Сёння кіраванню фінансамі вучаць з пачатковай школы. Кішэнныя грошы, якія даюць бацькі дзецям, вучаць не толькі лічыць у розуме, але і ўмець аналізаваць, супастаўляць жаданую пакупку з магчымасцю яе набыцця. На першы погляд здаецца, што гэтага дастаткова для таго, каб больш-менш арыентавацца ў сферы эканомікі і цэнаўтварэння, але такі падыход становіцца далёкім ад рэальнасці. Асновам фінансавай дасведчанасці трэба вучыць дзяцей пастаянна, і не абмяжоўвацца адной матэматыкай.
Пра тое, як і чаму важна вучыць школьнікаў фінансавай дасведчанасці падчас выкладання агульнаадукацыйных дысцыплін, расказала настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі імя Янкі Купалы Мазыра Ганна Мікалаеўна Саланкова.
Ганна Мікалаеўна распрацавала заданні і практыкаванні фінансава-эканамічнага зместу для ўрокаў беларускай мовы і літаратуры і паспяхова прымяняе іх на практыцы.
— Ганна Мікалаеўна, чым была абумоўлена распрацоўка і выкарыстанне сістэмы заданняў і практыкаванняў фінансава-эканамічнага зместу на ўроках беларускай мовы ў гімназіі?
— Адукацыйны працэс у сучаснай школе накіраваны на гарманічнае развіццё асобы вучня, здольнай прымяняць атрыманыя ва ўстанове адукацыі веды ў розных жыццёвых сітуацыях, таму ў кантэксце сучасных патрабаванняў важнай задачай з’яўляецца фарміраванне кампетэнцый у навучэнцаў. У артыкуле 91 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі сярод пералічаных патрабаванняў да арганізацыі адукацыйнага працэсу адзначана неабходнасць кіравацца ў практычнай дзейнасці кампетэнтнасным падыходам. Работа пры такім падыходзе арыентавана перш за ўсё на практыку, таму што асноўнай задачай навучання беларускай мове на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі з’яўляецца практычнае засваенне ўсіх асноўных моўных норм (арфаэпічных, акцэнталагічных, лексічных, фразеалагічных, словаўтваральных, марфалагічных, сінтаксічных, арфаграфічных і пунктуацыйных). Валоданне нормамі сучаснай беларускай мовы павінна стаць арганічнай часткай агульнай маўленчай культуры, асноўным паказчыкам якой з’яўляецца правільнае маўленне.
У выніку праведзенай дыягностыкі сярод вучняў 10—11 класаў гімназіі па сфарміраванасці вучэбна-пазнавальнай кампетэнцыі было выяўлена, што ў 30% дзяцей выклікае цяжкасці самастойны пошук вучэбнай інфармацыі, значная частка вучняў (65%) не ўмее прадбачыць вынік, для дасягнення якога неабходна прыкласці намаганні і разлічыць аптымальную колькасць часу, а таксама з цяжкасцю суадносяць тэарэтычны матэрыял з яго практычным прымяненнем. У 50% дзяцей выклікае цяжкасці пошук у вучэбным матэрыяле галоўнага, уменне асэнсоўваць і разумець яго, прымяняючы розныя лагічныя прыёмы, рабіць высновы. 45% складана выказваць свае ацэначныя меркаванні і аргументаваць пункт гледжання адносна прачытанага тэксту, вобразна і графічна прадстаўляць інфармацыю. Безумоўна, усё гэта я суадносіла з паказчыкамі фінансавых ведаў навучэнцаў.
Такім чынам, згодна з данымі рэспубліканскага маніторынгу фінансавай адукаванасці вучняў, яны падзелены на 5 узроўняў: ад вельмі нізкага, гэта значыць, што веды па эканоміцы ў іх вагаюцца ў межах ад 0 да 6 балаў, да вельмі высокага, калі ўзровень фінансавай адукаванасці знаходзіцца ў межах 27— 29 балаў. Важна, што найбольшую колькасць балаў (IV узровень) набралі толькі 1,7% навучэнцаў, у той час як ІІІ узровень — сярэдні (13—19 балаў) — самы шматлікі — 45,4% дзяцей. Такім чынам, не ўсе вучні дакладна разумеюць многія фінансавыя паняцці, а тым больш могуць іх выкарыстоўваць у той ці іншай жыццёвай сітуацыі. Лічу, што ліквідаваць гэтыя цяжкасці і аптымізаваць дадзеную сітуацыю дапаможа выкарыстанне заданняў і практыкаванняў фінансава-эканамічнай тэматыкі падчас выкладання агульнаадукацыйных дысцыплін, у прыватнасці, падчас урокаў беларускай мовы.
— З 2016 года ў вашай навучальнай установе распрацоўваецца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання фінансавай дасведчанасці як адной з кампетэнцый навучэнцаў праз стварэнне інфармацыйнага адукацыйнага медыяасяроддзя”. Як інавацыі дапамаглі “злучыць” эканоміку з філалогіяй? Ці не працуе эканоміка ва ўрон беларускай мове?
— Так, на працягу 3 гадоў у гімназіі рэалізоўваецца інавацыйны эканамічны праект, асноўнай мэтай якога з’яўляецца фарміраванне базавых эканамічных і фінансавых кампетэнцый навучэнцаў. Паколькі я выкладаю беларускую мову, пачала думаць, як можна на ўроках навучыць дзяцей яшчэ і эканамічным ведам. Безумоўна, рабіць гэта ўсё планавалася без урону ў адносінах да роднай мовы. Аналізуючы інфармацыю, зразумела, што рэзервы прадмета “Беларуская мова” дазваляюць педагогу стварыць спрыяльнае асяроддзе для ўдасканалення фінансавых кампетэнцый вучняў праз выкарыстанне заданняў фінансава-эканамічнай тэматыкі.
Згодна з рэкамендацыямі рэспубліканскага маніторынгу фінансавай дасведчанасці вучняў 10—11 класаў, настаўнікі павінны выкарыстоўваць заданні, звязаныя з фінансавай дзейнасцю, каб актыўна развіваць адукаванасць вучняў у гэтым напрамку. Менавіта гэта паспрыяла таму, што я пачала распрацоўваць для правядзення ўрокаў беларускай мовы сістэмы практыкаванняў і заданняў фінансава-эканамічнай тэматыкі. Распрацоўкі прымяняюцца як на этапе засваення тэарэтычных ведаў, так і на этапе выпрацоўкі ўменняў і навыкаў падчас практычнай дзейнасці. Усё гэта садзейнічае фарміраванню вучэбна-пазнавальнай кампетэнцыі вучняў.
Тым не менш перад тым, як “скрыжаваць” беларускую мову з фінансавай дасведчанасцю, неабходна было выявіць узровень сфарміраванасці вучэбна-пазнавальнай кампетэнцыі вучняў. Гэта было зроблена дзякуючы выкарыстанню на ўроках сістэмы заданняў і практыкаванняў фінансава-эканамічнай тэматыкі. Наступным этапам стала распрацоўка, сістэматызацыя і прымяненне на практыцы заданняў і практыкаванняў фінансава-эканамічнай тэматыкі для развіцця вучэбна-пазнавальнай кампетэнцыі дзяцей. Заданні павінны быць цікавымі, а таксама спрыяць актывізацыі логіка-пазнавальнай дзейнасці вучняў, дапамагаць ім развіваць уменне самастойна аналізаваць факты і рабіць вывады.
— Як вы распрацоўвалі заданні эканамічнага кірунку? З якімі тэмамі часцей за ўсё спалучалі фінансы і як дамашнія заданні пераклікаліся з грашовай тэматыкай?
— Мной была распрацавана сістэма заданняў і практыкаванняў фінансава-эканамічнай тэматыкі (арфаграфічныя хвілінкі творчага характару, тэксты для тэматычнага кантролю і падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання, інтэрактыўныя гульні і інш.), якія папаўняюць слоўнікавы запас навучэнцаў, фарміруюць лагічнае мысленне, знаёмяць з асноўнымі эканамічнымі тэрмінамі і катэгорыямі, пашыраюць іх паняційны апарат аб эканоміцы, а таксама развіваюць арфаграфічныя і пунктуацыйныя здольнасці дзяцей. Напрыклад, у 11 класе падчас вывучэння тэмы “Складаны сказ з рознымі відамі сувязі” на этапе мэтавызначэння выкарыстоўваю наступны эпіграф: “Ёсць цяпер усё наўкола: ёсць бананы, пепсі-кола, толькі ў гэты час харошы верхаводзяць усюды грошы”. Я пытаюся ў дзяцей, як яны разумеюць гэтыя словы. Якое месца ў грамадстве сёння займаюць грошы? Прапаную паразважаць над выразамі: “ёсць цяпер усё наўкола”, “верхаво_дзяць грошы”. Пасля абмеркавання эпіграфа прашу вызначыць граматычную аснову сказа. Так падводжу да тэмы ўрока.
Увогуле, вопыт работы ў якасці настаўніка-моваведа паказаў, што традыцыйны падыход да навучання, напрыклад, арфаграфіі, можна змяніць, ператварыўшы яго ў цікавую гульню. Гэта можна зрабіць пры дапамозе арфаграфічных хвілінак, прызначаных для развіцця ў вучняў умення разважаць над прымяненнем правіл да адпаведнага матэрыялу. А калі такія практыкаванні змяшчаюць яшчэ і пытанні па фінансавай дасведчанасці, ужо мэтазгодна гаварыць і пра пашырэнне кругагляду, матывацыі да навучання, абуджэння ў навучэнцаў цікавасці да мовы.
Выкарыстоўваць эканамічныя заданні можна на любым этапе ўрока. Асаблівасць такіх заданняў у тым, што я свядома падбіраю словы, лексічнае значэнне якіх вучням пакуль не вядома.
Пасля правядзення сістэмы ўрокаў з адпаведнымі заданнямі варта прапанаваць вучням самім папрацаваць творча: скласці арфаграфічныя хвілінкі, эканамічныя заданні, медыяазбукі з выкарыстаннем не толькі вывучаных слоў, але і новых фінансава-эканамічных паняццяў.
Дарэчы, на этапе вывучэння новага матэрыялу аддаецца перавага працы з тэкстам, і гэта займае асобнае месца ў фарміраванні вучэбна-пазнавальнай кампетэнцыі. Так, быў распрацаваны комплекс тэкстаў фінансава-эканамічнага зместу рознай тэматыкі. Такія заданні пашыраюць кругагляд, логіка-пазнавальныя бакі працы дзяцей, развіваюць іх здольнасці самастойна аналізаваць факты і рабіць вывады. Заданні, дарэчы, могуць выкарыстоўвацца як адзін з дадатковых сродкаў падрыхтоўкі вучняў 10—11 класаў да цэнтралізаванага тэсціравання.
Калі гаварыць пра вывучэнне тэмы “Знакі прыпынку паміж часткамі складаназлучанага сказа” ў 11 класе, то на этапе замацавання атрыманых ведаў і ўменняў выкарыстоўваю практыкаванне, у якім прапаноўваецца тэкст на фінансавую тэму. Сказы ў ім пераблытаны, знакі прыпынку прапушчаны. Вучням трэба адрэдагаваць тэкст, знайсці ў ім складаназлучаныя сказы, запісаць іх. Дзякуючы такому падыходу, дзеці не толькі паглыбляюць граматычныя веды, але і ўзбагачаюць эканамічныя. Згадзіцеся, навучэнцаў бывае цяжка зацікавіць тым матэрыялам, які, па сутнасці, з’яўляецца ўжо вывучаным. А калі ўрок напаўняецца новымі практыкаваннямі, гэта абуджае цікавасць.
Што тычыцца дамашняга задання, падчас інфармавання вучняў пра яго выкарыстоўваю заданні творчага характару, што спрыяе развіццю пазнавальнай дзейнасці, інтэлектуальных здольнасцей дзяцей (глядзі ілюстрацыю).
— Ганна Мікалаеўна, як вы лічыце, наколькі эфектыўным можа стаць вопыт аб’яднання эканомікі з адукацыйным прадметам у навучанні дзяцей асновам фінансавай дасведчанасці? Ці не рызыкуюць такія новаўвядзенні адбіць жаданне вывучаць праграму стандартнага ўрока?
— Перш чым увесці эканоміку ў выкладанне звычайнага прадмета, я прааналізавала шмат інфармацыі і магу сказаць, што сёння, у час развіцця інфармацыйных тэхналогій, фінансавай сістэмы, спалучальныя ўрокі не перашкодзяць засваенню ведаў па асноўным прадмеце.
Увогуле, падчас педагагічнай практыкі былі вызначаны найбольш мэтазгодныя віды дзейнасці, накіраваныя на фарміраванне вучэбна-пазнавальнай кампетэнцыі вучняў на ўроках беларускай мовы на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Па выніках дыягностыкі вучняў 10—11 класаў творчыя заданні фінансава-эканамічнай тэматыкі найбольш эфектыўныя для павышэння ўзроўню вучэбна-пазнавальнай кампетэнцыі.
Такім чынам, дзякуючы выкарыстанню заданняў фінансава-эканамічнай тэматыкі на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі назіраецца станоўчая дынаміка ўзроўню сфарміраванасці вучэбна-пазнавальнай кампетэнцыі вучняў, якая дала магчымасць выявіць, што найбольш паспяхова навучэнцамі выконваюцца практыкаванні на ўспрыманне дадатковай інфармацыі з розных крыніц, да якіх адносяцца тэксты фінансава-эканамічнага зместу для тэматычнага кантролю, а таксама для падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання. Акрамя гэтага, у 90% вучняў павысілася цікавасць да энцыклапедый і даведнікаў, дзякуючы выкананню заданняў на пошук лексічнага значэння слова. У 85% адзначаецца развіццё ўмення ажыццяўляць самастойны пошук вучэбнай інфармацыі, крытычна мысліць. Безумоўна, удасканальваюцца навыкі прымянення атрыманых ведаў у штодзённым жыцці. 85% дзяцей навучыліся выказваць ацэначныя меркаванні і аргументаваць свой пункт гледжання аб прачытаным тэксце, вобразна і графічна прадстаўляць інфармацыю, знаходзіць памылкі і абгрунтоўваць свой адказ, рабіць анатацыі, рэцэнзіі, складаць цікавыя ўласныя тэксты фінансава-эканамічнага зместу. Дзякуючы сфарміраванай вучэбна-пазнавальнай кампетэнцыі, павысіліся вынікі вучэбнай дзейнасці дзяцей: высокі ўзровень ведаў паказалі 95% навучэнцаў, астатнія 5% знаходзяцца на сярэднім узроўні валодання ведамі. Згадзіцеся, выніковы паказчык вельмі добры. Увогуле, самае галоўнае для любога настаўніка — гэта не баяцца ўносіць у працэс выкладання прадмета пэўныя новаўвядзенні. Безумоўна, яны павінны быць актуальнымі і абгрунтаванымі. Толькі ў такім выпадку ноу-хау змогуць прыжыцца ў сістэме выкладання.
Гутарыла Наталля САХНО.
Фота з архіва Ганны САЛАНКОВАЙ.