Дзеці, якія не патрэбны?

Амаль 7 гадоў назад у бальніцы я пазнаёмілася з 20-гадовай Алёнай, якая чакала другое дзіця. На той момант у маладой маці падрастаў 5-гадовы сын. Аднойчы наведаць Алёну прыйшла былая аднакласніца. І потым ужо Алёна расказала, што сяброўка таксама чакае дзіця, але пасля таго, як яно з’явіцца на свет, маці аддасць немаўля ў Дом малюткі, туды, дзе знаходзіцца яе першая дачка. Відаць, убачыўшы ў маіх вачах дзікае здзіўленне і непаразуменне, Алёна спакойна патлумачыла: “Яна ж не зможа іх утрымліваць, яна зусім адна. У Доме малюткі дзецям будзе лепш. Але яна іх забярэ, калі падрастуць”.

Забярэ, як жа! Калі дзеці патрэбны сям’і, яны патрэбны ёй заўсёды. А калі не, гэта зразумела адразу. На жаль, дзяцей, якія “адкладзены на пасля”, многа. Гэта толькі сёння ім абяцаюць, што хутка забяруць дадому, а заўтра бацькоўскія абяцанні назаўсёды выдаляюцца з памяці.


Такія выпадкі не рэдкасць… Не сталі выключэннем і паламаныя лёсы дзвюх дзяўчат, 15-гадовай Вікі і 18- гадовай Зоі (імёны зменены). Сёння яны жывуць у адной з дапаможных школ-інтэрнатаў. Дзякуючы валанцёрскай праграме настаўніцтва, у дзяўчат з’явіліся сяброўкі, якія дапамагаюць ім адаптавацца ў соцыуме. Дарэчы, на сустрэчу дзяўчынак прывялі менавіта валанцёры Вераніка Дударчык і Марына Сярогіна.

Сіла прыцягнення
Гісторыя Зоі

18-гадовая Зоя, якая мае парушэнні слыху, знаходзіцца ў інтэрнаце 11 гадоў. Але перш чым у яго трапіць, дзяўчынцы давялося шмат перажыць.

“Я нарадзілася ў Магілёўскай вобласці. У сям’і, акрамя мяне, было яшчэ двое дзяцей — брат і сястра. Мама яшчэ тады, калі жылі ў Асіповічах, шмат піла. Паміж бацькамі ўзнік канфлікт, і маці нас забрала ў Мінск. Тут у нас таксама была і ёсць кватэра. І менавіта гэта стала першым крокам да таго, каб я трапіла ў інтэрнат.

Памятаю, як прыязджаў тата. Ён заходзіў у кватэру, а ў нас там быў страшэнны беспарадак. Дома ніхто не прыбіраў, ежы таксама не было. Бацька не ведаў, што з гэтым рабіць, але чамусьці забраць нас не мог”.

Калі Зоі было 2 гады, яе і старэйшую сястру Таню ўпершыню забралі ў бальніцу. Але пасля некалькіх дзён знаходжання ў ёй дзяўчынкі збягалі дадому. Таня пакідала малодшую сястру з п’янай мамай, а сама ішла гуляць. Як правіла, прагулкі доўгімі не былі. Дзяўчынку знаходзіла міліцыя, якая пасля адвозіла сясцёр назад у бальніцу. Зоя памятае, што на працягу 2 гадоў іх з Таняй перыядычна забіралі ў бальніцу.

“У 4 гады мяне накіравалі ў пяты дзіцячы дом, а праз год перавялі ў трэці. У ім я жыла 3 гады. І пасля ўжо, калі мне споўнілася 7, перавялі ў дапаможную школу-інтэрнат”.

Мама са старэйшай дачкой прыязджала да Зоі, калі дзяўчынка вучылася ў 1 класе. Праз год жанчыны не стала. Старэйшы брат Зоі ў дзіцячым доме ніколі не быў, ён некалькі разоў трапляў у калонію для непаўналетніх. А пасля за ўжыванне і распаўсюджванне наркатычных сродкаў сядзеў у турме.

Сёння ў 2-пакаёвай кватэры, дзе калісьці расла Зоя, жывуць 6 чалавек — брат і сястра з сем’ямі. Зоя ездзіць у госці да сваіх родных два разы ў месяц на выхадныя, але, на жаль, ніхто асабліва не радуецца, што да іх з інтэрната прыязджае малодшая сястра, з якой, верагодна, давядзецца пасля дзяліць кватэру. Зоя ж, наадварот, у моманты сустрэчы з сям’ёй адчувае сябе шчаслівай.

Даведка

Сёння ў Беларусі больш за 21 тысячу дзяцей-сірот, больш як 5 тысяч з іх біялагічныя — гэта значыць, што ў большасці пакінутых дзяцей ёсць жывыя бацькі. Згодна з данымі міжнародных даследаванняў, кожны другі выпускнік дзіцячага дома здольны здзей сніць злачынства, кожны пяты становіцца бяздомным, а кожны сёмы схільны да суіцыду і спрабуе завяршыць жыццё самагубствам. Толькі 16% выпускнікоў інтэрнатаў ствараюць сям’ю. 1% дзяцей-сірот атрымлівае вышэйшую адукацыю. Так адбываецца, таму што тыя дзеці, якія жывуць і выхоўваюцца ў інтэрнатах, пазбаўлены магчымасці навучыцца жыць самастойна і клапаціцца пра сябе.

“Дзяўчына ездзіць дадому з радасцю, — кажа валанцёр Вераніка Дударчык. — Зразумела, ёй вельмі хочацца адпачыць ад рэжыму інтэрната, у якім усё па раскладзе. Дома не трэба прачынацца ў 6 гадзін, можна паглядзець тэлевізар. Час ад часу ў маёй падапечнай з сястрой узнікаюць непаразуменні. Таня можа прычапіцца да якіх-небудзь дробязей. Але не скажу, што ў іх ва ўзаемаадносінах шмат праблем. Усё вырашальна”.

У Зоі ёсць і бабуля, якая жыве ў вёсцы і якую дзяўчына наведвае некалькі разоў у год разам з сястрой. Але часцей за ўсё сёстры прыязджаюць у вёску на тыя святы, калі прынята наведваць могілкі, хадзіць да мамы.

Супала так, што падчас аднаго з прыездаў Зоя сустрэла ў бабулі свайго бацьку. Але ён, як заўсёды, быў не ў тым стане, каб размаўляць з дачкой. П’яны, ён нават не разумеў, хто стаіць перад ім.

“Нягледзячы на тое, што ўсё так склалася, Зоя не злуецца ні на каго са сваіх родных. Заўсёды пасля сустрэчы з імі яна вяртаецца задаволенай. І вельмі пашанцавала, што ў маім жыцці з’явілася гэтая дзяўчына. Зоя актыўная, шмат разумее. Зараз яна вучыцца на гароднінавода. Дарэчы, ужо на працягу 13 гадоў кожнае лета Зоя ездзіць у Італію, дзе ў дзяўчыны ёсць прыёмная сям’я. І яна марыць, як пасля заканчэння вучобы паедзе туды жыць. Пакуль жа мы стараемся кожныя выхадныя праводзіць разам, ходзім у заапарк, кіно. І абавязкова штодня размаўляем па тэлефоне. Безумоўна, работа валанцёра-настаўніка эмацыянальна затратная, патрабуе шмат часу. Але я не шкадую, што год назад вырашыла стаць настаўнікам для дзяцей-сірот”, — падагульняе Вераніка Дударчык.

Маўклівая цішыня
Гісторыя Вікі

Зараз Вікторыі 15 гадоў, 12 з іх яна не жыве ў сям’і. Калі дзяўчынцы споўнілася 3 гады, яе маці пазбавілі бацькоўскіх правоў. Адразу пасля суда маленькую Віку размеркавалі ў трэці дзіцячы дом, а калі дзяўчынцы споўнілася 7, перавялі ў дапаможную школу-інтэрнат.

Мама Вікі жыве ў Мінску. Але за 12 гадоў жыцця ў спецыялізаваных установах жанчына бачыла сваю дачку ўсяго чатыры разы. На жаль, нават гэтыя рэдкія 10- хвілінныя сустрэчы былі прымусовымі. Жанчына, як стала зразумела пасля размовы з Вікай, прыязджала разам з сынам і па яго ініцыятыве. Менавіта брат Вікі стараўся падтрымліваць сувязь з малодшай сястрой, зрэдку пісаў лісты.

“Памятаю, як мама прыязджала, калі я была ў прытулку, — дзеліцца ўспамінамі Віка. — Тады яна была з татам. Пасля гэтага прыкладна 3 гады яе не бачыла. Наступны раз мама была, калі я пайшла ў 1 клас. Тады мне было 6. І да 15-гадовага ўзросту больш не сустракаліся”.

У Вікі ў Мінску жывуць, акрамя мамы, родныя брат і сястра. Але ім таксама ўсё роўна, як жыве іх малодшая прыгожая і сарамлівая сястрычка.

За апошні год родныя прыязджалі да Вікі два разы. Першы раз — на 15 дзень нараджэння дзяўчынкі, у пачатку верасня, а пасля — яшчэ і перад Новым годам. Але пра сустрэчу Віка дамаўлялася з братам. Дзяўчынка патэлефанавала і сказала, што хоча ўбачыць родных. Безумоўна, мама таксама прыехала. Толькі пра падарункі для дзяўчынкі ніхто не ўспомніў.

“Пасля таго як кіраўніцтва школы, а таксама мая валанцёр-настаўнік Марына Сярогіна папракнулі родных тым, як можна прыехаць да дзіцяці на дзень нараджэння без падарунка, маці пайшла і купіла два тарты”, — роўным тонам, амаль без эмоцый расказвае Віка.

Гэтая сустрэча таксама не была доўгай — 10 мінут, пакуль сям’я Вікі знаходзілася побач з ёй, былі патрачаны на розныя тэмы. Як жыве дзяўчына, ці патрэбна ёй што-небудзь, ніхто не пацікавіўся. Пасля гэтага выпадку ў інтэрнат больш ніхто не прыязджаў.

Слухаючы Віку, я думала, ці захоча яна яшчэ раз сустрэцца з мамай, патэлефанаваць ёй. Задаваць такія пытанні дзіцяці, якому з маленства далі зразумець, што яно не патрэбна, было няёмка. Але дзяўчына сама пачала гаварыць.

“У мяне ўжо даўно ёсць іншая сям’я, у Ірландыі. Большасць дзяцей з нашай школы ездзіць на аздараўленне ў Італію, а мне пашанцавала трапіць у Ірландыю. На летніх канікулах паеду да іх восьмы раз. Сям’я вельмі добрая. У іх чацвёра сваіх дзяцей, ёсць унукі. Да мяне яны адносяцца, як да роднай дачкі. Я вельмі добра валодаю размоўнай англійскай мовай і ніякіх цяжкасцей у зносінах са сваёй прыёмнай сям’ёй не адчуваю.

З Ірландыі ўсё роўна буду пісаць і тэлефанаваць сваім родным. Ці будуць яны рады таму, што турбую іх? Не ведаю. Але, безумоўна, мне хацелася б, каб маім званкам радаваліся. Ці крыўджуся на сваіх родных? Не ведаю… Мне камфортна жыць у школе-інтэрнаце. Калі б прапанавалі вярнуцца ў біялагічную сям’ю, я не згадзілася б. Навошта? Я вельмі рада, што ў маім жыцці з’явілася Марына. Яна дапамагае ва ўсім, нам разам добра. Ведаю, што ў любы момант магу патэлефанаваць ёй і майму званку будуць рады. Марына дапаможа і падтрымае, калі гэта будзе патрэбна”.

Віка расказвае пра сям’ю спакойна, быццам пераказвае прачытаны тэкст. Менавіта такія цвярозыя адносіны да сітуацыі паказваюць, што дзяўчыне не патрэбна спачуванне. Яна не баіцца змен, таму што іх баяцца толькі слабыя. А такія дзеці, як Віка, прайшлі не адно выпрабаванне. Яны моцныя.

Каментарый Марыны СЯРОГІНАЙ:

“Я апынулася ў камандзе, якая рыхтуе настаўнікаў для дзяцей-сірот, некалькі гадоў назад, прайшла навучанне, але ніякага руху не было. Менавіта такая нявызначанасць стала штуршком да стварэння ўласнага праекта “Дружная кухня”. Ідэя была ў тым, каб навучыць дзяцей-сірот з адной з дапаможных школ-інтэрнатаў гатаваць. Падчас правядзення першай “кухні” я пазнаёмілася з Вікай. Дзяўчынка мне вельмі спадабалася. Яна добрая, адкрытая да зносін. Пасля гэтага вырашыла, што хачу быць побач з ёй, дапамагчы адаптавацца ў жыцці. Калі гаварыць пра інтэрнатныя ўстановы, іх кіраўніцтва не вельмі ахвотна згаджаецца пускаць да сябе, да дзяцей чужакоў. І гэта зразумела: побач з дзецьмі павінны быць правераныя людзі. Але мы з Веранікай вырашылі праблему — аформілі патранат, які дазваляе забіраць нашых дзяцей дадому.

Дарэчы, перш чым нам дазволілі быць з дзецьмі, прадстаўнікі аддзела адукацыі раёна прыходзілі дадому, глядзелі на жыллёвыя ўмовы, правяралі асабістыя справы.

Зараз з кіраўніцтвам дапаможнай школы ў нас добрыя адносіны. Нас там ведаюць усе. Увогуле, патранат — цудоўная магчымасць узяць шэфства над кінутымі дзецьмі. Толькі ў нашых сілах змяніць жыццё дзяцей з паламанымі лёсамі.

Калі мая Віка захоча жыць у Ірландыі, буду падтрымліваць з ёй сувязь. Яна павінна ведаць, што заўсёды можа на мяне разлічваць. І калі яна захоча вярнуцца ў Беларусь, буду ёй рада. Што тычыцца сям’і Вікі, думаю, яна вярнулася б да іх, калі б яе хацелі забраць. Нават той факт, што родныя прыехалі да дзяўчынкі п’янымі, Віку не турбаваў. Яна проста радавалася гэтаму прымусоваму візіту”.

Наталля САХНО.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*