Эфектыўны марафон

Нядаўна Дэпартамент па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь аб’явіў аб правядзенні ў 2018/2019 навучальным годзе ХІІ Рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон”. Пасля адборачных этапаў у кожнай вобласці і Мінску заключны этап пройдзе ў Гродне. А пакуль марафон толькі пачынаецца, школьнікі і навучэнцы іншых устаноў адукацыі рыхтуць праекты і праграмы да конкурсу. За мінулыя гады іх прадстаўлена мноства, частка рэалізавана ў рамках рэгіянальных праграм энергазберажэння, прыносіць карысць, дазваляе эканоміць рэсурсы.

Складаны выбар

— Зараз удзельнікаў “Энергамарафону” вельмі многа, — расказвае начальнік аддзела прававой работы, кадравай палітыкі і камунікацый Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Віталь Тамашавіч Крэцкі. — Навучэнцы ўдзельнічаюць вельмі актыўна, журы даводзіцца ацэньваць не па адной сотні праектаў у кожнай вобласці, а адабраць трэба толькі адну работу ў намінацыі, так што справа вялікая. Штогод у рамках конкурсу разглядаецца больш за 1,5 тысячы работ, у фінальным этапе змагаюцца каля 100 навучэнцаў.

Журы ў фінальным этапе прадстаўляюць дэпартамент (старшыня журы), адно з профільных прадпрыемстваў і абавязкова Міністэрства адукацыі, таксама ў яго ўваходзяць прадстаўнікі ад кожнай вобласці, пры гэтым яны не могуць галасаваць за свой рэгіён. На рэгіянальных этапах да 70% членаў журы складаюць педагогі.

Абласныя этапы праходзяць не менш ярка, чым рэспубліканскі, а трапіць “на рэспубліку” ўжо само па сабе — узнагарода. Хаця ёсць, зразумела, і матэрыяльныя прызы. Іх атрымліваюць усе фіналісты, а выдзяляе Дэпартамент па энергаэфектыўнасці са спонсарамі — Міністэрствам энергетыкі, замежнымі і айчыннымі прадпрыемствамі адпаведнага профілю. Прызамі могуць быць і паездкі для пераможцаў, і грошы для школ (летась гэта было 70 тысяч рублёў для пераможцы і па 10 тысяч для іншых фіналістаў), музычныя цэнтры, гаджэты для кожнага члена каманды. Прычым дзеці атрымліваюць прылады з увасобленай ідэяй па энергазберажэнні: напрыклад, партатыўнае зараднае ўстройства, якое ў тым ліку можа працаваць на сонечных батарэйках.

Што тычыцца грошай, то расходаваць іх можна толькі на энергазберагальныя мерапрыемствы: замяніць вокны, уцяпліць фасады і г.д. Пры гэтым калі на запланаваны рамонт прызавых грошай не хопіць, дэпартамент і мясцовыя ўлады дапамагаюць скончыць работы, каб у школе, напрыклад, не засталося некалькі старых вокнаў.

Вось такія сур’ёзныя маштабы ў сучаснага “Энергамарафону”. Пачынаўся ж конкурс з невялікага мерапрыемства ў Віцебску, якое спадабалася, пачало шырыцца, прывяло да канкурэнцыі, якая падняла ўзровень конкурсу. Цяпер фінал праводзіцца па чарзе ў розных гарадах, каб ахапіць ідэямі энергазберажэння ўсю краіну. Так задумана яшчэ і для таго, каб пазнаёміць дзяцей і падлеткаў з цікавымі месцамі Беларусі, звязанымі з энергетыкай, энергазберажэннем: прадпрыемствамі, ЦЭЦ і інш. У Гродне, як плануюць арганізатары, дзеці і педагогі змогуць пабываць на мясцовай ГЭС — адной з самых вялікіх у Беларусі. Да таго ж правядзенне “Энергамарафону” дае ўсплёск цікавасці да тэматыкі конкурсу ў тым рэгіёне, дзе ён праходзіў. Вось адбыўся фінал у Магілёве — і ў апошнім конкурсе магіляўчане занялі тры прызавыя месцы.


А спаборнічаюць канкурсанты ў чатырох намінацыях: “Праект практычных мерапрыемстваў па энергазберажэні”, “Культурна-відовішчнае мерапрыемства па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў”, “Мастацкая работа па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў” (уключае паднамінацыі “Відэаролік”, “Лістоўка, плакат, малюнак”), “Сістэма адукацыйнага працэсу і інфармацыйна-прапагандысцкай работы ў сферы энергазберажэння ва ўстанове адукацыі”. Між іншым лепшыя відэаролікі, знятыя канкурсантамі, трапляюць на беларускае тэлебачанне ў выглядзе сацыяльнай рэкламы. Так што кожны з нас, хутчэй за ўсё, бачыў хаця б адзін такі ролік.

Важна, што з цягам часу арганізатары конкурсу зрабілі і свой інтэрнэт-партал, праз які намнога зручней і хутчэй перадаваць конкурсныя матэрыялы на разгляд журы. Не трэба нікуды ехаць — усе папярэднія мерапрыемствы ажыццяўляюцца дыстанцыйна.

Праекты сучаснасці і будучыні

— Я, канечне, не спецыяліст у навучанні, але добра разумею, што за час правядзення конкурсу назапашаны ўнікальны вопыт у сферы энергазберажэння і экалогіі, выхавання культуры энергазберажэння, — гаворыць Віталь Тамашавіч. — І вопыт гэты запатрабаваны не толькі ў Беларусі. Наш конкурс быў першым такім спаборніцтвам на постсавецкай прасторы, мы заўсёды запрашаем калег з іншых краін, і ім падабаецца, ім цікава. З 2010 года ідэю падхапілі расіяне, усерасійскі фестываль называецца “#РазамЯрчэй”. Летась пераможцаў адной з намінацый беларускага “Энергамарафону” (Гомельскі дзяржаўны абласны палац творчасці дзяцей і моладзі) запрасілі ў суседнюю краіну ў дзіцячы лагер “Арляня”. Гамяльчане былі там два тыдні, уразілі ўсіх сваімі ведамі па энергазберажэнні і эканоміі рэсурсаў.

А ў студзені 2018 года гомельскі праект упершыню быў заяўлены на Міжнародным конкурсе “Энергія будучыні” імя шэйха Заеда, які праводзіцца ў Абу-Дабі. Беларускі праект адразу прайшоў у фінал гэтага прэстыжнага конкурсу, а ўсяго было прадстаўлена 2296 праектаў са 112 краін свету. Праект “Энергарандэву ў Беларусі — 2” адзначаны ў намінацыі “Глабальныя школы” ў знак прызнання адданасці інавацыям у сферы аднаўляльнай энергіі і ўстойлівага развіцця. Ён распрацаваны ў лабараторыі энергазберажэння Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі (кіраўнік лабараторыі Таццяна Атрохава). Сутнасць яго — у прапанове замяніць шыферны дах абласнога ліцэя на чарапіцу з убудаванымі фотаэлектрычнымі панэлямі. Журы міжнароднага конкурсу адзначыла, што праект адпавядае ўсім неабходным крытэрыям: інавацыі, уплыў, лідарства, доўгатэрміновая перспектыва.

Гэты праект пакуль самы гучны сярод тых, што ўдзельнічалі ў “Энергамарафоне”, але і іншых цікавых прапаноў шмат. Напрыклад, у конкурсе 2017 года перамог праект “Прыродны рэкуператар — экалагічны бясплатны кандыцыянер” (аўтар Валерый Прыстром, навуковы кіраўнік Людміла Судас, настаўніца фізікі). Ідэя простая і прыгожая ў сваёй прастаце: абрэзаныя з дна пластыкавыя бутэлькі ўстаўляюцца ў фортачкі вузкім канцом на вуліцу, а шырокім у памяшканне. Паветра, праходзячы з вуліцы ў вузкую адтуліну, сціскаецца і ахалоджваецца. Атрымліваецца натуральны кандыцыянер, магчыма, не вельмі эстэтычны на выгляд, але для асобных памяшканняў — чаму не? Ідэю прапанавала каманда Мінска.


Гамяльчане, пра якіх мы ўжо не раз узгадвалі, прапанавалі ідэю “Разумныя жалюзі”, аўтар праекта — дзевяцікласнік Данііл Радчанка, кіраўнік — настаўнік фізікі і інфарматыкі Валерый Клюка. У залежнасці ад асветленасці, гарызантальныя жалюзі, у якія ўманціраваны фотаэлементы на акамулятары, аўтаматычна адкрываюцца або закрываюцца. Мэта праекта — стварэнне прататыпа ўстройства “Разумныя жалюзі”, здольнага назапашваць і захоўваць сонечную энергію на працягу светлавога дня з магчымасцю яе далейшага выкарыстання для зарадкі электронных га-джэтаў і (або) арганізацыі дзяжурнага асвятлення.

А навучэнцы Белаазёрскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа электронікі (Брэсцкая вобласць) на адным з конкурсаў прадставілі праект міні-ГЭС для асвятлення аб’ектаў экалагічнага маршруту Рэспубліканскага экалагічнага заказніка “Спароўскі”. Праект не толькі безагаворачна перамог у “Энергамарафоне”, ён рэалізаваны: міні-ГЭС дзейнічае на прыстані воднага канала, вырабляе энергію.

Гады два назад навучэнцы і педагогі Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 3 прыдумалі і зрабілі ў сваёй установе “выгадную лесвіцу”: на прыступках устанавілі п’езаэлементы (электрамеханічныя ператваральнікі), людзі падымаюцца і спускаюцца, за кошт гэтага руху праз элемент вырабляецца дастаткова электраэнергіі, каб асвятляць акварыум.

Яшчэ адзін прыклад праекта, прадстаўленага на конкурс у 2016 годзе сярэдняй школай № 40 Гомеля: каманда прапанавала праект сценавой панэлі трайнога дзеяння з элементам Пельцье (яшчэ адзін від ператваральніка). Сутнасць: устанаўліваць на сценах будынкаў такія элементы, якія будуць або награвацца і аддаваць цяпло ўнутр дома, або, наадварот, астуджваць яго.

Канкурсанты, дарэчы, сочаць за актуальнымі кірункамі ў энерга- і рэсурсазберажэнні і прапаноўваюць сучасныя распрацоўкі. Напрыклад, летась актыўна распрацоўвалі тэму інтэграцыі Беларускай атамнай электрастанцыі ў энергасістэму, выкарыстання залішняй электраэнергіі, якая з’явіцца ў Беларусі пасля ўводу ў работу АЭС. Прапаноўвалі, скажам, укараненне электрамабіляў, грамадскага электратранспарту.

* * *

Канечне, выхаванцы дзіцячых садоў, якія таксама ўдзельнічаюць у конкурсе, такіх праектаў прадставіць не могуць, і адпаведная намінацыя не для іх, тым не менш удзел дашкольных устаноў у энергамарафоне не фармальны. На мінулым конкурсе адзін з гродзенскіх дзіцячых садоў заняў 2-е месца ў сваёй намінацыі з энергазберагальнай казкай пра Калабка.

— Удзел у рэспубліканскім конкурсе дапамагае дзецям фарміраваць цвёрдую ўпэўненасць, што энергазберажэнне, як і павышэнне энергаэфектыўнасці, — неабходнасць сучаснасці, — перакананы В.Т.Крэцкі. — Энергазберажэнне павінна стаць не цяжкім абавязкам, а стылем жыцця. Разуменне гэтага, звычкі, якія з’яўляюцца яшчэ ў дзяцінстве, чалавек захоўвае на ўсё жыццё.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва Дэпартамента па энергаэфектыўнасці.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*