Па лесвіцы ведаў і ўменняў — да поспеху

Каму, як не будучым эканамістам, неабходна валодаць разнастайнымі кампетэнцыямі фінансавай дасведчанасці, сучаснымі інструментамі эканамічнай тэорыі і практыкі? Падкрэслю яшчэ раз: сучаснымі інструментамі і сучаснымі ведамі. Таму развіццё і ўдасканаленне — частка жыцця любога прафесіянала, як і будучага спецыяліста, дарэчы. У Столінскім дзяржаўным аграрна-эканамічным каледжы многае робяць для таго, каб выкладчыкі і навучэнцы пастаянна былі ў гушчыні падзей, рухаліся ў рэчышчы сучасных тэндэнцый, засяроджваючыся не толькі на вучэбных занятках, але і на атрыманні дадатковых ведаў, падрыхтоўцы навуковых работ, удзеле ў конкурсах.

Эканамічны марафон

Адзін з самых вядомых у Беларусі конкурсаў па эканоміцы і прадпрымальніцтве — гэта рэспубліканскі фестываль-конкурс “Лесвіца поспеху”. У каледжы, канечне, не маглі абысці ўвагай такі прадстаўнічы форум. Яшчэ ў 2012 годзе выкладчыца эканамічных дысцыплін Ганна Мікалаеўна Кулага стала ініцыятарам стварэння ў каледжы каманды для ўдзелу ў конкурсе і да 2015 года займалася гэтай работай, калі эстафету падхапіла яе калега Наталля Іванаўна Цымбаліст. І ў 2020 годзе ўстанову адукацыі на фестывалі-конкурсе прадстаўлялі ўжо 2 каманды.

Вынікі навучэнцаў са Століншчыны ўражваюць: не было ні аднаго года, калі яны не занялі б адно або некалькі прызавых месцаў у той ці іншай намінацыі, не атрымалі дыпломаў. У 2012 годзе — 2 дыпломы ІІ ступені, праз год — такі ж вынік, толькі ў іншых намінацыях, 2014 год — дыплом ІІІ ступені ў намінацыі “Лепшы бізнес-праект”, а ў 2015 годзе — 2-е месца за бізнес-план. Затым былі дыпломы ў намінацыях “Ма­дэляванне эканомікі”, “Фокус на памылкі” (плакат), “Рэкламная кампанія”, за стартап “Бізнес пад соусам ЗЛЖ”. Сёлета каманды каледжа атрымалі аж тры дыпломы: ІІ ступені ў намінацыі “Бізнес-праект”, ІІІ ступені — “Падатковы кансультант” і “Візуалізацыя бізнесу”.

Магчыма, рэспубліканскі фестываль-конкурс “Лесвіца поспеху” сёння найбольш на слыху, але ён далёка не адзіны з тых, у якіх удзельнічаюць і перамагаюць навучэнцы каледжа. Так, у конкурсе бізнес-праектаў FIRST STEP у 2018/2019 годзе лепшым камерцыйным праектам стаў праект Ірыны Бушкевіч “Стварэнне і пошук бяспечных шляхоў утылізацыі штучных кветак у Рэспубліцы Беларусь”. У тым жа конкурсе пераможцай з лепшым сацыяльным праектам “Фудшэрынг” стала Алена Стральчук. А ў мінулым навучальным годзе ў намінацыі “Юны талент” перамагла Яна Слуцкая з праектам “Сіці-фермерства”.
Летась у чэмпіянаце па кіраванні бізнесам сярод моладзі “Бізнес-вучэнні” каманды каледжа выступілі таксама паспяхова. У гэты ж год у конкурсе сацыяльнай рэкламы навучэнцы каледжа атрымалі дыпломы І і ІІ ступеней у некалькіх намінацыях.

Таксама высокія вынікі ў столінскіх навучэнцаў у Міжнародным маладзёжным конкурсе рэкламы, алімпіядзе прафесійнага майстэрства па бухгалтарскім уліку сярод навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, універсітэцкай алімпіядзе па маркетынгу, конкурсе “Аграмайстэрства” па розных спецыяльнасцях і інш.

— Пра якасную работу ў вучэбна-даследчым кірунку га­ворыць мноства ўзнагарод і пачэсныя месцы на міжнародных, рэспубліканскіх і абласных конкурсах, канферэнцыях, алім­піядах, — гаворыць Ган­на Мікалаеўна Кулага, якая зараз працуе ў каледжы метадыстам. — Напрыклад, у мінулым навучальным годзе мы атрымалі 61 дыплом і серты­фікат міжнароднага ўзроўню і 68 дыпломаў і сертыфікатаў — рэспубліканскага. Каледж у свой час быў прызнаны лаўрэатам абласнога конкурсу “Лепшая ўстанова сярэдняй спецыяль­най адукацыі” ў адпаведнай намінацыі (за высокія вынікі ў конкурсах, фестывалях і г.д.).

Дадатковыя рэсурсы

— Сёння спецыялісту любога профілю жыццёва неабходна фарміраваць сучаснае эканамічнае мысленне праз асэнсаванне такіх найважнейшых эканамічных катэгорый, як эканоміка, прадпрымальніцтва, бізнес, а таксама быць фінансава дасведчаным, — гаворыць Г.М.Кулага. — Канечне, у нашых навучэнцаў гэтыя веды і навыкі фарміруюцца дзякуючы заняткам па вучэбных дысцыплінах “Эканоміка арганізацыі”, “Фінансы і крэдыт”, “Маркетынг”, “Падаткаабкладанне”, “Аналіз гаспадарчай дзейнасці” і інш. Але дадатковая адукацыя ў гэтых сферах зусім не лішняя, тым больш што якасныя змяненні адукацыйнага працэсу ў сіс­тэме прафесійнай і дадатковай адукацыі з’яўляюцца прыярытэтнымі кірункамі рэалізацыі дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і маладзёж­ная палітыка” на 2016—2019 гады”. Пошук шляхоў і спосабаў абнаўлення адукацыйнага працэсу для каледжа становіцца ўсё больш актуальным.

Акрамя ўсяго іншага, Ганна Мікалаеўна падкрэс­лівае, што дадатковая адукацыя больш мабільная, гнуткая, здольная хутка і дакладна рэагаваць на змяненні ў інтарэсах навучэнца, грамадства, дзяржавы, а таксама забяспечвае адаптацыю маладых людзей да жыцця ў грамадстве, выяўляе таленавітую моладзь.

Суполак, што даюць навучэнцам каледжа дадатковыя веды і навыкі па эканоміцы і фінансах, ва ўстанове нямала. Так, з 2018/2019 навучальнага года тут дзейні­чаюць аб’яднанні па інтарэ­сах “Эканоміка ў жыцці грамадства” і “Майстэрня лідара”. Менавіта яны сталі асноўнай кузняй для падрыхтоўкі членаў каманды для ўдзелу ў конкурсе “Лесвіца поспеху”. А ў бягучым навучальным годзе выкладчыкі кале­джа асаблівую ўвагу ўдзя­ляюць рабоце бізнес-праектаў у рамках аб’яднанняў па інтарэсах.

Сярод аб’яднанняў сацыяльна-эканамічнага профілю дзейнічаюць яшчэ аб’яднанні “Бізнес-планаванне і мадэляванне эканомікі”, “Азбука фінансавай дасведчанасці”, “Юны іміджмейкер”.

— Я і мае калегі не першы год займаемся з навучэнцамі ў такіх гуртках і добра ведаем, што аб’яднанні па інтарэсах прафесійнай накіраванасці станоўча ўплываюць не толькі на асэнсаванае і надзейнае засваенне тэарэтычных ведаў і практычную падрыхтоўку спецыялістаў, але і спрыяюць выпрацоўцы якасцей, ведаў, што ўласцівы высокакваліфікаваным спецыялістам: творчасць, ініцыятыва, імкненне да пошуку, наватарства, прадпрымальнасць, фінансавая дасведчанасць. Усё гэта, несумненна, павышае іх канкурэнтаздольнасць на рынку працы, пры паступленні ва ўстановы вышэйшай адукацыі, — падкрэслівае мая суразмоўніца.

У бягучым навучальным годзе асаблівае месца ў каледжы займаюць аб’яднанні прафесійнай накіраванасці па спецыяльнасцях “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль”, “Эканоміка і арганізацыя вытворчасці” і па новай спецыяльнасці “Аперацыйная дзейнасць у лагістыцы”. Сёлета па гэтых кірунках працуюць аб’яднанні “Эканоміка ў жыцці грамадства”, “Майстэрня лідара”, “Я — прафесіянал”, “Свет бухгалтара”. Пры гэтым займаюцца ў такіх аб’яднаннях навучэнцы розных курсаў, а гэта — залог пераймальнасці, падтрымкі і развіцця традыцый.

А яшчэ тут для будучых эканамістаў і бухгалтараў адкрываецца шырокая прастора для навукова-даследчай дзейнасці. Напрыклад, у 2019/2020 навучальным годзе навучэнцы каледжа пад кіраўніцтвам выкладчыкаў напісалі каля дзясятка работ па эканамічных праблемах і фінансавай дасведчанасці: “Роля грошай у сучасным грамадстве”, “Перспектывы развіцця перапрацоўкі ягад у Рэспубліцы Беларусь”, “Арганізацыя перавозкі грузаў унутраным водным транспартам Рэспублікі Беларусь”, “Стан і перспектывы развіцця “зялёнай эканомікі” і інш.

Дарэчы, у каледжы сфарміраваны не толькі аб’яднанні па інтарэсах па спецыяльнасцях “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль”, “Эканоміка і арганізацыя вытворчасці”, “Аперацыйная дзейнасць у лагістыцы”, але і па спецыяльнасцях “Правазнаўства”, “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій” — у гэтых і іншых аб’яднаннях прафесійнай накіраванасці займаюцца 30% ад агульнай колькасці навучэнцаў, іншыя — у аб’яднаннях іншых профіляў.

— І на вучэбных занятках, і па-за імі нашы педагогі ідуць да адной мэты — падрыхтоўкі высокакваліфікаваных кадраў у адпаведнасці з кваліфікацыйнымі патрабаваннямі адукацыйных стандартаў, — заўважае мая суразмоўніца. — Галоўнае, чаго мы стараемся дасягнуць, — забяспечыць такі ўзровень падрыхтоўкі выпускнікоў, каб яны валодалі глыбокімі спецыяльнымі ведамі, уменнямі і навыкамі па выбранай спецыяльнасці, былі гатовы ўкараняць у вытворчасць прагрэсіўныя тэхналогіі, валодалі метадамі навуковых даследаванняў, сучаснымі інфармацыйнымі і камунікацыйнымі тэхналогіямі, маглі самастойна мысліць, прымаць эканамічна выгадныя, фінансава дасведчаныя рашэнні.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва Столінскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа.