Шанс у жыцці даюць бацькі

Сказаць, што ад таго, у якой сям’і вырас чалавек, залежыць вельмі многае, — амаль нічога не сказаць. Метады выхавання бацькоў, іх уласны прыклад, паводзіны, сямейная атмасфера становяцца лёсавызначальнымі. Тычыцца гэта, канечне, не толькі родных сем’яў, але і замяшчальных. Можа, нават у большай ступені. І гэта гатовы пацвердзіць многія былыя выхаванцы такіх сем’яў, як, напрыклад, наша сённяшняя госця, для якой замяшчальная сям’я стала сапраўдным шансам у жыцці.


“Мяне завуць Кацярына Віткоўская, мне 23 гады, — прадстаўляецца мая суразмоўніца. — Да сямі гадоў я выхоўвалася ў магілёўскім Доме малюткі, дзіцячым доме, а потым за мной прыехалі мае бацькі — Людміла Анатольеўна і Юрый Мікалаевіч Рубан”.

Так, і толькі так — бацькамі — Каця называе бацькоў-выхавальнікаў дзіцячага дома сямейнага тыпу з Бабруйска. На той час у гэтым доме ўжо былі дзеці, усе — старэйшыя за Кацю. Было цяжка, прызнаецца дзяўчына, але не таму, што яе сустрэлі няветліва. “Я з ваўчаняці паступова ператварылася ў чалавека, навучылася давяраць людзям, паверыла, што цяпер пра мяне нехта клапоціцца. Тут заўсёды так: кожнае новае дзіця ў сям’і мы адразу прымаем як свайго”, — так апісвае Кацярына сітуацыю.

Складана было прывыкаць да новага жыцця, якое значна адрознівалася ад жыцця ў дзіцячым доме, але ўпартасць і цярпенне бацькоў у рэшце рэшт перамаглі. Каця прызнала новую сям’ю роднай, адчула сябе сваёй і на сваім месцы. З гэтым адчуваннем яна жыве і цяпер. “Ну і што, што ў мяне з братамі і сёстрамі розныя прозвішчы? — кажа дзяўчына. — Мы з імі родныя!”

І зараз дарослыя выхаванцы дзіцячага дома прыязджаюць сюды, бо іх дом тут. Каця наогул пакуль вырашыла застацца з бацькамі, дапамагае ім у выхаванні малодшых.

Варта заўважыць, што Юрый Мікалаевіч мае адукацыю псіхолага, і, трэба думаць, яна неаднойчы дапамагала яму, як і жыццёвая мудрасць, багаты вопыт, які ён і яго жонка набылі, выхоўваючы роднага сына і ўжо трэцяе пакаленне дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Так, Каця ўзгадвае, колькі сіл і цярпення спатрэбілася Людміле Анатольеўне і Юрыю Мікалаевічу, каб выцягнуць яе вучобу на належны ўзровень. З навучаннем былі цяжкасці, і кантроль з боку бацькоў і педагогаў патрабаваўся пільны, спатрэбіліся і заняткі з дэфектолагам. Асабліва цяжка прыйшлося ў пачатковай школе. Бацькі нават вывучалі розныя методыкі, каб дапамагчы дзяўчынцы. У выніку штуршок да выпраўлення сітуацыі далі дадатковыя заняткі, а таксама заняткі мастацтвам у школе з адпаведным ухілам. “Дысцыпліна і кантроль, безумоўна, таксама неабходны ў выхаванні, — упэўнена ўжо дарослая дзяўчына. — Талерантны кантроль, калі можна так сказаць, абавязковы. На карысць самім жа дзецям, я на сваім прыкладзе пераканалася ў гэтым”.


Але ў дзяцінстве Кацю пэўныя бацькоўскія патрабаванні нават крыўдзілі: ну навошта столькі правіл, чаму і тое нельга, і гэта? Затое цяпер, дзякуючы бацькоўскай навуцы, дзяўчына ўсё ўмее рабіць па гаспадарцы і ўпэўнена адчувае сябе ў жыцці. Канечне, такую ўпэўненасць даюць ёй і адукацыя, і работа.

Пасля заканчэння школы Кацярына Віткоўская паступіла ў Бабруйскі дзяржаўны каледж імя А.Я.Ларына. За 2 гады навучання ў ім дзяўчына атрымала прафесію мастака-афарміцеля і дызайнера інтэр’ераў, а пасля працягнула вучобу ў той жа ўстанове па прафесіі выкладчыка выяўленчага мастацтва і чарчэння. Так і пачаўся педагагічны шлях Каці. Хаця ён пачаўся значна раней — у сям’і, з назіранняў за метадамі выхавання бацькоў і дапамогі ім.

У маладой мастачкі ўжо было нямала выстаў — і ў Бабруйску, і ў Мінску, у тым ліку пры падтрымцы Беларускага дзіцячага фонду. Нядаўна, напрыклад, прайшла выстава Кацярыны Віткоўскай і яе вучняў “Першы палёт” у Бабруйску на базе клуба “Авіятар”. Так, у яе ўжо нямала вучняў, бо працуе Каця педагогам дадатковай адукацыі ў гарадскім Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, а таксама ў дзіцячых дамах сямейнага тыпу Казначэевых, Варычавых і, канечне, Рубан. У гурток да яе так сама прыходзяць малыя з дзіцячага дома сямейнага тыпу Кульчык. “У гэтай рабоце я пастаянна звяртаюся да вопыту сваіх бацькоў, — гаворыць Каця. — Ён для мяне неацэнны. Творчасць дапамагае мне ў жыцці, і я стараюся, каб яна дапамагала іншым”.

Але на гэтым дзяўчына не спыняецца. Зноў жа пасля сур’ёзнай размовы з бацькамі, а таксама з педагогам каледжа імя А.Я.Ларына Лідзіяй Кузьмінічнай Тарноўскай Каця вырашыла працягнуць педагагічную адукацыю і 2 гады назад паступіла на завочнае аддзяленне БДПУ імя Максіма Танка. Вучыцца яна ў Інстытуце інклюзіўнай адукацыі, будзе сурдапедагогам. “Я цудоўна разумею, што адчуваюць і перажываюць дзеці з асаблівасцямі, — тлумачыць свой выбар Кацярына. — Таму жаданне атрымаць такую прафесію для мяне зусім не выпадковае”.

Больш за тое, праз нейкі час дзяўчына збіраецца адкрыць мастацкую студыю для звычайных дзяцей і дзяцей з асаблівасцямі. Ідэю падтрымліваюць і бацькі, а гэта для Каці надзвычай важна. “Я не люблю, калі людзей размяжоўваюць па тым, што адзін — здаровы, іншы — хворы, той — такі, гэты — іншы. Хачу, каб не было гэтых межаў, і адкрыю або студыю выяўленчага мастацтва, або рэабілітацыйны цэнтр, заснаваны менавіта на прынцыпах роўнасці. Планамерна іду да гэтага, адукацыя дапаможа ажыццявіць задуманае”.

Не толькі яе мары, але мары яе братоў і сясцёр, упэўнена Кацярына, ажыццяўляюцца дзякуючы бацькоўскай падтрымцы. Так, адзін з яе братоў, Антон Савіцкі, стаў лётчыкам. Калі былі праблемы з аплатай яго навучання, а спонсараў не знайшлося, Юрый Мікалаевіч і Людміла Анатольеўна самі ўзялі крэдыт на вучобу. Цяпер Антон адзін з самых маладых лётчыкаў-інструктараў у Беларусі. Другі брат, Андрэй Кунцэвіч, стаў кухарам, працуе ў японскім рэстаране. “Ён самастойны чалавек, сам сябе забяспечвае, як і іншыя мае браты і сёстры, — гаворыць мая суразмоўніца. — Бацькі заўсёды нацэльвалі нас на гэта”.

Многія выхаванцы дзіцячага дома сямейнага тыпу Рубан выбіраюць прафесіі, звязаныя з мастацтвам, або становяцца кухарамі. Такія ў гэтай сям’і традыцыі.

І яшчэ не магу не расказаць пра адзін бок жыцця маёй гераіні: Кацярына ведае, што яе біялагічная маці загінула, але ў Бабруйску жыве нямала іншых родных. “Я іх ведаю, ведаю, дзе яны жывуць, — гаворыць Каця. — У нас адна кроў, але гэта чужыя для мяне людзі. Мая сям’я тая, у якой я вырасла, яна для мяне куды бліжэйшая, чым усе біялагічныя сваякі”.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з асабістага архіва К.ВІТКОЎСКАЙ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*