Сёлета на работу ў навучальныя ўстановы краіны накіравана 4347 маладых спецыялістаў. Безумоўна, акрамя школы, вялікая роля ў выхаванні і адукацыі малышоў адводзіцца дзіцячым садам. І цудоўна, калі ў дашкольныя ўстановы, як і ў школы, будучыя педагогі прыходзяць па прызванні.
Без перабольшання можна сказаць, што Дзіяна КОРБУТ з’яўляецца менавіта такім педагогам. Сёлета дзяўчына скончыла факультэт дашкольнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка з дыпломам з адзнакай і была размеркавана ў яслі-сад № 28 Мінска. Пра шлях у прафесію, пра тое, як наладзіць кантакт з дзеткамі і іх бацькамі і ці лёгка сумяшчаць работу з навуковай дзейнасцю, Дзіяна расказала “Настаўніцкай газеце”.
Чатыры гады назад, заканчваючы 11 клас, мінчанка Дзіяна Корбут магла выбраць іншы прафесійны шлях, не звязаны з педагогікай. Але выпадковасць і дзіцячыя мары ўсё перайначылі, і дзяўчына паступіла ў БДПУ імя Максіма Танка.
“Пачынаючы з 6 класа я была ўдзельніцай Беларускай маладзёжнай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных, — расказвае пра школьнае жыццё і выбар прафесіі выпускніца БДПУ Дзіяна Корбут. — Да 10 класа разам са сваёй камандай удзельнічала ў пажарных гарадскіх мерапрыемствах-злётах. Дзякуючы зладжанай працы, каманднаму духу, мы змаглі заваяваць вялікую колькасць прызавых месцаў, кубкаў, дыпломаў. Ні адно спаборніцтва не абыходзілася без удзелу нашай каманды — мы заўсёды прывозілі ўзнагароды. Дзякуючы такому захапленню, у 11 класе я рыхтавалася да паступлення ва Універсітэт грамадзянскай абароны МНС. Але разам з гэтым мне не давала спакою жаданне, якое ўзнікла яшчэ ў дзяцінстве. Я заўсёды марыла звязаць сваю будучую прафесію з педагагічнай дзейнасцю. І гэтае жаданне аказалася настолькі моцным, што я вельмі хутка змяніла свае планы. Літаральна за некалькі дзён вывучыла інфармацыю наконт таго, якія вучэбныя дысцыпліны неабходна здаваць, каб паступіць на факультэт дашкольнай адукацыі ў педагагічны ўніверсітэт. Пра сваё жаданне паведаміла бацькам, і яны мяне падтрымалі”.
Дзіяна пайшла за сваёй марай і ні разу не пашкадавала. На факультэце дзяўчына пазнаёмілася з цікавымі выкладчыкамі і дзякуючы ім яшчэ больш упэўнілася ў правільнасці свайго прафесійнага выбару.
“Паступіўшы на факультэт, я не шкадавала аб сваім выбары. Самай цяжкай у працэсе навучання была дарога з дому да ўніверсітэта, яна займала 3 гадзіны, — працягвае дзяўчына. — Але гэтая праблема, якая, па сутнасці, з’яўляецца дробяззю, не параўнаецца з тымі ведамі, якімі я напаўнялася. Што тычыцца дысцыплін, не магу выдзеліць сярод іх тыя, якія былі любімымі, а да якіх душа не ляжала. Я любіла ўсё і з энтузіязмам вывучала кожны прадмет. Будучы педагог павінен бездакорна ведаць тое, што пасля дапаможа яму ў прафесіі. Працаваць з дзецьмі — гэта вялікая адказнасць. Таму мы, будучыя выхавальнікі, павінны старанна вывучаць методыку кожнага прадмета. У мяне з гэтым складанасцей не было, таму што выбрала прафесію, да якой мяне цягнула. Пайсці ў педагогіку — гэта быў не прымус, я ішла туды мэтанакіравана”.
Праблемы педагагічнай лабараторыі
Падчас вучобы ў БДПУ Дзіяна, акрамя вывучэння базавых прадметаў, працягнула займацца даследчай дзейнасцю.
“Даследчай дзейнасцю я займалася яшчэ ў школе, — гаворыць дзяўчына. — Мая першая настаўніца Марыя Тадэвушаўна Міцкевіч сфарміравала ў мяне цікавасць да вучэбна-даследчай дзейнасці яшчэ тады, калі я вучылася ў пачатковых класах. Больш мэтанакіравана і сістэматычна я пачала займацца пасля таго, як паступіла ў БДПУ імя Максіма Танка. Навуковы кіраўнік курсавой і дыпломнай работ дацэнт кафедры методык дашкольнай адукацыі Алена Анатольеўна Рублеўская паказала, наколькі цікава і захапляльна вывучаць тыя аспекты актуальнай праблемы, якія мала распрацаваны. Пры гэтым я брала прыклад са сваіх выкладчыкаў, якія з іх глыбокімі і маштабнымі ведамі выклікалі захапленне”.
На 3 курсе Дзіяна была ўдзельніцай навукова-даследчай лабараторыі кафедры методык дашкольнай адукацыі “Адукацыйныя практыкі ў інтарэсах устойлівага развіцця ва ўстановах дашкольнай адукацыі”. А на 4 курсе дзяўчына стала кіраўніком гэтай лабараторыі, што стала цудоўнай перспектывай у плане навуковага росту студэнткі.
“Наша лабараторыя займаецца распрацоўкай аспектаў праблем адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця, — працягвае Дзіяна Корбут. — Я ўпэўнілася, якая гэта актуальная праблема, калі ў нас, студэнтаў, праходзіла сустрэча з намеснікам Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу нацыянальным каардынатарам па дасягненні Мэт устойлівага развіцця Марыянай Шчоткінай. Мая цікавасць да вывучэння праблемы ўмацавалася, калі зразумела, што гэтая праблема міжнароднага маштабу”.
Для вырашэння любой праблемы мала толькі разумення ўсёй яе сур’ёзнасці — трэба шукаць дзейсныя інструменты і шляхі яе вырашэння. Менавіта для таго, каб паглыбіцца ў праблемы сучаснай адукацыі, Дзіяна Корбут пачала прымаць удзел у шматлікіх канферэнцыях, прысвечаных згаданай тэме. Адной са значных падзей стаў удзел студэнткі ў адукацыйнай праграме ў Германіі.
“Мінулым летам, у ліпені 2018 года, я прыняла ўдзел у адукацыйнай праграме ў Германіі, якая была арганізавана каардынатарам міжнароднай арганізацыі Janun e. V.Hannover Ахімам Рыма. Кожны дзень быў тэматычным і прысвечаны шматлікім праблемам, напрыклад, такім як “Гановер на шляху да ўстойлівага развіцця”, “Каледж & устойлівасць”, “Экалагічная сельская гаспадарка”, “Дзень энергіі”, “Экалагічны лад жыцця”, “Экалагічнае будаўніцтва”, “Устойлівы лад жыцця” і інш.
Вынікі праведзеных даследаванняў па вывучэнні праблем сучаснай адукацыі, над якімі Дзіяна працавала разам з выкладчыкамі на кафедры методык дашкольнай адукацыі, былі прадстаўлены на міжнародных навукова-практычных канферэнцыях у Мінску, Маскве, а таксама ў Роўне, Пярмі, Каломне. Акрамя гэтага, мэтанакіраваная студэнтка прымала ўдзел у анлайн-выступленнях, а таксама завочна ўдзельнічала ў канферэнцыях.
“Асабліва падабаецца выступаць перад аўдыторыяй, таму што адчуваецца зваротная рэакцыя ўдзельнікаў, іх зацікаўленасць у той інфармацыі, якую хачу данесці, — расказвае Д.Корбут. — Мне спадабалася прэзентаваць нашы напрацоўкі на выставах “Адукацыя — Мэтам устойлівага развіцця”, якая праходзіла ў рамках II Міжнароднага сімпозіума “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця для ўсіх пакаленняў — сацыяльны дагавор” у снежні мінулага года ў БДПУ, а таксама на XVIII Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі, якая праходзіла ў красавіку ў Мінску. Тыя гульнявыя дапаможнікі і лэпбукі, якія прадстаўляла падчас выстаў, выклікалі цікавасць з боку наведвальнікаў. У гульні з задавальненнем прымалі ўдзел дзеці і бацькі, студэнты і педагогі. Назапашаны вопыт публічных выступленняў на канферэнцыях, семінарах, вэбінарах, а таксама падчас прэзентацый на выставах, дазволіў мне ўпэўнена выступіць на конкурсе “Лепшы студэнт БДПУ” ў намінацыі “Навукова-даследчая дзейнасць”. Гэты конкурс праходзіў у красавіку гэтага года ў рамках дэкады студэнцкай навукі. Па выніках конкурсу я была ўзнагароджана дыпломам ІІ ступені”.
Стаць сябрам для дзяцей
Веды, атрыманыя падчас канферэнцый, спатрэбіліся дзяўчыне не толькі ў вучобе. Дзіяна пачала прымяняць новыя методыкі і ў рабоце з дзеткамі.
“Я з вялікім задавальненнем чакала часу практыкі, — працягвае малады спецыяліст. — Бо гэта выдатная магчымасць паказаць набытыя веды. Падчас работы з дзецьмі вялікіх складанасцей не ўзнікала. Дзеткі самі да мяне цягнуліся, ім падабалася, калі я прыходзіла, праводзіла заняткі і проста з імі гуляла. Калі паміж выхавальнікам ці настаўнікам і дзецьмі ўзнікаюць даверныя адносіны, гэта вельмі важна. У такім выпадку выкладчык становіцца сябрам дзіцяці і вучэбны працэс ідзе лягчэй. Дзеткі не саромеюцца задаваць пытанні і тым самым пашыраюць свой кругагляд”.
Дарэчы, пашыраць педагагічны вопыт Дзіяне выпала магчымасць у яслях-садзе № 28 Мінска, у які дзяўчына пасля і была размеркавана.
“Месца размеркавання не стала для мяне сюрпрызам, — працягвае выпускніца БДПУ. — У яслях-садзе № 28 я працую з сярэдзіны 3 курса. Калі ўпершыню прыйшла на работу, мне далі групу дзяцей ва ўзросце ад 3 да 4 гадоў (гэта другая малодшая група). Праз некаторы час я стала любімым выхавальнікам для дзяцей і, што вельмі важна, каштоўным супрацоўнікам для кіраўніцтва. Мне было вельмі важна не падвесці загадчыка сада. Я старалася прымяняць усе тыя веды, якія атрымала ва ўніверсітэце. Бацькі таксама былі задаволены маёй працай — зыходзячы з водгукаў дзяцей, а для мяне гэта лепшая ўзнагарода. У моманты, калі чую прыемныя словы падзякі, разумею, што ўсё раблю правільна. Што тычыцца маіх маленькіх выхаванцаў, то, на мой погляд, цяперашняе пакаленне дзяцей асаблівае. Яны вельмі актыўныя, гатовы і здольны ўспрымаць і засвойваць вялікі аб’ём новай інфармацыі, заўсёды знаходзяцца ў руху, патрабуюць увагі да сваёй асобы.
Здараецца, у Мінску можна сустрэць групу дзяцей у колькасці 32 чалавек. Зразумела, у такой сітуацыі нават дасведчанаму педагогу складана знайсці падыход да кожнага дзіцяці. Падтрымліваць дысцыпліну ў такой групе вельмі цяжка. Хацелася б, каб такіх сітуацый было як мага менш, таму што яны ўплываюць на маральную вынослівасць педагогаў. Але, на жаль, з-за таго, што ў пэўных раёнах жыве многа маленькіх дзетак, а дзіцячых садоў для іх не хапае, такія сітуацыі не рэдкасць. Што тычыцца майго месца размеркавання, лічу, што прыйшла працаваць у адзін з лепшых садоў Мінска. Я вельмі ўдзячна і загадчыку ўстановы, і выхавальнікам за тое, што прынялі мяне ў свой калектыў, падтрымалі і далі магчымасць развівацца”.
У ліпені Дзіяна Корбут паступіла ў магістратуру БДПУ на спецыяльнасць “Тэорыя і методыка дашкольнай адукацыі” па профілі “Экспертыза якасці дашкольнай адукацыі”. У найбліжэйшыя паўтара года дзяўчына будзе вучыцца, каб пасля прыйсці да маленькіх непасед з яшчэ большым багажом ведаў, які дапаможа маладому педагогу з вырашэннем тых адукацыйных пытанняў, што патрабуюць нестандартнага падыходу.
“Безумоўна, у першую чаргу я вучуся для сябе, — канстатуе педагог дашкольнай адукацыі. — Але веды, якія атрымаю, дапамогуць і маім выхаванцам, з якімі буду працаваць. Кожны выхавальнік ці настаўнік павінен імкнуцца да таго, каб павысіць прэстыж сваёй навучальнай установы, зрабіць яе ідэальнай. Безумоўна, дасягнуць гэтага складана, але імкнуцца трэба. Ведаеце, які дзіцячы сад ідэальны? Той, у які дзеткі ідуць з задавальненнем”.
Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.