Калі сэрца мамы не баліць…

З большасцю праблемных бацькоў цяжка працаваць па адной прычыне: яны амаль ніколі не ўспрымаюць сур’ёзна тыя недахопы, на якія рэкамендуюць звярнуць увагу і супрацоўнікі інспекцый па справах непаўналетніх, і сацыяльныя педагогі. У такіх сем’ях праблемы вырашаюцца адмаўленнем ад іх, але толькі да таго часу, пакуль відавочным не становіцца пытанне пазбаўлення бацькоўскіх правоў.

Для таго каб паглядзець на жыццё сем’яў, якім дадзены яшчэ адзін шанс пазбавіць сваіх дзяцей магчымага статусу сіраты, я паехала ў рэйд з прадстаўнікамі інспекцыі па справах непаўналетніх Барысаўскага РАУС.

“Трухлявыя” надзеі сарамлівага Максіма?

У рэйд па Барысаве і раёне разам з начальнікам і прадстаўнікамі ІСН Барысаўскага РАУС паехалі і супрацоўнікі сацыяльна-педагагічнага цэнтра. У той дзень наш маршрут быў цікавым.

Першым у спісе наведванняў была сям’я 13-гадовага Максіма (усе імёны зменены). Максім разам з мамай Святланай жыве ў адным з буйных прыватных сектараў горада ва ўласным доме. Хаця, калі быць шчырай, назваць гэтае памяшканне домам вельмі цяжка. Невялікае часовае збудаванне стаіць на гары і, здаецца, ледзь трымаецца. Ганак нагадвае шашу пасля зімы: у тых месцах, дзе адколаты цагліны, можна зламаць нагу, калі не глядзець, куды ступаеш. Заходзім у невялічкі цесны калідор. Старая абдзёртая канапа займае амаль усё памяшканне. Побач, на тумбачцы, якая таксама даўно згубіла свой таварны выгляд, стаяць слоікі. Ніякіх шпалер, пакрыцця на падлозе няма. Усё даволі сумна і страшна. Праходзім у адзінае ў доме памяшканне, амаль пасярэдзіне якога стаіць печка. Менавіта яна раздзяляе пакой на дзве часткі. Адна адведзена пад кухню, а другая — гэта пакой, дзе размешчаны спальныя месцы мамы і сына — старэнькія канапа і тахта. Мне было цікава, дзе хлопчык вучыць урокі, таму што ўласнага рабочага месца для падлетка ў доме я не ўбачыла. Хаця, зрэшты, пра што тут гаварыць, калі галоўнае для такіх сем’яў — гэта проста выжыць і не трапляцца на вочы сацыяльным работнікам.

Вяртаемся на кухню. Сёння менавіта яна патрабуе больш за ўсё ўвагі. Аказваецца, менавіта з-за адсутнасці газавай пліты, газу, а таксама электрычнасці згаданую сям’ю калісьці паставілі ў катэгорыю СНС (сацыяльна небяспечнае становішча). Аднак усё магло скласціся інакш.

Святлана пачала піць, калі памерла яе маці, бабуля Максіма. Прынамсі, жанчына і раней выпівала, але пад уздзеяннем маці магла своечасова спыніцца. Вялікі дом, які стаіць побач з памяшканнем часовага пражывання, сёння арыштаваны з-за неаплачаных рахункаў і адключаны ад усіх камунікацый. Усё па адной прычыне — з-за абыякавасці Святланы. У параўнанні з тым месцам, дзе сёння на некалькіх квадратах вымушаны туліцца жанчына з сынам, дом нагадвае сабой палац. І ў ім магло б быць утульна і цёпла…

Як высветлілася, дом раней здавалі ў арэнду і атрымлівалі за яго нядрэнныя грошы. Безумоўна, на выручаныя сродкі можна было і сына накарміць-апрануць, і з цягам часу навесці парадак на тэрыторыі каля дома. Толькі, на жаль, ніякія ўрокі фінансавай дасведчанасці ў дачыненні да Святланы не аказаліся дзейснымі. Усе грошы да апошняй капейкі жанчына траціла на алкаголь. Апамяталася толькі тады, калі сям’я трапіла ў катэгорыю СНС, а сына накіравалі ў прытулак. Святлане, якая ўжо і так усё згубіла, далі апошні шанс вярнуць хлопчыка дадому. Галоўнымі ўмовамі для вяртання сына сталі лячэнне ад алкагалізму, працаўладкаванне жанчыны, а таксама падключэнне камунікацый да маленькага старога прытулку, які пакуль яшчэ дапамагае сям’і быць з дахам над галавой і адчуваць сябе абароненымі. Сёння ў доміку на гары ёсць святло, паліцца ў печы. Але ці надоўга?

Святлана зараз працуе дворнікам у адной з гандлёвых арганізацый горада. І ўсё быццам бы добра і бяспечна, але хлопчыка ўсё роўна шкада. Гледзячы на ўмовы, у якіх вымушаны жыць Максім, я міжволі думаю, што ў прытулку яму было б лепш. Так, падлетак ходзіць у школу, і нараканняў з боку настаўнікаў у яго адрас няма. Але такое адчуванне, што кропка ў гэтай гісторыі яшчэ не пастаўлена…

Калі мы выйшлі з дома, ля ганка стаялі чатыры падлеткі. Трое з іх з цікавасцю разглядвалі нас, і толькі адзін, самы сціплы, стаяў, апусціўшы вочы. Гэта быў Максім. Калі начальнік ІСН спытала, ці ўсё ў яго добра, падлетак моўчкі кіўнуў галавой.

— Зараз сітуацыя ў сям’і больш-менш стабільная, — расказвае начальнік ІСН Барысаўскага РАУС капітан міліцыі Наталля Барысаўна Ермалінская. — Маці ўладкавалася на работу, хлопчык ходзіць у школу. Максіму прапаноўвалі застацца ў той навучальнай установе, якую ён наведваў падчас знаходжання ў прытулку. Гэта рабілася з той мэтай, каб не дапусціць здзекаў з боку аднакласнікаў. Але падлетак захацеў вярнуцца да сябе, у свой клас. Безумоўна, сёння сацыяльныя педагогі школы трымаюць сям’ю на кантролі, мы таксама часта прыязджаем, каб упэўніцца, што хлопчык дагледжаны і ў яго ёсць што паесці. Увогуле, з сем’ямі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, трэба праводзіць прафілактычную работу.

Дарэчы, у адаптацыі і вырашэнні праблем Максіму дапамагае і школьны псіхолаг Вольга Гара. Спецыяліст расказала, што нават тыя паўгода, якія навучэнец правёў у прытулку, не сталі перашкодай для далейшых сяброўскіх зносін з аднакласнікамі.

— Максім вельмі спакойны, сарамлівы і нясмелы, — канстатуе псіхолаг Вольга Міхайлаўна Гара. — У хлопчыка шмат сяброў. Безумоўна, за яго было спачатку вельмі трывожна. Па-першае, было невядома, як сам хлопчык будзе сябе паводзіць, якой будзе яго рэакцыя, адаптацыя да быццам і старога, але ў той жа час новага школьнага асяроддзя. Па-другое, прадбачыць, як сабе павядуць аднакласнікі Максіма, было вельмі цяжка. Складанасць у тым, што падлеткі часам могуць быць вельмі жорсткімі, а калі ў класе нехта выбіваецца з натоўпу, то рызыкуе аказацца непрынятым. Але ў выпадку з Максімам усё было добра. Пасля вяртання навучэнца з прытулку з яго ніхто не здзекаваўся, не смяяўся. Цяпер вельмі важна, каб і дома Максім адчуваў сябе абароненым. Так, гэта залежыць ад яго маці. Было б ідэальна, калі б жанчына і далей спраўлялася са сваімі абавязкамі, а таксама трымала сябе ў руках, не зрывалася, не цягнулася за алкаголем. Каб такога не дапусціць, і школа, і ІСН разам з сацыяльнымі службамі будуць працягваць сачыць за гэтай сям’ёй, таму што зрабіць так, каб дзеці не пакутавалі, — у нашых інтарэсах.

Правільныя прыярытэты адной мамы

У 28-гадовай Таццяны двое дзяцей. Праўда, старэйшы сын з мамай не жыве. Права на яго выхаванне на законных падставах адсудзіў былы муж маладой жанчыны. Менавіта гэтая асабістая трагедыя і стала зыходнай кропкай, з якой пачалася барацьба Таццяны і з сацыяльнымі службамі, і, што самае складанае, са сваімі нездаровымі звычкамі.

Таццяна вельмі доўга жыла з мамай у адной з вялікіх вёсак недалёка ад Барысава. Там у іх была трохпакаёвая кватэра. Пасля таго як дзяўчына пазнаёмілася з будучым мужам, маладая пара засталася жыць з мамай Тані. Ды і не было сэн-су з’язджаць у горад і арандаваць жыллё: Таццяна чакала дзіця. У хуткім часе пасля нараджэння сына Цімафея адносіны ў маладой сям’і далі расколіну. На фоне гэтага жанчына пачала выпіваць. Але не адна, а разам з мамай. Грамадзянскі муж Таццяны пераехаў назад да сваіх бацькоў.

— Зразумела, што ў такіх сітуацыях у першую чаргу пакутуюць менавіта дзеці, — акрэслівае сітуацыю ў сям’і начальнік ІСН. — Спачатку на жанчыну спрабавалі ўздзейнічаць словамі, але з уласнага вопыту скажу, што гэта не вельмі дзейсны метад. Праз некаторы час сына забраў бацька. І гэта, відаць, стала для Таццяны яшчэ большым стрэсам. Піць яна пачала яшчэ часцей, а разам з ёю піла і маці.

Відавочна, што выхаванне сына і яго шчаслівае дзяцінства былі зусім не ў прыярытэце маладой жанчыны. Здаралася так, што Таццяна разам з сынам знікала на некалькі дзён, а пасля яе па ўсім горадзе шукалі і сацыяльная служба, і міліцыя. Прытулкам для маці з дзіцем станавілася кватэра яе сяброўкі, з якой іх аб’ядноўвала адно — бутэлька і шклянка.

— Пасля такой сітуацыі мы паставілі мужчыне, бацьку Цімафея, наступную ўмову: або ён вызначае месца жыхарства хлопчыка, забірае яго да сябе, або мы пазбаўляем сям’ю правоў на выхаванне і забіраем дзіця, — тлумачыць усе нюансы сацыяльны педагог Барысаўскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Настасся Станіславаўна Задруцкая. — Безумоўна, бацька захацеў, каб сын рос у сям’і. Вельмі хутка былі сабраны неабходныя дакументы, і права на выхаванне дзіцяці перадалі менавіта бацьку.

А Таццяна працягвала жыць як душа жадае. Усе грошы, якія прыходзілі ў сям’ю, траціліся выключна на алкаголь. У выніку дайшло да таго, што ў жанчын з’явілася вялікая запазычанасць па аплаце камунальных паслуг, пагасіць якую за адзін раз было нерэальна. Рашэнне аб высяленні з кватэры стала для жанчын нечаканым.

Сёння дачка і маці жывуць у адным з памяшканняў былой школы, будынак якой належыць мясцовай гандлёвай арганізацыі. І нагодай заехаць да Таццяны стала яшчэ адно яе дзіця. 10 месяцаў назад жанчына нарадзіла ад сужыцеля дзяўчынку Паліну.

Стукаем у дзверы. Нам адчыняе Вера Паўлаўна, маці Таццяны. Маладой мамы дома няма. Зайшоўшы ў пакой, я захацела адчыніць акно. Цяжкае паветра і цьмянае святло, якім напоўнена памяшканне, выклікаюць толькі адно жаданне — як мага хутчэй выйсці на вуліцу.

Аглядаю пакой. Вялікае памяшканне, у якім жывуць жанчыны з 10-месячнай Палінай, раздзелена на дзве часткі. Адразу на ўваходзе размешчана невялікая кухонная зона, далей ідзе непасрэдна сама міні-кватэра. На кухонным стале і зверху на шафе стаяць каробкі з дзіцячымі кашамі і малочнай сумессю. Увогуле, наконт харчавання дзяўчынкі пытанняў не ўзнікае. Як аказалася, арганізацыя, што дапамагла жанчынам з памяшканнем для пражывання, выдзяляе сваім супрацоўнікам і прадукты харчавання. А гэта вялікі плюс. Значыць, дзіця не будзе галодным.

У вузкім праходзе, які аддзяляе кухню ад пакоя, стаіць новая дзіцячая каляска. Заўважыўшы, што калёсы чыстыя і сухія, а ў самой калысцы ляжыць акуратна складзеная вопратка, цікаўлюся ў бабулі, ці гуляюць з дзяўчынкай на вуліцы. Жанчына адказала, што гуляюць і ўвогуле ўсё добра.

— У Таццяны быў адзін страшны зрыў, — расказвае супрацоўнік ІСН. — Гэта было напрыканцы восені. Тады мы заехалі вечарам, каб паглядзець, як жыве сям’я, а ў іх дома былі госці. Два мужчыны, Таццяна і яе маці спалі п’яныя на адной канапе. Паліна сама па сабе сядзела ў дзіцячым ложку. Гэтую кампанію разагналі за лічаныя секунды, а Таццяне вынеслі папярэджанне. Дзяўчынка і так знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, і ўсё ў любы момант можа павярнуцца супраць маладой маці, тым больш што на выхаванне сына яна ўжо не мае ніякіх правоў. Пара было б і спыніцца, пачаць нармальна жыць. Дарэчы, выпадак з кватэрай, адкуль выселілі згаданую сям’ю, крыху працверазіў маладую жанчыну. Яна зразумела, што згубіла. Маглі жыць у нармальных умовах, а ў выніку з-за ўласнага глупства вымушаны туліцца ў гэтым цесным памяшканні. І калі б не восеньскі выпадак, можна было б проста кантраляваць сям’ю, зрэдку заязджаючы. Тут жа бачна, што ўсё можа быць добра. Дарэчы, Таццяну прымусілі пралячыцца ад алкагольнай залежнасці. Зараз маладая мама закадзіравалася. Прычым згадзілася зрабіць гэта без лішніх угавораў. Яна яшчэ маладая, а значыць, ёсць усе шансы наладзіць сваё жыццё, а таксама падарыць дачцэ шчаслівае дзяцінства.

* * *

У той дзень мы наведалі не толькі гэтых дзяцей, але чамусьці менавіта гісторыі згаданых дзвюх сем’яў пакінулі пасля сябе пачуццё незавершанасці. Ці будзе ў іх доме ўсё гэтак жа стабільна, як цяпер? І калі можна было б вярнуць падзеі назад, вельмі цікава, які шлях сваім дзецям выбралі б жанчыны, ведаючы, што будучыня залежыць выключна ад іх. Адказ відавочны. Толькі, на жаль, заматаць назад гэтую нітку ў клубок ужо немагчыма. Таму самая галоўная задача, якая сёння стаіць перад сацыяльнымі службамі і ІСН, — сачыць за тым, каб лёс не прынёс гэтым дзецям большага болю, чым ім ужо ўдалося адчуць.

Наталля САХНО.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*