Сем разоў падумай, адзін — выберы

Як карабель назавеш, так ён і паплыве. Наколькі ўдала вызначышся з прафесіяй, настолькі ўпэўнена будзеш адчуваць сябе ў жыцці. Мабыць, не заўсёды, але часцей за ўсё так яно і складваецца: у самарэалізацыі і сацыяльнай адаптацыі прафарыентацыя займае важнае месца. Таму невыпадкова на ІІІ Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Псіхалогія і жыццё: актуальныя праблемы псіхалогіі адукацыі” для тэмы псіхолага-педагагічнага суправаджэння самарэалізацыі асобы, у тым ліку выбару прафесіі, была выдзелена асобная секцыя.

Каб абмеркаваць работу секцыі і наогул работу па прафарыентацыі беларускіх школьнікаў, прафесіяналізацыю студэнтаў, “Настаўніцкая газета” звярнулася да кіраўніка секцыі, дацэнта кафедры псіхалогіі адукацыі Інстытута псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка, кандыдата псіхалагічных навук Святланы Яўгенаўны ПАКРОЎСКАЙ і старшага выкладчыка кафедры Галіны Дзмітрыеўны НЯМЦОВАЙ.

— Святлана Яўгенаўна, ведаю, што дзве папярэднія канферэнцыі “Псіхалогія і жыццё” былі прысвечаны праблемам сям’і, цяпер жа тэмай выбралі псіхалогію адукацыі, у тым ліку пытанні самарэалізацыі асобы. Чаму зроблены менавіта такі выбар?

— На папярэдніх канферэнцыях пастаянна ўзнікалі пытанні, звязаныя з праблемамі выхавання і навучання, бо сям’я павінна супрацоўнічаць з адукацыйнымі структурамі, таму і ўзнікала неабходнасць такой тэматыкі. Арганізаваў канферэнцыю Інстытут псіхалогіі БДПУ, у прыватнасці кафедра псіхалогіі адукацыі. Якасць канферэнцыі, можна смела сказаць, была вельмі высокай, прыехала многа гасцей — з Расіі, Украіны, Азербайджана, Казахстана. Прысутнічалі такія вядомы расійскія даследчыкі, як Анатоль Віктаравіч Карпаў, Віктар Іванавіч Слабодчыкаў і Лідзія Бернгардаўна Шнэйдэр.

Любая праблема адукацыі звязана з псіхалогіяй. Наш самы вядомы псіхолаг Леў Сямёнавіч Выгоцкі гаварыў, што праблемы навучання і выхавання, развіцця вельмі паміж сабой звязаны. Калі паміж гэтымі складнікамі ўзнікае дысананс, пачынаюцца цяжкасці ў самарэалізацыі асобы. У Інстытуце псіхалогіі мы вывучаем усе аспекты развіцця асобы, у тым ліку прафесійнага станаўлення, выбару, пошуку. Так, адзін з дакладаў на нашай секцыі тычыўся змен каштоўнасных характарыстык ад пакалення да пакалення, што таксама звязана з выбарам і шляхам самарэалізацыі. Але пра гэта лепш раскажа сама Галіна Дзмітрыеўна, якая рабіла даклад.

— Дык у чым розніца ў светапоглядзе розных пакаленняў, Галіна Дзмітрыеўна? Як яны мяняюцца і што выбірае сучасная моладзь?

— Праблема змянення каштоўнасных арыентацый набывае асаблівую значнасць для выкладчыкаў, прафесійнае станаўленне якіх праходзіла ва ўмовах традыцыйнай мадэлі навучання. Выкладчыкі вышэйшай школы ўсё часцей сустракаюцца з цяжкасцямі ў навучанні і ўзаемадзеянні са студэнтамі, звязанымі з разрывам у каштоўнасцях і культуры. Амерыканскія вучоныя Хоўв і Штраус, якія прапанавалі ў пачатку 90-х гадоў XX стагоддзя тэорыю пакаленняў, лічаць, што паводзіны чалавека і выбар ім жыццёвых каштоўнасцей залежаць ад пакалення, у якім ён нарадзіўся, а таксама ад таго, у якіх умовах выхоўваўся да 12—14 гадоў, якія сацыяльныя, культурныя, эканамічныя, палітычныя, тэхнічныя фактары аказвалі ўплыў на яго жыццё.

Мэтай нашага даследавання з’яўлялася параўнанне зместу і структуры каштоўнасных арыентацый выкладчыкаў УВА — прадстаўнікоў розных пакаленняў. Даследаванне праводзілася на базе БДПУ і БНТУ. У ім прынялі ўдзел 60 выкладчыкаў ва ўзросце ад 23 да 75 гадоў. Былі прааналізаваны вынікі апытання выкладчыкаў — прадстаўнікоў трох пакаленняў: 1944—1963 (бэбі-бумеры); 1964—1984 (пакаленне Х; 13-е пакаленне; пакаленне, якое лятае; MTV-пакаленне); 1985—2003 (міленіумы; пакаленне Y; пакаленне сеткі; пакаленне Next).

Было ўстаноўлена, што дамінантнай у структуры каштоўнасцей прадстаўнікоў пакалення Х і бэбі-бумераў з’яўляецца каштоўнасць здароўя, у той час як у міленіумаў на першы план выходзіць каштоўнасць цікавай работы. Гэтак жа прадстаўнікі старэйшага пакалення больш арыентаваны на замацаванне стабільных сямейных адносін. Адзначым, што для выкладчыкаў пакалення Y важнае значэнне мае ўпэўненасць у сабе і незалежнасць у меркаваннях, якія даюць магчымасць атрымаць прызнанне з боку навучэнцаў і калег, павышэнне эфектыўнасці выкладання, перажыванне поспеху. Важнае месца займае каштоўнасць смеласці ў адстойванні поглядаў. Выкладчыкі — прадстаўнікі бэбі-бумераў вылучаюць каштоўнасці сумленнасці, адказнасці і самакантролю. Звяртае на сябе ўвагу той факт, што адказнасць не ўваходзіць у лік дамінантных каштоўнасцей выкладчыка пакалення міленіумаў.

У цэлым даследаванне паказала, што каштоўнасныя арыентацыі выкладчыкаў устаноў вышэйшай адукацыі — прадстаўнікоў розных пакаленняў застаюцца ў рамках традыцыйнай мадэлі базавых каштоўнасцей.

— Але ж такога элемента ўваходжання ў самастойнае жыццё, як выбар і атрыманне прафесіі, моладзі не пазбегнуць ні ў якія часы, прычым рабіць гэта трэба даволі рана. Як зрабіць гэта правільна, Святлана Яўгенаўна?

— Праблема выбару прафесіі, як і выбару партнёра па жыцці, застанецца непахіснай для любога пакалення. Ёсць пэўныя тэрміны, калі выбар прафесіі становіцца проста крытычным — не вызначыцца немагчыма. Такіх выбараў некалькі. Першы ўзнікае ў 9 класе, калі падлетак вырашае застацца ў школе або паступіць у сярэднюю спецыяльную ці прафесійна-тэхнічную ўстанову.

На мой погляд, цяпер вялікую ролю ў гэтым выбары адыгрывае тое, што вышэйшая адукацыя не толькі прэстыжная, але і становіцца ўсё ў большай ступені платнай. Мяркую хаця б па нашым інстытуце. Выбіраюць не толькі абітурыенты — выбіраюць бацькі, зыходзячы са сваіх матэрыяльных магчымасцей. Што тычыцца каледжаў, то там усё прасцей, больш бюджэтных месцаў. У рыначных адносінах ад праблем аплаты адукацыі мы нікуды не дзенемся.

Другі аспект звязаны з асабістым самаразвіццём. Калі здольнасці, схільнасці дзіцяці выражаны яўна, то, натуральна, варта ў гэтым напрамку і рухацца, бо ў іншай сферы яно будзе развівацца слабей. Сям’я сумесна з установамі адукацыі, у тым ліку дадатковай адукацыі, павінна выяўляць і развіваць гэтыя здольнасці з дзяцінства. Тут вельмі важна даваць магчымасць дзецям наведваць гурткі, спартыўныя, музычныя і мастацкія школы — іх зараз вельмі многа. І пачынаць варта нават з дашкольнага ўзросту. Не імкнуцца зрабіць з дачкі ці сына вялікага музыканта або мастака, а даць дзіцяці як мага больш магчымасцей праявіць сябе.

У гэтым плане для старэйшых дзяцей, канечне, я вельмі вітаю работу ВВК, таму што гэта першасная прафесійная проба сіл для падлеткаў. Тэма маёй кандыдацкай дысертацыі “Асаблівасці прафесійнай накіраванасці школьнікаў, якія вучацца ў вучэбна-вытворчых камбінатах”. Зараз я праводжу рэтраспектыўнае даследаванне для доктарскай дысертацыі, і многія з тых, хто калісьці скончыў ВВК, дзесьці 30 працэнтаў, гавораць, што набытыя прафесійныя навыкі вельмі спатрэбіліся ім у жыцці.

— Але далёка не ва ўсіх ёсць яркія здольнасці, ім цяжка вызначыцца з будучай прафесіяй… Ці не так?

— Многа падлеткаў, якія ні ў чым не праяўляюць сябе вельмі ярка, і дзіцяці ўсё роўна, куды паступаць, таму выбар робіцца за іх. Часцей за ўсё на выбар прафесіі ў такіх выпадках уздзейнічаюць найбліжэйшае асяроддзе, сродкі масавай інфармацыі, сацсеткі, у якіх, напрыклад, першакурснікі расказваюць пра сваю навучальную ўстанову, інтэрнат, выкладваюць фатаграфіі. І гэта вельмі ўплывае на выбар абітурыентаў. Сацсеткі больш за ўсё робяць як рэкламу, так і антырэкламу ўстановам. У наш час такога, канечне, не было. Згодна з даследаваннем, вельмі невялікі ўплыў робяць на выбар прафесіі школьныя настаўнікі.

Безумоўна, многія выбіраюць прэстыжныя прафесіі, якія прадугледжваюць у будучыні хуткую кар’еру, добры заробак і магчымасць працаваць за мяжой. Зараз гэта ІТ, праграмаванне, мадэльны бізнес, некаторыя іншыя спецыяльнасці. На жаль, педагогіка не ўваходзіць у гэты пералік, акрамя, магчыма, псіхалогіі. Але і тут добра зарабляць могуць прыватныя кансультанты, а не школьныя псіхолагі.

— Святлана Яўгенаўна, вы, акрамя ўсяго, прадставілі на канферэнцыі работу прысвечаную таму, як мяняюцца прафесійныя перавагі сталічнай моладзі на працягу некалькіх апошніх гадоў. Раскажыце, калі ласка, пра вынікі гэтай работы.

— У Інстытуце псіхалогіі на кожнай кафедры ёсць свае філіялы — дзіцячыя сады, школы, цэнтры для дзяцей і моладзі і г.д. Я дырэктар філіяла ў сярэдняй школе № 125 Мінска, дзе мы праводзім мерапрыемствы з педагогам-псіхолагам Людмілай Георгіеўнай Жукоўскай. Разам з ёй мы і зрабілі даследаванне ў рамках гэтай і яшчэ адной школы — № 55, дзе Яўгенія Уладзіміраўна Мазуркевіч, наш магістрант, праходзіла практыку, калі яшчэ была студэнткай, і ў рамках практыкі ажыццяўляла праект, звязаны з прафарыентацыяй. Усяго было апытана 92 вучні.

Цяпер пра вынікі: параўноўваючы планы мінскіх старшакласнікаў, мы высветлілі, што значна знізіўся працэнт тых, хто збіраецца паступаць ва ўстановы вышэйшай адукацыі, — з 90% у 2012 годзе да 50% у 2017 годзе. Заўважым, што ў 2012 годзе было мала выпускнікоў школ, якія хацелі ісці ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, і яшчэ менш тых, хто збіраўся ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі. У 2017 годзе карціна іншая: на 40% менш тых, хто плануе паступаць ва УВА, павялічваецца працэнт тых, хто ідзе ў каледж на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі (з 7 да 17), і добры працэнт тых, хто плануе вучыцца ў прафесійна-тэхнічным ліцэі або каледжы (ён вырас з 3 да 13). Школы, праўда, успрымаюць такую тэндэнцыю не вельмі добра, як і бацькі. Наша задача — паказаць і даказаць, што гэта нармальная тэндэнцыя.

— На ваш погляд, гэта станоўчая тэндэнцыя? Чым яна выклікана?

— Думаю, гэта і не станоўчы, і не адмоўны працэс, проста гэта тэндэнцыя нашага часу. Тут адыгрываюць ролю і іншыя фактары: і прапаганда, і разуменне дзецьмі таго, што многія рабочыя прафесіі зараз добра аплачваюцца, і тое, што атрымаць такія прафесіі можна за больш кароткі тэрмін і гарантавана мець работу, бо да гэтага часу захоўваецца дэфіцыт спецыялістаў рабочых прафесій. А ў час буму на вышэйшую адукацыю з’явілася шмат канкурыруючых УВА, прыватных у тым ліку, дзе давалі аднолькавыя спецыяльнасці. Так што многія, атрымаўшы дыплом, не маглі знайсці работу па спецыяльнасці. Наша даследаванне, такім чынам, пацвярджае тэндэнцыі, якія вызначае час.

Усе гэтыя шляхі і магчымасці прафесіяналізацыі раскрывае дзецям псіхолаг, ва ўсялякім разе ў нашым філіяле, 125-й школе менавіта так і адбываецца. Л.Г.Жукоўская працуе з навучэнцамі па прафарыентацыі пастаянна. Роля школьнага псіхолага ў выбары прафесіі можа быць вельмі вялікай, уключаючы кансультацыі бацькоў школьнікаў. Школа ўручыла атэстат, пажадала шчаслівага шляху і адправіла маладога чалавека ў самастойнае жыццё. Добра, калі ён не памыліўся з выбарам гэтага шляху.

— Падчас канферэнцыі вы запрашалі першакурснікаў да супрацоўніцтва ў лабараторыі, якой кіруеце, — студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі “Псіхалогія прафесійнага самавызначэння”. Раскажыце пра яе, калі ласка.

— Мы збіраем студэнтаў, якія, па-першае, цікавяцца гэтай праблемай, па-другое, выказваюць цікавасць да даследчай работы. Зараз у лабараторыі працуюць 12 студэнтаў, 2 магістранты і аспірант. Усе даследаванні праводзім з абавязковай зваротнай сувяззю з нашымі базавымі ўстановамі: дакладваем на педсаветах, бацькоўскіх сходах, раздаём настаўнікам апрацаваныя матэрыялы і г.д.

А даследаванні бываюць рознымі. Напрыклад, аспірантка займаецца праблемай матывацыі дасягненняў, у тым ліку ў прафесійнай дзейнасці. Адна з магістрантаў даследуе прафесійную накіраванасць студэнтаў УВА, параўноўвае завочнікаў і тых, хто вучыцца на дзённым аддзяленні. Аказваецца, у студэнтаў першага курса прафесійная накіраванасць вельмі высокая, да чацвёртага яна значна зніжаецца. Зараз мы намагаемся адшукаць прычыны гэтай з’явы. Пакуль я як кіраўнік работы бачу, што зніжэнне такой накіраванасці грунтуецца на існаванні міфа аб прафесіі псіхолага. 17—18-гадовыя студэнты лічаць, што калі яны паступілі ў Інстытут псіхалогіі, то аўтаматычна набылі мудрасць і ўсёведанне. А тут аказваецца, што псіхолагу неабходна авалодаць вялізным блокам інфармацыі і многімі ўменнямі. Гэта пастаянная работа, а наша маладое пакаленне працаваць не вельмі хоча.

Вось і атрымліваецца такі парадокс: чалавек яшчэ сам з сабой не разабраўся, а навакольныя ўжо чакаюць ад яго грунтоўных парад. Ёсць і момант невысокай аплаты працы школьных і іншых псіхолагаў — гэта можа расчароўваць. Але псіхалагічная адукацыя не застаецца незапатрабаванай, мы выпускаем культурных, адукаваных людзей. Веданне псіхалогіі не можа быць лішнім у жыцці.

Гутарыла Марына ХІДДЖАЗ.
Фота прадастаўлена Інстытутам псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка.