Вітамін смеласці, ці Яшчэ адзін шанс стаць сям’ёй

Дабрачыннасць і паспяховасць дзяцей залежаць ад той атмасферы, у якой яны выхоўваюцца, і ад бацькоў. Але, на жаль, часта і самі дарослыя маюць патрэбу ў сацыялізацыі і адаптацыі.

Пра тое, як арганізавана работа з бацькамі з небяспечных сем’яў, як дапамагчы дарослым адаптавацца ў грамадстве і пачаць жыццё з чыстага ліста, захаваць сям’ю і ў выніку зрабіць шчаслівымі менавіта дзяцей, мы пагаварылі з кіраўніком праўлення грамадскага аб’яднання “Здаровы выбар” Уладзіславам Каўровым.

Калі выбар — то толькі правільны

Грамадскае аб’яднанне “Здаровы выбар” функцыянуе ў краіне на працягу 16 гадоў. Асноўным напрамкам дзейнасці арганізацыі заўсёды была падтрымка і адаптацыя дзяцей і сям’і. А два гады назад “Здаровы выбар” разам са Смалявіцкім райвыканкамам запусціў першую ў краіне сацыяльную ініцыятыву па працаўладкаванні і рэабілітацыі тых людзей, якія знаходзяцца ў цяжкай сітуацыі, у прыватнасці, пакутуюць ад алкагольнай ці наркатычнай залежнасці. Сацыяльная ідэя была рэалізавана праз адкрыццё майстэрні па выпуску гіпсавых фігур.

“Сваю дзейнасць у 1999 годзе мы пачыналі ў адной з вядомых грамадскіх арганізацый, якая займаецца вырашэннем сацыяльных праблем, звязаных з алкагалізмам, — расказвае Уладзіслаў Каўроў. — У арганізацыі працавалі менавіта з дзецьмі і падлеткамі, чые бацькі злоўжывалі алкаголем. У прыватнасці, ездзілі ў дзіцячыя інтэрнатныя ўстановы, дзе знаходзяцца дзеці і падлеткі, якія праз бацькоў вымушаны насіць статус сіраты. Відавочна, што асноўная прычына, па якой дзяцей забіраюць у сацыяльныя прытулкі, — гэта злоўжыванне бацькамі алкаголю. Кожнае дзіця мае права на сям’ю і павінна быць любімым сваімі бацькамі, — кажа Уладзіслаў Каўроў. — Але часам жыццё складваецца інакш, не на карысць сям’і. І гэта значыць, што ў такі момант трэба мець унутраныя сілы, знешнюю падтрымку, каб усё змяніць. Менавіта для такіх мэт, падтрымкі, адаптацыі і сацыялізацыі дзяцей і іх бацькоў і накіравана дзейнасць нашай арганізацыі. Грамадскае аб’яднанне “Здаровы выбар” было створана ў адказ на патрэбы дзяцей, якія знаходзяцца ў сітуацыях рызыкі, гадуюцца ў нядобранадзейных сем’ях, у якіх бацькі злоўжываюць алкаголем ці маюць іншыя віды залежнасці, а таксама тых дзяцей, якія выхоўваюцца ў інтэрнатных установах. Сёння дзейнасць арганізацыі будуецца па цікавым прынцыпе: на бацькоў уздзейнічаюць праз дзяцей. Увогуле, часам менавіта дзеці, боязь іх згубіць становіцца для дарослых, якія пакутуюць ад залежнасці, асноўным утрымліваючым фактарам. Дзеці прымушаюць азірнуцца і зразумець: калі не спыніцца тут і зараз, можна дайсці да кропкі невяртання, а значыць, згубіць усё.

“Для таго каб дапамагчы дарослым, якія маюць дзяцей і пакутуюць ад алкагольнай ці наркатычнай залежнасці, у лютым 2016 года быў запушчаны пілотны праект першага ў краіне сацыяльнага прадпрыемства, накіраванага на дапамогу залежным дарослым, — працягвае Уладзіслаў Каўроў. — Створаная ў той час сацыяльная майстэрня па вытворчасці экалагічных гіпсавых фігур стала месцам працы для тых мам і татаў, якія вырашылі пачаць новае жыццё. Акрамя гэтага, у майстэрні можна атрымаць кансультацыю людзей, якія змаглі пераадолець алкагольную залежнасць. Сёння ў майстэрні таксама працуюць бацькі, якія маюць залежнасць ад алкаголю. Напрыклад, у “Нашых майстрах” ёсць жанчына, маці траіх дзяцей. Двух старэйшых ужо ўсынавілі, а малодшае дзіця знаходзіцца ў дзіцячым доме сямейнага тыпу. Зараз жанчына наведвае групу самападтрымкі, атрымлівае грошы за работу ў майстэрні, а значыць, выплачвае сродкі на ўтрыманне дзяцей. Дарэчы, галоўная ўмова, згодна з якой прымаем на работу ў майстэрню, — наведванне груп самападтрымкі, а таксама адказ ад алкаголю. Так, у Смалявічах была жанчына, якая на працягу 8 месяцаў наведвала майстэрню. Калі яна да нас прыйшла, дзеці знаходзіліся ў сацыяльным прытулку. Перад маці стаяла некалькі ўмоў. Для таго каб можна было забраць малых дадому, трэба было перастаць злоўжываць алкаголем, працаўладкавацца і выплачваць грошы на ўтрыманне сваіх непаўналетніх дзяцей. На працягу 8 месяцаў мама Алена наведвала заняткі, стварала гіпсавыя фігуры. І ёй аддалі дзяцей.

“Нашы майстры” — гэта не пастаяннае месца працы тых, хто знаходзіцца на мяжы пазбаўлення бацькоўскіх правоў. Рамесніцкая майстэрня — гэта толькі шанс прывучыць сябе да дысцыпліны і адаптавацца да штодзённасці. Вельмі важна не ўпусціць гэты шанс і выкарыстаць яго правільна.

“Асноўная задача нашай майстэрні — паказаць людзям, што любыя сацыяльныя навыкі можна аднавіць, — расказвае Уладзіслаў Каўроў. — Важна і тое, што, трапляючы ў майстэрню, многія разумеюць: пачаць жыццё з чыстага ліста можна. Але так адбываецца не заўсёды. Калі бацькі перастаюць ужываць алкаголь, ім становіцца страшна, таму што сябе трэба чымсьці заняць. Не ўмеючы гэтага рабіць, не ведаючы, на што накіраваць сілы і энергію, дарослыя зноў пачынаюць піць. І тым самым калечаць не толькі сваё жыццё, але і будучыню дзяцей. А дзеці пасля вяртання ў біялагічную сям’ю бачаць, што адбываецца з іх бацькамі, і таксама пачынаюць весці не зусім правільны лад жыцця. Менавіта для таго, каб не сарвацца, многія майстры гатовы працаваць штодзень”.

Сёння работай на пастаяннай аснове ў “Нашых майстрах” забяспечаны 6 чалавек. Сярэдняя заработная плата, якую можа зарабіць майстар, ствараючы вырабы з гіпсу (гэта могуць быць як фігуркі жывёл, так і кашпо ці іншыя дэкаратыўныя ўпрыгажэнні), вагаецца ў межах 300—500 беларускіх рублёў. Грошы, зразумела, невялікія, але гэта і ёсць тая фінансавая падушка бяспекі, якая дазваляе адчуць пэўную стабільнасць, вызначае рамкі, у межах якіх трэба жыць. Бацькі разумеюць, што частка ад вызначанай сумы павінна выплачвацца на дзяцей, а значыць, фінансы трэба ўмець правільна размяркоўваць.

“За час работы ў майстэрні бацькі, якія па-новаму адаптуюцца да жыцця, прывучаюцца да дысцыпліны, — тлумачыць Уладзіслаў Каўроў. — Менавіта гэта з’яўляецца адным з паказчыкаў таго, што дарослыя знаходзяцца на правільным шляху да адмовы ад шкодных звычак і сацыяльнай адаптацыі”.

Дарэчы, яшчэ адным важным кірункам дзейнасці “Нашых майстроў” у дачыненні сям’і з’яўляецца правядзенне сумесных майстар-класаў для дзяцей і бацькоў. Задумка цікавая тым, што дае магчымасць дзецям і бацькам адаптавацца адно да аднаго. Часта пасля доўгага расставання паміж роднымі няма адчування цэласнасці, яны не бачаць сябе сям’ёй. І менавіта для таго, каб зблізіць яшчэ ўчора родных маму, дачку, сына, і арганізуюцца майстар-класы па мылаварэнні, роспісе пернікаў, гатаванні піцы.

Смеласці — поўная каробка 

Тры гады назад “Нашы майстры” зрабілі добрую справу — стварылі “Каробку смеласці”. За сімвалічную плату беларусы, буйныя кампаніі могуць набываць экалагічныя гіпсавыя фігуркі — выявы жывёл, якімі напаўняецца “Каробка смеласці”, і перадаваць іх у бальніцы для дзяцей, якія знаходзяцца там на доўгім лячэнні.

Малышам, якія пакутуюць ад цяжкіх хвароб, вельмі цяжка адаптавацца да новага акружэння. Балючыя працэдуры, аднатонныя сцены ў палаце і жыццё згодна з бальнічным раскладам — гэта тое, што не хочацца ўспамінаць ні дзецям, ні іх бацькам. Для таго каб пераключыць малышоў ад балючых працэдур, ім даецца “вітамінка” ад страху — экалагічная гіпсавая фігурка, якую можна размаляваць так, як дазволіць фантазія.

— Гіпсавая фігурка дапамагае адцягнуць увагу дзіцяці ад непрыемных адчуванняў перад балючай працэдурай, дапамагае перасіліць негатыўныя эмоцыі, страх, — дадае Уладзіслаў Каўроў. — Супрацоўнікі кампаній, якія прымаюць удзел у акцыях, перадаюць фігуркі ў Цэнтр дзі-цячай анкалогіі ў Бараўлянах, у РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі, у аддзяленне кардыяхірургіі РНПЦ дзіцячай хірургіі, а таксама ў іншыя медыцынскія ўстановы, дзе дзеткі знаходзяцца на доўгім лячэнні. Усе грошы, якія атрымліваем падчас правядзення акцыі, накіроўваюцца на вытворчасць новых гіпсавых фігурак для дзяцей. Акрамя гэтага, частка сродкаў ідзе на развіццё ўнікальнай для Беларусі сацыяльнай майстэрні “Нашы майстры”. Разам з фігуркамі, дарэчы, у “Каробку смеласці” ўкладваюцца фарбы і іншыя матэрыялы для творчасці.

Адаптацыя дзіцяці, у якім бы асяроддзі яно ні знаходзілася, з’яўляецца важнай і неабходнай. Ад эмацыянальнага, псіхалагічнага стану малыша залежыць многае, у тым ліку і тое, як хутка будзе адбывацца працэс вылечвання. Дарэчы, шматлікія медыцынскія ўстановы, а таксама разіццёвыя цэнтры, школы выкарыстоўваюць фігуркі, зробленыя майстрамі, і для сумесных творчых заняткаў. Усе матэрыялы, якія прымяняюцца ў вытворчасці фігурак, гіпаалергенныя. Яшчэ адным важным момантам з’яўляецца тое, што чым больш заказаў на вытворчасць фігурак паступіць, тым большай колькасці бацькоў можна будзе дапамагчы працаўладкавацца.

На адаптацыю і сацыялізацыю дзяцей і бацькоў, акрамя сумеснай творчасці, вялікі ўплыў аказваюць кнігі. Так, Уладзіслаў Каўроў разам з жонкай Кацярынай выпусцілі некалькі карысных па сваёй напаўняльнасці арт-альбомаў. “Кніга пра мяне”, “Паразмаўляй са мной”, “Кніга для ўсёй сям’і”, “Гісторыя чароўнага алоўка” — усё гэта дзейсныя інструменты для выхавання дзетак. Арт-альбомы дапамагаюць дарослым і дзецям стаць бліжэй адно да аднаго, вучаць дзяліцца пачуццямі і думкамі, а таксама падкажуць, як пабудаваць адносіны ў сям’і.

“На старонках арт-альбомаў можна знайсці шмат карыснай інфармацыі, якая спатрэбіцца не толькі бацькам, але і настаўнікам, псіхолагам, сацыяльным педагогам, — канстатуе Уладзіслаў. — У дапаможніках размяшчаюцца казкі як для дарослых, так і для дзяцей, ёсць шмат гульняў і арт-тэрапеўтычных заданняў. Увогуле, кожны з дапаможнікаў нясе сваю карысную інфармацыю. Так, “Паразмаўляй са мной” быў створаны ў рамках праекта “Ад адказнай сям’і — да адказнага грамадства”. А праграма “Старэйшы сябар” — вопыт сацыяльнага суправаджэння выхавальнікаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, уяўляе сабой інавацыйны вопыт сацыяльнага суправаджэння дзяцей, якія знаходзяцца на выхаванні ў адпаведных установах. А вось у кнізе “Планета радасці” сабраны шматгадовы вопыт эфектыўнага выкарыстання сродкаў выяўленчага мастацтва ў карэкцыйнай і развіццёвай рабоце з дзецьмі. Увогуле, арт-тэрапія — гэта складаная, шматгранная і цікавая па сваім эмацыянальным уздзеянні з’ява. Выкарыстанне сродкаў арт-тэрапіі ў рабоце з дзецьмі і падлеткамі з’яўляецца адным са спосабаў вырашэння канфліктаў, метадам пазбаўлення ад моцных перажыванняў, а таксама дапаможным сродкам для дыягнастычнай работы, сродкам, які дазваляе раскрыць унутраны патэнцыял дзіцяці. Такім чынам, тыя дапаможнікі, які створаны нашымі спецыялістамі, суаўтарамі, накіраваны на тое, каб дапамагчы дзіцяці адаптавацца ў кожным з тых асяроддзяў, у якое яно трапляе”.

Як бы там ні было, самай дзейснай сілай у гарманічнай і правільнай адаптацыі дзіцяці з’яўляюцца бацькі. Менавіта ад іх стаўлення да жыцця, іх поглядаў, паводзін і адэкватнага ўспрымання рэчаіснасці залежыць будучыня дзяцей. Дарослыя павінны несці адказнасць за свае ўчынкі і разумець, што ўсе памылкі неабходна выпраўляць своечасова, таму што потым можа быць позна.

Наталля САХНО.