Фінансаванне школы павінна быць празрыстым і справядлівым

Падушнае фінансаванне, паэтапны пераход да якога ў краіне пачаўся 4 гады назад, накіравана на забеспячэнне справядлівасці і празрыстасці ў сістэме фінансавання навучальных устаноў.

Якія змены ў сувязі з гэтым адбыліся ў сістэме школьнай эканомікі? Колькі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі сёння атрымліваюць фінансавую дапамогу згодна з новым метадам і ў чым яго карысць?

Пра гэта і многае іншае расказвае намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення эканомікі адукацыі начальнік упраўлення планавання і фінансавання бюджэтных расходаў Міністэрства адукацыі Святлана Аляксандраўна ДАРМЕШКІНА.

— Святлана Аляксандраўна, з 1 студзеня 2019 года ўведзены новы метад фінансавання навучальных устаноў. Якія новаўвядзенні ўступілі ў сілу? На чым яны заснаваны?

— Варта нагадаць, што ў краіне з 2015 года апрабуецца пілотны праект па нарматыўным фінансаванні расходаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Стартаваў пілотны праект з 34 устаноў сярэдняй адукацыі. У 2015 годзе самымі першымі ў пілотны праект увайшлі ўсе сярэднія навучальныя ўстановы Баранавіч, а таксама асобныя школы іншых раёнаў краіны.

Пачынаючы з 2015 года штогод адбываецца пашырэнне меж пілотнага праекта, а значыць, усё больш школ ахопліваюцца новым метадам фінансавання.

У 2016 годзе ў праекце знаходзіліся 186 сярэдніх навучальных устаноў, і ўпершыню далучыліся школы Лідскага раёна, Магілёва, Наваполацка, Скідзеля, Жодзіна, а таксама Савецкі раён Гомеля, Першамайскі раён Мінска і яшчэ 10 устаноў, якія прымалі ўдзел у пілотным праекце ў 2015 годзе.

У 2017 годзе на нарматыўным фінансаванні знаходзіліся 642 сярэднія навучальныя ўстановы, у тым ліку Магілёўская вобласць як адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка з усімі раёнамі і гарадамі абласнога падпарадкавання ўступіла ў пілотны праект. Дарэчы, далучэнне да праекта адразу ўсёй вобласці — гэта асаблівасць пілотнага праекта 2017 года.

У 2018 годзе ўжо 857 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі былі далучаны да падушнага фінансавання. Акрамя гэтага, да Магілёўскай вобласці далучыўся Мінск. Такім чынам, з 2015 па 2018 год дзейнічаў пілотны праект, які дапамог далучыць да нарматыўнага фінансавання максімальную колькасць сярэдніх школ. На аснове пілотнага праекта, а таксама станоўчых вынікаў, якія былі атрыманы падчас яго рэалізацыі, 29 снежня 2018 года была прынята пастанова Савета Міністраў № 975 “Аб фінансаванні дзяржаўных устаноў агульнай сярэдняй адукацыі”. Яна дала старт нарматыўнаму планаванню ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі, якія фінансуюцца з мясцовага бюджэту і падпарадкоўваюцца ўпраўленням (аддзелам) адукацыі. Усяго, згодна са статыстыкай, гэта больш чым 2800 школ. Сэнс нарматыўнага планавання расходаў заключаецца ў тым, што расходы на агульную сярэднюю адукацыю, якія накіроўваюцца на забеспячэнне рэалізацыі адукацыйных праграм, плануюцца з улікам нарматыву расходаў на адукацыю і выхаванне аднаго навучэнца, карэкціруючых каэфіцыентаў, якія прымяняюцца да нарматыву, і колькасці навучэнцаў. Да ўвядзення нарматыўнага планавання ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі фінансаваліся на аснове бюджэтнага каштарыса. Для таго каб запланаваць расходы на наступны год, расходы папярэдняга фінансавага года неабходна было праіндэксаваць. Цяпер падыход іншы. Расходы плануюцца на аснове формулы.

Разлік расходаў у адпаведнасці з нарматыўным планаваннем на агульную сярэднюю адукацыю ажыццяўляецца на ўзроўні вобласці (Мінска). Аб’ём сродкаў размяркоўваецца паміж адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі адзінкамі абласцей (раёнамі Мінска) з улікам асаблівасцей функцыянавання і развіцця ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак (раёнаў Мінска). Вышэйназваныя сродкі размяркоўваюцца паміж установамі агульнай сярэдняй адукацыі з улікам асаблівасцей рэалізацыі адукацыйных праграм і функцыянавання ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

— 29 снежня 2018 года была прынята пастанова Савета Міністраў № 975 “Аб фінансаванні дзяржаўных устаноў агульнай сярэдняй адукацыі”. Якія нормы вызначае новы дакумент?

— Пастанова ў першую чаргу вызначае памеры нарматыву расходаў на навучанне і выхаванне аднаго навучэнца ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі. Напрыклад, для гарадскіх школ выдзяляецца 1667,92 рубля і 3880,76 рубля для сярэдніх навучальных устаноў, якія знаходзяцца ў сельскіх населеных пунктах.

Акрамя гэтага, пастановай зацверджана Палажэнне аб парадку планавання расходаў мясцовых бюджэтаў на функцыянаванне дзяржаўных устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, падпарадкаваных структурным падраз­дзяленням мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, якія ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы адукацыі (органам кіравання адукацыяй). Да нарматыўных расходаў, якія плануюцца ў залежнасці ад колькасці навучэнцаў, адносяцца расходы на аплату працы педагагічных і іншых работнікаў, узносы на сацыяльнае страхаванне, расходы на забеспячэнне адукацыйнай дзейнасці (набыццё канцылярскіх прылад, гаспадарчыя, вучэбныя расходы, аплата паслуг сувязі, транспартных паслуг, рамонту абсталявання, інвентару, кампенсацыя расходаў на набыццё вучэбнай і метадычнай літаратуры, іншыя бягучыя расходы).

Да нарматыву расходаў на навучанне і выхаванне аднаго навучэнца, які ўстаноўлены для гарадскіх і сельскіх устаноў, прымяняюць карэкціруючыя каэфіцыенты, якія дазваляюць улічваць спецыфіку рэалізацыі адукацыйных праграм для розных ступеней навучання, відаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і розных катэгорый навучэнцаў, у тым ліку з асаблівасцямі псіха­фізічнагага развіцця, навучэнцаў, якія наведва­юць групу прадоўжанага дня, пункты карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, басейны і інш.

Так, для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ўстаноўлены 4 карэкціруючыя каэфіцыенты, якія дазваляюць выдзяляць дадатковыя сродкі на навучанне названай катэгорыі дзяцей.

Акрамя гэтага, разлічаны асобныя каэфіцыенты для навучэнцаў, якія наведваюць групу прадоўжанага дня. Ёсць карэкціруючы каэфіцыент для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, якія знаходзяцца ў раёнах, што трапілі пад радыеактыўнае забруджанне ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС.  Асобны каэфіцыент вызначаны і для тых, хто праходзіць навучанне ў стацыянарных умовах арганізацый аховы здароўя, санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацыях, а таксама для дзяцей, якія знаходзяцца на надомным навучанні. У выпадку, калі настаўнікі займаюцца з такімі дзецьмі, школа атрымлівае на іх дадатковыя сродкі. Распрацаваны асобны каэфіцыент і для ўстаноў інтэрнатнага тыпу. Сюды адносяцца санаторная школа-інтэрнат, кадэцкае вучылішча, школа-інтэрнат для дзяцей-сірот, гімназія-інтэрнат.

У мэтах стварэння ўмоў для забеспячэння працэсу навучання і выхавання ў невялікіх установах агульнай сярэдняй адукацыі ўведзены карэкціруючыя каэфіцыенты ў залежнасці ад напаўняльнасці ўстановы адукацыі. У гэтым годзе быў уведзены каэфіцыент для гарадскіх устаноў адукацыі, у якіх вучыцца да 350 навучэнцаў і якія з’яўляюцца адзінымі ў гэтым горадзе ці пасёлку гарадскога тыпу.

Акрамя гэтага, уведзены карэкціруючыя (павышаючыя) каэфіцыенты для малаколькасных сельскіх школ.

Разам з расходамі, якія запланаваны з улікам нарматыву расходаў на навучанне і выхаванне аднаго навучэнца, на фінансаванне ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі накіроўваюцца расходы на ўтрыманне маёмасці (набыццё абсталявання, капітальны і бягучы рамонт будынкаў і памяшканняў, аплата камунальных паслуг), зыходзячы з абгунтаванай патрэбы ў расходах; а таксама на гарантаванае і адраснае забеспячэнне рэалізацыі ўстаноўленых заканадаўствам мер па сацыяльнай абароне навучэнцаў.

Увогуле, нарматыўнае планаванне ўводзіцца для таго, каб стварыць празрысты, аб’ектыўны і справядлівы механізм размеркавання сродкаў. Яшчэ адным важным момантам нарматыўнага фінансавання з’яўляецца замацаванне аб’ёмаў фінансавання. Усе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, якія ўдзельнічалі ў пілотным праекце і не выкарысталі поўнасцю, сэканомілі сродкі па нарматыве на канец года, маюць права накіра­ваць іх на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ў наступным фінансавым годзе.

Нарматыўнае фінансаванне дае магчымасць дырэктарам школ самастойна планаваць штатны расклад у межах выдзеленых сродкаў. Аддзелы адукацыі, якія з’яўляюцца распараджальнікамі сродкаў бюджэту, могуць праводзіць карэкціроўку планавых назначэнняў па асобных артыкулах расходаў тых устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, якія ім падпарадкоўваюцца, без узгаднення з фінансавымі органамі. Гэта садзейнічае паскарэнню выканання задач, якія стаяць перад гэтымі ўстановамі.

— Ці можа дырэктар школы пераво­дзіць сродкі з аднаго пункта расходаў на іншы, напрыклад, накіраваць пэўную частку грошай на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы?

— Дырэктар мае права пераразмяркоўваць сродкі, разлічаныя па нарматыве, толькі ў межах нарматыву, гэта значыць, на бягучыя расходы, якія накіраваны на забеспячэнне рэалізацыі адукацыйных праграм. Калі дырэктару школы, напрыклад, неабходны грошы на рамонт абсталявання, ён можа ўзгадніць з упраўленнем адукацыі, што, напрыклад, возьме грошы на гэта з той сумы, якая была выдзелена на набыццё канцылярскіх тавараў.

Што тычыцца ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы (бягучы, капітальны рамонт, набыццё абсталявання), на гэтыя мэты дадаткова могуць быць накіраваны тыя сродкі, якія засталіся нявыкарыстанымі, сэканомленымі па нарматыве ў мінулым фінансавым годзе.

— З 1 студзеня для педагагічных работнікаў пачалі ўстанаўлівацца надбаўкі, уступіла ў сілу пастанова Міністэрства адукацыі № 10 ад 22 студзеня 2019 года. У якім памеры і за што настаўнікі могуць разлічваць на дадатковую фінансавую падтрымку?

— У пілотным праекце па апрабацыі нарматыўнага фінансавання была ўстаноўлена магчымасць галіновых павышэнняў тарыфных ставак педагагічным работнікам. І менавіта ў межах сродкаў, якія выдзелены па нарматыве, у краіне былі школы, якія ўстанаўлівалі галіновыя павышэнні для сваіх настаўнікаў.

З 2019 года такіх павышэнняў няма. Сёння яны заменены надбаўкамі. З улікам галіновых асаблівасцей педагагічнай дзейнасці, якая ажыццяўляецца педагагічнымі работнікамі, надбаўкі ўстанаўліваюцца ў працэнтах ад тарыфнай стаўкі першага разраду: 

за сістэмную работу па забеспячэнні абароны правоў і законных інтарэсаў дзяцей з нядобранадзейных сем’яў, дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, работу з бацькамі — да 200%;

за сістэмную работу па арганізацыі харчавання навучэнцаў, аздараўлення дзяцей, у тым ліку ў канікулярны перыяд, — да 200%;

за суправаджэнне навучэнцаў ва ўстановах дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай адукацыі падчас арганізацыі іх падвозу — да 150%;

за работу з адоранымі і таленавітымі навучэнцамі (падрыхтоўка навучэнцаў да ўдзелу ў алімпіядах, конкурсах і іншых адукацыйных мерапрыемствах і творчых конкурсах, арганізацыя, правядзенне названых мерапрыемстваў) — да 300%, а таксама за іншыя віды работ.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.