Як з імі змагацца?
Захаваць здароўе навучэнцаў і выхаванцаў — задача, несумненна, надзвычай важная. У наш час выканаць яе не так проста ў параўнанні з тым, як гэта было яшчэ два-тры дзесяцігоддзі назад: дзеці больш гулялі, не сядзелі ў смартфонах, не ведалі, што такое фаст-фуд. Ды і шмат чаго яшчэ было інакш. Але мы жывём тут і зараз, а значыць, павінны гадаваць дзяцей у існуючых умовах. Прафілактыку і прыцягненне да здаровага ладу жыцця тут, канечне, нельга пераацаніць.
Здароўе пачынаецца ў дзяцінстве
Першае месца сярод дзіцячых захворванняў заўсёды займалі і займаюць хваробы органаў дыхання, і гэта зразумела — прастуды асабліва хутка чапляюцца да малых. А вось сярод так бы мовіць “прафесійных” захворванняў навучэнцаў медыкі ўжо на працягу доўгага часу выдзяляюць праблемы са зрокам, паставай, некаторыя іншыя.
Загадчыца аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Кацярына Уладзіміраўна Сухавер, да якой я звярнулася з просьбай разгледзець сітуацыю ў разрэзе Мінскай вобласці, расказала, што на Міншчыне пражываюць прыкладна 280 тысяч непаўналетніх. Сярод іх дзяцей з 1 групай здароўя крыху больш за 85 тысяч (гэта апошнія апрацаваныя даныя, за 2016 год), з 2-й — 165 тысяч, з 3-й — амаль 28 тысяч, з 4-й — каля 4,5 тысячы. Вось такая градацыя ад абсалютна здаровых дзяцей да дзяцей-інвалідаў. З году ў год лічбы моцна не мяняюцца, таму можна ўзяць іх за аснову.
Захваральнасць дзяцей, звязаная з парушэннямі паставы і зроку, па даных абласнога цэнтра гігіены, кожна год зніжаецца, ды і яе паказчыкі ў Мінскай вобласці ніжэйшыя за сярэднерэспубліканскія — у структуры агульнай захваральнасці на 6 з лішнім працэнтаў. У 2016 годзе парушэнні паставы былі выяўлены ў 36,9 выпадку на 100 тысяч абследаваных дзяцей да 15 гадоў, зроку — у 78. Адпаведныя сярэднерэспубліканскія паказчыкі склалі 54,3 і 99,9 выпадку на 100 тысяч дзяцей.
Пры гэтым колькасць школьнікаў з такімі паталогіямі ў 6 разоў перавышае колькасць дашкольнікаў з імі. Не трэба мець медыцынскай адукацыі, каб зразумець, з чым звязаны такі рост захваральнасці — вучэбныя і пазавучэбныя нагрузкі, маларухомы лад жыцця ўплываюць на стан здароўя школьніка адмоўным чынам. Але гэта не значыць, што з такімі наступствамі нельга змагацца і іх немагчыма папярэдзіць. І такая барацьба вядзецца, дае свой плён: колькасць паталогій паступова зніжаецца. У асноўным, упэўнена мая суразмоўніца, дзякуючы прафілактычным мерапрыемствам, у першую чаргу тым, што праводзяцца ў школах.
Прынамсі, развіваючы супрацоўніцтва з установамі адукацыі, Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя раней падрыхтаваў ліст для педагогаў і намеснікаў дырэктара па арганізацыі рухальнай актыўнасці дзяцей падчас заняткаў і на перапынках, каб дзеці не сядзелі, а рухаліся. Акрамя таго, сярод рэкамендацый медыкаў, якія актыўна ўкараняюцца ў навучальных установах, — набыццё канторак для вучэбных класаў дзеля прафілактыкі парушэнняў паставы, бо за імі дзеці працуюць стоячы. У школах Міншчыны зараз устаноўлена ўжо больш за тысячу канторак.
Наогул жа сумесныя тэрытарыяльныя праграмы адукацыйнай і медыцынскай сістэм нацэлены не толькі на набыццё канторак, але і на замену парт, перш за ўсё на парты Эрысмана з нахіленай паверхняй, аб’яднанай з сядзеннем. Такая мэбля, прызначаная для малодшых школьнікаў, замацоўвае ў дзяцей звычку правільна сядзець. Прапрацавана ў абласной праграме і пытанне па правільным асвятленні класаў, а таксама многія іншыя.
Дырэктар гімназіі № 10 Маладзечна Таццяна Генадзьеўна Камкова: “Маніторынг здароўя вучняў, які ў гімназіі праводзіцца штогод, паказаў, што ў 2017 годзе большасць навучэнцаў 1—11 класаў па стане здароўя аднесены да асноўнай групы фізічнай культуры (61,6%), да 1 і 2 груп здароўя адпаведна 22,5% і 58,5%. У параўнанні з 2015/2016 навучальным годам у 2016/2017 на 0,4% зменшылася колькасць вучняў, вызваленых ад заняткаў фізічнай культурай, і на 1% — вучняў, якія наведваюць заняткі ЛФК.
У параўнанні з 2015/2016 навучальным годам у 2016/2017 на 7% зменшылася колькасць навучэнцаў, якiя маюць хваробы органаў зроку, на 3,8% — захворванні апорна-рухальнага апарату, на 2,9% — сардэчна-сасудзістыя захворванні, на 0,6% — захворванні органаў стрававання.
У гімназіі адсутнічаюць непаўналетнія, якія стаяць на ўліку ў Маладзечанскім псіханеўралагічным дыспансеры, якія ўжываюць наркотыкі, курыльныя сумесі і іншыя таксічныя рэчывы і іх аналагі. У гімназіі няма навучэнцаў, якія пацярпелі ў дарожна-транспартных здарэннях і ў іншых аварыйных сітуацыях, якія б маглі прывесці да шкоды іх здароўя”.
Цікавы, напрыклад, такі метад падтрымання здароўя, як устаноўка ў класных пакоях афтальматрэнажораў. На сценах развешваюцца малюнкі, на якія настаўнік час ад часу прапаноўвае паглядзець. Дзеці паварочваюцца, мяняецца кірунак погляду, далёкасць, г.зн. адначасова праводзіцца прафілактыка захворванняў апорна-рухальнага апарату і зроку. Падчас урока дзеці могуць размяць пальцы, падняцца з месца. І на перапынках галоўнае, каб школьнікі не сядзелі, для чаго ва ўстановах адукацыі арганізоўваюцца дынамічныя перапынкі, як на тым і настойваюць урачы. Канечне, каб дзецям хапала месца для такой актыўнасці, важна правільна арганізаваць прастору ў школьных рэкрэацыях.
— Адзін з важных момантаў сумеснай работы па зберажэнні здароўя школьнікаў у нашай вобласці — гэта значнае скарачэнне заняткаў у другую змену за кошт аптымізацыі выкарыстання вучэбных кабінетаў, каб ні адзін пакой не пуставаў, — заўважае спецыяліст абласнога Цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. — Гэта цудоўна, бо лепшы час для заняткаў — першая палова дня. Зразумела, дзесьці, асабліва ў раёнах новабудоўляў, месцаў у школах не хапае, таму і арганізоўваюцца другія змены, але ў той жа час будуюцца новыя школы, як, напрыклад, у пасёлку Лясны Мінскага раёна.
Галоўнае, каб і бацькі падтрымлівалі ініцыятыву медыкаў і педагогаў па зберажэнні здароўя дзяцей і прафілактыцы захворванняў. 80% поспеху, не менш, залежыць ад іх. Мамам і татам важна, не перагібаючы палку, праяўляць разумную строгасць.
Вучыць здаровым быць
Пры агульнай накіраванасці на выкарыстанне здароўезберагальных тэхналогій, абсталявання ёсць у нашай краіне школы, якія асабліва вылучаюцца ў гэтым плане. Гэта навучальныя ўстановы, што ўдзельнічаюць у праекце краін Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі “Школа здароўя”. У цэлым у праекце задзейнічаны ўсе рэгіёны Беларусі, на Міншчыне ў яго ўключыліся дзве ўстановы з Маладзечна — гімназія № 10 і сярэдняя школа № 14. У іх праект ажыццяўляецца пад назвай “Школа — тэрыторыя здароўя”.
Распрацоўшчыкі праекта сярод яго задач выдзяляюць: збор даных аб фізічным здароўі і псіхалагічным стане школьнікаў; выяўленне найбольш актуальных умоў, якія вызначаюць здароўе; навуковае абгрунтаванне распрацоўкі мер па ўдасканаленні сістэмы аказання педыятрычнай і псіхолага-педагагічнай дапамогі навучэнцам і аптымізацыі вучэбнага працэсу; гарманізацыю еўрапейскіх і краінавых падыходаў да тэорыі і практыкі стандартызацыі якасці школьных медыцынскіх паслуг і кампетэнцый для спецыялістаў сістэмы аховы здароўя школьнікаў.
Наша краіна далучылася да праекта ў 2016 годзе, а рэалізоўвацца ён будзе да 2020 года. Акрамя Беларусі, у ім удзельнічаюць Расія (ініцыятар праекта разам з Еўрапейскім бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя), Азербайджан, Арменія, Казахстан, Сербія, Узбекістан, Кыргызстан, Туркменістан, Грузія, Таджыкістан, Малдова.
Здароўезберагальныя і прафілактычныя мерапрыемствы, якія выкарыстоўваюцца ў рамках “Школы здароўя”, могуць быць самымі простымі. Напрыклад, у рэкрэацыі школы сцелецца чысты дыван, на якім дзеці могуць паляжаць на перапынку. Школьнікі пэўны час трымаюць на галаве мяшочкі з крупамі, каб выпрацаваць правільную паставу. Уладкоўваюцца дарожкі здароўя, дзеці выконваюць практыкаванні на дробную маторыку. А ўздзеянне гэтых і іншых заняткаў на здароўе школьнікаў вывучаюць псіхолагі, урачы-гігіеністы, іншыя спецыялісты.
Расійскія спецыялісты, дарэчы, ужо наведвалі беларускія школы, уключаныя ў праект, праводзілі іх тэсціраванне. Пры гэтым улічваюцца таксама наяўнасць неабходных медыцынскіх спецыялістаў і матэрыяльна-тэхнічнае аснашчэнне.
— Школы і гімназіі выступаюць у якасці базы для апрабавання здароўезберагальных і прафілактычных методык, а напрацаваны вопыт у далейшым будзе распаўсюджаны на іншыя ўстановы адукацыі, — тлумачыць К.У.Сухавер. — А мы ўжо бачым, што гэты вопыт варта распаўсюджваць.
Самае цікавае тое, што адміністрацыі многіх навучальных устаноў таксама так лічаць — з дня пачатку праекта да яго па ўласнай ініцыятыве ў тым ці іншым аб’ёме далучыліся 58 школ толькі ў Мінскай вобласці (гэта акрамя двух вышэйназваных устаноў з Маладзечна). Для сябе гэтыя ўстановы вырашылі: справа добрая, ёй трэба заняцца. Рэспубліканскі семінар па ахове здароўя школьнікаў у мінулым годзе, дарэчы, праводзіўся ў адной са школ Салігорска, дзе добра наладжана такая работа. Тут сярод іншага старшакласнікі паказвалі, як на перапынках яны праводзяць актыўныя флэш-мобы для ўсіх жадаючых.
— Тым установам адукацыі, якія зацікаўлены ў гэтай рабоце, мы, канечне, дапамагаем усім, чым можам, — заўважае Кацярына Уладзіміраўна. — Дзелімся распрацоўкамі, што прадаставіў нам расійскі бок, прыязджаем, даём рэкамендацыі, адказваем на ўсе пытанні. У Мядзел мы нават запрасілі прадстаўніка распрацоўшчыкаў праекта з Расіі для кансультавання. Так што гэта не нейкая самадзейнасць, а вельмі сур’ёзная работа.
Па словах маёй суразмоўніцы, школ, якія самым адказным чынам ставяцца да зберажэння здароўя сваіх навучэнцаў, становіцца ўсё больш. Адзін з самых яркіх такіх прыкладаў у Мінскай вобласці — сярэдняя школа № 1 Фаніпаля Дзяржынскага раёна, якая з’яўляецца своеасаблівым рэсурсным цэнтрам па здароўезберагальнай рабоце. Тут распрацавалі свой здароўезберагальны праект, які актыўна садзейнічае захаванню і ўмацаванню здароўя навучэнцаў. Важна, што гэтая і іншыя школы ахвотна прымаюць гасцей, дзеляцца вопытам, і на такіх добрых прыкладах вучацца іншыя.
Марына ХІДДЖАЗ.