Калі чуеш, што сацыяльнага педагога ў сталічнай школе № 10 завуць Іван Сяргеевіч, то міжволі ўяўляеш сівавалосага, сівабародага старога высакароднай знешнасці — карацей, на розум прыходзіць Іван Сяргеевіч Тургенеў. Майго сённяшняга суразмоўніка, Івана Сяргеевіча Шчарбакова, таксама вылучаюць барада і інтэлігентная знешнасць, але ні сівізны ў валасах, ні надта сталага ўзросту. Ён малады (але з пэўным вопытам за плячыма) педагог, лаўрэат гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” 2018 года ў намінацыі “Педагог сацыяльны”. А яшчэ ён аўтар найцікавейшага, на мой погляд, праекта “Сэлфі-маршрут”.
Мая школа
…Сярэдняя школа № 10 Мінска налічвае больш чым 100 гадоў і крыху менш чым 500 вучняў, але ўзрост, здаецца, толькі дадае ёй крэатыўнасці, сучаснасці, імкнення ісці ў нагу з часам, а параўнальна невялікая колькасць вучняў — мабільнасці і хуткай рэакцыі на змены ў жыцці. Так, тутэйшыя вучні з пачатковай школы займаюцца кітайскай мовай, а педагогі шукаюць (і знаходзяць) сучасныя падыходы да выхавання, такія як праект “Сэлфі-маршрут”.
Але перш чым пазнаёміцца з праектам, прапаную пазнаёміцца з яго аўтарам. Так, у размове з педагогам высвятляецца, што яго бабуля Анастасія Яўгенаўна Шчарбакова шмат гадоў працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры і, як узгадвае Іван Сяргеевіч, калісьці супрацоўнічала з “Настаўніцкай газетай”. Чуць гэта, канечне, прыемна — мы заўсёды рады плённаму супрацоўніцтву з педагогамі.
Бабуля з дзядулем і гадавалі хлопчыка, бацькі якога рана пайшлі з жыцця. У пэўнай ступені, гаворыць мой суразмоўнік, сямейныя традыцыі, а таксама ранняя страта бацькоў паспрыялі выбару прафесіі, менавіта спецыяльнасці “Педагог сацыяльны”. Ёсць у дыпломе педагога і запіс, што ён можа выкладаць нямецкую мову, але пакуль такую работу выконваць не даводзілася.
— Я працую з дзецьмі са складанымі лёсамі, і ўласны вопыт дазваляе мне іх вельмі добра разумець. Памятаю, як мае настаўнікі дапамагалі маёй сям’і, а цяпер сам дапамагаю дзецям і іх сем’ям, — заўважае педагог. — Мой выбар невыпадковы, у свой час мог паступіць ва ўстанову вышэйшай адукацыі іншага профілю, але доўга не думаў, выбраў педуніверсітэт.
У 2011 годзе І.С.Шчарбакоў скончыў факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій БДПУ імя Максіма Танка. Праўда, да гэтага ён атрымаў сярэднюю спецыяльную адукацыю і дыплом юрыста. Сцвярджае, што сацыяльнаму педагогу такое спалучэнне вельмі дапамагае: “Да мяне дзеці і бацькі, здараецца, звяртаюцца з пытаннямі па заканадаўстве, дапамагаюць юрыдычныя веды і ў рабоце з нядобранадзейнымі сем’ямі”.
Такіх сем’яў, дарэчы, у школе чатыры, з кожнай, як тое і належыць, працуюць індывідуальна і пастаянна, а вось вучняў, з якімі вядзецца індывідуальна-прафілактычная работа, тут зараз няма.
А сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная служба сярэдняй школы № 10 невялікая, як і сама школа — сацыяльны педагог, вопытны педагог-псіхолаг Вікторыя Аляксандраўна Чарнагалава, якія працуюць у цеснай прафесійнай звязцы з намеснікам дырэктра па выхаваўчай рабоце Вольгай Алегаўнай Машонскай, што прыйшла ў школу з новага навучальнага года.
Быў у жыцці І.С.Шчарбакова і перапынак у рабоце педагогам — два гады ў іншай сферы, якая, аднак, не здолела знішчыць цікавасць да педагогікі, жадання працаваць з дзецьмі. Ён вярнуўся ў школу, на гэты раз у 10-ю, вясной 2016 года. Цяпер упэўнена кажа, што знайшоў сваё месца з дружалюбным калектывам і добразычлівым кіраўніцтвам на чале з дырэктарам установы Алай Уладзіміраўнай Насевіч.
А яшчэ была ў біяграфіі сацыяльнага педагога гісторыя, калі яму і калегам-педагогам удалося вельмі дапамагчы мнагадзетнай і нядобранадзейнай сям’і, літаральна выратаваць маці і пяцярых яе дзяцей, дабіцца лячэння і выплаты аліментаў ад былога мужа жанчыны. Зразумела, кожнаму сацыяльнаму педагогу даводзіцца дапамагаць не адной сям’і, але гэты выпадак цікавы сваёй складанасцю, тым, што праблемы іншыя службы не заўважылі, а выявілі менавіта педагогі, і самі ж давялі да шчаслівага завяршэння. Менавіта гэты выпадак са сваёй прафесійнай біяграфіі прывёў у прыклад І.С.Шчарбакоў у адным з тураў конкурсу “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі”.
Выпадак, праўда, здарыўся ў іншым раёне горада, у іншай школе, дзе раней працаваў Іван Сяргеевіч. Да гэтага была яшчэ адна школа, дзе яму давялося супрацоўнічаць з пераможцай сёлетняга гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства ў сваёй намінацыі — А.А.Кобызевым. Свет сацыяльных педагогаў цесны, вось і некаторых фіналістаў, сваіх калег-сапернікаў, Іван Сяргеевіч ведаў раней — каго па рабоце, каго па вучобе ва ўніверсітэце.
— Конкурс мяне спачатку палохаў, я не да канца быў упэўнены ў сабе, — прызнаецца І.С.Шчарбакоў. — Наш Партызанскі раён невялікі, школ не так многа, і ўсе ці амаль усе сацыяльныя педагогі ўдзельнічалі ў раённым этапе. Паступова, дзякуючы спартыўнай цікавасці, азарту, жаданню высветліць, а чаго я варты як прафесіянал, уцягнуўся, стаў фіналістам у раёне, потым заняў 3-е месца ў горадзе.
Мая малая радзіма
— Мой праект, які цяпер лепш называць нашым школьным праектам, накіраваны на фарміраванне крытычнага стаўлення да экстрэмальнага сэлфі, — тлумачыць мой суразмоўнік. — Не сакрэт, што сучасная моладзь вельмі захапляецца сэлфі, і нярэдка, на жаль, хлопцы і дзяўчаты выбіраюць для фатаграфавання месцы, небяспечныя для іх здароўя і жыцця. Усё дзеля лайкаў і таннай папулярнасці. Я сам люблю сэлфі, але толькі бяспечныя, гэтаму хачу навучыць і дзяцей.
У ідэі сэлфі-маршруту закладзены і яшчэ адзін глыбокі сэнс, звязаны з Годам малой радзімы.
— Дзеці па дарозе ў школу амаль не звяртаюць увагі на месцы, будынкі, помнікі, мемарыяльныя дошкі, каля якіх праходзяць, — гаворыць Іван Сяргеевіч. — Атрымліваецца, што яны зусім не ведаюць свой раён, сваю малую радзіму. А калі рабіць сэлфі на фоне прыгожых куточкаў паркаў і сквераў, назваў вуліц, помнікаў, то можна гэты недахоп выправіць, тым больш калі потым высветліць, у гонар якога чалавека названа вуліца, калі быў узведзены гістарычны будынак. Здымкі, як гэта і любяць падлеткі, яны выкладваюць у Instagram ці на свае старонкі ў іншых сацыяльных сетках і такім чынам распаўсюджваюць новыя веды, зацікаўліваюць іншых людзей ідэяй сэлфі-маршруту. Я і сам на сваёй старонцы выкладваю сэлфі са школьнікамі, так што мы з імі на роўных, падлеткі бачаць, што я шчыра зацікаўлены гэтым. Такая вось альтэрнатыва небяспечным сэлфі на дахах або на цягніках і ў іншых такіх жа месцах.
Першы сэлфі-маршрут у рамках праекта прапаноўваў жадаючым прагулку па Партызанскім раёне, потым больш шырокі, па горадзе — “Мінск гістарычны”. Пазней, ужо не толькі з падачы педагога, але і па ініцыятыве школьнікаў былі створаны іншыя сэлфі-маршруты: “Мінск зялёны”, “Мінск спартыўны”, “Мінск культурны”. Вучні здымаюць розныя месцы сталіцы, дадаюць здымкі з інтэрнэту, збіраюць інфармацыю пра тое, што знялі, і ствараюць электронныя маршруты ў адпаведнасці з тэмай. А да конкурсу “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” маршруты былі сабраны ў друкаваныя буклеты, якія атрымалі ўдзельнікі і госці конкурсу.
Вось, напрыклад, адзін з аб’ектаў, якія прапаноўвае сэлфі-маршрут “Мінск спартыўны”: “Шматфункцыянальны спартыўна-забаўляльны комплекс, які стаў другой пляцоўкай чэмпіянату свету па хакеі 2014 года. Арэна размяшчаецца на поўдні горада ў мікрараёне Чыжоўка, на беразе Чыжоўскага вадасховішча, на тэрыторыі парку імя 900-годдзя Мінска”. Вы, канечне, зразумелі, што гаворка ідзе пра комплекс “Чыжоўка-Арэна”. Дарэчы, чаму б не паспрабаваць уключыць падобныя сэлфі-маршруты ў памяткі для турыстаў, якія не менш чым сталічныя школьнікі любяць рабіць уласныя здымкі?
Рэалізацыя праекта “Сэлфі-маршрут” разлічана да канца бягучага года. За мінулы час на аснове дыягностыкі школьнікаў, якую правяла педагог-псіхолаг, каманда праекта выявіла дзяўчат і хлопцаў, якія любяць сэлфі, праяўляюць ініцыятыву, гатовы актыўна працаваць у праекце. Гэта і звычайныя вучні, і тыя, хто схільны да рызыкоўных паводзін, небяспечных сэлфі. Так склалася група з 12 старшакласнікаў-валанцёраў, чыя энергія накіравана ў здаровае, карыснае і цікавае для іх рэчышча. Так праект вырас пасталеў, і цяпер яго актыў плануе пашырыць сваю дзейнасць. Каманда распрацоўвае новыя памяткі, выкладвае іх у школьную інтэрнэт-сетку. У перспектыве ж школьнікі і педагогі мараць выйсці за рамкі сваёй установы, зацікавіць праектам іншых аматараў бяспечнага і пазнавальнага сэлфі. Так што звяртайцеся, паважаныя чытачы, сэлфі-каманда сярэдняй школы № 10 Мінска гатова падзяліцца вопытам. Праект, як спадзяецца яго стваральнік, не завершыцца канчаткова, а выйдзе на новы ўзровень.
— Будуць, думаю, і новыя праекты, — гаворыць І.С.Шчарбакоў. — На момант стварэння гэтага я бачыў, што падлеткам вельмі цікавая такая тэма, яна захапляе іх і зараз. З’яўляюцца ў моладзі і новыя захапленні, педагогам важна гэта бачыць, не адставаць, бо педагог — гэта не проста настаўнік, гэта разумны памочнік і кансультант, у тым ліку сацыяльны педагог. Я ўрокаў не праводжу, але знаходжуся ў пастаянным кантакце з вучнямі, ведаю, у чым ім трэба дапамагчы, на што звярнуць увагу. І, калі неабходна, сам кансультуюся з калегамі, у першую чаргу з педагогам-псіхолагам. Працуем разам, бо без падтрымкі калег і кіраўніцтва школы ўсяго гэтага не было б: ні поспеху на конкурсе, ні, магчыма, праекта.
Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва сярэдняй школы № 10 Мінска.