіліся заняткі, дагэтуль пішуць мне, расказваюць, як складваецца іх жыццё.

Некалькі праграм рэалізоўвае аддзел прафілактыкі сямейнай нядобранадзейнасці, сацыяльнага сіроцтва. Адна з іх — праграма “Мая сям’я”, якая мае на мэце павышэнне бацькоў­скай кампетэнтнасці і адказнасці. Спецыялісты, працуючы з бацькамі, імкнуцца інфарма­ваць мам і татаў па пытаннях стварэння ўмоў для захавання і ўмацавання псіхічнага здароўя дзіцяці, стабілізаваць і наладжваць дзіцяча-бацькоўскія адносіны, павышаць кампетэнтнасць бацькоў у выхаваўчых навыках і веданні дзіцячай псіхалогіі, актуалізаваць іх уласны вопыт і асабістыя рэсурсы ў выхаванні.

Паспяхова рэалізоўваецца і праграма “Мацярынская школа”, што накіравана на псіхафізічнае, асобаснае, інтэ­лектуальнае развіццё дзяцей ад двух да трох гадоў дзякуючы аб’яднанню намаганняў сям’і праз фарміраванне навыкаў супрацоўніцтва бацькоў з дзіцем, вырашэнне іншых задач. На занятках па гэтай праграме спецыялісты прапаноўваюць удзельнікам метады гульні, сумесных дзеянняў, аналіз зробленага.

Супрацоўнікі прытулку займаюцца з бацькамі па праграмах сацыяльна-рэабілітацыйнай накіраванасці. Першая з іх — “Крокі да сямейнага дабрабыту”, якая звязана са станаўленнем сацыяльна арыентаванай і адаптаванай асобы бацькоў і адрасавана бацькам непаўналетніх, якім неабходна дзяржаўная абарона. Яна падзелена на тэматычныя блокі, у кожным з іх — некалькі заняткаў. Яны праводзяцца з выкарыстаннем розных метадаў: дзіцяча-бацькоўскія заняткі, трэнінгавыя практыкаванні, міні-лекцыі, дыскусіі, метады канструктыўнай спрэчкі, вербальнай дыскусіі.

Першы блок праграмы “Крокі да сямейнага дабрабыту” тычыцца асноўных жыццёвых патрэб дзіцяці, другі — прафілактыкі амаральнага ладу жыцця, прававой асветы, трэці — сямейных каштоўнасцей і сацыякультурнай сферы.

“Права на шчасце” — праграма сацыяльна-псіхалагічнай рэабілітацыі бацькоў, чыім дзецям неабходна дзяржаўная абарона. Тут блокаў, па якіх спецыялісты працуюць з бацькамі, больш, і тычацца яны развіцця каштоўнасна-маральных арыенціраў, матывацыі дзейнасці на вынік, унутраных і знешніх камунікацый сям’і, узроставых асаблівасцей развіцця дзяцей, пошуку рэсурсаў сям’і, асноўнай псіхолага-педагагічнай мадэлі бацькоўска-дзіцячых адносін.

Сектар прафілактыкі і комплекснай рэабілітацыі непаўналетніх працуе з праблемнымі дзецьмі, падлеткамі, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, і іх сем’ямі. Тут таксама выкары­стоўваюцца розныя метады і тэхналогіі, у тым ліку садзейнічанне далейшаму кантакту з сям’ёй і сацыяльным акружэннем дзіцяці. Спецыялісты праводзяць сеткавую дыягнастычную работу з сацыяльным акружэннем дзяцей, сеткавыя сустрэчы з гэтым акружэннем, арганізоўваюць сацыяльнае суправа­джэнне сем’яў пасля такіх сустрэч.

— Выкарыстанне гэтых тэхналогій дае магчымасць аднавіць выхаваўчы патэнцыял і забяспечыць функцыянаванне сям’і як інстытута выхавання і сацыялізацыі, — падкрэслівае Дзіяна Уладзіміраўна. — Сучасныя даследаванні гаво­раць аб тым, што першараднае значэнне ма­юць асобасныя якасці і кампетэнцыі баць­коў. Чым вышэйшая іх патрабаваль­насць да сябе, культура ўзаемаадносін, тым больш спрыяльная глеба для выхавання дзіцяці. Стыль жыцця сям’і непасрэдна ўплывае на выхаванне. У сваю чаргу, чым горшыя адносіны мужа і жонкі, тым больш напружаныя іх адносіны з дзецьмі. Разбуральнае дзеянне на фарміраванне асобы дзіцяці аказваюць адсутнасць узаемаразумення паміж бацькамі, фальш і крывадушнасць ва ўзаемаадносінах старэйшых членаў сям’і.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва рэсурснага цэнтра.